Матэрыялы пасяджэння калегіі Міністэрства культуры "Аб рабоце арганізацый культуры ў 2014 годзе і задачах на 2015 год"

№ 7 (1185) 14.02.2015 - 20.02.2015 г


"Сфера культуры знаходзіцца на этапе істотных пераўтварэнняў"

Тэзісы даклада Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса СВЯТЛОВА на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры "Аб рабоце арганізацый культуры ў 2014 годзе і задачах на 2015 год"

/i/content/pi/cult/519/11177/3-1.jpgПаважаныя члены калегіі і ўдзельнікі пасяджэння!

Рад вітаць усіх вас у гэтай зале і выказаць удзячнасць за плённую працу ў мінулым годзе!

Як неаднойчы падкрэсліваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, нацыянальная культура з’яўляецца адной з фундаментальных асноў незалежнасці краіны, неад’емнай часткай дзяржаўнай ідэалогіі Рэспублікі Беларусь.

Культура, як адзначыў Кіраўнік дзяржавы ў выступленні на 42-м З’ездзе Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, — вось тое, што робіць беларуса беларусам, а не проста “тутэйшым”, у якім бы месцы зямнога шару ён ні знаходзіўся.

Дзяржава аказвае нам высокі давер і пастаянную падтрымку. У 2014 годзе ганаровыя званні Рэспублікі Беларусь атрымалі 28 работнікаў культуры, ордэнамі і медалямі ўзнагароджаны 48 чалавек.

На гэта мы павінны адказаць актыўным удзелам у вырашэнні задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.

Сёння культурны палетак Беларусі ўключае ў сябе больш за 7 тысяч арганізацый культуры, сярод якіх — 46 тэатральна-відовішчных арганізацый, каля 2,9 тыс. клубных устаноў, амаль 3 тыс. бібліятэк, 152 музеі, 99 кінатэатраў, 3 установы вышэйшай і 19 устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, 2 гімназіі-каледжы і 442 дзіцячыя школы мастацтваў, у якіх працуюць каля шасцідзесяці чатырох з паловай тысяч спецыялістаў.

Аб’ём бюджэтных сродкаў на ўтрыманне і развіццё сферы культуры (без уліку сродкаў на капітальнае будаўніцтва), паводле папярэдніх даных, склаў 0,46% ад валавога ўнутранага прадукту, або каля 3,5 трлн. рублёў.

Ад пазабюджэтнай дзейнасці арганізацый культуры атрыманы сродкі ў памеры 1065 млрд. рублёў, што на 26,4% больш, чым у 2013 годзе. Звыш 80% пазабюджэтнага даходу забяспечваецца выручкай ад аказання платных паслуг насельніцтву. Акрамя таго, на развіццё культурнай дзейнасці прыцягваецца спонсарская дапамога ў памеры 48,1 млрд. рублёў — у 1,2 раза больш, чым у 2013 годзе.

Выдаткі на культуру за кошт бюджэтнага фінансавання з разліку на аднаго жыхара ў сярэднім па рэспубліцы склалі 2,4 базавыя велічыні пры нарматыве дзяржаўнага сацыяльнага стандарту 1,3 базавай велічыні.

/i/content/pi/cult/519/11177/5-1.jpg

Разам з тым у 2014-м узровень сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў культуры склаў 60,6% ад сярэдняй заработнай платы па краіне. У той жа час у галіне адукцыі гэтыя суадносіны склалі 67,6%, аховы здароўя — 77,5%. Прынятыя ў мінулым годзе рашэнні аб “кропкавым” павелічэнні зарплаты настаўнікам і медыцынскім работнікам прывядуць да яшчэ большага павелічэння гэтага разрыву ў 2015-м.

Таму сёння на калегіі прапаную абмеркаваць магчымыя ў сучасных эканамічных умовах шляхі ўдасканалення матэрыяльнага стымулявання ў сферы культуры за кошт як бюджэтных, так і пазабюджэтных сродкаў.

2014 год адзначаны важнай падзеяй у прававым рэгуляванні ў сферы культуры: Міністэрствам культуры распрацаваны праект Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, які з’яўляецца першым і пакуль адзіным у свеце. Спадзяюся, што ён знойдзе падтрымку ў парламенце і ў 2016 год культура ўвойдзе з новым Кодэксам.

У 2014-м праведзена сістэмная аптымізацыя сеткі арганізацый культуры і іх штатнай колькасці. Але пры гэтым галоўнай мэтай было не механічнае скарачэнне штатаў, а стварэнне і ўкараненне мадэлі найбольш эфектыўнага выкарыстання наяўных працоўных і матэрыяльных рэсурсаў.

Агульная колькасць работнікаў у галіне культуры за перыяд аптымізацыі (у 2013 — 2014 гадах) зменшылася амаль на 6 800 штатных адзінак, або на 9,5%, у тым ліку ва ўстановах культуры рэспубліканскага падпарадкавання — на 12,1%, установах культуры, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасці, — на 9%.

Эканамічны эфект ад праведзенай у 2013 — 2014 гг. аптымізацыі (з улікам прагнозу на 2015 г.) ацэньваецца прыкладна ў 294 млрд. рублёў.

Працэс аптымізацыі праходзіў у кожнай вобласці своеасабліва, што адлюстравана, у прыватнасці, у дынаміцы кадравага складу арганізацый культуры.

У цэлым па рэспубліцы колькасць устаноў культуры, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасці, скарацілася на 1 168 адзінак, пры гэтым 1 046 адзінак, або 90% ад агульнай колькасці “аптымізаваных” устаноў, склалі культурна-асветніцкія установы (публічныя бібліятэкі і клубы).

Праведзеная работа выявіла шэраг “вузкіх месцаў”, звязаных, напрыклад, з адсутнасцю агульных падыходаў да вызначэння аптымальнай штатнай колькасці аднатыпных арганізацый і састарэласцю кваліфікацыйных патрабаванняў да работнікаў.

Трэба правесці якасны аналіз аптымізацыі, яе ўплыву на задавальненне культурных запытаў насельніцтва.

У галіне матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння сферы культуры ў 2014 годзе ўдалося вырашыць некаторыя праблемы, але частка з іх не страчвае сваёй вастрыні.

У 2014-м за кошт сродкаў Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы вяліся работы на 18 аб’ектах. 4 з гэтых аб’ектаў уведзены ў эксплуатацыю, у тым ліку:

— “Рэканструкцыя і рамонт комплексу будынкаў і збудаванняў кінастудыі “Беларусьфільм” з будаўніцтвам аб’ектаў тэхналагічнага прызначэння на вызваленай ад вытворчых будынкаў тэрыторыі” (3-я чарга, 1 пускавы комплекс);

— “Рэстаўрацыя з прыстасаваннем помніка архітэктуры XIX стагоддзя — сядзібнага дома ў в. Чырвоны бераг Жлобінскага раёна (5 пускавы комплекс)”;

— “Карэкціроўка праекта рэстаўрацыі і прыстасавання гісторыка-культурнай каштоўнасці — палаца XIX стагоддзя ў в. Залессе Смаргонскага раёна”;

— “Рэканструкцыя з рэстаўрацыяй помніка архітэктуры XVIII стагоддзя — Свята-Пакроўскага манастыра ў г. Талачын Віцебскай вобласці" (1-я чарга).

Капітальны рамонт у мінулым годзе праводзіўся на 20 аб’ектах. Закуплены музычныя інструменты і абсталяванне на агульную суму каля 19,0 млрд. рублёў, што на 2 млрд. рублёў больш, чым у 2013-м...

Аднак у апошнія гады назіраецца тэндэнцыя зніжэння аб’ёмаў бюджэтнага фінансавання сферы культуры і, як вынік, недахоп сродкаў на будаўніцтва ды капітальны рамонт, на абнаўленне фондаў музычных інструментаў. Адной з праблем вытворчасці будаўніча-мантажных работ з’яўляецца нізкая якасць іх выканання і адсутнасць належнага кантролю з боку тэхнічнага нагляду заказчыка. Істотна ўплывае на дзейнасць арганізацый культуры неўкамплектаванасць альбо ўвогуле адсутнасць кваліфікаванага тэхнічнага і эксплуатацыйнага персаналу. Над вырашэннем гэтых праблем нам давядзецца працаваць у 2015 годзе ў першую чаргу...

Аналіз развіцця асобных напрамкаў у сферы культуры і дзейнасці адпаведных арганізацый культуры паказвае складанасць працэсаў, якія там адбываюцца, своеасаблівасць і сацыяльна-эканамічную эфектыўнасць гэтых відаў дзейнасці...

 

/i/content/pi/cult/519/11177/4-1.jpg

Так, у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны ў 2014 годзе, згодна з Дзяржпраграмамі “Замкі Беларусі” і “Культура Беларусі”, работы вяліся, адпаведна, на 19 помніках абарончага дойлідства і 16 аб’ектах спадчыны.

Міністэрствам культуры нададзена значная ўвага пытанням аптымізацыі работы па ўліку аб’ектаў спадчыны і ўдасканаленні крытэрыяў іх адбору для ўключэння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, які змяшчае 5 527 аб’ектаў. Выкананы значны аб’ём работы па выдачы заключэнняў па навукова-праектнай дакументацыі, дазволаў на выкананне рэстаўрацыйных работ. Зацверджана 39 праектаў зон аховы для 72 помнікаў археалогіі, архітэктуры і гісторыі.

Складзены план работы па падрыхтоўцы дасье для іх уключэння ў Спіс сусветнай спадчыны UNESCO.

Распачата падрыхтоўка матэрыялаў для ўключэння Мсціслава і Паставаў у міжнародны праект па развіцці культурных стратэгій гістарычных гарадоў Савета Еўропы (COMUS).

Але сёння існуе шэраг нявырашаных праблем, звязаных з укараненнем больш эфектыўных метадаў кіравання ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, павышэннем адказнасці ў забеспячэнні захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей і выкарыстання іх патэнцыялу ў эканамічным, сацыяльным і культурным жыцці. Спадзяюся, што гэтыя пытанні стануць прадметам зацікаўленага прафесійнага разгляду на калегіі і дазволяць выпрацаваць канкрэтныя падыходы да іх вырашэння.

Для прафесійнага мастацтва 2014 год стаў вельмі багатым на цікавыя творчыя падзеі.

Міністэрствам культуры праведзена 35 дзяржаўных спецыяльных мерапрыемстваў, у тым ліку 11 — з удзелам Кіраўніка дзяржавы. Вялікі грамадскі рэзананс у нашай краіне і за яе межамі атрымалі маштабнае святкаванне 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і культурная праграма Чэмпіянату свету па хакеі.

Тэатрамі краіны праведзена 8 825 паказаў спектакляў, што на 295 больш у параўнанні з паказчыкамі 2013-га. Колькасць наведванняў пастановак склала 2 067 690 і ў параўнанні з 2013 годам павялічылася амаль на 216,6 тыс. чалавек.

Паказана 139 прэм’ерных спектакляў. Найбольш значнымі прэм’ерамі сталі оперы “Рыгалета” Вердзі і “Пікавая дама” Чайкоўскага, балеты “Жар-птушка” Стравінскага і “Лаўрэнсія” Крэйна — у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь; “Тата” Багаслаўскага, “Дон Жуан” Мальера — у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы; “Пясняр” В.Дранько-Майсюка, “Хітрыкі Ханумы” А.Цагарэлі — у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага; “Рамэа і Джульета” Шэкспіра, мюзікл “Дыліжанс” У.Кандрусевіча паводле Мапасана — у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа; “Дэман” па М.Лермантаву — у Гродзенскім абласным тэатры лялек; мюзікл “Шалом алейхем! Мір вам, людзі!” А.Хадоскі — у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры; канцэртная праграма “Авертайм” — у Маладзёжным тэатры эстрады ды іншыя.

У 2014 г. адбыліся V Мінскі міжнародны Калядны оперны форум і I Мінскі Калядны конкурс вакалістаў, Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “М.@rt.кантакт” у Магілёве, Міжнародны фестываль тэатраў лялек у Мiнску, Міжнародны тэатральны фестываль “Белая Вежа” ў Брэсце, Міжнародны тэатральны фестываль “Славянскія тэатральныя сустрэчы” ў Гомелі, Свята тэатральнага лялечнага мастацтва “Лялькі над Нёманам” у Гродне ды іншыя цікавыя творчыя праекты, а таксама ІІІ Рэспубліканскі конкурс тэатральнага мастацтва “Нацыянальная тэатральная прэмія”.

Прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” адзначана пастаноўка балета В.Кузняцова “Вітаўт” у Нацыянальныма акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

Разам з тым занепакоенасць дзеячаў тэатра выклікае практыка прымянення працэнта запаўняльнасці глядзельнай залы ў якасці паказчыка эфектыўнасці выкарыстання бюджэтнай падтрымкі, якая, на іх думку, абмяжоўвае камерцыйную ініцыятыву тэатра, скіроўвае рэпертуарную палітыку тэатраў у забаўляльны бок і перашкаджае эксперыментальнай рабоце, а таксама закладзеная ў Дзяржаўнай праграме “Культура Беларусі” неабходнасць штогадовага павелічэння колькасці спектакляў і гледачоў, якая ўваходзіць у супярэчнасць з рэальнымі магчымасцямі творчых калектываў, істотныя цяжкасці з замацаваннем у рэгіянальных тэатрах маладых спецыялістаў з вышэйшай тэатральнай адукацыяй. Гэтыя і іншыя праблемныя пытанні тэатральнай сферы таксама стануць сёння прадметам нашага абмеркавання.

