“А памяць, як калодзеж, глыбокая…”

№ 7 (1185) 14.02.2015 - 20.02.2015 г

Ваенны лёс мастака Мікалая Кандрацьева
…Часта-часта выходзяць яны на дарогу, па якой пайшлі на фронт ды не вярнуліся іхнія мужы, сыны, і чакаюць, з вечнай надзеяй чакаюць: а раптам з’явяцца з-за таго пагорка ці павароту салдаты, жывыя і здаровыя, падбягуць, моцна абдымуць іх, узнагародзіўшы за доўгія гады чакання… Але ціха вакол. І апусціўся ў руках салдаткі круглы каравай, выпечаны для самага дарагога чалавека, укленчыла самая мудрая і самая пажылая жанчына з хусткай, перакінутай праз левую руку… Погляд — нібы знутры: далёкі, у чаканні, пільны. Не чуваць слоў суцяшэння: кожная задумалася пра сваё, запаветнае. Вось зусім маладая жанчына — відаць, дачка, якая страціла на вайне бацьку: кароткая стрыжка, лёгкая сукенка, каля ног яе — дзіця. Яна зноў рыхтуецца стаць маці, але зноў — у які раз! — прыйшла сёння на дарогу разам са старымі ўдовамі, каб ушанаваць памяць паўшых. Твар яе — спакойны, задуменны, рукі, быццам у малітве, складзены на грудзях і кулачкамі падтрымліваюць падбародак. Што гэта — прадчуванне хуткага з’яўлення на свет новага жыцця? Ці дума пра лёс будучага дзіцяці? Так, Памяць жывая і будзе вечна жыць у яе дзецях, унуках, праўнуках… Ззаду — яшчэ дзве салдаткі: адна, з непакрытай галавой, прыціснула да грудзей салдацкі трохкутнік — франтавую вестачку мужа; другая, крыху схіліўшая галаву, перабірае ў хусцінцы старыя лісты. А за імі — тая, з караваем…

(Заканчэнне. Пачатак у № 5.)

Пяць фігур, высечаных з суцэльных ствалоў дрэў, існуюць кожная паасобку, але злучаны ў адзінае цэлае рытмічна прадуманай кампазіцыяй. Скульптар ішоў шляхам актыўнага канструявання, як бы раскладаючы яе на асобныя кадры, а потым дзякуючы інтэграцыі аб’ёмна-прасторавых элементаў дасягнуў дзіўнай цэласнасці. Вакол скульптуры ствараецца своеасаблівы прасторавы пласт, намячаецца як бы “сцэнічны карабок”, у выніку чаго кампазіцыя страчвае сваю “фасаднасць”, яе ўспрыняцце адбываецца па законах найбольш складаных. Яна “чытаецца” з двух супрацьлеглых бакоў, і яны аднолькавыя па сваёй значнасці. Аўтар добра адчуў ды выкарыстаў тыя выяўленчыя магчымасці, якія захоўвае ў сабе прастора як кампазіцыйны фактар скульптуры: цэзуры паміж фігурамі ўдоў-саладатак, пустоты сярод мас не ўспрымаюцца як інертныя. Дзякуючы таму, што “паветра” прасторы парушае кампактнасць кампазіцыі, статычная раўнавага апошняй атрымлівае дынамічны падтэкст, канчатковая гармонія ўспрымаецца як вынік напружанага ўзаемадзеяння мас і прасторавых прамежкаў, а за ўнутранай напоўненасцю вобразаў праступае драматычна-трагедыйная аснова.

/i/content/pi/cult/519/11180/15-1.jpg

Мікалай Кандрацьеў у сваёй майстэрні.

У самім характары разьбы, што падкрэслівае фактуру дрэва і пакідае нязгладжанымі, непрыбранымі сляды разца, у знарочыстай абагульненасці фактуры ёсць нешта ад старажытнасці. І ў той жа час перад намі, несумненна, — людзі нашага пасляваеннага часу, канкрэтныя ў сваім партрэтным падабенстве, абагульнены вобраз усяго беларускага народа. “Такіх жанчын, як мы, у Амерыцы б паказаць, — хто ваяваць захацеў бы?” — сказала Кандрацьеву адна з такіх гераінь. “Шмат ліха перажылі, няхай на нас бы яно і скочылася”, — пацвердзіла другая. Пра іх, мудрых і добрых, вялікіх у сваёй журбе, якія шмат перажылі, і распавядае работа Кандрацьева, якая была скончана ў 1978-м.

