Як зацікавіць музеем?

№ 5 (1183) 31.01.2015 - 06.02.2015 г

Ні для каго не сакрэт, што пераважную частку аўдыторыі многіх айчынных музеяў складаюць школьнікі. Не сакрэт і тое, што часцей за ўсё яны прыходзяць не з бацькамі, а з настаўнікамі, хоцькі-няхоцькі выконваючы тым самым вучэбна-выхаваўчы план.

Сумна, але для большасці вучняў такія асветніцкія вылазкі ва ўстановы культуры не пакідаюць у памяці і следу. Прычына адна: ім нецікава. Паспяхова змагаюцца з такой праблемай сталічныя музеі. У тым ліку Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа.

Каб па-сапраўднаму зацікавіць юную публіку, аднаго павярхоўнага знаёмства з творчасцю класіка беларускай літаратуры відавочна мала. А таму музейшчыкі прапануюць багата інтэрактыву. Для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту ва ўстанове створаны музейна-педагагічны праект “Крочым у школу разам з Коласам”. Так, усімі магчымымі сродкамі абыгрываюць верш класіка “Савось-распуснік”. Гэта і аднайменны лялечны спектакль, і сумеснае з дзецьмі стварэнне асацыятыўных малюнкаў паводле названага твора, і аўтарскае выкананне верша з запісам на дыск з дапамогай мультымедыйных тэхналогій.

Выкарыстоўваюцца і хобі Песняра. Да прыкладу, ягоная любоў да калекцыянавання настольных календароў ды паштовак стала падставай для правядзення тэматычных экскурсій і майстар-класаў па стварэнні вечнага календара ды па вырабе маляваных паштовак, а таксама сувенірнай музейнай паштоўкі з уласным фотаздымкам. Па словах дырэктара музея Зінаіды Камароўскай, цікавасць да гэтага праекта даволі вялікая, асабліва — да мультымедыйных цікавостак.

Трэба сказаць, што ўдзел у згаданым праекце абыдзецца школьніку хоць і даволі танна, ды ўсё ж не бясплатна. Але трапіць у Музей Якуба Коласа ды сысці адтуль з пазітыўнымі эмоцыямі і каштоўнымі сувенірамі можа кожны школьнік. Дастаткова толькі паўдзельнічаць у адным з творчых конкурсаў, якія рэгулярна абвяшчаюцца ў музеі, а інфармацыя пра іх змяшчаецца на інтэрнэт-старонцы ўстановы.

Апошні з такіх конкурсаў прысвяцілі 55-годдзю з дня адкрыцця ўстановы. Конкурс праходзіў з 15 лістапада па 15 снежня 2014-га, а днямі былі падведзены яго вынікі, якія прымусілі задумацца.

Так, на адрас журы прыйшлі дзясяткі работ ад 52 школьнікаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Гэта не толькі Мінск, але і Івацэвічы, Капыль, Пінкавічы… Апрача шматлікіх віншаванняў, прысвячэнняў Якубу Коласу, ілюстрацый да яго твораў на адрас музея паступілі лісты, у якіх падлеткі выказвалі сваё ўласнае бачанне перспектыў развіцця Музея Песняра і наогул уяўленне пра музей ХХІ стагоддзя.

Антон Бурко з кадэцкага вучылішча ў намінацыі “Калі б я быў дырэктарам” прапаноўвае зрабіць асобную залу, прысвечаную атрыбутыцы “Новай зямлі”, музейную кавярню. Пагадзіцеся, чым не цікавыя думкі, якія варта было б узяць на заметку музейшчыкам? І хай гэта па аб’ектыўных прычынах немагчыма рэалізаваць у цэнтральным музеі, але ж ёсць яшчэ філіялы, якія чакаюць крэатыву.

І яшчэ некалькі фактаў наконт мэтазгоднасці правядзення такіх творчых праектаў. Адзін хлопчык у сачыненні прызнаўся, што ніколі не быў у музеі — наведваў толькі інтэрнэт-старонку, — і менавіта конкурс заахвоціў яго не адно задумацца пра дзейнасць установы, але і ўпершыню пабываць там. Чатырохгадовая Дзіяна Шацько ўжо другі год запар удзельнічае ў конкурсе малюнкаў. Дзяўчынка наведала музей з бабуляй і, перакананы, неаднаразова завітае сюды ў будучыні і са сваімі дзецьмі...

Дарэчы, пра ўзнагароды. Па выніках галасавання пераможцы атрымалі фірменныя гадзіннікі, якія будуць нагадваць не толькі пра Якуба Коласа, але і пра адмысловае далучэнне да беларускай культуры.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"