Дзяржаўнымі канцэртнымі арганізацыямі краіны праведзена больш за 6 200 мерапрыемстваў, якія наведала амаль паўтара мільёна чалавек, што перавышае адпаведныя паказчыкі 2013 года. Музычнымі і харэаграфічнымі калектывамі паказана больш за 250 новых канцэртных праграм. Вядучай канцэртнай арганізацыяй краіны з’яўлялася Беларуская дзяржаўная філармонія, калектывамі якой створана 126 новых канцэртных праграм, праведзены выступленні ў розных рэгіёнах Беларусі і 14 замежных краінах.

Паводле дзяржаўнага заказу набыта каля 100 сачыненняў беларускіх кампазітараў. На гэтыя мэты ў 2014 годзе было выдаткавана больш за 170 млн. рублёў з рэспубліканскага бюджэту.

Значнымі падзеямі сталі буйныя музычныя фестывалі, святы і конкурсы, сярод якіх — XXIII Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, XV Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”), 40-ы Міжнародны фестываль “Беларуская музычная восень”, Міжнародны конкурс піяністаў “Мінск-2014” ды іншыя.

Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ўзнагароджаны ансамбль песні і танца "Медуніца" Магілёўскай абласной філармоніі.

Разам з тым наспела неабходнасць распрацоўкі і рэалізацыі, у адпаведнасці з даручэннямі Кіраўніка дзяржавы, новых канцэпцый правядзення буйных музычных фестываляў і святаў, прыняцця мер па павышэнні выканальніцкага майстэрства артыстаў эстрады, прыярытэтнай падтрымкі стварэння новых канцэртных праграм беларускіх кампазітараў і выканаўцаў ды іншых. Спадзяюся на вашу зацікаўленую размову па гэтых пытаннях у ходзе калегіі.

У сферы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва было праведзена больш за сто выставак, найбуйнейшымі з якіх сталі праект “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі” і выстаўка сучаснага мастацтва “Avant-gARTe. От квадрата до объекта”.

За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту набыты творы мастацтва на суму 3 млрд. 115 млн. рублёў, што ў 4 разы больш, чым у 2013 годзе. У рэгіёнах на гэтую мэту накіравана 1 млрд. 242 млн. рублёў.

/i/content/pi/cult/519/11177/5-2.jpg

За кошт бюджэтных і спонсарскіх сродкаў створаны шэраг работ манументальнага мастацтва. Сярод іх — памятны знак, прысвечаны аперацыі “Баграціён” у Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці, помнікі вялікаму князю Альгерду ў Віцебску і князю Ізяславу ў Заслаўі, Максіму Танку ў Мядзеле, Уладзіміру Мулявіну ў Екацярынбургу ды шэраг іншых. На гэтыя мэты з рэспубліканскага бюджэту выдаткаваны 1 млрд. 444 млн. рублёў.

Беларускія мастакі ўнеслі значны ўклад у аздабленне Палаца Незалежнасці і новага будынка Беларускага дзяржаўнага Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Па выніках працы за 2014 год скульптар Сяргей Бандарэнка, жывапісец Уладзімір Ганчарук і калектыў Цэнтра сучасных мастацтваў сталі лаўрэатамі спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.

Разам з тым выклікае заклапочанасць адсутнасць планавага падыходу да манументальнай прапаганды. Патрабуецца наладжванне сістэмнай работы па набыцці твораў мастацтва, у першую чаргу — з буйных рэспубліканскіх выставак, работ мясцовых мастакоў у рэгіёнах, а таксама па фарміраванні ў музеях калекцый дызайнерскіх работ. Шляхі вырашэння гэтых праблем стануць прадметам разгляду на калегіі.

У сферы кінематаграфіі ў 2014 годзе працягвалася рэалізацыя новага механізма дзяржаўнай падтрымкі развіцця фільмавытворчасці шляхам выдзялення сродкаў кінавытворцам на конкурснай аснове. Аб’ём такой падтрымкі склаў звыш 60 млрд. рублёў (прыкладна 65 працэнтаў ад аб’ёмаў фінансавання 2013 года), што дазволіла стварыць 45 назваў стужак і адзінак кіналетапісу (на трэць менш, чым у 2013-м). Сістэмаўтваральнай арганізацыяй кінематаграфіі заставалася Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, якая выпусціла 7 ігравых, 14 дакументальных і 7 анімацыйных фільмаў.

Разам з тым новы, канкурэнтны механізм аказання частковай дзяржаўнай падтрымкі фільмавытворчасці пакуль не прывёў да фарміравання рэальнага канкурэнтнага асяроддзя ды кінарынку і не дазволіў прыцягнуць значныя аб’ёмы пазабюджэтных сродкаў у галіну.

Аб’ём дзяржаўнай падтрымкі фільмавытворчасці знізіўся на 33 млрд. рублёў і склаў 60,1 млрд. рублёў. Гэта прывяло да адпаведнага памяншэння колькасці карцін і сюжэтаў кіналетапісу (у 2013 годзе — 66, у 2014-м — 45). Аднак у сучаснай эканамічнай сітуацыі кінавытворцам, перш за ўсё — кінастудыі “Беларусьфільм”, трэба перастаць разлічваць толькі на дзяржаўнае фінансаванне і шырэй прыцягваць у фільмавытворчасць пазабюджэтныя сродкі.

Нізкай з’яўляецца акупнасць фільмаў у неігравой і анімацыйнай формах. Беларускае кінамастацтва недастаткова прадстаўлена на кінаэкранах і тэлеканалах краіны.

У параўнанні з 2013 годам колькасць наведванняў кінатэатраў зменшылася на 1,4 млн. чалавек і склала 14,9 млн. чалавек. Трэба прааналізаваць усе прычыны зніжэння колькасці гледачоў, звярнуўшы асаблівую ўвагу на якасць кінапрадукцыі.

Міністэрствам культуры па даручэнні Урада ў снежні 2014 года была праведзена спецыяльная калегія, на якой разгледзелі праект Стратэгіі развіцця кінематаграфіі Рэспублікі Беларусь на 2015 — 2020 гады.

Аднак, мяркую, што сёння, у больш шырокай аўдыторыі, нам трэба яшчэ раз вярнуцца да разгляду ідэйна-мастацкіх праблем развіцця кінавытворчасці, якасці айчыннай кінапрадукцыі, вырашэнне якіх дазволіць павысіць попыт на яе.

Працягвалася супрацоўніцтва Міністэрства культуры з творчымі саюзамі Беларусі, якія аб’ядноўваюць больш за 9 000 творцаў краіны. У мінулым годзе гэтымі саюзамі было праведзена больш за 400 мерапрыемстваў.

Сёння на калегіі мы павінны абмеркаваць шляхі далейшага развіцця ўзаемадзеяння Міністэрства і творчых саюзаў, прычым з акцэнтам не на дзяржаўную падтрымку ды пашырэнне льгот, а на развіццё іх паўнавартаснага партнёрства з дзяржаўнымі структурамі.

Станоўчая дынаміка назіраецца ў музейнай сферы. У 2014 годзе Музейны фонд павялічыўся больш чым на 58 тыс. адзінак і склаў амаль 3,2 млн. музейных прадметаў. Колькасць наведванняў музеяў павялічылася на 413 тыс. чалавек і склала больш за 5,8 млн. наведванняў. У
2014-м былі арганізаваны 4 222 выстаўкі, што на 361 больш, чым у папярэднім годзе.

Адкрыты новы будынак Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Музей-сядзіба Агінскага ў в. Залессе Гродзенскай вобласці, Музей-дача Васіля Быкава пад Мінскам, Музей гісторыі слуцкіх паясоў у Мінскай вобласці і новая экспазіцыя ў паўднёва-ўсходняй казарме Брэсцкай крэпасці “Музей вайны — тэрыторыя міру”, калектывы стваральнікаў якіх адзначаны спецыяльнымі прэміямі Кіраўніка дзяржавы, і шэраг іншых. Адной з важных падзей года стаў ІІ Нацыянальны музейны форум у Гомелі.

Сёння патрабуюць свайго вырашэння праблемы паляпшэння ўмоў захоўвання фондавых калекцый, уніфікацыі і мадэрнізацыі сістэмы ўліку музейных прадметаў, інфарматызацыі музейнай сферы. Спадзяюся, што вашы меркаванні па гэтых пытаннях будуць агучаны сёння.

Паслугамі публічных бібліятэк у 2014 годзе карысталася звыш 3,4 млн. чалавек, што на 4% менш, чым у 2013-м. Ахоп насельніцтва бібліятэчным абслугоўваннем пакуль застаецца досыць высокім. Карыстальнікам публічнай бібліятэкі з’яўляецца амаль кожны трэці грамадзянін краіны.

З 2011 года ў рэспубліцы пачаўся эксперымент па аб’яднанні публічных і школьных бібліятэк у сельскай мясцовасці. На сённяшні дзень функцыянуюць 444 аб’яднаныя бібліятэкі, больш за 90 працэнтаў якіх засталіся ў падпарадкаванні органаў кіравання культурай.

Камп’ютарызавана 74% ад агульнай колькасці публічных бібліятэк рэспублікі. Да Інтэрнэту падключаны 62% бібліятэк. Тэмпы камп’ютарызацыі публічных бібліятэк ставяць пад пагрозу выкананне задання Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады па абсталяванні бібліятэк камп’ютарнай тэхнікай і закупцы праграмнага забеспячэння.

У сферы народнай творчасці і культурна-асветнай дзейнасці ўстановы на працягу 2014 года з удзелам мастацкіх калектываў народнай творчасці было праведзена больш як 120 тыс. канцэртаў і спектакляў, звыш 45 тыс. тэатралізаваных святаў і абрадаў, больш за 40 тыс. выставак твораў народнага мастацтва.

Найбольш знакавымі сталі фестывалі “Покліч Палесся”, “Вясновы букет”, “Звіняць цымбалы і гармонік”, “Берагіня”, “Залатая пчолка”, ІІІ Міжнародны форум “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства”.

Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за 2014 год узнагароджаны калектыў Неглюбскага сельскага цэнтра ткацтва Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці.

Дзеля захавання пераемнасці творчых традыцый неабходна актывізацыя дзейнасці больш як 13 тыс. клубных фарміраванняў для дзяцей.

Адукацыя і навука ў сферы культуры. У сістэму адукацыі ў сферы культуры ўваходзяць 470 устаноў. У 2014 годзе паспяхова прайшла акрэдытацыя Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і 7 каледжаў у сферы культуры. Установы вышэйшай адукацыі распрацавалі сістэмы менеджменту якасці і сертыфікацыі сваёй дзейнасці. Усе спецыяльнасці І ступені забяспечаны адукацыйнымі стандартамі трэцяга пакалення.

Заахвочваннямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі адзначана 109 чалавек і 17 творчых калектываў. Са сродкаў фонду выдзелена 6 грантаў на рэалізацыю праектаў, накіраваных на развіццё здольнасцей маладых талентаў, на агульную суму амаль 900 млн. рублёў.

Разам з тым замацоўваецца тэндэнцыя штогадовага зніжэння колькасці залічаных ва ўстановы і вышэйшай, і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў сферы культуры. Сёння вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю па спецыяльнасцях культуры і мастацтва атрымліваюць 13 тыс. чалавек, што амаль на 700 чалавек менш, чым у 2013 годзе. У 2014-м навучэнцамі і студэнтамі стала амаль на 200 чалавек менш, чым у 2013 годзе.

Кантрольныя лічбы прыёму на бюджэтныя месцы выканалі ва ўстаноўленым парадку толькі 10 з 21 установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Па спецыяльнасцях “Інструментальнае выканальніцтва (па напрамках)”, “Музыказнаўства” конкурсная сітуацыя наогул адсутнічала. Выкананне планавага задання прыёму ўстановамі сярэдняй спецыяльнай адукацыі склала 98%.

На навуковую, навукова-тэхнічную і інавацыйную дзейнасць у сферы культуры ў 2014 годзе выдаткавана больш за 6,5 млрд.рублёў, што на 120 млн. рублёў больш, чым у 2013-м. Выконвалася 12 навуковых заданняў Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”. Працягвалася рэалізацыя Праграмы навуковага супрацоўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на 2010 — 2015 гады.

Разам з тым наспела неабходнасць правядзення аналізу тэматыкі навуковых даследаванняў. Першачарговае права на бюджэтнае фінансаванне павінны мець даследаванні, вынікі якіх скіраваны на ўдасканаленне дзяржаўнай культурнай палітыкі.

З мэтай развіцця міжнароднага супрацоўніцтва падпісаны 7 пагадненняў і праграм узаемадзеяння ў сферы культуры. Праведзены Дні культуры Рэспублікі Беларусь за мяжой у 6 краінах і Дні культуры і Дні кіно 5 замежных краін у Рэспубліцы Беларусь.

