Дакрананне

№ 7 (1185) 14.02.2015 - 20.02.2015 г

Успамін пра Гаўрылу Вашчанку
Элементарнае пытанне: як стваралася мая кампазіцыя “Дакрананне”, дзе галоўны герой — Гаўрыла Вашчанка, якога няма з намі роўна год? Ідэя і рашэнне актывізуюцца ды спрацоўваюць часам адразу, а могуць і праз дзесяцігоддзе, і праз усё жыццё. Мой сябар, знакаміты архітэктар, назваў твор “Дакрананне” фрагментам вялікага роспісу. Роспісу, дзе праз кропкі асабістага дотыку да падзей і сутыкненняў, наканаваных мне лёсам, тэму асобы ў калейдаскопе сусвету можна развіць, наколькі хопіць моцы ды таленту.

/i/content/pi/cult/519/11178/14-1.jpg

Алесь Квяткоўскі. "Дакрананне".

Пра мастака

Напрыклад, гуманітарна-педагагічны кірунак. Вобраз юнака, якога мой герой бласлаўляе ў няпросты шлях… Як падысці да рашэння постаці канкрэтнага чалавека, мастака, настаўніка, які ўзяў абавязак (у тым ліку і перад Богам) вывучыць, стварыць мастака, грамадзяніна, Чалавека, прадстаўніка пакалення, што павінна было працягваць справу “шасцідзясятнікаў”? Якой мае быць яна, новая генерацыя талентаў, каму наканавана стаць мэтрамі культурнага жыцця ХХІ стагоддзя?

Сёння зразумела: пакаленню Вашчанкі пашчасціла ў тым, што яно рэалізавалася, адбылося як са знакам “плюс”, так і наадварот. Іх мастацтва было запатрабавана, яго паважалі ўлады, дзяржава плаціла грошы за творы. Шмат творцаў праз тое проста спустошваліся. Працавалі якасна і віртуозна, але іх работы не цікавяць і не трывожаць душу…

Васіль Быкаў казаў: “Мастак? Ідэя найвышэйшай пробы — праўда і прыгажосць. Мастакі — аднаасобнікі, якія ствараюць адзінкавы твор”. Гаўрыла Вашчанка пра тую ж тэму: “Калісьці гаварылі пра абранасць, пра місію. Зараз — як сфармуляваць сённяшні дзень у мастацтве. Пакуль у нас не ўзнікне цікавасці да сваёй Радзімы (як у 60-я гады), сваіх каранёў, то і не ўзнікне і выразных манументальных вобразаў. (Вунь літоўцы пішуць карціны па замове дзяржавы пра сваю перамогу пры Жальгірысе-Грунвальдзе, нават пра свой удзел у бітве пад Оршай.) Няма ў грамадстве гэтай патрэбы. Сучаснае мастацтва захоплена канцэптуальнай гульнёй у фарматы, перформансы… Але ж чым твор больш глыбокі, тым ён больш канцэптуальны. Можна аб’ехаць усе краіны і акрамя рэпартажаў (папак з накідамі) нічога не зрабіць. А можна седзячы у адной вёсцы паказаць праблемы ўсяго свету. Таму што сям’я — мікракосмас!”

Сёння не абавязкова быць таленавітым. Дастаткова аказацца камунікабельным, адаптавацца да розных умоў, імітаваць інтэлектуальную адоранасць і сацыяльную каштоўнасць. А гэта вядзе да інтэлектуальнага прымітывізму.

Праз сорак гадоў

Пра Гаўрылу Харытонавіча, яго жыццё і творчасць напісана шмат. Свае ўласныя думкі пра Вашчанку як мастака пакідаю за правай часткай маёй карціны. Левая ж уяўляе з сябе рамантычна-выхавальніцкі момант.

Апошняя наша гутарка з Гаўрылам Харытонавічам адбылася ў жніўні 2013-га. У асноўным размова тычылася майго апошняга на той дзень праекта — выстаўкі пад назвай “Песні дрыгвы”, якая была прэзентавана ў Мінску ў маі таго ж года. Я падарыў Майстру праект — каталог сваёй выстаўкі, азнаёміў з водгукамі ў СМІ, разам мы абмеркавалі магчымасць зладзіць аналагічны праект у Гомелі, у Галерэі Вашчанкі. Наша сустрэча доўжылася амаль дзве гадзіны. Ад прыгажосці і казачнасці беларускіх балот, ад геаграфіі ды экалогіі, ад гістарычных падзей мы перайшлі да падзей канкрэтных, канкрэтных людзей і лёсаў. Прайшло амаль сорак гадоў, але Гаўрыла Харытонавіч выдатна памятаў наш курс.

