Сустрэча са Шчарачком

№ 5 (1183) 31.01.2015 - 06.02.2015 г

“Паміж Мнютай і Аўтай” — так у Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці назвалі выстаўку народнага клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў “Талака” Шаркаўшчынскага дома рамёстваў.

/i/content/pi/cult/516/11188/11-1.jpg

 

Удзельніцы клуба “Груца”. / Фота аўтара

Народнае мастацтва Шаркаўшчынскага краю мае багатую гісторыю. Край славіўся тканымі вырабамі, маляванымі дыванамі, бондарствам, лозапляценнем… Тут існавалі нават вёскі Бондары, Лазоўка. Для захавання і развіцця рэгіянальных асаблівасцей традыцыйнай культуры ў кастрычніку 1987 года быў створаны клуб народных майстроў “Талака”, першым кіраўніком якога была Іна Сініца. У 1992-м калектыву прысвоілі найменне “народны”. Цягам ужо дзесяці гадоў кіраўніком клуба з’яўляецца Святлана Заіка, якая змагла аб’яднаць амаль сорак майстроў розных жанраў

На выстаўцы прадстаўлены лепшыя творы: тканыя посцілкі і ручнікі Ганны Рымдзёнак, маляванкі Вольгі Беласлудцавай, маляваныя дываны Людмілы Маяк, вышыўка і лялькі Ірыны Грунінай, аплікацыі з саломкі Алы Леднік, кераміка Сяргея Рымдзёнка... Майстры клуба падарылі сапраўднае свята творчасці з мноствам сюрпрызаў: сустрэчу са Шчарачком — міфічнай істотай, што з’яўляецца сімвалам Шаркаўшчынскага краю, майстар-класы і выстаўку-дэгустацыю беларускіх страў, якія прапанавалі ўдзельніцы Народнага клуба нацыянальнай кухні “Груца” Радзюкоўскага сельскага дома культуры.

Андрэй СТРУНЧАНКА, вядучы метадыст Віцебскага АМЦНТ