Хто ты, сучасны бібліятэкар?

№ 5 (1183) 31.01.2015 - 06.02.2015 г

Сацыялагічнае даследаванне: стагнацыя кадраў, самаадукацыя і пытанне кампетэнцый
Цягам 14 месяцаў — з лістапада 2013-га да канца 2014-га — супрацоўнікамі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ладзілася сацыялагічнае даследаванне айчынных бібліятэкараў. Прывяду толькі адну лічбу: у анкетаванні прынялі ўдзел больш за 900 супрацоўнікаў сферы з усіх раёнаў, а на расшыфроўку даных і іх аналіз давялося патраціць блізу года!… Што і казаць, праца сталася адной з маштабных у найноўшай гісторыі айчыннай бібліятэчнай справы. Вынікі даследавання накіраваны ў адпаведныя ўпраўленні Міністэрства культуры ды ў Інстытут культуры Беларусі.

Напачатку было…

Але пра ўсё — па парадку. Ладзілася дадзенае даследаванне, як не цяжка здагадацца, сіламі супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Так, напрыканцы 2013 года ў НББ быў створаны часовы калектыў пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара ўстановы па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Алеся Сушы. Усяго ў склад калектыву ўвайшло шэсць спецыялістаў. Менавіта яны падрабязна распрацавалі метадалогію даследавання, пытанні для анкетавання айчынных бібліятэкараў, а таксама праводзілі ўсю далейшую працу па расшыфроўцы атрыманых даных.

Удавацца ва ўсе пытанні падрыхтоўкі даследавання ў рамках аднаго газетнага артыкула наўрад ці варта. Спынюся толькі на найбольш значных выніках праведзенай работы. Менавіта пра іх спецыяльна для “К” распавялі загадчык навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Марына Пшыбытка ды галоўны бібліятэкар, сацыёлаг НББ Настасся Маслоўская, якія ўваходзілі ў склад навуковага калектыву.

Так, па словах Марыны Пшыбытка, згаданая праца ладзілася Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі ў адпаведнасці з тэматычным планам навуковых даследаванняў і распрацовак, накіраваных на навукова-тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці Міністэрства культуры краіны.

— Галоўная прычына, па якой мы ўзяліся за вывучэнне гэтай тэмы, — патрэба ў атрыманні аб’ектыўнай інфармацыі аб стане кадравых рэсурсаў публічных бібліятэк, — адзначыла Марына Пшыбытка. — Як вядома, сёння асяроддзе, у якім існуюць бібліятэкі, імкліва змяняецца. Таму, натуральна, і беларускія “кніжніцы” таксама павінны імкнуцца да пэўных змен. А гэта і развіццё інфармацыйных тэхналогій, і аўтаматызацыя бібліятэчных працэсаў, і стварэнне новых відаў бібліятэчна-інфармацыйнай прадукцыі, і выкарыстанне новых метадаў кіравання ўстановай…

Усё гэта ды іншае, як адзначыла Марына Пшыбытка, патрабуе ад кіраўнікоў і спецыялістаў бібліятэк новых ведаў, уменняў і навыкаў — ці, кажучы больш навукова, — новых кампетэнцый. Таму, натуральна, узрастае патрэба ў бібліятэчных кадрах, якія не толькі валодаюць сучаснымі прафесійнымі ведамі, але гатовы і здольныя прымяняць іх у хуткай ды імкліва зменлівай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі…

Не варта, мабыць, і казаць, што менавіта пра гэтыя, новыя кампетэнцыі бібліятэкараў у сённяшнім інфармацыйным свеце, неаднаразова пісала і “К”, прапагандуючы перадавы вопыт як раённых бібліятэкараў з розных куткоў краіны, так і супрацоўнікаў сталічных “кніжніц”, у першую чаргу, вядома ж, Нацыяналкі… Нашы сталыя чытачы дадзеную выснову, думаю, пацвердзяць… Так што ў сваіх журналісцкіх пошуках крэатыву і інавацый мы, што называецца, пацэлілі ў яблычак… Што і казаць, прыемна.

/i/content/pi/cult/516/11187/10-1.jpg

Вынікі — навідавоку

Але вярнуся да галоўнага. Як ужо згадваў, сацыялагічнае апытанне праводзілася ва ўсіх абласных ды цэнтральных бібліятэках рэспублікі, а таксама ў бібліятэках-філіялах. Па словах Настассі Маслоўскай, у даследаванні прынялі ўдзел больш за 900 бібліятэкараў краіны, а менавіта: 469 кіраўнікоў і 435 спецыялістаў публічных бібліятэк Беларусі. У выніку была вывучана структура публічных бібліятэк па сацыяльна-дэмаграфічных характарыстыках, прааналізавана ацэнка эфектыўнасці сістэмы дадатковай бібліятэчнай адукацыі, а таксама даследаваны комплекс прафесійных кампетэнцый кіраўнікоў і спецыялістаў публічных бібліятэк.