Разам з тым наспела неабходнасць рэгламентацыі парадку правядзення міжнародных культурных мерапрыемстваў у мэтах атрымання ад іх найбольшага палітычнага і сацыяльнага эфекту, аптымізацыі бюджэтных выдаткаў.

Патрабуецца правядзенне мерапрыемстваў па актыўным прыцягненні прадстаўнікоў беларускай дыяспары, якіх за мяжой пражывае каля 3 мільёнаў, да рэалізацыі сумесных сацыяльна-культурных ініцыятыў у інтарэсах Рэспублікі Беларусь.

У накірунку выхавання патрыятычнай самасвядомасці павінна развівацца супрацоўніцтва Міністэрства культуры са 180 арганізацыямі нацыянальных супольнасцей, члены якіх пражываюць у Беларусі. Іх членам трэба ўсведамляць сябе перш за ўсё грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, жыць інтарэсамі нашай краіны.

Падзеі культурнага жыцця Беларусі 2014 года знайшлі шырокае адлюстраванне ў СМІ. Праведзена 6 прэс-канферэнцый, 4 прамых ліній і 10 інтэрв’ю Міністра культуры, апублікавана 3 425 артыкулаў у рэспубліканскіх і 2 055 у абласных газетах, выйшаў шэраг сюжэтаў у праграмах тэлебачання і радыё, паведамленняў на інтэрнэт-сайтах. У газеце “Культура” надрукавана 1 289 артыкулаў, у часопісе “Мастацтва” — 170 артыкулаў.

Паважаныя сябры!

Вынікі нашай з вамі дзейнасці ў 2014 годзе сведчаць, што сфера культуры знаходзіцца на этапе істотных пераўтварэнняў. Таму ў 2015-м, які завяршае чарговую пяцігодку, мы павінны сканцэнтраваць увагу на вырашэнні тых задач і праблем, якія дазволяць забяспечыць паспяховае выкананне намечаных планаў.

Рыхтуючы гэтую калегію, мы вырашылі комплексна разгледзець праблемы перш за ўсё з пункта гледжання спецыялістаў-практыкаў.

Дзеля гэтага былі створаны экспертныя групы з ліку найбольш аўтарытэтных дзеячаў культуры і мастацтва. Выступленні прадстаўнікоў груп складуць аснову работы калегіі. Па выніках абмеркавання ў маім заключным выступленні будуць вызначаны прыярытэты развіцця галіны на 2015 год.

Дзякуй за ўвагу!

 

Крокі да статуса музыкі

Аб стане  і праблемах развіцця прафесійнага музычнага мастацтва і арганізацыі канцэртнай дзейнасці ў Беларусі

Аляксандр ГАРБАР, генеральны дырэктар Беларускай дзяржаўнай філармоніі

/i/content/pi/cult/519/11177/6-1.jpg

Якое месца ў жыцці сучаснага грамадства займае прафесійная музычная культура? У асноўным на гэтае пытанне мы можам адказаць, калі прааналізуем канцэртнае жыццё Беларусі і вызначым статус класічнай музыкі ў сродках масавай інфармацыі. На сённяшні дзень мінімальным спажывецкім бюджэтам на культурныя патрэбы насельніцтва рэспублікі адводзіцца 24 885 рублёў на чалавека ў месяц.

У музычным жыцці краіны найбольш уплывовай з’яўляецца дзейнасць галоўнай канцэртнай арганізацыі — Белдзяржфілармоніі, дзе назіраецца наступная сітуацыя: па выніках 2014 года ў абедзвюх канцэртных залах адбылося 314 праектаў. Прыярытэтнымі сталі праграмы, складзеныя з жанраў класічнай музыкі — сімфанічных, камерна-інструментальных, вакальных, фартэпіянных. З імі пазнаёміліся каля 40 тысяч слухачоў. І калі звярнуцца да гэтай аўдыторыі, відавочна, што прафесійная музыка больш заахвочвае падрыхтаваную публіку, інакш кажучы, культурную інтэлігенцыю, і не аказвае масавага ўплыву на шырокія слаі насельніцтва.

Канцэртнае жыццё акадэмічнага кірунку ў апошнія гады значна актывізавалася. Традыцыйныя міжнародныя фестывалі Уладзіміра Співакова, Юрыя Башмета, Велікодны фестываль Валерыя Гергіева, музычныя форумы, конкурсы піяністаў, юбілейныя канцэрты знакамітых музыкантаў і замежных зорак замацавалі пазіцыі класічнай музыкі. Аднак, калі думаць па-дзяржаўнаму аб духоўнасці нацыі, то ўзнікае пытанне: чаму сённяшнія падлеткі больш ведаюць Сяргея Лазарава, Макса Каржа, чым класікаў — Бетховена, Моцарта? Чаму ў іх Бах успрымаецца як выбух у памяшканні? Адказ можна знайсці ў школьнай праграме апошніх гадоў. І мы ўдзячны кіраўніцтву Міністэрства культуры, якое абмеркавала гэтыя праблемы на калегіі ў кастрычніку мінулага года з удзелам Урада ды вярнула музычнае выхаванне ў школы. Спадзяёмся на паспяховую рэалізацыю прынятых рашэнняў.

Па-другое, важна, якое месца займае класічная музыка ў сродках масавай інфармацыі, што маюць вялікі ўплыў на фарміраванне музычнай культуры насельніцтва. Размова тут ідзе аб папулярызацыі і прамоцыі класічнага мастацтва. Сёння нас не можа задавальняць той дысбаланс, які ўтварыўся паміж класічнай і папулярнай музыкай у сусветнай інфармацыйнай прасторы. Безумоўна, у апошні час назіраюцца станоўчыя зрухі. Дастаткова нагадаць пра адкрыццё культуралагічнага тэлеканала “Беларусь 3”, а таксама радыёканала “Культура” Беларускага радыё. Для часткі насельніцтва даступны каналы “Культура” (Расія) і “Mezzo” (Францыя). Але ж, у супрацьвагу ім, сёння дзейнічае дзевяць музычных тэлеканалаў забаўляльнага жанру, дзе аб прафесійнай музыцы гавораць толькі ў рэкламе: “Купіце электронны будзільнік — і вы зможаце заснуць пад класічную музыку”. На айчынных цэнтральных тэлеканалах — звыш 170 праграм. Музычныя запаланілі відэакліпы, поп-выканаўцы і праекты па “вытворчасці” зорак.

Дарэчы, у Барселоне, Парыжы, Лондане, Гамбургу існуе па дзве класічныя радыёстанцыі, у Галандыі іх пяць, адна з якіх створана спецыяльна для музыкі эпохі барока. Паводле даных сацыялагічных даследаванняў, амаль 40 працэнтаў моладзі слухаюць класічную музыку па радыё.

Здавалася б, установы культуры, як і тэлебачанне, выконваюць адны і тыя ж дзяржаўныя задачы, аднак так склалася, што яны не з’яўляюцца сацыяльнымі партнёрамі. Зразумела, ім таксама неабходна зарабляць грошы, але ж гэтую форму зносін можна было б рэалізаваць у выпуску той жа сацыяльнай музычнай рэкламы, якой мала.

Недастаткова аналітычнага матэрыялу па музычнай культуры ў друку. Як паказаў аналіз публікацый, зроблены на апошняй калегіі Міністэрства, у васьмі рэспубліканскіх газетах праблемы музычнай спадчыны займаюць усяго 12 працэнтаў. На іх старонках мала дыскусій, “круглых сталоў”, аналітычнага матэрыялу і крытыкі музыказнаўцаў.

У прасоўванні прафесійнага музычнага мастацтва асобна трэба вылучыць Інтэрнэт. У Еўропе існуюць камп’ютарныя гульнявыя цэнтры музычнай адукацыі для дзяцей, дзясяткі сайтаў аўтарскіх і калектыўных праектаў. Мы бачым вялкія магчымасці ў гэтым напрамку для Філармоніі дзяцей і юнацтва Белдзяржфілармоніі.

/i/content/pi/cult/519/11177/6-2.jpg

Як зрабіць класіку моднай? Як увесці яе ва ўжытак, каб стала зразумела, што яна павінна з’яўляцца значнай часткай нашага жыцця? Напрыклад, у вялікіх універмагах Японіі класічная музыка гучыць фонам, а ў Лондане адпачынкам для чалавека становіцца канцэрт на адкрытым паветры. Першым нашым крокам у гэтым кірунку стала трансляцыя канцэрта сімфанічнай музыкі на экране каля Гарадской ратушы, дзе пабывала звыш 2 000 чалавек.

У гэтым годзе Белдзяржфілармонія цалкам перайшла на электронную сістэму рэалізацыі білетаў, што таксама набліжае нас да агульнаеўрапейскай сістэмы арганізацыі канцэртнай дзейнасці.

Некалькі слоў аб гастрольнай палітыцы. Сёння змянілася геапалітычнае становішча. У Беларусь хлынулі замежныя гастралёры, і мы павінны аператыўна рэагаваць на гэтую з’яву. Я не маю на ўвазе ставіць жалезную заслону. Мы павінны думаць, каб, па-першае, нам не навязвалі сурагатную, нізкапробную музыку, па-другое — каб гастралёры менш вывозілі валюту з дзяржавы, а дзяржава больш аказвала падтрымку нацыянальным музычным праектам. У такім выпадку прапаную Міністэрству зноў вярнуцца да практыкі рэспубліканскага штогадовага планавання гастрольнай дзейнасці дзяржаўных калектываў, каб існаваў сістэмны, а не хаатычны падыход.

Як вядома, цягам ужо трох гадоў мы працуем ва ўмовах новага гаспадарчага механізма, што дае падставу зрабіць некаторыя высновы. Мы разумеем, калі дзяржава выдзяляе датацыі, то за кожны рубель патрэбна несці адказнасць. І таму кожнай арганізацыі Пастановай Міністэрства культуры давялі паказчыкі запаўняльнасці залаў. Але ж як быць з прапагандай айчыннай музычнай культуры? Якое тут знайсці выйсце? Бо вядома, што 75 працэнтаў слухачоў не заўсёды атрымліваецца прывабіць, улічваючы адзначаныя вышэй асаблівасці рынку. Вось тут узнікае дылема, калі, з аднаго боку, дырыжор як мастак стварае айчынны творчы прадукт, а з іншага — музыканты кажуць: “Мы добра ўмеем граць тую музыку, якую прапануе дырыжор, і не разумеем, чаму пры такім раскладзе патрэбна вяртаць сродкі з нашай невялікай зарплаты”. Тут неабходны дыферэнцыраваны падыход. Мяркую, што павінны існаваць прэферэнцыі на прапаганду айчыннай музычнай культуры.

І апошняе, было б лепш, каб у нашай працы ўлічвалі паказчыкі па арганізацыі гастролей замежных музыкантаў. Маецца на ўвазе, што на падрыхтоўку такіх праектаў спецыялістам патрабуецца ў два-тры разы больш часу, у параўнанні з арганізацыяй айчынных канцэртаў, але ж гэта не ўваходзіць у нарматыў фінансавання. Гэта, у сваю чаргу, негатыўна ўплывае на пашырэнне міжнароднай музычнай прасторы.

У цэлым, у якасці падвядзення вынікаў, сёння мы можам упэўнена казаць аб неабходнасці далейшага павышэння статуса класічнай музыкі ў культуры Рэспублікі Беларусь, падставы для чаго ўжо пачалі будавацца. Спадзяёмся на далейшае супрацоўніцтва і разлічваем на пазітыўнае садзейнічанне.

 

Месца тэатра ў грамадстве

Аб праблемах развіцця выяўленчага мастацтва Беларусі на сучасным этапе

Уладзімір КАРАЧЭЎСКІ, дырэктар Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі

/i/content/pi/cult/519/11177/7-1.jpgРэгулярныя і разнастайныя прэм’еры спектакляў у драматычных, музычных і лялечных тэатрах, а таксама буйныя міжнародныя фестывалі, музычныя конкурсы, агляды ствараюць шырокую і шматколерную панараму яркага, багатага на крэатыўныя творчыя падзеі тэатральнага жыцця.

Можна з поўным правам сказаць, што ў беларускага гледача сёння даволі вялікі выбар.

Зараз на Беларусі стала і плённа працуе 28 дзяржаўных тэатраў, а таксама прыватныя Сучасны мастацкі тэатр, тэатр “Ч”.

Структурная арганізацыя дзяржаўных тэатраў нашай краіны дазваляе праводзіць мэтанакіраваную дзяржаўную палітыку ў сферы сцэнічнага мастацтва і адначасова прадастаўляе магчымасць тэатральным дзеячам прафесійна працаваць ва ўмовах эстэтычнай свабоды з улікам зменлівасці глядацкіх патрабаванняў і кан’юнктуры рынку.

Працэсу станоўчага развіцця тэатральнага мастацтва Беларусі ў вялікай ступені садзейнічаюць разнастайныя формы яго падтрымкі з боку дзяржавы. Асабліва гэта датычыцца дзейнасці спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва і таленавітай моладзі. У 2010 годзе была заснавана Нацыянальная тэатральная прэмія, правядзенне якой (2011, 2012, 2014 гг.) выклікала значны грамадскі водгук і надало новы творчы імпульс.

