Чаму ж не паспяваць?

№ 5 (1183) 31.01.2015 - 06.02.2015 г

Cельскі дом культуры аграгарадка “Вяззе” Асіповіцкага раёна
Мікалай Забаўскі — чалавек на Асіповіччыне вядомы. Скончыў у свой час мінскі Інстытут культуры, працаваў інструктарам аддзела культуры мясцовага райвыканкама, а пасля — канцэртмайстрам цымбальнага аркестра. З 1986 года з’яўляецца дырэктарам Вяззеўскага сельскага дома культуры і адначасова мастацкім кіраўніком народнага ансамбля беларускай песні “Вязанка”. Прычым установа, якой кіруе Мікалай Забаўскі, сёння з’яўляецца адной з найлепшых не толькі ў Асіповіцкім раёне, а і на ўсёй Магілёўшчыне.

Як распавёў дырэктар Дома культуры, сёння, па вялікім рахунку, перад ім стаіць галоўная задача: стварэнне з СДК своеасаблівага цэнтра традыцыйнай народнай культуры. Так, летась пры ўстанове культуры пачало працаваць новае аматарскае аб’яднанне “Майстэрня традыцыйнага строю”. Таксама была праведзена вялікая праца па вывучэнні традыцыйнага строю рэгіёна. Кансультатыўную дапамогу ў гэтай пачэснай справе аказаў Раённы цэнтр рамёстваў.

Да слова, летась супрацоўнікі СДК змаглі прыахвоціць да сваёй справы мясцовага народнага майстра, які зрабіў для Дома культуры бердзечка для ткацтва паясоў. Таму галоўны вынік працы майстэрні, як лічыць Мікалай Забаўскі, і атрымаўся: супрацоўнікі за год змаглі вырабіць па адным экзэмпляры мужчынскага ды жаночага рэгіянальнага строю.

Дарэчы, для наведвальнікаў установы сёння працуе інтэрактыўная выстаўка беларускіх народных музычных інструментаў “Чаму ж мне не пець?”. Кожны наведвальнік выстаўкі можа не толькі паслухаць, як, да прыкладу, гучыць дуда ды іншыя музычныя аўтэнтычныя інструменты, а і паспрабаваць пайграць на іх самастойна. Па словах Мікалая Забаўскага, прапанова “памузіцыраваць” вельмі спадабалася як мясцовым жыхарам, так і заезджым гасцям аграгарадка.

А народны ансамбль “Вязанка”, што працуе пры СДК, неаднаразова выступаў на розных канцэртных пляцоўках свайго рэгіёна. Так, артысты прынялі ўдзел у ІІІ Міжнародным форуме “Пакроўскі кірмаш”, у традыцыйным рэспубліканскім свяце “Александрыя збірае сяброў”, а таксама ў II Міжрэгіянальным свяце-конкурсе “Зялёныя святкі”. Дарэчы, на апошнім ансамбль заваяваў дыплом І ступені і атрымаў грашовую прэмію.

І апошняе. Дзякуючы мясцовым уладам пры падрыхтоўцы раённых дажынак, якія прайшлі летась у аграгарадку “Вяззе”, быў пафарбаваны фасад установы культуры, на што пайшло прыкладна 83 мільёны рублёў. Таксама напрыканцы года ў СДК з’явіўся новы камп’ютар. Так што 2015-ы супрацоўнікі Дома культуры сустрэлі з надзеяй на лепшае ды поўнымі новых ідэй і задум…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"