Спынюся на найбольш цікавых фактах, якія вынікаюць з анкетавання. Да прыкладу, па словах маіх суразмоўцаў, яно паказала, што большасць апытаных работнікаў сёння мае дастатковы прафесійны досвед. Так, вышэйшую бібліятэчную адукацыю маюць 80,2% кіраўнікоў бібліятэчных устаноў. Што да спецыялістаў, дык яны, у асноўным, валодаюць сярэдняй ды вышэйшай бібліятэчнай адукацыяй (47,5% і 41,8% апытаных адпаведна).

Разам з тым, можна ўпэўнена сцвярджаць: працэс старэння бібліятэчных кадраў ідзе няўхільна. Варта нават казаць пра сапраўдную кадравую стагнацыю, абумоўленую ростам колькасці супрацоўнікаў перадпенсійнага ўзросту.

Так, паводле даных, каля траціны супрацоўнікаў публічных бібліятэк (40,6% кіраўнікоў, 25,5% спецыялістаў) перасягнулі сёння 50-гадовы рубеж. Самай нешматлікай групай з’яўляецца моладзь да 25 гадоў. Таму не дзіўна, што і кіраўнікі, і спецыялісты галоўнай кадравай праблемай лічаць замацаванне маладых спецыялістаў у прафесіі.

Не магу не сказаць і некалькі слоў ад сябе. Вандруючы не першы год па абшарах Беларусі ды, натуральна, наведваючы самыя розныя бібліятэчныя ўстановы краіны, таксама неаднойчы сутыкаўся з агучанай праблемай: сталыя кадры ў гарадах і вёсках працуюць, а вось моладзь у прафесію не ідзе. Калі ж я, да прыкладу, і заўважаў у бібліятэцы райцэнтра маладога супрацоўніка, дык часцей за ўсё аказвалася, што ён — ці, дакладней кажучы, яна — прыйшоў туды па накіраванні альбо толькі на адпрацоўку. Пра перспектывы ды пра далейшую працу ва ўстанове культуры мае маладыя суразмоўцы ці ўвогуле не згадвалі, ці лічылі за лепшае гаварыць на гэты конт адно толькі цьмянымі фразамі…

Так, гэта, зразумела, не навіна, што моладзь у сферу культуры ідзе з неахвотай. І галоўная праблема, як вядома, у тым, што маладыя спецыялісты (прычым не толькі ў бібліятэках, а і ў цэлым у сферы культуры) даволі часта маюць невырашальныя праблемы з жыллём, сутыкаюцца з нізкай аплатай сваёй працы, а яшчэ, магчыма, не бачаць перспектыў сваёй дзейнасці. Як казаў мне адзін такі малады “спецыяліст”, “бібліятэкарам сёння быць не прэстыжна”… Вось таму і сыходзіць моладзь з прафесіі праз год ці два… Але грашовае пытанне стаіць у гэтым праблемным шэрагу, бадай, самым першым…

Мае высновы, дарэчы, стасуюцца з тымі, якія атрымалі аўтары даследавання. Так, па словах Марыны Пшыбытка, праблему кадраў іхнія рэспандэнты ў першую чаргу звязваюць з вырашэннем матэрыяльнага пытання, а менавіта — з павышэннем ўзроўню заробкаў бібліятэчных работнікаў. Таксама, на думку апытаных, неабходна ўдасканальваць сістэму павышэння кваліфікацыі.

Адукацыя і самаадукацыя

Пра апошнюю з агучаных праблем варта пагаварыць больш грунтоўна. Так, згодна з вынікамі даследавання, важнымі звёнамі ў арганізацыі бесперапыннай адукацыі бібліятэкары сёння лічаць курсы павышэння кваліфікацыі (66% кіраўнікоў, 54,1% спецыялістаў), семінары (64,2% кіраўнікоў, 61,6% спецыялістаў), а таксама самаадукацыю (40% кіраўнікоў, 41,8% спецыялістаў). Самы вялікі ўклад у справу павышэння кваліфікацыі бібліятэчных работнікаў, на погляд рэспандэнтаў, уносіць Інстытут культуры Беларусі. Акрамя яго, значную ролю ў гэтым пытанні адыгрываюць абласныя бібліятэкі і Нацыянальная бібліятэка.