Якасныя зрухі ў тэатральнай справе звязаны таксама з айчынным арт-менеджментам, які зараджаецца сёння і пачынае актыўна развівацца. Ёсць пэўная надзея, што беларускі тэатральны менеджмент здолее ў самы бліжэйшы час правесці належную мадэрнізацыю эканамічнай і рэпертуарнай палітыкі, а таксама ўсіх структур складанага тэатральнага арганізма. Некаторыя тэатры, застаючыся рэпертуарнымі, пачынаюць займацца праектнай дзейнасцю, шукаць і ствараць новыя, даволі паспяховыя і мабільныя, формы работы, ініцыяваць важкія творчыя доўгатэрміновыя праекты ў галіне сцэнічнага мастацтва (акцыі, гастролі, фестывалі і да т.п.). Прыкладамі могуць быць Вялікі навагодні баль у Вялікім тэатры оперы і балета і V Мінскі міжнародны Калядны оперны форум, гастролі Купалаўскага тэатра ў Францыі і Кітаі, Міжнародны фестываль у Гродне “Лялькі над Нёманам”, святочныя падзеі “Святкуем Купалле разам з Купалам”, “Каляднае рандэву” ў РТБД.

Адначасова існуюць і складаныя праблемы ды пытанні, якія чакаюць свайго вырашэння.

На жаль, пакуль застаецца актуальнай праблема стварэння новых драматычных і дзіцячых тэатраў у рэгіёнах. Зразумела, што вырашэнне гэтага пытання — справа не аднаго дня, аднак менавіта яно непасрэдным чынам звязана не толькі з выхаваннем, але і з падрыхтоўкай новых пакаленняў гледачоў.

Адна з вострых праблем тэатральнага жыцця краіны — кадравае пытанне. Адсутнасць у шэрагу тэатраў эшалона штатнай чарговай рэжысуры застаецца “болевай кропкай”.

Сёння, калі мы зноў звяртаем увагу на тое, што тэатры — не проста ўстановы, пакліканыя “забаўляць”, а павінны быць буйнымі асяродкамі культуры і мастацтва, пільнай увагі патрабуюць не толькі эканамічныя пытанні, але і вызначэнне стратэгічнага курсу мастацка-творчага руху тэатраў. I натуральна, што асоба мастацкага кіраўніка ў падобнай сістэме каардынат мусіць быць не намінальнай, а як ніколі дзейснай.

У цяперашніх умовах кіраўніцтву тэатраў краіны патрэбна перш за ўсё скіраваць увагу на вострую неабходнасць гарманізацыі эканамічна-фінансавых ды ідэйна-творчых стасункаў.

Сярод іншых наспелых задач:

— фарміраванне рэпертуару, арыентаванага на сацыяльна-дыферэнцыраваную аўдыторыю, захаванне маральных каштоўнасцей, выхаванне ў гледача пачуцця патрыятызму;

— пошук новых тэатральных ідэй і пашырэнне вобразных сродкаў сцэнічнай выразнасці;

— спалучэнне творчых традыцый і навацый праз сумесную працу ў спектаклях акцёраў розных пакаленняў.

Прыярытэтнымі ў творчай дзейнасці тэатраў павінны таксама стаць:

— актыўнае засваенне беларускай драматургічнай класікі і твораў, якія ўзнаўляюць нацыянальную гісторыю;

— распрацоўка сучаснай праблематыкі, пошук і адкрыццё новых беларускіх драматургаў;

— творчае ўзаемадзеянне з замежнай драматургічнай і літаратурнай класікай.

З боку органаў дзяржаўнага кіравання з мэтай забеспячэння прававых, сацыяльна-эканамічных і арганізацыйных умоў для далейшага развіцця тэатральнага мастацтва неабходна вызначыць наступныя прыярытэтныя напрамкі:

— захаванне лепшых традыцый рэпертуарнага тэатра;

— развіццё дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы сцэнічнага мастацтва;

— забеспячэнне стабільнага фінансава-эканамічнага становішча дзяржаўных тэатраў і прадугледжанне сродкаў на гастрольна-фестывальную ды пастановачную дзейнасці;

— удасканаленне заканадаўчай і нарматыўнай базы ў галіне тэатральнай справы з улікам рыначных пераўтварэнняў ва ўсіх сферах сучаснага жыцця;

— адмова ад прымянення працэнта запаўняльнасці глядзельнай залы ў якасці паказчыка эфектыўнасці выкарыстання бюджэтнай падтрымкі;

— адмена неабходнасці пастаяннага павелічэння колькасці спектакляў і гледачоў у адпаведнасці з устаноўленымі паказчыкамі Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады.

Патрабуе змены і канкрэтызацыі Дадатак 1 “Ставки вознаграждения за использование произведений и исполнений в спектаклях и иных театрально-зрелищных представлениях” да пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 лістапада 2011 г. № 1609 “О коллективном управлении имущественными правами” ў частцы пункта № 17 “Музыкальное произведение, специально созданное для спектакля или иного представления”…

Таксама існуюць канкрэтныя прапановы ў рашэнні выніковай калегіі па патрымцы сучаснай драматургіі. Мы прапануем:

— стварыць новую канцэпцыю па правядзенні Фестывалю нацыянальнай драматургіі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча;

— дамовіцца з Міністэрствам інфармацыі пра ўключэнне ў план сацыяльна значнай літаратуры на 2016 год “Анталогіі сучаснай беларускай драматургіі” і пры падтрымцы творчых саюзаў і Міністэрства інфармацыі падрыхтаваць матэрыялы для выдання;

— арганізаваць правядзенне Нацыянальнага конкурсу па стварэнні драматургічнага твора пра жыццё і дзейнасць Францыска Скарыны.

Зараз прынцыпова важна ўсвядоміць, што сучаснае тэатральнае мастацтва ва ўмовах паступовага і няўмольнага ўсталявання рыначнай эканомікі, камерцыялізацыі розных сфер дзейнасці, фарміравання новага грамадства перажывае чарговы і вельмі адказны этап вызначэння і ўдакладнення свайго месца ў культурным і духоўным жыцці.

Адсюль — гістарычная і жыццёвая неабходнасць у кансалідацыі нашых агульных намаганняў, скіраваных на захаванне і далейшае развіццё сцэнічнага мастацтва.

 

Стратэгія перспектыў выяўленчага мастацтва

Аб праблемах развіцця выяўленчага мастацтва Беларусі на сучасным этапе

Міхаіл БАРАЗНА, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў

/i/content/pi/cult/519/11177/7-2.jpgУ 2014 годзе дзяржава падтрымлівала развіццё мастацтва праз арганізацыю выставачных экспазіцый, садзейнічанне стварэнню новых мастацкіх работ, арганізацыю дзейнасці мастацка-экспертных саветаў і камісій. Выніковасць развіцця выяўленчага мастацтва была абумоўлена дзяржаўнай падтрымкай, удасканаленнем культурнай палітыкі краіны, шырокім удзелам творчых арганізацый у мастацкай практыцы, спонсарскай падтрымкай і грамадска-дзяржаўным партнёрствам.

Самай значнай па аб’ёме і складанасці стала праца членаў грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў” па мастацкім насычэнні Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Палаца Незалежнасці.

За 2014 год створаны значныя работы, якія сталі гонарам айчыннай школы манументальнага мастацтва: помнік князю Альгерду ў Віцебску (скульптар — С.Бандарэнка); помнік народнаму артысту СССР і Беларусі У.Мулявіну ў Екацярынбургу (скульптар — С.Логвін); помнік Максіму Танку ў Мядзеле (скульптары — І.Міско, А.Фінскі); рэльефы на фасадзе Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (скульптары — А.Дранец, В.Занковіч, архітэктар — В.Крамарэнка); помнік князю Ізяславу ў Заслаўі (скульптар — А.Прохараў, архітэктар — С.Багласаў)…

Важнымі падзеямі 2014 года стаў шэраг выставак і выставачных праектаў: IV Беларускі біенале жывапісу, графікі і скульптуры “Формазмест 703”, рэспубліканская маладзёжная мастацкая выстаўка “Under 35” (“Да 35-ці”), штогадовая выстаўка работ лаўрэатаў і стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, “Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта”… У сталічных і абласных выставачных залах адбыліся персанальныя выстаўкі У.Тоўсціка, А.Смаляка, В.Кліменкі, Т.Паражняка, В.Касцючэнкі, С.Балянка, Г.Гаравой, В.Славука, С.Бандарэнкі, М. і М. Ісаёнкаў ды іншых. Упершыню Міжнародны конкурс-выстаўка візуальных мастацтваў студэнтаў мастацкіх спецыяльнасцей вышэйшых навучальных устаноў “Art-Sessio-2014” быў уключаны ў праграму “Славянскага базару ў Віцебску”.

Творчымі сіламі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў створаны роспіс царквы ў в. Баркалабава Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці, мазаікі на фасадзе Храма-помніка Усіх Святых у Мінску.

Гродзенскі графік Ю.Якавенка стаў у 2014 годзе ганаровым членам Расійскай акадэміі мастацтваў. На выстаўках у Маскве, Гродне і Мінску ім былі прадстаўлены ілюстрацыі да кнігі “Песня песняў цара Саламона”. На 54-м Нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі” дыпломніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў К.Дубовік прызнана “Лепшым ілюстратарам года” за афармленне “Шахматнай навелы” С.Цвейга.

У 2015 годзе будзе завершана праца над скульптурнай кампазіцыяй “Брама памяці” на месцы былога канцлагера “Трасцянец”. Аўтарам гэтай 10-метровай кампазіцыі з’яўляецца скульптар К.Касцючэнка.

Асноўныя праблемы

1. Не ўпарадкавана дзейнасць у сферы манументальнага мастацтва.

Нацыянальнай бібліятэцы, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі неабходна прадставіць у Міністэрства культуры перспектыўны план памятных дат і вядомых асоб, якія неабходна ўвекавечыць сродкамі мемарыяльнай пластыкі;

Міністэрству культуры стварыць экспертную групу для разгляду прадстаўленых матэрыялаў і вызначэння найбольш важных і прыярытэтных памятных дат для ўвекавечання на перыяд да 2020 года.

2. Не выпрацаваны адзіныя падыходы да правядзення конкурсаў эскізных праектаў пры стварэнні работ манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва.

У мэтах стварэння высокапрафесійных работ манументальнага і манументальна-дэкратыўнага мастацтва Міністэрству культуры, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму пры правядзенні конкурсаў эскізных праектаў на стварэнне дадзеных работ неабходна надаваць асаблівую ўвагу вызначэнню тэрмінаў для падрыхтоўкі конкурсных матэрыялаў, а таксама для стварэння самой работы. Удасканалення патрабуе і праца абласных мастацка-экспертных саветаў па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве.

3. Да сённяшняга часу шырока не абмеркаваны праблемы развіцця сучаснага выяўленчага мастацтва краіны. Недастатковым можна назваць узровень навуковага суправаджэння мастацкіх экспазіцый і арганізацыі творчых конкурсаў, буйных праектаў сучаснага мастацтва.

У мэтах павышэння ўзроўню мастацкіх экспазіцый і творчых праектаў, конкурсаў неабходна сфарміраваць экспертную групу, у склад якой будуць уваходзіць прадстаўнікі секцыі крытыкі і мастацтвазнаўства грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў”, дасведчаныя куратары, мастацтвазнаўцы, крытыкі, прадстаўнікі Міністэрства культуры.

Міністэрству культуры сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук, установай адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў”, (дзяржаўнай установай культуры “Творчыя Майстэрні “Цэнтр Сучасных Мастацтваў”, установай “Інстытут культуры Беларусі” правесці абмеркаванне пытанняў перспектыўнага развіцця сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі.

Для павышэння ўзроўню выяўленчага мастацтва ў краіне неабходна працягваць працу па асноўных кірунках, сярод якіх можна вылучыць наступныя:

— захаванне і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы прафесійнай мастацкай творчасці і мастацкай адукацыі;

— садзейнічанне развіццю разнастайнасці форм і тэндэнцый беларускага сучаснага мастацтва;

— забеспячэнне неабходных умоў для творчасці ды абароны прафесійных правоў мастакоў і дызайнераў;

— удасканаленне форм прапаганды дасягненняў творчасці ў краіне і за яе межамі.

Самай важкай і неабходнай умовай эфектыўнага развіцця выяўленчага мастацтва з’ўяляецца распрацоўка канцэпцыі стратэгіі развіцця сучаснага выяўленчага мастацтва і дызайну на бліжэйшую перспектыву.

 

З “рэжысёрскага” ў “прадзюсарскі”

Аб стратэгіі і развіцці  беларускай кінематаграфіі на 2015 — 2020 гады

Ніна ФРАЛЬЦОВА, прафесар кафедры тэорыі і метадалогіі журналістыкі Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

/i/content/pi/cult/519/11177/8-1.jpgКінематаграфісты заўсёды лічылі, што фільм нараджаецца тройчы: першы раз — у сцэнарыі, другі — на здымках, трэці — на мантажным стале. Сёння, у век мас-медыя, Інтэрнэту, паскоранай сацыяльнай мабільнасці, урбанізацыі і росту адукацыйнага ўзроўню насельніцтва фільм як феномен культуры перажывае чацвёртае нараджэнне: у прасторы ўсё больш персаніфікаваных камунікацый з гледачом. У кінаіндустрыі такая канвергенцыя, якая аб’ядноўвае ўсе вышэйпералічаныя этапы, вызначаецца катэгорыяй “постпрадакшн”. Постпрадакшн — фундаментальная аснова прадзюсарскага кінематографа, дзе са сцэнарыя “вырастае” ўсё “пладаноснае дрэва” спажывання кінапрадукту.