Гаўрыла Вашчанка: “Я вучыў маладых, але і яны вучылі мяне. Яны сталелі, а я, гледзячы на іх, не спяшаўся старэць. Яны шукалі сябе ў мастацтве, а разам з імі і я з маладым імпэтам шукаў сябе. Блукалі яны — блукаў і я. Яны без мяне не сталі б тымі мастакамі, якімі сталі, і я не стаў бы такім, як ёсць. Паміж намі толькі адна розніца: я сваю птушку злавіў раней за іх”.

Спакушэнне мастацтвам

Жаданне вучыцца на манументальным аддзяленні БДТМІ. Для мяне ўсё гэтае “высока” пачалося ў пяць гадоў, калі я пачаў наведваць студыю выяўленчага мастацтва ў легендарнага Сяргея Пятровіча Каткова, які далей быў адным са стваральнікаў Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве (цяпер — Каледж мастацтваў).

У класах восьмых-дзясятых нашы школьныя настаўнікі-мастакі (у мяне гэта кіраўнік па спецыяльнасці Людміла Ізмайлава) вадзілі нас у творчыя майстэрні блізкіх ім па поглядах мастакоў. Нас, няхай яшчэ маленькіх птушанят, грамадства, дзяржава вучылі быць прыхільнікамі і паслядоўнікамі ідэалогіі, а тут — як з неба спаў! — нязвыклыя колер, кампазіцыя, малюнак. І таксама рэалізм.

У Міхаіла Савіцкага ўбачылі пачатак ягонай “Партызанскай мадонны” і даведаліся, што кожны годны мастак, які ўважліва ставіцца да канонаў, піша толькі сваю, непаўторную, мадонну. У майстэрні Уладзіміра Стэльмашонка ўразіла карціна “ВХУТЕМАС. 1921”. А ці можна так, нібы карыкатурна, маляваць нашых “багоў”? Нейкая незразумелая на першы погляд геаметрыя, лікі, якія ўтаропіліся ў гледача. У карцінах Гаўрылы Вашчанкі было багата буслоў. Толькі-толькі ім была скончана праца над мазаікай для танцзалы ў Палацы культуры камвольнага камбіната. А сустрэча з Леанідам Шчамялёвым, які выкладаў у суседнім класе! Ніякі падручнік, да прыкладу, па гісторыі мастацтваў першай паловы ХХ стагоддзя, не мог нам даць столькі, як лекцыі Леаніда Дзмітрыевіча. Дзверы ягонай майстэрні (насупраць ГУМа) былі заўсёды адкрыты для дапытлівых юных мастакоў. Я год трымаўся і вывучаў “Анталогію рускай і савецкай паэзіі 1900 — 1925 гг.”, якую прапанаваў мне Шчамялёў для агульнага інтэлектуальнага развіцця.

Таму, пры маральнай падтрымцы ўсіх зацікаўленых у станаўленні (бацькоў, настаўнікаў, родзічаў), я вучыўся сам. Акрамя летніх практык, вандраваў з эцюднікам да аднакласнікаў па ўсёй Беларусі і ў святы, і ў час вакацый. Асабліва шмат мне дала творчая праца ў цёткі Мані, якая жыла ў Падсвіллі, на Глыбоччыне. Я яшчэ не ўсведамляў цудоўнае слова “атoжылкі” — маладыя парасткі раслін. Вакол дрэва — атожылкі. У народзе кажуць: “Дзеці, унукі — нашы атожылкі”.

З такім багажом і амаль самаўпэўненасцю я паступаў на манументальнае аддзяленне. Нават сачыненне ў вершах напісаў… У складзе тых педагогаў-мастакоў, якія нас вучылі і, перакананы, вучыліся нечаму ў нас (пра кожнага — свой аповед), — і Уладзімір Стэльмашонак, і Іван Стасевіч, і Анатоль Бараноўскі… Дзякуючы настаўнікам мы дакрануліся праз копіі ў тэхніках аль-фрэска ці сека-фрэска да творчасці майстроў Адраджэння, а пазней — і беларускай школы роспісу. Вывучалі тэхналогію і рабілі іконы, мазаікі, вітражы, энкаўстыкі, зграфіта і г.д. А колькі палотнаў напісалі!..

У апошніх нашых размовах адкрылася, што Гаўрыла Харытонавіч запомніў нашы студэнцкія авантуры і прыгоды, якія, дарэчы, не парушалі закон і мараль.

Вось адна з іх. Красавік 1973 года. У Саюзе архітэктараў ладзілася сустрэча творчай моладзі: архітэктары, акцёры і мастакі — своеасаблівы вясновы камсамольскі капуснік. Пасля трох гадзін сустрэчы нехта ўспомніў, што заўтра ў Маскве адкрываецца выстаўка мексіканскіх манументалістаў. І ўжо раніцай тры студэнты і сяброўка аднаго з іх прачнуліся ў Маскве. Каля Пушкінскага адразу пашанцавала: на пачатку велізарнай чаргі стаялі нашы старэйшыя калегі з Мінкультуры БССР. За якую гадзіну-паўтары прагледзелі Рыверу, Сікейраса, Ароска. Што рабіць? “Паляцелі ў Ленінград да нашых аднакласнікаў, якія вучацца ў Мухінскім вучылішчы!..” Прыляцелі ў Пулкава, прыгадалі, што на першых курсах студэнты жывуць без інтэрната… Стаіць таксі на Вялікі Ноўгарад. 200 кіламетраў — 20 рублёў. Без праблем… Год таму былі ў Ноўгарадзе на практыцы: рабілі копіі насценнага роспісу. Шмат знаёмых. Выехалі з Мінска ў суботу — вярнуліся ў сераду. І адразу сустрэлі Гаўрылу Харытонавіча. Як на духу выдалі ўсю праўду пра нашу авантуру… І нічога: маэстра толькі паўсміхаўся… Зразумела, мы — яго атожылкі. Ён сачыў за намі ўсё сваё жыццё. Праз колькі гадоў на банкеце з нагоды ўступлення ў Саюз мастакоў, далей у прыватных размовах Гаўрыла Харытонавіч неаднаразова адзначаў, што для яго на першым месцы стаяла задача (задача кафедры) выхаваць Асоб, якія зробяць нешта важнае для Беларусі…

З майго курса мы ўзгадалі Уладзіміра Ракіцкага, які працягвае працаваць у беларускай школе рэстаўрацыі. Гаварылі пра Таццяну Жыкоўскую, якая з’яўляецца адным з пачынальнікаў беларускай мультыплікацыі. Пра Валодзю Коўзуся, які, адпрацаваўшы ў Гродне як манументаліст, дзякуючы перабудове, здзейсніў сваю мару і працуе, захаваўшы свой стыль ды манеру, у Нью-Ёрку. Гаўрыла Харытонавіч сур’ёзна падтрымліваў маю працу ў галіне эстэтычнага выхавання дзяцей і моладзі. Ён прапаноўваў выкладаць на кафедры. Але бусляняці захацелася самастойнасці. Адвечны прынцып: добразычлівасць, кантакт, інфармацыя, фантазія, пошук, творчасць — вось прынцып, якім карыстаюся ўсё сваё творчае жыццё ў педагогіцы.

...Сувязь паміж настаўнікам і вучнем, паміж вучнем і ягонымі вучнямі — гэта як бясконцы ланцужок… Адвечнае. А так мой герой ці бласлаўляе вершніка, ці дапісвае карціну будучыні, куды скіроўваецца на баявым кані падлетак. У левай верхняй часцы я сымітаваў фрагмент роспісу Вашчанкі ў Нацыянальным аэрапорце. Карціна “Дакрананне” падорана 13 чэрвеня 2014 года Гомельскай галерэі майстра.

P.S. Заўсёды не мог уцяміць: чаму Гаўрыла Харытонавіч цёпла ставіўся да аповедаў пра мой род, пра дзеда і бабулю, якія жылі ды пахаваны непадалёк ад Капыля. Толькі нядаўна даведаўся: Мацільда Адамаўна Вашчанка, у дзявоцтве Жаўрыд, нарадзілася ў вёсцы Калодзежная, што на Капыльшчыне…

Аўтар: Алесь КВЯТКОЎСКІ
мастак, педагог