Больш за тое: праз трынаццаць гадоў гэтая сімвалічная кампазіцыя цалкам лягла ў аснову мемарыяльнага комплексу ў вёсцы Доры Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Праўда, тут была крыху іншая гістарычная фактура. Мемарыял адкрылі на месцы Свята-Пакроўскай царквы, якую спалілі фашысты разам з 257 жыхарамі. Трагедыя здарылася ўвечары 22 ліпеня 1943 года. Гітлераўцы сабралі ўсіх жыхароў вёскі Доры і падзялілі іх на две вялікія групы: першая павінна была адправіцца ў Германію на прымусовыя работы, а другая, што складалася з дзяцей, старых і жанчын, была сагнана ў мясцовую царкву, якую тут жа падпалілі. Уратавацца ўдалося толькі тром жыхарам. Яны цудам выпаўзлі з палаючай царквы і схаваліся ў лесе, каб потым далучыцца да партызан…

У 1961-м на фундаменце спаленай царквы ўстанавілі просты памятны знак, а праз трыццаць гадоў тут з’явіўся мемарыяльны комплекс — пад той жа самай назвай, што і кандрацьеўская станковая кампазіцыя: “Удовы. Паўшых чакаюць вечна”. Менавіта такія словы і былі выбіты ў бронзе на гранітным камені ля ўвахода ў вёску. Толькі тут скульптурная частка — зразумела, значна павялічаная і адлітая ў метале. Да праекта Мікалая Кандрацьева далучыліся архітэктары Вольга Уладыкіна і Станіслаў Федчанка. Кампазіцыя створана такім чынам, каб скульптуры і малыя архітэктурныя формы дынамічна спалучыліся з навакольнай мясцовасцю, дзе кожны элемент нагадваў пра страшэнную трагедыю вайны. Галоўны элемент мемарыяла — гэта фігуры пяці журботных жанчын, якія сталі сапраўдным сімвалам мільёнаў драматычных чалавечых лёсаў эпохі мінулай вайны.

Арыгінал скульптурнай кампазіцыі ў дрэве доўгія гады экспанаваўся ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, і сёння гэты твор можна таксама паглядзець у новым будынку ўстановы на праспекце Пераможцаў.

У апошнія гады ўсё часцей заходзіць гаворка пра інтэлектуалізацыю сучаснага мастацтва. Адны бачаць яе ва ўскладненні структуры мастацкага вобраза, другія — у строгай рацыянальнасці форм, трэція — у імкненні да дакументальнасці, чацвёртыя — у чыстай сімволіцы-алегорыі з “намёкам” на тонкую філасафічнасць. Аднак, нягледзячы на ўсе гэтыя тэндэнцыі і павароты ў складаным развіцці мастацтва, галоўным і вызначальным застаецца эмацыйнае, паэтычнае раскрыццё жыцця. У гэтым эстэтычная і гуманістычная сутнасць мастацкага працэсу.

Гэтым патрабаванням адпавядалі і іншыя кампазіцыі Мікалая Кандрацьева, прысвечаныя памяці Вялікай Айчыннай і таму, што было звязана з ёй пасля яе пераможнага заканчэння. Менавіта да такіх твораў адносіцца і партрэтная галерэя “Удовы вайны”, якая стваралася амаль паралельна з кампазіцыяй “Паўшых чакаюць вечна”. Гэта даволі разнародныя натурныя эцюды, але іх аб’ядноўваюць дзве ўласцівасці: лаканічнасць пластычных форм і абсалютная завершанасць адчування жыцця. Можна, між іншым, указаць і на трэцюю якасць, якая нібыта выцякала з дзвюх папярэдніх: усе гэтыя партрэты ўяўляюць з сябе як бы застылы, статычны згустак часу. Справа не толькі ў тым, што пражытае доўгае жыццё адчаканіла гэтыя жаночыя твары магутным і жорсткім разцом. Больш прываблівае іншае: мінулыя гады пасля вайны, якія адышлі назаўсёды, быццам матэрыялізаваліся ў гэтых замерлых, у зморшчынах, тварах салдацкіх удоў. Успаміны набылі тут сваю пластычную рэальнасць…

/i/content/pi/cult/519/11180/15-2.jpg

Мікалай Кандрацьеў. Партрэт Героя Савецкага Саюза Веры Харужай.

Асабліва яўна такая вобразная ідэя выяўлена ў партрэце бабкі Ганны (Ганны Анісовіч). Строгую, амаль франтальную кампазіцыю бюста ажыўляе ледзь прыкметны паварот галавы. Аскетычнасць і прыгажосць скульптурнай формы не пераходзяць у сухасць, — твор дыхае жыццём, перадае ўсю асаблівасць мадэлі. Кандрацьеў здолеў паказаць, як перад вачыма жанчыны праходзіць яе былое, яно валодае ейнай душой і думкай, здаецца ёй нечым адзіна істотным і значным. Але сама ж бабка Ганна па-ранейшаму належыць няспыннаму руху сённяшняга часу, застаецца саўдзельніцай таго, што адбываецца вакол. Вось чаму гэты вобраз — нібы жыццё мінулага ў цяперашнім.