З гэтай прычыны павышаная ўвага павінна надавацца “сцэнарнаму партфелю” кінастудыі “Беларусьфільм”. Пры ўсіх заганах менеджменту савецкага тыпу, вытворчасць тагачасных сцэнарыяў насіла, тым не менш, сістэмны характар і давала высокі ўзровень эфектыўнасці. Пра важнасць напаўнення ўсесаюзнага “сцэнарнага партфеля” кажа той факт, што, акрамя сцэнарна-рэдактарскага факультэта ВГИКа, па ініцыятыве Дзяржкіно і Саюза кінематаграфістаў СССР у 1960 годзе былі адкрыты Вышэйшыя двухгадовыя курсы сцэнарыстаў, а ў 1963-м — Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў, якія дзейнічаюць дагэтуль. Навучанне на курсах прайшлі такія вядомыя беларускія аўтары, як К.Губарэвіч, А.Адамовіч, У.Караткевіч, А.Дзялендзік, У.Колас, Г.Марчук ды іншыя. Практыкавалася рэгулярная перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі кадраў рэдактуры, ажыццяўлялася супрацоўніцтва (каапвытворчасць) дасведчаных кінасцэнарыстаў з рэспубліканскімі студыямі.

Усяго ў СССР налічвалася 20 кінастудый па выпуску ігравога фільма: 4 у Расійскай Федэрацыі з самай буйной — “Мосфильм”, 3 — ва Украіне, 13 — па адной у астатніх рэспубліках. Штогод выходзіла каля 150 мастацкіх стужак, на “Беларусьфільме” — у сярэднім 7-9 адзінак для вялікага экрана, 8-10 — па замове Дзяржтэлерадыё СССР і БССР.

Службы галоўных рэдактараў Дзяржкіно СССР, рэспубліканскіх Дзяржкіно і кінастудый саюзных рэспублік у зводных перспектыўных планах кінавытворчасці на пяць гадоў выразна каардынавалі грамадска значныя тэматычныя і жанравыя напрамкі, падтрымлівалі і развівалі каштоўнасці нацыянальных культур і кінематаграфій.

Зусім не выпадкова пазітыўны імідж і культурна-мастацкі код кінастудыі “Беларусьфільм” сфарміраваўся на жанрах эпічнай, сацыяльнай і лірычнай драмы з тэматыкай, якая адлюстроўвае барацьбу беларусаў за права “людзьмі звацца”, партызанскі рух і жыццё народа ў міжваенны і пасляваенны перыяды XX стагоддзя. Так, фільм В.Турава па сцэнарыі расійскага пісьменніка П.Ніліна “Праз могілкі” ўвайшоў у рэйтынг “100 лепшых фільмаў усіх часоў і народаў”, складзены Міжнароднай асацыяцыяй кінапрэсы ў гонар 100-годдзя сусветнага кінематографа. Ягоныя ж “Людзі на балоце” паводле твора І.Мележа, дзе ён выступіў як сцэнарыст, кансультуючыся з А.Адамовічам, былі ўганараваны адным з галоўных прызоў МКФ у Карлавых Варах і Дзяржаўнай прэміі СССР. Да экранізацыі В.Тураў рыхтаваўся цягам шасці гадоў. Гэта дазваляла структура перспектыўнага тэмплана, з падзелам асноўных, пераходзячых і рэзервовых пазіцый. Такая сістэма планавання захоўвалася на “Беларусьфільме” да 2000 года. М.Пташук, узначальваючы “Незалежную студыю” (НС), два гады працаваў з маскоўскім драматургам Я.Грыгор’евым над “Кааператывам “Палітбюро”, або Будзе доўгім развітанне”, прыкладна столькі ж — з А.Дударавым над “Вітаўтам”, і каля трох гадоў — з масквічом У.Багамолавым над стужкай “У жніўні 1944-га”.

На перспектыўным тэмплане будавалася праца сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі, якая з’яўлялася інтэлектуальна-творчым “штабам” кінавытворчасці, кантралюючы на ўсіх этапах мастацкую якасць кінапрадукту, што ствараўся. У яе склад на чале з галоўным рэдактарам уваходзілі высокакваліфікаваныя дасведчаныя рэдактары, кіназнаўцы, кінакрытыкі. Выкарыстоўвалася і конкурсная сістэма. У выніку аднаго з конкурсаў на “Беларусьфільм” прыйшоў А.Дудараў.

Рэдактура літаральна адсочвала перспектыўных аўтараў, была ў курсе навінак літаратурнага і тэатральнага жыцця, актуальных трэндаў савецкага і сусветнага кінематографа. Напрыканцы 1990-х член калегіі, пісьменнік і сцэнарыст В.Казько прывёў на “Беларусьфільм” прызёра Еўрапейскага конкурсу маладых пісьменнікаў А.Федарэнка (сцэнарый стужкі “Тры талеры”). Рэдактар кожнага фільма, нягледзячы на тое, што яго прозвішча пазначалася ў канцы цітраў, па пасадзе абавязаны быў лагічна паглыбіцца ў тое, пра што “хоча сказаць мастак”, дапамагчы найбольш поўна раскрыцца таленту рэжысёра ў візуальных вобразах і дыялогах. Па факце рэдактар у савецкім ігравым фільме быў адначасова і прадзюсарам, не толькі прасоўваючы творчую задуму, але і выконваючы графік планава-фінансавай вытворчасці карціны.

Уласна, у сучаснай сусветнай кінаіндустрыі сістэма постпрадакшн трымаецца перш за ўсё на канкурэнтаздольнасці прафесіяналаў з усіх звёнаў вытворчасці. Прадзюсар ніколі не будзе “ставіць” на дылетантаў, нават тых, што ўсім сэрцам любяць кіно: гэта спажыўцы кінапрадукту, базавая аўдыторыя кінатэатраў, якая забяспечвае “вечнае” месца карціны ў экраннай культуры. Сёння да таго ж найбольш актыўная частка кінааўдыторыі ва ўзросце прыкладна 40 гадоў валодае камп’ютарнай пісьменнасцю. Такі “ўваходзячы” ў жыццё тып гледача “сядзіць” на тарэнтах, “запампоўвае” на мультымедыя ўсе кінанавінкі, праглядае іх на мабільных прыладах і абменьваецца ўражаннямі. Толькі ў Беларусі, паводле даных Мінстатыстыкі, зараз налічваецца 8 млн. 407 тыс. карыстальнікаў Сеціва. Але гэта зусім не значыць, што прадзюсарам альбо рэжысёрам можа стаць кожны.

У рэфармаванні беларускага кінематографа з “рэжысёрскага” ў “прадзюсарскі” неабходна ўлічыць, што эфектыўныя інструменты прадзюсіравання былі напрацаваны яшчэ Дзяржкіно. Іх пераняло Міністэрства культуры, дзе функцыі сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі і свайго кшталту прадзюсара выконваў Экспертны савет па кінавідэамастацтве. Міністэрствам былі арганізаваны два адкрытыя конкурсы сцэнарыяў. Праўда, іх вынікі пакуль неадназначныя. З аднаго боку, высокая ацэнка праекта “Я не вярнуся” Я.Пуліновіч пры ўдзеле А.Газэ ў пастаноўцы эстонскага рэжысёра І.Раага пацверджана прэстыжнымі прызамі на некалькіх МКФ, улічваючы і “Лістапад” у 2014 годзе. З іншага — “не пашанцавала” добраму сцэнарыю А.Калюнавай “Бабу”, за рэалізацыю якога ўзялася адна прыватная кінакампанія.

Усё гэта сведчыць пра тое, што рэсурсы для перспектыўнага напаўнення “сцэнарнага партфеля” нацыянальнага кінематографа дабраякаснымі праектамі далёка не вычарпаны. Каб павысіць мастацкі ўзровень беларускай ігравой стужкі ва ўмовах фарміравання новага тыпу спажывання кінапрадукцыі, неабходна, у першую чаргу, вызначыць, якую творчую ролю ў гэтым працэсе рэальна адыграе “Беларусьфільм”.

 

Значны суб'ект культуры

Рэалізацыя сацыякультурных прыярытэтаў у дзейнасці публічных бібліятэк Беларусі

Ілона САРОКІНА, дырэктар Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна

/i/content/pi/cult/519/11177/9-1.jpgПублічныя бібліятэкі рэспублікі пяты год працуюць над выкананнем задач Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады па забеспячэнні свабоднага і роўнага доступу да інфармацыйных рэсурсаў і бібліятэчных фондаў для розных груп насельніцтва.

Па выніках 2014-га налічваецца 2 999 публічных бібліятэк, амаль 80 працэнтаў з якіх працуюць у сельскай мясцовасці. За апошнія тры гады колькасць публічных бібліятэк скарацілася на 16%, што пераўзыходзіць тэмпы скарачэння сельскага насельніцтва.

Каб тэндэнцыя скарачэння сельскіх бібліятэк не адбілася адмоўна на чытачах — прыхільніках друкаванага слова, неабходны новы ўзровень бібліобусаў: стварэнне айчынных мабільных комплексаў па абслугоўванні інфармацыяй аддаленых і маланаселеных пунктаў.

За гэты час значныя змены адбыліся ў тэхнічным аснашчэнні і тэхналогіі інфармацыйнай дзейнасці бібліятэк, што станоўча паўплывала на фарміраванне інфармацыйных рэсурсаў і абслугоўванне карыстальнікаў.

Па стане на пачатак 2015 года камп’ютарызавана 74% бібліятэк, да Інтэрнэту падключана 62%, электронную пошту маюць 60%. З улікам абнаўлення камп’ютарнага парку, якое ў 2014 годзе склала 6,6%, налічваецца 6 456 адзінак тэхнікі.

Тэхнічная мадэрнізацыя падштурхоўвае бібліятэкараў да стварэння электронных рэсурсаў. Гэта не толькі каталогі, але і паўнатэкставыя базы даных абласнога ўзроўню (“Памяць Віцебшчыны”, “Брэсцкі мір”, “Зніклыя, але не забытыя”), энцыклапедыі вясковага жыцця. Напрыклад, на сайце Бялыніцкай БС прадстаўлена “Кароткая краязнаўчая энцыклапедыя Галоўчынскай зямлі”. Таму надзённая задача на шляху інфарматызацыі бібліятэк у 2015 годзе — больш актыўнае стварэнне сайтаў бібліятэчных сістэм для прадстаўлення ў глабальнай інфармацыйнай прасторы краязнаўчых электронных рэсурсаў. На бягучы час толькі каля 50 працэнтаў ад колькасці бібліятэчных сетак маюць сайты ў Сеціве.

Дзеці і падлеткі складаюць значную і найбольш прыярытэтную частку чытачоў бібліятэк краіны. Галоўная ж задача бібліятэк — далучэнне іх да каштоўнасцей айчыннай культуры, задавальненне патрэб у духоўным ды інтэлектуальным росце, адукацыі і самаадукацыі, стварэнне камфортных умоў для творчага развіцця — вырашаецца паэтапна ў цесным супрацоўніцтве з сацыяльнымі і грамадскімі ўстановамі. Ранняе далучэнне да кнігі пачынаецца з арганізацыі сямейных клубаў і клубаў для будучых мам, якія скіраваны на нараджэнне і выхаванне здаровага, інтэлектуальна і фізічна развітага дзіцяці: “Колыбелька” (Крычаўская БС), “Пчолка” (Заслаўская БС). З гэтай жа мэтай бібліятэкамі паспяхова рэалізуюцца творчыя праекты: “Я родился! Я читаю!” (ЦБС г. Віцебска), “Разам з дзіцем нараджаецца мама” (Дубровенская БС), ладзяцца адукацыйныя акцыі “Між намі, мамамі” (ЦДБ імя М. Астроўскага г. Мінска).

Бібліятэкамі ладзяцца традыцыйныя Тыдні дзіцячай і юнацкай кнігі, арганізуюцца летнія чытанні, мерапрыемствы на адкрытых пляцоўках. Гомельскай ЦГБ імя А.І. Герцэна праводзяцца фестывалі дзіцячай і юнацкай кнігі “Лепшы сябар дзяцінства”.

Распачатая бібліятэкарамі Магілёўшчыны акцыя “Могилев читает детям”, у рамках якой вядомыя людзі горада чытаюць дзецям сваю любімую кнігу, была падхоплена бібліятэкарамі краіны.

/i/content/pi/cult/519/11177/9-2.jpg

Выклікаць цікавасць дзяцей і моладзі да гісторыі ды культуры роднага краю, у шырокім сэнсе, важна для захавання гістарычнай памяці, выхавання самапавагі і годнасці. Гэтаму садзейнічае арганізацыя пры бібліятэках гістарычна-краязнаўчых гурткоў. Вынікам паспяховай пошукавай і даследчай дзейнасці бібліятэкара Цёмналескай СБ Дрыбінскага раёна і ўдзельнікаў гуртка “Спадчына” стала стварэнне музейнага пакоя члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Ніны Кавалёвай.

