Трэба адзначыць, што пасля аптымізацыі сеткі на Пастаўшчыне засталося 17 клубных устаноў. Найбольш значныя з іх знаходзяцца ў аграгарадках: 2 гарпасялковыя і 6 сельскіх дамоў культуры, адзін сацыяльна-культурны цэнтр і адзін Цэнтр культуры.
Менавіта вакол гэтых асяродкаў сельскай культуры гуртуюцца іншыя клубныя ўстановы, агульнымі намаганнямі рэалізуюцца планы па культурным абслугоўванні мясцовых жыхароў. Фестываль ставіў сваімі задачамі ўдасканаленне кампазіцыйнай пабудовы справаздачных і тэматычных канцэртаў, павышэнне выканальніцкага ўзроўню артыстаў-аматараў, а таксама — прыцягненне новых удзельнікаў да заняткаў у гуртках і калектывах.
Падтрымка традыцыйнай культуры, аўтарскай творчасці яскрава выявілася ў вёсцы Валкі. На сцэне быў паказаны народны вясельны абрад. А ў вёсцы Лукашова адбылося ўшанаванне нязменнай удзельніцы мастацкай самадзейнасці клуба, знаўцы народных традыцый і фальклору М.Антаневіч, якая якраз у гэты дзень святкавала 80-годдзе. Тэмы большасці канцэртаў і пастановак датычыліся менавіта актуальных праблем вясковага жыцця. Напрыклад, тэатралізаваны канцэрт “Вясковы дэтэктыў, або Справа аб зніклай Наташцы” Палескага СК быў скіраваны супраць алкагольнай залежнасці, тэатралізаваная гумарыстычная дзея “Як Цярэшка і Агнешка паехалі на кірмаш” Лынтупскага ГПДК прадстаўляла вясёлыя вясковыя калізіі, а яркая інсцэніроўка Дварчанскага клуба-бібліятэкі “Будні культработніка” — асаблівасці няпростай працы клубніка на сяле. У Ляхаўшчынскім СДК, дзе была прадстаўлена тэматычная праграма “Вячоркі на Кузьмінкі”, свае таленты прадэманстравалі дзеці, якія прыйшлі ў госці да вясковай жанчыны — добрай гаспадыні. У Парыжскім СДК гледачам і журы быў прапанаваны тэматычны канцэрт “Дом, дзе жыве свята”. На свяце вясковай творчасці ў Гуцкім СКЦ ва ўтульнай зале сабраліся, пэўна, усе жыхары Гуты, каб падтрымаць сваіх аднавяскоўцаў. І артыстаў было нямала: вакальная група, салісты, удзельнік этнаграфічнага канцэрта ў Белдзяржуніверсітэце — сямейны ансамбль Пачкоўскіх, два дзіцячыя харэаграфічныя калектывы, якія маюць асобныя касцюмы на кожны танец.
Тэмай свята вясковай творчасці ў Андронаўскім СК стала сувязь пакаленняў. Адкрыў канцэрт народны гурт аўтэнтычнай песні, які годна прадставіў фальклор сваёй мясцовасці. І ў аграгардках “Андроны” ды “Кураполле” былі прадстаўлены выстаўкі народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
Справаздачны канцэрт у Юнькаўскім СДК распачаўся выступленнем вакальнай групы народнага клуба “Юнчанка”, удзельніцы якога не толькі разам спяваюць, але і карысна бавяць свой вольны час, упрыгожваюць і свой дом, і клубную ўстанову майстэрствам рукадзелля, частуюць стравамі традыцыйнай кухні.
Вясковы фестываль атрымаў сваё годнае завяршэнне ў аграгарадках “Дунілавічы”, “Варапаева” і “Навасёлкі”. У першым выступілі і жаночая вакальная група, і танцавальны гурток, удзельнікі якога не раз змянялі маляўнічыя касцюмы, і дзіцячы хор. А тэатральны калектыў паказаў гумарыстычную інтэрмедыю на вясковую тэму “Калодзеж”.
Справаздачны канцэрт у Варапаеўскім ГПДК пачаўся з презентацыі аматарскіх аб’яднанняў ды латарэі-частавання ад клуба садаводаў “Памяць Сікоры”. Тэатральны калектыў “Мясцовы час” развесяліў вясёлымі інтэрмедыямі, а вакальны квартэт “Шаўкавіца” ўразіў усіх высокім выканальніцкім узроўнем.
Падводзячы вынікі фестывалю, хочацца адзначыць якасць мастацкіх нумароў у большасці сельскіх клубных устаноў, павышэнне агульнай культуры іх сцэнічнага ўвасаблення, адпаведны падбор рэпертуару і эстэтыку афармлення мерапрыемства.
Людміла ЧАТОВІЧ, супрацоўнік Пастаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці