Зняць пакой у Косаўскім палацы...

№ 9 (827) 01.03.2008 - 07.03.2008 г

14 студзеня — дата, якая мае стаць лёсавызначальнай у гісторыі знакамітага палаца Пуслоўскіх ля Косава, што ўжо болей за шэсць дзесяцігоддзяў стаіць у руінах. Згодна з падпісаным у гэты дзень Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, аб’ект уключаны ў Рэспубліканскую інвестыцыйную праграму. Таму не сёння — заўтра заўсёдную цішу гэтага маляўнічага кутка (поўнага антыпода свайго праблемнага балканскага цёзкі) парушыць шум будаўнічых прылад. Калі я пабываў у Мерачоўшчыне, ставы, што з’явіліся яшчэ за часамі магнатаў Пуслоўскіх, былі замерзлыя на радасць рыбакам. Але гэтая акалічнасць зусім не магла засцерагчы ад радаснага воклічу: лёд крануўся! І мара, вынесеная ў загаловак, хутка не будзе здавацца дзівакаватай.

 /i/content/pi/cult/151/1119/Kosava1.jpg
 
Замак грамадскага прызначэння
Адзначым, што палову выдаткаў на фінансаванне будаўнічых работ пакрыеса сваёй кішэніБрэсцкі аблвыканкам, а рабочую групу, якая займаецца адраджэннем палаца, узначаліў намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык.

Сёлета на рэстаўрацыю мае быць выдаткавана 840 млн. рублёў. Вядома, гэтых сродкаў хопіць толькі на першы крок па ператварэнні маляўнічых руін ва унікальны для нашай краіны культурна-турыстычны цэнтр, які ўключае музей, камфартабельны гатэль, канферэнц-залу, рэстаран… Ды, як упэўнены галоўны спецыяліст упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Леанід Несцярчук, галоўнае — пачаць.

— Рэстаўрацыя такога аб’екта — справа вельмі складаная і карпатлівая, у ёй дробязей быць не можа. Таму і празмерна спяшацца тут не выпадае, — кажа ён.

Але ж чаканыя яе вынікі можна ўбачыць ужо сёння — праўда, толькі ў выглядзе праектаў: інтэр’еры палаца, распрацаваныя навуковым кіраўніком рэстаўрацыі Уладзімірам Казаковым, уражваюць сваёй раскошай — папраўдзе каралеўскай.

— Падчас працы мы спрабавалі аднавіць палац у першасным варыянце, — распавядае Уладзімір Нахімавіч, — вядома ж, наколькі гэта было магчыма, бо дэталёвых выяў усіх памяшканняў палаца, натуральна, не захавалася. Таму часцяком наша задача заключалася ў пошуку адпаведных па стылі аналагаў.

Але адначасова архітэктар ад пачатку ставіў перад сабой і іншую задачу — прыстасаваць аб’ект да яго будучай функцыі. Калісь замак быў разлічаны толькі на сваіх жыхароў — па сутнасці, на сям’ю ды гасцей. А пасля рэстаўрацыі будынак набудзе грамадскае прызначэнне.

— І гэтая арыентацыя на актыўнае выкарыстанне аб’екта таксама ўлічвалася, — працягвае У.Казакоў, — змушаючы нас звяртаць увагу не толькі на яго эстэтычнае аблічча, але таксама і на адпаведнасць, скажам, экалагічным нормам і патрабаванням супрацьпажарнай бяспекі.

Выбар сродкаў для рэалізацыі гэтага клубка няпростых задач абмежавала і яшчэ адна акалічнасць. Кааб аб’ект не залічылі ў “навабуды”, ён мусіць адпавядаць усім строгім патрабаванням, што прад’яўляюцца да рэстаўрацыйнай справы. Скажам, выбару

 /i/content/pi/cult/151/1119/Kosava2.jpg
 

будаўнічых матэрыялаў, якія за апошнія170 гадоў істотна змяніліся. І таму падчас аднаўлення палаца будуць выкарыстоўвацца выключна адпаведнікі аўтэнтычных раствораў “дацэментавага перыяду”: натуральна, не на яйкавай аснове, але паводле хімічнага складу вельмі падобныя.

Час працы музея вызначаюць турысты

Паколькі будаўнікоў у Мерачоўшыне чакаюць з дня на дзень, захацелася скарыстаць апошнюю магчымасць убачыць гэтыя мясціны яшчэ да пачатку рэстаўрацыі, каб было потым з чым параўноўваць.