Праведзеныя даследаванні чытання беларускіх дзяцей дазваляюць рабіць высновы, што пераважная частка дзяцей і падлеткаў звяртаецца да традыцыйных выданняў. На мой погляд, патрабуе распрацоўкі рэспубліканская канцэпцыя далучэння дзяцей і падлеткаў да кнігі, якая аб’яднае намаганні зацікаўленных міністэрстваў, ведамстваў, устаноў.

Публічныя бібліятэкі сінтэзуюць функцыі сховішча, даследчага цэнтра, музея. Найважнейшай задачай з’яўляецца пераўтварэнне бібліятэкі ў сучасны сацыякультурны і інфармацыйны цэнтр, які займае галоўнае месца ў паўсядзённым жыцці свайго рэгіёна. Захаванне традыцыйнай народнай творчасці, гістарычнай і культурнай спадчыны кожнага населенага пункта — адзін з прыярытэтных напрамкаў работы публічных бібліятэк. Асабліва ярка краязнаўчая дзейнасць праяўляецца ў сельскіх бібліятэках, што звязана з імкненнем сельскага насельніцтва спазнаць і захаваць спадчыну ўласнага краю. Пацвярджэннем таму — штогадовае павышэнне колькасці і якасці даследчых работ, прадстаўленых на рэспубліканскі конкурс “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”.

Адзін з напрамкаў дзейнасці бібліятэк — уключэнне пажылых людзей у розныя сферы сацыяльнага і культурнага жыцця, арганізацыя вольнага часу і зносін, дапамога ў адаптацыі.

У мэтах бібліятэчнага абслугоўвання інвалідаў па зроку пры публічных бібліятэках працуюць спецыялізаваныя аддзелы агучанай літаратуры і літаратуры, выдадзенай узбуйненым шрыфтам, шрыфтам Брайля, абласныя бібліятэкі забяспечаны тыфлаабсталяваннем, якое дазваляе атрымаць доступ да любой інфармацыі ў электронным выглядзе.

Такім чынам, супрацоўнікі публічных бібліятэк прыкладаюць намаганні па замацаванні статуса значнага суб’екта культурнага асяроддзя рэспублікі, задавальняюць інфармацыйныя запыты ўсіх груп насельніцтва, забяспечваюць канстытуцыйныя правы грамадзян на свабодны доступ да інфармацыі і ведаў.

 

Належны ўзровень сеткі

Тэндэнцыі развіцця і перспектывы дзейнасці дзяржаўных музеяў Беларусі

Алена ЛЯШКОВІЧ, дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы

/i/content/pi/cult/519/11177/9-3.jpgАпошнім часам назіраецца павышэнне грамадскай цікавасці да музеяў, узмацняецца сацыяльная значнасць музейных устаноў, іх роля ў выхаванні маладога пакалення і фарміраванні нацыянальнай, рэгіянальнай і лакальнай ідэнтычнасці.

У сістэме Міністэрства культуры дзейнічае 152 музеі. У выніку рэарганізацыі музейная сетка скарацілася на 6 адзінак: у якасці філіялаў да Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры далучыліся Літаратурны музей Максіма Багдановіча і Літаратурны музей Петруся Броўкі; да дзяржаўнай установы “Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь” — Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры ды Музей прыроды і экалогіі. Таксама праведзена рэарганізацыя музеяў у Магілёўскай, Гомельскай і Гродзенскай абласцях.

Рэарганізацыя дзяржаўных музеяў павінна стаць адным са сродкаў садзейнічання іх далейшаму якаснаму і эфектыўнаму развіццю. Яна дазволіла скараціць адміністрацыйны апарат, пашырыць спектр аказваемых імі паслуг, а таксама дапамагла рацыянальна і эфектыўна выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі.

Лічым, што асноўнай задачай сёння з’яўляецца не пашырэнне музейнай сеткі, а належны ўзровень яе ўтрымання, далейшае развіццё ўжо існуючых музейных устаноў, мадэрнізацыя ўсіх відаў музейнай дзейнасці.

У справаздачным годзе створаны тры новыя музеі ў Мінскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях; адкрыты два філіялы Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры — Музей-дача Васіля Быкава і Карцінная галерэя А.Кузьміча ў в. Махро Брэсцкай вобласці.

Сярод асноўных прыярытэтаў музейнай палітыкі Беларусі застаецца выяўленне, збор і захаванне музейных прадметаў. Па стане на пачатак 2015 г. асноўны музейны фонд павялічыўся на 2,3%. Неабходна заўважыць, што тэндэнцыяй апошніх гадоў стала набыццё прадметаў музейнага значэння за кошт спонсарскіх і ўласных сродкаў музеяў, а таксама падарункаў ад прыватных асоб. З аднаго боку, гэта сведчыць аб маркетынгавай стратэгіі музеяў, з іншага — аб скарачэнні бюджэтных сродкаў на набыццё музейных прадметаў. Прывяду прыклад толькі нашага музея: за апошнія два гады на набыццё прадметаў музейнага значэння Музею Янкі Купалы не было выдаткавана ніводнага рубля бюджэтных сродкаў.

/i/content/pi/cult/519/11177/9-4.jpg

З асноўных праблем, якія перашкаджаюць эфектыўнаму кіраванню працэсам дакументавання і захавання Музейнага фонду краіны, большасць музеяў адзначае адсутнасць спецыялізаваных фондасховішчаў нават у музеях рэспубліканскага падпарадкавання, неабходнасць далейшай уніфікацыі ды стандартызацыі працэсу ўліку і дакументавання музейных прадметаў і калекцый, мадэрнізацыю існуючай сістэмы электроннага ўліку ды неабходнасць тэхналагічнай мадэрнізацыі дзейнасці Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду.

Вядома, што тварам любога музея, яго візітоўкай з’яўляецца экспазіцыя. Яна — вынік і навукова-даследчай, і навукова-фондавай работы музея. Асаблівасць многіх сучасных музейных экспазіцый — ужыванне новых інфармацыйных ды інтэрактыўных тэхналогій, якія садзейнічаюць павышэнню эфектыўнасці іх успрыняцця публікай.

Эфектыўнасць выставачнай дзейнасці, якая з’яўляецца адным з ключавых вектараў развіцця музейнай справы, ацэньваецца па двух асноўных паказчыках: колькасці выставак і колькасці наведвальнікаў. 2014 год, як і папярэднія, дэманструе стабільную дынаміку росту гэтых паказчыкаў. Так, у бягучым годзе было арганізавана на
96 выставак больш, чым у мінулым.

Актывізавалася рэпрэзентатыўнасць музейных экспазіцый і выставак, што адлюстроўвае як рост прафесіяналізму музейных работнікаў, так і іх зацікаўленасць у нарошчванні патэнцыялу музеяў ды развіцці музейнай аўдыторыі.

Гэта ў поўнай меры прадэманстраваў і ІІ Музейны форум, які з поспехам прайшоў у Гомелі і стаўся адной з асноўных культурных падзей года.

Паказчык наведванняў музеяў з’яўляецца адным з асноўных крытэрыяў пры ацэнцы ўкладу апошніх у культурнае жыццё грамадства. У 2014 годзе працягваўся стабільны рост наведванняў музеяў. У параўнанні з мінулым годам музеі Беларусі наведала на 400 000 чалавек больш.

Як дэманструе статыстычны аналіз, наведванне музеяў адбываецца нераўнамерна па краіне. Найбольш наведвальныя музеі знаходзяцца ў сталіцы і абласных цэнтрах.

Падтрымка музея як сацыяльнага інстытута, адказнага за захаванне спадчыны, па-ранейшаму з’яўляецца абавязкам дзяржавы, але ў сучасных рыначных умовах яна не можа быць усеабдымнай. Таму эфектыўнае развіццё музейнай сферы немагчымае без шырокай сацыяльнай падтрымкі, развіцця спонсарства і апякунства, пашырэння спектра музейных прапаноў на рынку культурных паслуг. Добры прыклад актыўнай працы са спонсарамі дэманструюць Нацыянальны мастацкі музей, Нацыянальны гістарычны музей і Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”.

/i/content/pi/cult/519/11177/9-5.jpg

Экспертная група, якая працавала над падрыхтоўкай аналітычнай даведкі, прыйшла да высновы, што асноўныя перамены, якія адбыліся ў беларускіх музеях літаральна за апошнія пяць гадоў, можна сфармуляваць наступным чынам: музеі сталі больш адкрытымі і даступнымі для публікі; яны займаюцца пошукамі дадатковых крыніц фінансавання, пашыраюць сферу паслуг ды павышаюць якасны ўзровень апошніх; музеі актыўна выкарыстоўваюць новыя інфармацыйныя тэхналогіі і развіваюць інтэрактыўныя формы работы з наведвальнікамі; усё часцей карыстаюцца прыватнымі інвестыцыямі для закупкі прадметаў музейнага значэння і ўдасканалення музейнай дзейнасці; яны інтэнсіўна развіваюць інавацыйныя формы выставачнай ды культурна-адукацыйнай дзейнасці.

Вышэйадзначаныя кірункі, відавочна, будуць абумоўліваць развіццё музейнай справы на бліжэйшую перспектыву. Іх уплыў будзе ўзмацняцца і патрабуе новых падыходаў да кіравання ды арганізацыі музейнай дзейнасці.

 

Навучальная піраміда

Аб некаторых пытаннях адукацыі ў сферы культуры

Кацярына ДУЛАВА, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі

/i/content/pi/cult/519/11177/10-1.jpgПры падрыхтоўцы да выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на пасяджэнні группы экспертаў па напрамку “Адукацыя ў сферы культуры” было абмеркавана кола праблем, якія можна аб’яднаць у дзве змястоўныя групы:

— сістэма мастацкай адукацыі ва ўмовах адукацыйных рэформ і падрыхтоўка кадраў;

— павышэнне кваліфікацыі ў сферы адукацыі і культуры.

1. Сістэма мастацкай адукацыі ва ўмовах адукацыйных рэформ і падрыхтоўка кадраў для галіны культуры

Як было адзначана ў дакладзе Міністра культуры, агульны прыём ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі ў 2014 годзе ў параўнанні з 2011 годам прыкметна знізіўся (у ССНУ — на 18,5%, ва УВА — на 9%). Гэты факт і стане зыходным пунктам нашых разважанняў.

Сёння нярэдка можна пачуць пра непрэстыжнасць мастацкай адукацыі, пра нематываванасць маладых людзей да выбару прафесіі мастака, музыканта-выканаўцы ці педагога. Аднак гэтая сфера адукацыі ніколі не была масавай і па сваёй сутнасці не можа быць такой. Прычыны трэба шукаць у іншым.

Сёння ў Рэспубліцы Беларусь існуе сістэма бесперапыннай мастацкай адукацыі (школа — УСА — УВА) і адпаведныя ёй віды адукацыйных устаноў (дзіцячая школа мастацтваў, гімназія-каледж, каледж, установа вышэйшай адукацыі).

Здавалася б, такая стройная сістэма павінна быць дзейснай і выніковай. Больш за тое, ад стабільнага функцыянавання гэтай адукацыйнай “піраміды” залежыць кадравая сітуацыя ва ўсёй сферы культуры: гаворка ідзе пра будучыню нашых творчых калектываў (тэатраў, аркестраў, ансамбляў), устаноў адукацыі, музеяў, бібліятэк, іншых устаноў культуры.

Прычына — у рэформах, якія адбыліся ў апошнія дваццаць гадоў у мастацкай адукацыі. Гаворка ідзе, у першую чаргу, пра падмурак нашай мастацкай адукацыі — пра яе раннюю прафесіяналізацыю. Такімі цэнтрамі ранняй прафесіяналізацыі былі дзіцячыя школы мастацтваў, у якіх сёння ліквідаваны прафгрупы з асобнымі вучэбнымі планамі, такімі былі ўнікальныя навучальныя ўстановы — школа для адораных дзяцей пры Беларускай кансерваторыі і харэаграфічнае вучылішча, якія сёння пераўтвораны ў гімназіі-каледжы.

У мэтах развіцця аматарскага музіцыравання, іншых заняткаў мастацкай творчасцю адукацыйная рэформа паступова ўніфікавала вучэбныя планы такіх устаноў, і тым самым пазбавіла зацікаўленасці ў ранняй прафесіяналізацыі не толькі вучняў, але і іх педагогаў. Нам ізноў трэба будзе даказваць, што навучаць прафесійна, напрыклад, музыцы і харэаграфіі, калі мы хочам выхаваць канцэртнага выканаўцу ці саліста-танцоўшчыка, неабходна з пяці-шасці гадоў!

Менавіта тут — першы збой у сістэме мастацкай адукацыі, якая была гістарычна выбудавана, мэтазгодна і стабільна працавала на працягу дзесяцігоддзяў.

/i/content/pi/cult/519/11177/10-2.jpg

Праблемным застаецца сёння пытанне статуса ўнікальных навучальных устаноў — школы пры кансерваторыі і харэаграфічнага вучылішча. Сістэма, створаная, у прыватнасці, у музычнай адукацыі яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя, заўсёды была прадметам зайздрасці замежных калег! У іх і сёння не атрымліваецца спалучаць прафесійную ды агульную адукацыю ў рамках адной навучальнай установы.