— Выніковасць працэсу павышэння кваліфікацыі шмат у чым залежыць ад наяўнасці распрацаванай сістэмы стымулявання работнікаў да павышэння кваліфікацыі непасрэдна ў бібліятэцы, — пракаментавала даныя Марына Пшыбытка. — Гэта маніторынг выніковасці, сістэма заахвочванняў і іншыя стымулы. Як паказала даследаванне, у большасці бібліятэк падобная сістэма пакуль не сфарміравана…

І, дадам ужо ад сябе: ці будзе яна сфарміравана ўвогуле? Бо кіраўніку бібліятэкі знаходзіць “лішнія” грошы на стымуляванне супрацоўнікаў — асабліва “ў глыбінцы” — не так ужо і проста. Вось і даводзіцца бібліятэкарам, каб атрымаць невялічкую надбаўку да зарплаты, спяваць у народным хоры або ладзіць лялечныя спектаклі на сцэне мясцовага раённага Дома культуры, выконваючы і перавыконваючы, такім чынам, план платных паслуг сваёй установы. Кажу гэта не галаслоўна, а таму, што сам неаднаразова бачыў падобныя прыклады ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі.

І яшчэ. Як вынікае з прыведзеных вышэй лічбаў, найважнейшай формай павышэння кваліфікацыі для кіраўнікоў ды спецыялістаў публічных бібліятэк з’яўляецца самаадукацыя. Зразумела, значную дапамогу ў гэтым працэсе аказваюць прафесійныя перыядычныя выданні. Што цікава: у першую чаргу кіраўнікоў і спецыялістаў цікавіць інфармацыя, якая раскрывае ўсе магчымыя бакі інавацый у бібліятэчнай справе краіны…

Яшчэ раз адзначу, што “К” пастаянна піша пра крэатыўны досвед у бібліятэчнай сферы. Але, на жаль, як вынікае з таго ж апытання, наша галіновае выданне сярод некаторых рэспандэнтаў мае не так шмат сталых прыхільнікаў. Атрымліваецца, пішам упустую? Ды не! Газета — запатрабавана. Але чамусьці толькі ў кіраўнікоў бібліятэчных устаноў, а не ў звычайных супрацоўнікаў…

Прывяду ў пацвярджэнне, зразумела, і лічбы. Як вядома, сёння ў Беларусі існуюць тры перыядычныя выданні, мэтавай аўдыторыяй якіх з’яўляюцца бібліятэкары: кніжная серыя “Бiблiятэка прапануе”, часопіс “Бiблiятэчны свет” ды газета “Культура”. Дык вось, апытанне прадэманстравала, што ў большасці сваёй названыя выданні карыстаюцца папулярнасцю. Так, 77,6% кіраўнікоў і 72,6% спецыялістаў вызначылі серыю “Бiблiятэка прапануе” ў якасці асноўнай крыніцы павышэння кваліфікацыі, як, дарэчы, і часопіс “Бібліятэчны свет” (78,3% і 57,2% адпаведна). Газета “Культура” выклікае меншую цікавасць: 18,2% і 8,3% адпаведна.

Што ж, дадзеныя вынікі, як на мой погляд, можна тлумачыць па-рознаму. Газета, скіраваная на асвятленне культурнага жыцця Беларусі, натуральна, не можа замяніць вузкаспецыялізаваныя выданні. Аднак ужо тое, што прыкладна пятая частка дырэктараў раённых і гарадскіх бібліятэк цікавіцца і даведваецца пра профільныя навіны, у тым ліку, і з нашых старонак, не можа не радаваць. Значыць, журналісцкія вандроўкі па сельскіх, гарадскіх ды абласных бібліятэках краіны не дарэмныя. І можна казаць, што інавацыйны досвед бібліятэкараў, пра які пастаянна піша “К”, уважліва вывучаецца ў розных кутках краіны. Ды не толькі вывучаецца, але і выкарыстоўваецца ў працы…

Кампетэнтна пра кампетэнцыі

І апошняе, пра што хацелася б сказаць. Пра кампетэнцыі. Як вядома, выкарыстанне іх у практычнай бібліятэчнай дзейнасці залежыць ад шэрагу фактараў: пасады, што займае чалавек, катэгорыі спецыяліста, напрамкаў яго працы ды многага іншага. Дык вось, паводле вынікаў даследавання, рэспандэнты практычна аднадушныя ў вызначэнні ключавых кампетэнцый сённяшняга спецыяліста публічнай бібліятэкі. У першую чаргу, на думку рэспандэнтаў, гэты чалавек павінен валодаць камп’ютарам, умець працаваць з інфармацыяй (аналізаваць яе, ажыццяўляць пошук, адбор і гэтак далей), мець навыкі працы ў групе, быць здольным правільна арганізаваць інфармацыйна-бібліятэчнае абслугоўванне...