Палац Пуслоўскіх і сёння не выглядае пазбаўленым руплівай увагі. Вядуць да яго дагледжаныя сходы, паабапал якіх чакаюць лета газоны. Ля ўвахода на прылеглую тэрыторыю месціцца шыльда, што забараняе, сярод іншага, і выпас жывёл. На фасадзе будынка — свежая пабелка, якая хавае ад вачэй турыстаў непрыглядныя графіці, кшталту “Тут быў Коля”.

А непадалёк, у атачэнні суцішлівых і маляўнічых краявідаў, вось ужо тры з паловай гады красуецца адноўленая сядзіба, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка. Па дарозе туды варта завітаць у Косаўскі касцёл, што стаіць на месцы храма, у якім будучы кіраўнік паўстання быў ахрышчаны. А пасля — рушыць у Ружаны, што адсюль кіламетраў за дваццаць. Дарэчы, у знакамітым палацы Сапегаў нядаўна таксама актывізаваліся рэстаўрацыйныя работы: па словах Леаніда Несцерчука, там цяпер вядзецца карэкціроўка праектна-каштарыснай дакументацыі, якая тычыцца ўязной брамы.

Маршрут атрымліваецца пазнавальным і прывабным, таму заканамерна, што турысты завітваюць у гэтыя мясціны з ахвотай. Па словах дырэктара Музея Т.Касцюшкі Ірыны Анціпенка, установу летась наведала 12 тысяч чалавек, што дазволіла яе “ўласніку” — аддзелу культуры Івацэвіцкага райвыканкама — папоўніць аб’ём платных паслуг больш чым на дзесяць мільёнаў рублёў.

Ды ёсць у гэтым поспеху і суб’ектыўная прычына. На дзвярах музея, бадай, ніколі не ўбачыш важкага замка. І турысты не пачуюць ад музейных работнікаў: “У нас працоўны дзень скончыўся, прыязджайце іншым разам”. Адно што, могуць папрасіць трохі пачакаць, бо ў штаце музейных работнікаў усяго двое, і праводзіць болей экскурсій адначасова яны не могуць фізічна.

— Працоўны дзень у нас ненармаваны, яго вызначаюцьтолькі турысты, — кажа Ірына Станіславаўна. — Бывае, што экскурсанты прыязджаюць а восьмай раніцы, а бывае, аўтобус заблукае дзе ў пушчы і з’яўляецца толькі а дзевятай вечара. І мы нікому не адмаўляем.

Наведвальнікі, удзячныя за такія адносіны і ўражаныя цікавай экскурсіяй, якая ўлетку доўжыцца паўтары гадзіны, ахвотна раяць прыехаць сюды сваім сябрам. І гэты добраахвотны “піар” з вуснаў у вусны не менш эфектыўны за дарагія рэкламныя кампаніі.

Блізкі да ідэальнага знешні выгляд сядзібы трохі кантрастуе з не надта багатай на рарытэты экспазіцыяй. Але кантраст гэты год ад года згладжваецца.

 /i/content/pi/cult/151/1119/Kosava3.jpg
 

Музей пачынаўся з аднаго толькі пакоя, а цяпер для турыстаў адкрыты ўжо ўвесь будынак. Сталая экспазіцыя, якая будзе адлюстроўваць шляхецкі побыт часоў Касцюшкі, пакуль толькі ствараецца. Таму ў аўтэнтычных лёхах, якія цудам захаваліся да нашых дзён, цяпер можна ўбачыць цікавыя этнаграфічныя прылады, а на сценах гасцёўні — карціны і старадаўнія фота гэтых мясцін. Прычым выстаўкі ў музеі змяняюцца рэгулярна. Важная крыніца папаўнення фондаў — падарункі, якія прывозяць госці з розных канцоў свету ў дзень нараджэння Касцюшкі.

І паколькі справа рухаецца, экскурсаводы запэўніваюць, што прывід Касцюшкі, які раз-пораз нібыта ўключаў у памяшканнях святло, ужо супакоіўся. Вядома, гэты “палтэргейст” можна было б патлумачыць якімі-небудзь банальнымі перападамі напружання і ўвогуле пра яго забыць, але... Навошта пазбаўляць расповед “разыначкі”- інтрыгі, дзякуючы якой добра “чапляецца” ўвага экскурсантаў? Таму прывідаў — на гэты раз ужо Пуслоўскіх — супрацоўнікі музея “пасялілі” і ў сценах палаца.