Дзякуючы падтрымцы Міністэрства культуры сёння актуалізавана пытанне яшчэ адной гістарычнай формы навучання мастакоў і музыкантаў — асістэнтуры-стажыроўкі, што знаходзіцца на вяршыні адукацыйнай піраміды. Аднаўленне сістэмы, якая выхавала некалькі пакаленняў дзеячаў культуры Беларусі, у тым ліку прысутных у гэтай зале, з’яўляецца найважнейшым крокам на шляху павышэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў у сферы мастацкай адукацыі.

Больш за тое, на думку экспертаў, згаданая сістэма мастацкай адукацыі ні ў якой ступені не супярэчыць патрабаванням, што прад’яўляюцца, напрыклад, да сучаснай вышэйшай адукацыі. УВА культуры і мастацтваў гатовы і да інтэграцыйных працэсаў ва УССА. У нас на працягу многіх дзесяцігоддзяў існуюць так званыя вучэбна-вытворчыя комплексы — падрыхтоўка спецыялістаў непасрэдна ў творчых калектывах (аркестрах, тэатрах, творчых майстэрнях і г. д.), наша сістэма ажыццяўляе рэальную пераемнасць паміж узроўнямі адукацыі, мы гатовы да ажыццяўлення бесперапыннай адукацыйнай праграмы вышэйшай адукацыі, якая інтэгруе дзве ступені вышэйшай адукацыі, і г. д.

Прадметам абмеркавання экспертаў стала і пытанне размеркавання нашых выпускнікоў, а таксама фарміравання заказу на іх падрыхтоўку. Разумеючы спецыфіку вырашэння гэтага пытання ў творчай сферы, эксперты хацелі б яшчэ раз звярнуць увагу кіраўнікоў творчых арганізацый на дадзеную праблему, паколькі менавіта такім чынам сёння фарміруюцца кантрольныя лічбы прыёму ва ўстановы адукацыі.

Прапановы

Міністэрству культуры сумесна з Міністэрствам адукацыі прапрацаваць і ўзгадніць пытанні:

а) змены статуса ўнікальнай навучальнай установы — Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры БДАМ як цэнтра выхавання адораных дзяцей і творчай моладзі для галіны культуры;

б) змена зместу і пабудовы адукацыйных праграм вышэйшай адукацыі для УВА культуры і мастацтва.

2. Павышэнне кваліфікацыі ў сферы адукацыі і культуры

Павышэнне кваліфікацыі работнікаў устаноў адукацыі сферы культуры з’яўляецца адным з найбольш развітых і “ўстойлівых” напрамкаў дадатковай адукацыі дарослых, што ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Адукацыйную дзейнасць у гэтым кірунку вядуць дзве ўстановы — Інстытут культуры Беларусі і Акадэмія музыкі, паміж якімі размяркоўваюцца педагагічныя работнікі ўсіх трох узроўняў адукацыі: школы — Інбелкульт, УССА — Акадэмія музыкі (музычнае мастацтва) і Інбелкульт (выяўленчае і тэатральнае мастацтва), УВА — Акадэмія музыкі.

Па меркаванні экспертаў, у сферы дадатковай адукацыі дарослых існуюць наступныя праблемы:

— “Уніфікацыя” праграм павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў школ мастацтваў, адсутнасць магчымасці выбару праграмы ў адпаведнасці з напрамкам прафесійнай дзейнасці (агульна-эстэтычным або прафесійна-арыентаваным). Асабліва гэта актуальна для музычнага напрамку ДШМ (67% ад агульнай колькасці).

Навучанне ў вядучай установе вышэйшай адукацыі ў галіне музычнага мастацтва дазволіць мэтанакіравана развіваць прафесійна-арыентаваную галіну музычнай адукацыі і такім чынам падтрымліваць педагагічнымі кадрамі раннюю прафесіяналізацыю навучэнцаў.

— Адсутнасць сістэмна наладжанага павышэння кваліфікацыі для выкладчыкаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў галіне выяўленчага, харэаграфічнага і тэатральнага мастацтва. На наш погляд, такое навучанне павінна праводзіцца на базе ўстаноў вышэйшай адукацыі адпаведных напрамкаў.

Прапановы

а) арганізаваць павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў дзіцячых школ мастацтваў у дзвюх установах — Інстытуце культуры Беларусі і Акадэміі музыкі;

б) уключыць у сістэму павышэння кваліфікацыі на бюджэтнай аснове Акадэмію мастацтваў (выяўленчае, дэкаратыўна-прыкладное і тэатральнае мастацтва);

в) арганізаваць у Акадэміі музыкі навучанне для харэографаў (класічны танец).

Заключэнне

Запатрабаванасць у спецыялістах, падрыхтаваных у нацыянальнай сістэме мастацкай адукацыі, высокая — як у Рэспубліцы Беларусь, так і за яе межамі. Нашым выпускнікам прапануюць сёння месцы працы ў замежных аркестрах, тэатрах, iншых творчых калектывах. Перамогі нашых навучэнцаў і студэнтаў у найбуйнейшых міжнародных форумах — прадмет гонару, таксама як і нашы перамогі ў спорце. Аднак нам усім вельмі хацелася б не змагацца з гэтай адукацыйнай сістэмай, скажонай часам і людзьмі, а ганарыцца ёю як здабыткам нацыянальнай мастацкай культуры.

 

Эфект захавання набытку краіны

Ахова гісторыка-культурнай спадчыны: маніторынг, інфарматызацыя, міжнароднае супрацоўніцтва

Ала СТАШКЕВІЧ, начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі

/i/content/pi/cult/519/11177/11-1.jpgУ працэсе дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны вырашаецца комплекс пытанняў, звязаных з улікам, захаваннем і выкарыстаннем гісторыка-культурных каштоўнасцей. Асноўныя паказчыкі гэтай работы прыведзены ў матэрыялах Калегіі.

На працягу 2014 года праводзіліся работы больш чым на 400 гісторыка-культурных каштоўнасцях, у тым ліку ў рамках Інвестыцыйнай і Дзяржаўнай праграм “Замкі Беларусі” і “Культура Беларусі”. Аб’ём бюджэтных інвестыцый складае каля 80 млрд. рублёў.

У 2014 годзе было ўведзена ў эксплуатацыю 127 аб’ектаў спадчыны.

Завершаны рэстаўрацыйныя работы на палацы М.К. Агінскага ў в. Залессе Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці, у Свята-Пакроўскім манастыры ў г. Талочын Віцебскай вобласці, сядзібным доме ў в. Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці.

Пры аналізе стану спраў у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны рабочай групай па падрыхтоўцы матэрыялаў калегіі была звернута ўвага на шэраг праблем, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння.

Сярод надзённых задач — павышэнне эфектыўнасці кіравання аховай спадчыны на месцах і забеспячэнне сістэмнага маніторынгу гісторыка-культурных каштоўнасцей. Матэрыялы праверак Міністэрства культуры і органаў пракурорскага нагляду дазваляюць зрабіць вывады аб неабходнасці павышэння эфектыўнасці работы па ўліку і выкарыстанні аб’ектаў спадчыны менавіта на мясцовым узроўні. Да шэрагу найбольш распаўсюджаных парушэнняў заканадаўства адносяцца: нездавальняючы тэхнічны стан асобных гісторыка-культурных каштоўнасцей ды іх асяроддзя, адсутнасць пашпартоў, выкананне работ без дазволу Міністэрства культуры. Выяўлены асобныя выпадкі непадпісання ўласнікамі аб’ектаў спадчыны ахоўных абавязацельстваў. З 2 347 археалагічных гісторыка-культурных каштоўнасцей толькі чвэрць прашла інвентарызацыю і мае вызначаныя ахоўныя зоны.

У той жа час толькі ў 2014 годзе гэтыя ды іншыя пытанні аховы гісторыка-культурнай спадчыны разгледжаны на двух пасяджэннях калегіі Міністэрства культуры. Для арганізацыі работы па захаванні культурнага набытку ў краіне падрыхтавана дастатковая прававая база.

Аднак меры, якія прымаюцца на заканадаўчым узроўні ці на ўзроўні Міністэрства культуры, будуць неэфектыўныя пры адсутнасці паслядоўнай работы з уласнікамі гісторыка-культурных каштоўнасцей, без ажыццяўлення маніторынгу стану аб’ектаў спадчыны, належнага іх уліку, прагназавання неабходных мер у дачыненні да канкрэтных помнікаў даўніны з улікам іх спецыфікі, тэхнічнага стану і месца ў развіцці рэгіёна.

Важным кірункам у арганізацыі аховы спадчыны з’яўляецца стварэнне эфектыўнай інфармацыйнай сістэмы па ўліку матэрыяльных аб’ектаў і нематэрыяльных праяў творчасці чалавека ды яе выкарыстанне ў працы з органамі кіравання рэспубліканскага і мясцовага ўзроўняў, іншымі зацікаўленымі арганізацыямі. Гаворка — не толькі пра вядзенне Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей або фарміраванне Банка звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь, што з’яўляюцца інфармацыйнымі рэсурсамі дзяржаўнага значэння, але і пра стварэнне інтэграванай базы даных, якая будзе ўтрымліваць шырокую інфармацыю пра аб’екты спадчыны ды іх бягучы стан на падставе даных штогадовага маніторынгу. Мэтазгодна ўключыць у такую інфармацыйную сістэму Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, які вядзецца Інстытутам культуры Беларусі, а таксама электронны каталог культурных каштоўнасцей беларускага паходжання, што знаходзяцца за межамі Беларусі, работа над стварэннем якога яшчэ ідзе. Да гэтага трэба дадаць базы даных па археалагічных аб’ектах, што фарміруюцца ў Нацыянальнай акадэміі навук, ды шэраг рэгіянальных рэсурсаў па спадчыне.

У 2015 годзе мяркуецца распрацаваць Канцэпцыю інтэграванай інфармацыйнай сістэмы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Рэалізацыя такой сістэмы можа адбывацца як за кошт сродкаў рэспубліканскага ды мясцовых бюджэтаў, так і за кошт далучэння прыватных інвестыцый.

Прыклады эфектыўнага функцыянавання падобных сістэм ёсць у Нарвегіі, Германіі, Польшчы.

Немалаважным аспектам дзейнасці па ахове спадчыны з’яўляецца сфера міжнароднага супрацоўніцтва, якое ў Рэспубліцы /i/content/pi/cult/519/11177/11-2.jpgБеларусь ажыццяўляецца ў некалькіх кірунках: 1) у рамках узаемаадносін з UNESCO і Саветам Еўропы; 2) у рамках двухбаковых адносін паміж краінамі.

У 2014-м быў завершаны шасцігадовы справаздачны цыкл для беларускіх аб’ектаў сусветнай спадчыны: Замкавага комплексу “Мір”, Архітэктурна-культурнага комплексу “Рэзідэнцыя Радзівілаў” у Нясвіжы і геадэзічнай “Дугі Струвэ”.

У ліпені мінулага года Рэспубліка Беларусь паспяхова рэалізавала і прадставіла перыядычныя даклады ў Цэнтр сусветнай спадчыны UNESCO аб стане гэтых аб’ектаў. Сярод найбольш актуальных праблем, выяўленых пад час падрыхтоўкі справаздачы для UNESCO, наступныя:

— адсутнасць сучасных планаў кіравання і неабходнасць актуалізацыі буферных зон аб’ектаў сусветнай спадчыны, распрацаваных з апошнімі рэкамендацыямі UNESCO, з мэтай прадстаўлення ў Цэнтр сусветнай спадчыны;

— падрыхтоўка або павышэнне прафесійнага ўзроўню спецыялістаў па кіраванні аб’ектамі сусветнай спадчыны, замацаванне на заканадаўчым узроўні іх функцый і ўзаемадачыненняў з органамі кіравання розных узроўняў;

— недастатковая работа па далучэнні прадстаўнікоў мясцовых супольнасцей, улады і бізнесу да працэсаў захавання і кіравання аб’ектамі сусветнай спадчыны.

Рэалізацыя такіх падыходаў патрабуе выпрацоўкі стратэгіі кіравання аб’ектамі сусветнай спадчыны, якая мела б на мэце іх інтэграцыю ў эканамічнае ды сацыяльнае жыццё краіны і рэгіёнаў, актыўнае далучэнне да кіравання гэтымі аб’ектамі прадстаўнікоў мясцовых супольнасцей. Такі падыход актуальны і для іншых гісторыка-культурных каштоўнасцей. Менавіта з гэтай мэтай Міністэрства культуры з 2015 года пачынае ажыццяўляць міжнародны праект з Саветам Еўропы па распрацоўцы культурных стратэгій гістарычных гарадоў (COMUS), які на практыцы будзе рэалізаваны ў адным з пілотных гарадоў — Паставах або Мсціславе — і стане добрым прыкладам для ўсіх астатніх.

