Пасля смерці прынца Альдэнбургскага вялікая княгіня пакінула Расію, а Шышкіна вымушана была перайсці да імператарскага двара.
Увесь вольны час будучая пісьменніца праводзіла ў літаратурным салоне свайго брата, графа Дзмітрыя Блудава. Тут, у пісьменніцкім коле, яна стала яшчэ больш цікавіцца літаратурай, і ўрэшце сама паспрабавала пісаць гістарычныя раманы. У 1835 г. пабачыў свет раман Алімпіяды Шышкінай “Князь Скопін-Шуйскі, або Міжцараванне ў Расіі”. Ухвалілі яго пісьменнікі В.Жукоўскі і П.Плятнёў. У 1845 г. быў выдадзены другі раман: “Пракопій Ляпуноў, або Міжцараванне ў Расіі”. Высока ацаніў яго аўтарытэтны крытык В.Бялінскі.
Сёлета спаўняецца 160 гадоў з выхаду з друку ў Санкт-Пецярбургу падарожных нарысаў Алімпіяды Пятроўны пад назвай “Нататкі і ўспаміны рускай падарожніцы па Расіі”. У іх прысутнічаюць цікавыя, на наш погляд, звесткі пра Гомель, які яна наведала падчас падарожжа.
“Мястэчка гэтае таксама на беразе маляўнічага Сожа і асабліва адметнае тым, што ім папераменна валодалі, не па сваяцтве і спадчыне, а як быццам па нейкім асаблівым прызначэнні, два знакамітыя палкаводцы.
Раней належала яно Румянцаву-Задунайскаму, цяпер належыць фельдмаршалу графу Эрыванскаму, князю Варшаўскаму. Ад часоў пераможцы туркаў застаўся каменны дом, які пашырае і ўпрыгожвае пераможца туркаў, персіян і палякаў.
У зале з раззалочаным купалам дзве вялізныя вазы, дасланыя гасударам імператарам, з надпісам на бронзавых дошках, калі, кім і каму нададзены. Залу гэтую вельмі ўпрыгожваюць з усіх бакоў хоры з калонамі. Сталовая абабіта на старадаўні манер, скуранымі з золатам шпалерамі ў багацейшых рамах, шырокія панэлі з арэхавага дрэва таксама з пазалотаю. Карціны амаль усе спісаны ў Эрмітажы. З новых заслугоўваюць увагу: краявід Міканора Чарняцова, марская карціна Кругавіхіна, напад у развалінах разбойнікаў, не ведаю, чыёй работы (на апошняе страшна глядзець).
Яшчэ добра выглядаюць дзве акварэлі з Парыжа 1843 года і некалькі штучных копій са старадаўніх, з золатам і без золата, карцінак Ван-Эйха і іншых, якія прадстаўляюць Маці Божую і Святых.
Ад Гомеля да Беліцы шэсць вёрст, і ён усю дарогу бачны, разнастайна прадстаўляючыся як прыгожы горад. Грэчаская царква ў ім значна больш велічная за Лацінскую, што ў тутэйшых краях рэдка бывае.
Дарога вельмі дрэнная, разлівы Сожа амаль паўсюль знеслі масты. Мы колькі часу ішлі пешшу і, сустрэўшы натоўп жанчын, спыталі, куды яны ідуць? Яны адказалі, што ў Гомель, дзе на другі дзень свята ў Лацінскай царкве, і дадалі, што яны дваранкі. Мы засмяяліся. Гэтыя дваранкі ішлі босыя, у падцягнутых да каленяў паношаных і набіўных спадніцах, і калі б яны не пракрычалі, што яны дваранкі, ніхто б гэтага не ўгадаў”.
Клара БІРУКОВІЧ,
кандыдат гістарычных навук
Гомель