— Аднойчы я вяла экскурсію для школьнікаў, — распавядае Ірына Анціпенка. — Працаваць з такой аўдыторыяй не заўсёды проста: дзеці надта ж любяць пагарэзнічаць. І калі я ад гэтага трохі стамілася, раптам цюкнула думка аб прывідах. Кажу: дзеці, тут у нас жывуць прывіды, але яны вельмі не любяць тлуму. Таму калі вы будзеце паводзіць сябе ціха, дык, магчыма, пачуеце іх... Больш праблем з дысцыплінай не ўзнікала. А калі дзесьці сярод руін цокнуў каменьчык, эмоцыі былі неверагодныя.

Кава “ад Тадэвуша”

Пра тое, што турыстычныя перспектывы “касцюшкаўскага” кутка зусім не прывідныя, сведчыць хаця б паступовае вырашэнне ці не самага актуальнага ў гэтай галіне пытання — стварэння адпаведнай інфраструктуры. Ёю палац і сядзіба спакваля абрастаюць ужо цяпер, не чакаючы мільярдных інвестыцый.

Пасля экскурсіі, напрыклад, можна завітаць у прыстойную кавярню з добрым меню і ветлівым персаналам. Яе назва — “У Тадэвуша” — зусім не пустое панібрацтва: камяніца збудавана на старажытных падмурках, і ў яе склеп, абсталяваны цяпер пад утульную залу, гіпатэтычна мог завітваць будучы нацыянальны герой трох краін.

Непадалёк красуецца і гасцявы домік. Праўда, пакуль што заначаваць у ім кожны турыст не можа — хаця ахвотных ужо не бракуе. Гэты аб’ект, які дазволіць нашым сучаснікам “падыхаць паветрам” шляхецкай сядзібы, пакуль вымагае невялічкага давядзення да ладу. Да таго ж, як адзначыла начальнік аддзела культуры Івацэвіцкага райвыканкама Любоў Фосцікава, неабходна таксама вырашыць і пэўныя юрыдычныя пытанні. Аднаўлення ўсяго комплексу гаспадарчых пабудоў сядзібы ў планах пакуль няма, але свіран мае быць адбудаваны “на гістарычным месцы” ў найбліжэйшым часе.

 /i/content/pi/cult/151/1119/Kosava4.jpg
 

А вакол ужо сёння можна ўбачыць мноства прыемных дробязей, кожная з якіх цешыць вока і розум. Прыкладам, ля кавярні паўстаў цэлы музейчык даўніх сельскагаспадарчых прылад: ад традыцыйных калёс да нейкага агрэгата з кляймом лонданскага завода. І ўсе яны дбайна адрэстаўраваны. Ёсць тут і дзіцячая пляцоўка, і летняя веранда для перакусу. Ёсць і тыя цікавосткі, да якіх чалавек сваёй рукі не прыклаў.

У стаўку тут улетку плаваюць лебедзі, у наваколлі часцяком можна ўбачыць буслоў, а ў кастры дроў ля музея неяк раскватаравала сямейка зайцоў. Звычайны акампанемент — кваканне жаб і пошчак птушак.

Ці не шкодзяць такой прыроднай добраўпарадкаванасці людзі? Гэтае пытанне я адрасаваў участковаму інспектару па справах непаўналетніх Івацэвіцкага раёна Міхаілу Чачэту, якога выпадкова давялося сустрэць ля сядзібы. І пачуў у адказ, што хоць зрэдку сякія-такія выпадкі п’янага “геройства” і здараюцца, увогуле праблема не надта актуальная. Завітвае міліцыянер у гэтыя мясціны часцей не па службе, а проста адпачыць душой: надта яму тут падабаецца! Асабліва — на Выспе кахання, ці не самым прыгожым элеменце ландшафтнага дызайну мінуўшчыны, які, аднак, атрымаў сваю назву параўнальна нядаўна. Назва і спарадзіла завядзёнку ладзіць у гэтым маляўнічым антуражы вяселлі.

Адным словам, тут зроблена калі не ўсё, дык, прынамсі, многае дзеля таго, каб не толькі завабіць наведвальніка, але і затрымаць як найдаўжэй, забяспечыўшы яго прыемным адпачынкам, а сябе — заслужанымі дывідэндамі. Бо лішне нагадваць, што менавіта інфраструктура — увасобленая ў колькасць выпітых кубкаў кавы і з’едзеных дранікаў — прыносіць у турбізнесе асноўныя прыбыткі.

Ад каралеўскай раскошы да “грыбных” тураў

Калі ў даваенны яшчэ час выношваліся ідэі ператварэння Косаўскага палаца ў санаторый для партыйнай эліты, многія мясцовыя жыхары ўспрымалі такія праекты ў штыкі. Паводле адной з версій, гэта і стала галоўнай прычынай пажару ў палацы.