Пры гэтым як кіраўнікі бібліятэчных устаноў, так і звычайныя супрацоўнікі сёння самі адчуваюць патрэбу ў развіцці базавых прафесійных кампетэнцый. Прычым як інфармацыйных, так і камунікатыўных.

У пацвярджэнне агучанай тэзы — некалькі лічбаў. Так, 35,3% кіраўнікоў і 30,3% спецыялістаў хацелі б сёння ўдасканаліць навыкі працы з камп’ютарам і камп’ютарнымі праграмамі, а яшчэ — навыкі вусных зносін (34,6% і 36,1% адпаведна). Акрамя таго, многія маюць жаданне навучыцца лепш працаваць з інфармацыяй (21,5% кіраўнікоў і 34,6% спецыялістаў), а таксама хочуць вывучыць замежную мову (26% і 27,2% адпаведна).

— Як вынікае з даследавання, у першую чаргу сёння неабходна павышаць матывацыю работнікаў бібліятэк да самаадукацыі, — патлумачыла даныя лічбы Марына Пшыбытка. — А для гэтага варта ажыццявіць прывязку пацверджаных вынікаў самаадукацыі да сістэмы матэрыяльных заахвочванняў, прасоўвання кадраў, а таксама нематэрыяльнага стымулявання. У дадатак да матывацыі, працадаўца павінен забяспечыць доступ работнікаў да самай актуальнай інфармацыі з прафесійнай галіны дзейнасці супрацоўніка. Гэта, у першую чаргу, айчынныя і замежныя прафесійныя перыядычныя выданні, сучасная прафесійная літаратура, а таксама магчымасць зносін з калегамі на форумах, у сацыяльных сетках ды іншых пляцоўках у Інтэрнэце…

Акрамя таго, адсюль, па словах суразцоўцы, вынікае і шэраг іншых фактаў. Так, асаблівую ўвагу пры складанні праграм дадатковай адукацыі, вызначэння выдавецкай палітыкі варта надаваць групам базавых прафесійных кампетэнцый. А гэта значыць, уключаць у навучальныя праграмы ды планы выдавецтваў тэматычныя блокі, прысвечаныя такім пытанням, як праца з інфармацыяй (пошук, адбор, ацэнка, перапрацоўка), камп’ютарная і інтэрнэт-пісьменнасць, тэхніка дзелавых зносін, майстэрства прамоўцы ды многае іншае.

Дадам і ад сябе. Пад час камандзіровак звяртаў увагу на адну з праблем — слабую камп’ютарную і інтэрнэт-пісьменнасць некаторых бібліятэкараў, асабліва сельскіх. Уключаць і выключаць камп’ютар сёння многія ўмеюць — як і набіраць тэксты адным пальцам, — а вось шукаць ды аналізаваць патрэбную інфармацыю, складаць спіс літаратуры ці цікавіцца навінкамі бібліятэчнага жыцця з дапамогай Інтэрнэту могуць далёка не ўсе… Што і казаць, праблема гэта вялікая. Нягледзячы на маштабную інфарматызацыю ды камп’ютарызацыю значнай колькасці айчынных бібліятэк… Што ж, будзем звяртаць увагу на гэтыя і іншыя з агучаных пытанняў у публікацыях не аднойчы…

Што ні кажы, а праведзенае сацыялагічнае даследаванне дае шмат нагод для роздумаў як спецыялістам, так і нам, журналістам. Думаю, не памылюся, калі спрагназую, што на старонках “К” цяпер будзе з’яўляцца яшчэ больш матэрыялаў пра інавацыйны досвед бібліятэк, пра развіццё праектнай дзейнасці ў бібліятэчных установах, пра новыя віды і формы ўзаемадзеяння бібліятэкараў з чытачамі…

Бо ўсё гэта цікава і нам, журналістам. Як цікава і вам, нашым чытачам-бібліятэкарам. Раней мы пра тое толькі здагадваліся. А цяпер, маючы перад сабой канкрэтныя лічбы ды факты, можам сцвярджаць з упэўненасцю. І няхай пакуль толькі невялікая колькасць бібліятэчных супрацоўнікаў выкарыстоўвае газету для павышэння свайго прафесійнага кругагляду ды самаадукацыі. Цалкам верагодна, што менавіта дзякуючы нашым выездам у рэгіёны, а таксама падобным сацыялагічным даследаванням звязка “чытач — газета” стане з цягам часу яшчэ больш трывалай і моцнай…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"