Караткевіч у... аўтобусе

№ 5 (1183) 31.01.2015 - 06.02.2015 г

Загадчык Музея Уладзіміра Караткевіча Аршанскага музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны Ліна Гатоўская паведаміла “К”, што яе ўстанова прапанавала свой варыянт буккросінгу. Дадатковы стымул для нязмушанага чытання і яшчэ адна нечаканая фарба ў яркі партрэт музея.

Ды плюс чарговая нагода паразважаць, хто чым у нашай культуры займацца павінен. Да прыкладу, ці варта музейшчыку яшчэ і кніжкі прапагандаваць? А бібліятэкару, скажам, — утвараць музей у чытальнай зале?

Буккросінг — рэч дэмакратычная, лішніх штатных адзінак не патрабуе. Таму і падаецца сімпатычным дадаткам да асноўнай музейнай дзейнасці. Мы шмат пісалі пра гэтую амерыканскую прыдумку. Уразіла ў свой час ініцыятыва колішняга начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Алега Рыжкова, які “парэкамендаваў” выкарыстаць магчымасці буккросінгу ці не ва ўсіх установах. Я быў неяк з нагоды ў Веткаўскім райвыканкаме і на адным з паверхаў убачыў скрыні з кнігамі ды абвестку: бяры, маўляў, любую, толькі ўзамен пастаў сваю, якую прачытаў. Пра паліцы з кнігамі ў адным з жодзінскіх гатэляў мы таксама нядаўна пісалі. Бачыў праявы буккросінгу і ў грамадскім транспарце на Докшыччыне.

Для сябе я называю ўсё гэта “мілымі нечаканасцямі”, якія выклікаюць добрую ўсмешку, пазітыўны настрой і за якімі заўжды стаіць асоба работніка культуры. І не важна, малюе ён сімпатычны тварык на бібліятэчным фармуляры (пазнака для лепшага чытача) ці складае верш-прыпеўку пра самую актыўную ў клубнай самадзейнасці бабулю… Мо я памыляюся, але прызначэнне работніка культуры і ў тым, каб вярнуць чалавека з суму ды адзіноты да аптымістычнага, а таму стваральнага ўспрыняцця жыцця.

І яшчэ адна згадка пра Алега Рыжкова. Дзяўчаты з Гомельшчыны жартавалі, што ягоная мара — зрабіць з кожнага клуба вобласці Палац Румянцавых. І як прыемна было ў звычайным, здавалася б, сельскім клубе на Рагачоўшчыне нечакана пабачыць экспазіцыю вышываных мясцовымі майстрыхамі падушак, якой пазайздросціў бы любы раённы музей.

Інтэрнэт поўны відэаролікаў, дзе ў выніку самых разнастайных флэшмобаў людзі перастаюць хмурыцца і пачынаюць усміхацца. Вагон метро, дзе пасажыры раптоўна і нечакана дастаюць музычныя інструменты — і вось ужо палова салона выконвае нейкі накцюрн, а палова, не хаваючы здзіўлення ды радасці, слухае. Ці зала супермаркета, дзе адзін пакупнік пачынае спяваць, яго падхоплівае другі, трэці — і вось пад столлю лунае суладнасць магутнага харавога выканання. Шараговыя наведвальнікі спачатку слупянеюць, а потым падхопліваюць песню… Мастацтва ратуе ад абыякавасці і яднае. А сапраўдны творца — непрадказальны ў праявах таленту.

Але вернемся да Музея Караткевіча. У дзень нараджэння класіка беларускага рамантызму знаёмы быў у Оршы і з радасцю паведаміў пасля, што ў грамадскім транспарце паміж абвесткамі прыпынкаў гучаць вершы Уладзіміра Сямёнавіча. Ініцыявалі такую “пазаштатную” нечаканасць, як аказалася, работнікі музея. Не буду шмат казаць пра іхні апошні доўгатэрміновы праект — інтэрактыўныя экскурсіі для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, — бо гэта, урэшце, прамы абавязак работнікаў культуры. Хоць, папраўдзе, пра супрацу з названай катэгорыяй насельніцтва ў іншых установах культуры чуць даводзіцца надзвычай рэдка. Але гэтая тэма — для асобнай публікацыі…

А на завяршэнне — яшчэ пра адзін нестандартны праект Музея Караткевіча. Неўзабаве пры дапамозе педагогаў ДШМ № 3 у выставачных залах будуць ладзіцца ўрокі малявання для дзяцей. Пісьменнік, як вядома, і з алоўкам упраўляўся не горш, чым з асадкай…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"