Праўда гэта ці не — хай высвятляюць даследчыкі, але несумненна адно: эфектыўнасць турыстычнага аб’екта — хай сабе рэспубліканскага альбо нават міжнароднага ўзроўню — шмат у чым залежыць ад стаўлення да яго жыхароў таго кутка, дзе ён знаходзіцца.

Ці стане адраджэнне архітэктурнай перліны новай магчымасцю для жыхароў Івацэвіцкага краю рэалізаваць свой творчы патэнцыял? Ці гатовы раён стаць турыстычнай Мекай? Намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Сарока ўсур’ёз упэўнены, што з часам Івацэвіччына гэты статус набудзе. І ягоны аптымізм падмацоўваюць не толькі словы, але і канкрэтныя праекты, чынны ўдзел у распрацоўцы і рэалізацыі якіх бярэ непасрэдна кіраўніцтва раёна.

 /i/content/pi/cult/151/1119/Kosava5.jpg
 
— У наш прагматычны век кожны задае сабе пытанне: “А што мне за гэта будзе?”. Якія дывідэнды атрымае раён пасля ўвядзення туркомплексу?

— Усяго не пералічыць. Будуць створаны новыя працоўныя месцы: падчас рэстаўрацыі патрэбны будаўнікі, а пасля — абслугоўваючы персанал. У райбюджэт будзе паступаць больш падаткаў, жыхарам краю не давядзецца ехаць далёка, каб з густам адпачыць. Але, бадай, самы важны аспект — іміджавы. Прыемна будзе паказваць гасцям адноўлены палац.

— Рэстаўрацыя фінансуецца за кошт рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Ці не застаецца раён як бы ўбаку ад гэтага пачыну?

— Ні ў якім разе. Шмат якія важныя моманты лепей відаць менавіта зблізу, на месцы. Таму адказнасць за ход і вынік рэстаўрацыі ўскладзена таксама і на нашы плечы. Мы ўсведамляем, што працы нас чакае багата. Але наракаць на гэта зусім не выпадае. Мы гаспадары гэтай зямлі, палац Пуслоўскіх — гонар нашага краю, і таму працаваць будзем ад шчырага сэрца.

— А што цікавага вы зможаце прапанаваць наведвальнікам палацавага комплексу па-за яго межамі?

— У Рэспубліканскай праграме па развіцці турызму закладзена стварэнне Целяханска-Выганашчанскай рэкрэацыйнай зоны. Толькі сёлета там мае быць асвоена каля двух мільярдаў рублёў. Запланавана рэканструкцыя канала Агінскага, які злучае два маляўнічыя возеры. Па адным з іх, Выганашчанскім, неўзабаве можна будзе паплаваць на катэры, як тое было ў пэўныя часіны, — там мы збудуем прычал. На другім, Сомінскім, мае з’явіцца фестывальная пляцоўка. Думаю, нашы артысты будуць вельмі задаволены: лепшых мясцін для мастацкіх імпрэз і не знойдзеш.

Маем магчымасць развіваць самыя розныя віды турызму, у тым ліку і экалагічны. Амаль палова тэрыторыі раёна — гэта лясы, ёсць і натуральныя балоты. Там гняздуюцца рэдкія віды птушак, паназіраць за якімі ўжо цяпер ахвотна прыязджаюць арнітолагі з розных куткоў Еўропы. Паветра тут вельмі чыстае, вялікіх прадпрыемстваў няма. Наш ландшафтны заказнік плануе выкарыстоўваць гэтыя рэсурсы больш інтэнсіўна. А хіба не знойдзецца ахвотных праехаць па нашых лясах верхам, альбо на веласіпедзе, альбо ўзімку на санях? З цікавай экскурсіяй і смачнай пачосткай на прыпынках.

— Зняць пакой у Косаўскім палацы будзе па кішэні, мусіць, не кожнаму беларусу. Што прапануе ваш раён тым, хто не зможа сабе дазволіць такі шыкоўны варыянт адпачынку?

— Не думаю, што рыбакі, якія прыязджаюць на нашы азёры ці не з усёй Беларусі, будуць спыняцца ў палацы. Ім патрэбны недарагія матэлі і кемпінгі, і ў самы бліжэйшы час мы плануем іх адкрыць. А колькі ў Мінску людзей, якія з ахвотай выбраліся б у нашыя лясы ў грыбы! Чаму ж не ладзіць для іх адмысловыя туры на выхадныя? Зрабіць належную рэкламу, паведаміць аб безлічы грыбоў у нашых пушчах. Чалавек прыязджае ў аграсядзібу, зранку выпраўляецца па “здабычу”, потым вяртаецца, сушыць грыбкі ў печы і адпачывае на свежым паветры, альбо едзе на экскурсію ў той жа палац.