Яшчэ адзін вобраз з гэтай серыі — партрэт Марыі Рубцэвіч. Нягледзячы на невялікі памер, ён робіць уражанне твора маштабнага, нават манументальнага. Крыху цяжкавата выканана хустка на галаве, нібыта ствараючы фон для старанна прапрацаванага твару, на якім ашчадна, але выразна абазначаны дэталі: рэзкая нітка вуснаў, завостраны нос, дынамічны разлёт броваў. Скульптар стварае вобраз стрыманай, нібы заглыбленай у сябе жанчыны, якая жыве асаблівым духоўным жыццём, але, здаецца, у любы час гатова адкрыцца людзям ва ўсёй сваёй шчырасці…

Канешне ж, Кандрацьеў шмат працаваў і над тэмай сучаснага жыцця, але, тым не менш, на мой погляд, памяць вайны стала галоўнай у ягонай творчасці. Пра гэта — тыя кампазіцыі, якія ўвабралі ў сябе многія вехі дарагой памяці, што захоўвала перажытае на фронце. Вось яны, гэтыя вехі памяці: цяжкія вёрсты папялішчаў; жанчыны, якія бласлаўляюць сваіх мужоў ды сыноў на “бой святы і правы”; сябры-таварышы, што загінулі на сваёй ды чужой зямлі і памерлі ад ран у шпіталях; хлапчукі, якія атрымалі камсамольскія білеты разам з баявымі медалямі; радасць перамогі, першыя пасляваенныя будні…

Але памяць не толькі захоўвала мінулае — яна патрабавала свайго ўвасаблення ў граніце, бронзе, дрэве. Увасаблення таго перажытага, выпакутаванага, што ў ваеннае ліхалецце змяшчалася ў кароткі заклік: “Уставай, краіна!..”. Колькі хвалюючых тэм, роздумаў, сюжэтаў патрабавалі свайго выхаду! Пра гэта — цыкл “Франтавыя дарогі”, кампазіцыі “Вяртанне з перамогай”, “Салдацкае пісьмо”, “Паранены”, “Вясна Перамогі”, “Барозны вайны”, “Слава паўшым”, “Яе зорны час. Вера Харужая”, “Акружэнцы”, “Без весткі”, трыпціх “Палеская балада”. Пра гэта — і помнік, які быў устаноўлены ў калгасе “Іскра” Пухавіцкага раёна.

А яшчэ публіцыстычная графічная серыя малюнкаў 1980-х гадоў “Без рэтушы”, якую майстра стварыў у Бараўлянскім шпіталі інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. Тут на працягу многіх тыдняў пазіравалі яму ветэраны. Мастак не шкадаваў нічыіх пачуццяў, кажучы праўду аб незажыўных душэўных ды фізічных ранах былых франтавікоў і партызан. Сярод іх — мужныя героі-ардэнаносцы, удзельнікі вялікай бітвы з фашызмам І.Д. Астапенка і У.А. Папок, А.А. Кавалеўскі і З.В. Корж, Н.А. Дубовік і В.М. Грабанёў…

“Я упэўнены, — казаў мастак, — што кожны з маіх персанажаў дастойны быць увасобленым і на паперы, і ў бронзе, і на палатне. Гэта людзі рэдкай чалавечай храбрасці і дабрыні. Па-рознаму склаліся іх пасляваенныя лёсы, неаднойчы даваліся ў знакі цяжкія франтавыя раны… Але што дзіўна: гэтыя людзі заўсёды захоўваюць у сабе высокую душэўную шчодрасць, цеплыню і бясконцы аптымізм!.. Я маляваў іх сангінай, ні ў чым не ўпрыгожваючы сваіх герояў, паказваў іх такімі, якімі яны былі тады, у шпіталі. Галоўнае, чым я кіраваўся ў сваёй працы, — праўда характараў, праўда жыцця…”

Чатырнаццаць гадоў не дажыў Мікалай Іванавіч да 70-гадовага святкавання Вялікай Перамогі і да свайго 90-годдзя. Не ведаю, дзе зараз знаходзіцца большасць яго станковых твораў і ці ўсе яны ацалелі ў мітусні пачатку новага складанага стагоддзя. Што і казаць, лёс творчай спадчыны мастакоў пасля іх сыходу з жыцця не заўсёды шчаслівы, а часам неймаверна горкі, калі работы проста знікаюць ці, у лепшым выпадку, трапляюць у прыватныя калекцыі. Пра музеі я і не кажу: гэта ідэальныя месцы для захавання памяці пра творцу. Але колькі туды можа трапіць з таго, што мастак стварыў за сваё жыццё?..

Добрым манументалістам шанцуе трошкі больш, чым “станкавістам”: іхнія работы можна ў любы час пабачыць у “экстэр’ернай” прасторы гарадоў і вёсак. Так, ад Мікалая Іванавіча Кандрацьева засталіся людзям манументальна-дэкаратыўная скульптура “Дзеці, якія гуляюць” на мінскай вуліцы Веры Харужай; шамотная дэкаратыўная група фантана каля абласнога радзільнага дома ў Мінску; дэкаратыўна-мемарыяльны ўваход “Смутак людскі” на Паўночных могілках пад Мінскам, мемарыял “Спаленая вёска” на хутары Брыцалавічы Магілёўскай вобласці і помнік, які быў устаноўлены ў калгасе “Іскра” Пухавіцкага раёна. Некаторыя работы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі і Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, а таксама ў фондах БСМ. А што да лёсу яго дзясяткаў “камерных” работ, партрэтаў ды кампазіцый, у тым ліку прысвечаных Подзвігу народа ў мінулай вайне, то тут пытанне, паўтаруся, застаецца пакуль без адказу…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"