У нас ёсць дзве аграсядзібы, якія адпавядаюць чатыром “пеўнікам” — найвышэйшай катэгорыі паводле прынятай класіфікацыі: гарачы душ, спадарожнікавая антэна, выкшталцоныя інтэр’еры… Адным словам — камфорт на еўрапейскім узроўні. Але ж мае сэнс развіваць і больш простыя варыянты агратурызму, без усіх гэтых сучасных выгод. Тым болей, у такіх прапановах ёсць свая прывабнасць.

Агратурызм як з’ява прадугледжвае, што гаспадар не толькі здае гасцям свой дом, але і знаёміць іх з традыцыйным сялянскім побытам. Напрыклад, праз кухню. Дзе яшчэ гарадскі жыхар здолее паесці духмянага свойскага хлеба, печанага на капусным лісточку, або жоўценькага чэрвеньскага масла, пазнаёміцца з традыцыйным побытам, а мо нават і касу ў руках патрымаць? Ці ж не радасць для мужчыны? І ці спатрэбіцца тады спадарожнікавая антэна?

— Развіццё агратурызму перадусім залежыць ад ініцыятыўных і гаспадарлівых людзей. Ці багата іх у вашым краі?

— Пакуль сядзібы ў нас не растуць, бы тыя грыбы пасля дажджу. З’ява гэта новая, і людзям патрэбен час, каб зразумець, што дзяржава дае ім папраўдзе унікальную магчымасць распачаць уласную справу ў “цяплічных” умовах.

Не трэба баяцца вялікіх падаткаў: заплаці адну базавую велічыню ў год — і працуй сабе на здароўе. Няма праблемы з афармленнем дакументаў — гэтую працэдуру можна зрабіць за адзін дзень. Як не маеш сваіх сродкаў на добраўпарадкаванне, можна атрымаць выгадны крэдыт.

Праблема толькі ў тым, што ў людзей пакуль не хапае смеласці. Тамму трэба дапамагаць ім пераадолець боязь. Рэгулярна абмяркоўваем пытанні развіцця агратурызму са старшынямі сельсаветаў, тлумачым людзям, што, насамрэч, адкрыць аграсядзібу куды прасцей, чым многія думаюць. Так, для пенсіянераў гэта, можа, ужо і складана, але для моладзі — выдатны спосаб самарэалізацыі. І, у дадатак, стымул для вывучэння роднай культуры, мінуўшчыны свайго краю.

Вельмі хацелася б, каб у кожнай вялікай вёсцы раёна з’явілася хаця б па адной сядзібе. Бо прыстойных дамоў, дзе можна прымаць людзей, не бракуе. Хай гэтыя аграсядзібы пацягнуць па першым часе толькі на аднаго “пеўніка”. Трэба ж з чагосьці пачынаць!

Думаю, у перспектыве турызм стане самай адметнай, самай пазнавальнай рысай аблічча нашага краю. Бо Ніцу ж мы ведаем зусім не таму, што там развітая сельская гаспадарка!

* * *

Па словах начальніка аддзела па фізкультуры, спорце і турызме Івацэвіцкага райвыканкама Уладзіміра Доўжыка, прыбытак ад турыстычнай дзейнасці ў раёне і цяпер ужо немалы: за мінулы год ён склаў каля 120 млн. рублёў.

Натуральна, што калі ўсе смелыя і проста кемлівыя праекты будуць увасоблены ў жыццё, у Івацэвіцкі край будзе прыязджаць значна болей людзей. Не толькі каб спазнаць каралеўскую раскошу, павудзіць рыбу або пакаштаваць свежага масла, але таксама і каб пераняць досвед дбайнага і творчага выканання дзяржаўных задач па развіцці турызму.

Што да Косаўскага замка, дык поспех (у тым ліку і фінансавы) гэтага турыстычнага аб’екта можа стаць важкім аргументам на карысць мэтазгоднасці інвестыцый у “турыстызацыю” іншых беларускіх палацаў і сядзіб. І тады лёд скранецца ўжо не толькі на сажалцы ў Мерачоўшчыне.


Ілля СВІРЫН
Мінск
Івацэвіцкі раёнМiнск