Важным аспектам міжнароднай дзейнасці ў галіне аховы спадчыны з’яўляецца праца па падрыхтоўцы намінацый у спісы UNESCO. У 2014 годзе Міністэрствам культуры і аблвыканкамамі быў падрыхтаваны план падрыхтоўкі прапаноў па ўключэнні аб’ектаў у Спіс сусветнай спадчыны на перыяд да 2010-га. Выкананне гэтай работы патрабуе вызначэння крыніц фінансавання, у якасці якіх могуць быць выкарыстаны і спонсарскія сродкі. Распрацоўка намінацыйных дасье патрабуе, акрамя працы кваліфікаваных спецыялістаў, забеспячэння іх высокага тэхнічнага ўзроўню, вырабу якасных ілюстрацый і карт, стварэння фільмаў, перакладаў на замежную мову.

Такім чынам, з улікам вышэйсказанага, у 2015 годзе па-ранейшаму актуальнымі застаюцца наступныя задачы:

— арганізацыя пастаяннага маніторынгу стану гісторыка-культурных каштоўнасцей;

— укараненне эфектыўных метадаў кіравання ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны і павышэння адказнасці мясцовых органаў кіравання за яе стан і захаванне;

— распрацоўка канцэпцыі адзінай інфармацыйнай сістэмы ўліку і захавання гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі на падставе сучасных тэхнічных сродкаў, якая забяспечвала б шырокі доступ да інфармацыі для розных груп карыстальнікаў;

— распрацоўка арганізацыйных падыходаў для эфектыўнай падрыхтоўкі праваўстаноўчай UNESCO і справаздачнай дакументацыі, прадугледжанай канвенцыямі і практычнымі кіраўніцтвамі да іх, а таксама намінацыйных дасье ў спісы UNESCO, забеспячэння іх належнага тэхнічнага і інтэлектуальнага ўзроўню.

 

Формы народнай творчасці

Клуб і народная творчасць у сучасных умовах

Святлана  КАРЖУК, дырэктар Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра

/i/content/pi/cult/519/11177/11-3.jpgЗ’яўляецца відавочным, што сёння галіна культуры займае важнае месца ў нашым грамадстве. Гэтая сфера дзейнасці не можа заставацца ўбаку ад тых пераўтварэнняў, якія адбываюцца навокал. У цяперашні час значна павысілася адказнасць кіраўнікоў устаноў культуры, якія пераважна ствараюць ды забяспечваюць умовы развіцця народнай творчасці.

Разам з сеткай клубных устаноў скарацілася колькасць клубных фарміраванняў, аматарскіх калектываў мастацкай творчасці, патэнцыйных удзельнікаў культурастваральнай дзейнасці. Безумоўна, працэс аптымізацыі непазбежны, але наша задача — захаваць тыя ўстановы, якія змястоўна працуюць, рэалізуюць сацыяльна-культурныя праекты, спрыяюць развіццю культурна-асветніцкай работы з рознымі катэгорыямі насельніцтва.

Развіццё народнай творчасці па-ранейшаму застаецца важным кірункам клубнай дзейнасці. Сёння ў рэспубліцы 200 тыс. вядучых калектываў рэспублікі маюць ганаровае найменне “народны” (“узорны”) і 93 — званне “заслужаны аматарскі”. Высокі мастацкі ўзровень аматарскіх калектываў рэспублікі пацвярджаюць узнагароды ў шматлікіх міжнародных культурных форумах за мяжой, тым самым узнімаючы прэстыж рэспублікі на міжнароднай арэне. За 2014 год у кожнай вобласці было больш за 100 выездаў аматарскіх калектываў за мяжу. Лідарам стала Брэсцкая вобласць (135 гастролей у 11 краінах).

Эфектыўнай формай падтрымкі народнай творчасці з’яўляецца правядзенне фестывальных мерапрыемстваў. Фестывалі народнай творчасці, што прайшлі ў 2014 годзе, адрозніваюцца сваёй жанравай разнастайнасцю. Пры падтрымцы Міністэрства культуры былі рэалізаваны цікавыя творчыя праекты: Міжнародны форум “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства” ў Магілёве, “Покліч Палесся” ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці, “Вянок дружбы” ў Бабруйску, “Берагіня” ў Акцябрскім, Фестываль нацыянальных культур у Гродне, Міжнародны фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах, Абласны фестываль народнай творчасці “Напеў зямлі маёй”. На Брэстчыне гэта Міжнародны пленэр ганчароў, “Ружанская брама”, “Фанфара”, “Неспакойныя сэрцы” і многія іншыя. У цэлым, фестывальны каляндар Рэспублікі Беларусь налічвае звыш 150 мерапрыемстваў розных творчых накірункаў і статусу. Фестывальныя праекты — гэта сродак ажыўлення культурнага жыцця рэгіёнаў, рэсурс іх сацыяльнага развіцця і магчымасць прыцягнення турыстаў.

У 2014 годзе актывізавалася творчая дзейнасць дзіцячых гурткоў і юнацкіх калектываў. Па колькасці ўжо больш чым палова клубных фарміраванняў (а гэта больш за 13 тысяч адзінак) скіравана на развіццё дзіцячай творчасці. У 2015-м, абвешчаным у нашай краіне Годам моладзі, задачы па распрацоўцы і ажыццяўленні праектаў, пакліканых спрыяць рэалізацыі творчага патэнцыялу маладзёжнай культуры, вызначэнню прыярытэтаў у арганізацыі і змесце вольнага часу падрастаючага пакалення, набываюць асобае значэнне.

Перад кіраўнікамі аматарскіх калектываў мастацкай творчасці востра стаіць праблема рэпертуару. Абласныя метадычныя цэнтры рыхтуюць і выдаюць зборнікі, але іх катастрафічна недастаткова. Неабходна вырашаць рэпертуарную палітыку з прыцягненнем спецыялізаванага нотнага выдавецтва. Гэтая праблема застаецца актуальнай не толькі для народнай творчасці, але і для развіцця мастацкай творчасці ў сферы прафесійнай дзейнасці. Нельга пакідаць шэдэўры нацыянальнай музычнай культуры ў рукапісах і вырашаць рэпертуарную палітыку шляхам капіравання партытур дваццацігадовай даўнасці.

Адным з галоўных кірункаў работы для клубных устаноў рэспублікі з’яўляецца работа па захаванні традыцыйнай культуры.

/i/content/pi/cult/519/11177/11-4.jpg

Мінулы год стаў адметным тым, што была зроблена сапраўды вялікая праца па адраджэнні ды захаванні традыцыйнай мастацкай культуры, праведзены даследчыя работы па выяўленні і фіксацыі элементаў народных абрадаў, здзейснены ўдалыя спробы практычнага засваення і пераймання фальклорнай спадчыны.

Вынікам доўгатэрміновай працы па стварэнні фундаментальнага навукова-інфармацыйнага шасцітомнага выдання “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў” стала прысуджэнне яго аўтарскаму калектыву спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за 2014 год.

Таксама сваё 75-годдзе адзначылі абласныя метадычныя цэнтры. У перспектыве мы разглядаем абласную метадычную службу як рэсурсны цэнтр, здольны і надалей заставацца дзейсным метадычным органам, які вырашае задачы рэфармавання клубнай сістэмы, распрацоўкі і рэалізацыі інавацыйных творчых праектаў у накірунку народнай творчасці, прапаганды дзяржаўнай культурнай палітыкі.

У студзені бягучага года гэты ганаровы статус быў перададзены Брэсту. Сімвалічна, што горад прыняў эстафету ў год 70-годдзя Перамогі і 50-годдзя з дня прысваення крэпасці звання “Крэпасць-герой”.

 

Актуальна саюзам

Аб дзейнасці творчых саюзаў, іх ролі і значэнні ў далейшым  развіцці і ўзбагачэнні нацыянальнага мастацтва на сучасным этапе айчыннай гісторыі

Уладзімір ПРАКАПЦОЎ, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, старшыня Канфедэрацыі творчых саюзаў

/i/content/pi/cult/519/11177/12-1.jpgАдным са складнікаў нацыянальнага мастацтва і культуры, яе дзяржаўнай палітыкі з’яўляецца актыўная дзейнасць творчых саюзаў Рэспублікі Беларусь, а іх у нас 13, сябрамі якіх з’яўляюцца больш за 9 тысяч чалавек.

Дзякуючы таленту нашых творцаў — па-сапраўднаму апантаных дзеячаў прафесійнага і народнага мастацтва, мы змаглі не толькі захаваць, але і развіць прафесійныя ды народныя традыцыі ў няпростых умовах.

На працягу апошніх гадоў з’явіліся новыя выстаўкі, спектаклі, музычныя, мастацкія і літаратурныя творы і г.д, адзначаныя шматлікімі дзяржаўнымі прэміямі і дыпломамі.

Беларускія мастакі ў складзе Саюза, што налічвае 1 024 чалавекі, прымаюць удзел у прэстыжных міжнародных пленэрах ды выстаўках. Дзякуючы таленту нашых мастакоў, скульптараў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва аформлены ўнікальныя гістарычныя інтэр’еры, у тым ліку ў памяшканнях вядомых архітэктурных помнікаў. У мінулым годзе былі створаны манументальныя кампазіцыі і экспазіцыя Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, устаноўлены шматлікія манументальныя помнікі дзеячам нацыянальнай культуры і гісторыі ў розных рэгіёнах нашай краіны.

Многае было зроблена па дзяржаўным заказе Міністэрствам культуры, а таксама пры значнай фінансавай падтрымцы мясцовых органаў улады. Ужо сталі традыцыйнымі тэатральныя, музычныя фестывалі, пленэры, фестывалі-кірмашы народнай творчасці і народнага мастацтва, што даўно набылі статус міжнародных, куды прыязджаюць нашы калегі з бліжняга і дальняга замежжа. Гэта “Славянскія тэатральныя сустрэчы” ў Гомелі, тэатральны фестываль “Белая вежа” ў Брэсце, “Лістапад” у Мінску і многія іншыя.

Звыш 400 мерапрыемстваў было праведзена за апошні год на Беларусі і за яе межамі — у рамках Дзён культуры і г. д. У дакладзе Міністра прагучалі многія лічбы і прыклады актыўнай работы творчых саюзаў.

Напрыклад, Саюз музычных дзеячаў, які налічвае 1 462 чалавекі, разам з абласным аддзяленнем арганізаваў летась звыш 200 канцэртаў і творчых сустрэч у працоўных і вучэбных калектывах, установах культуры, актыўна ўдзельнічаў у шматлікіх прэстыжных міжнародных, рэспубліканскіх фестывалях, канцэртах духоўнай музыкі. Асаблівую ўвагу Саюз музычных дзеячаў і яго старшыня Дрынеўскі Міхаіл Паўлавіч надаюць развіццю самага масавага віду мастацтва — харавога. У мінулым годзе была праведзена спецыяльная калегія Міністэрства культуры па гэтым пытанні.

Хачу яшчэ адзначыць актыўную работу адной з найстарэйшых творчых арганізацый — Беларускага саюза кінематаграфістаў, які аб’ядноўвае рэжысёраў, аператараў, акцёраў, сцэнарыстаў, мастакоў — 337 сяброў Саюза. Прыемна адзначыць, што яго колькасны склад пашыраецца і маладзее: за апошнія тры гады ён павялічыўся на 117 чалавек, і калі сярэдні ўзрост членаў Саюза ў 2011-м складаў 55 гадоў, то зараз — 40.

Саюз кінематаграфістаў вядзе актыўную работу ў Мінску і рэспубліцы для моладзі, вайскоўцаў ды іншых катэгорый насельніцтва, а таксама за межамі краіны — па прапагандзе беларускага кінематографа на такіх прэстыжных фестывалях, як “Залаты Віцязь”, “Кінашок”, “Брыганціна”, — пастаянна ўдзельнічае ў сумесных праектах з кінакампаніямі Казахстана, Расіі, Азербайджана, Украіны, Эстоніі. За чатыры гады больш за 60 чалавек былі ўганараваны дзяржаўнымі ды іншымі прэстыжнымі ўзнагародамі.

Нашу архітэктуру нельга сёння ўявіць без дзейнасці Беларускага саюза архітэктараў, сябры якога займаюцца будаўніцтвам і рэканструкцыяй гарадоў і сельскай мясцовасці. Дзякуючы ім за апошнія гады значна змянілася аблічча нашай Беларусі.

Сталася традыцыяй ладзіць у Мінску біенале архітэктуры — як вядомых творцаў, так і маладых замежных ды беларускіх.

Актыўную работу праводзіць і наш Саюз дызайнераў — шматлікія выстаўкі і конкурсы. На Другім Біенале дызайну “Пастулат” пацвердзілі высокі ўзровень беларускія дызайнеры і мастакі. На жаль, распрацоўкі нашых аўтараў вельмі марудна рэалізуюцца, хаця іх прымяненне ў айчыннай вытворчасці надзвычай неабходнае. Саюз налічвае звыш 600 сяброў, якім патрэбна падтрымка з боку кіраўніцтва, Канфедэрацыі творчых саюзаў і дзяржавы.

Безумоўна, Міністэрства культуры ў межах сваіх магчымасцей як можа падтрымлівае членаў усіх саюзаў: гэта закупкі твораў выяўленчага мастацтва, выдаткаванне сродкаў на тэатральныя пастаноўкі ды іншае. Але, як ведаеце, грошай у дзяржавы не хапае на ўсе заяўкі і праекты, асабліва ў сённяшніх умовах. Таму форма дзяржаўна-прыватнага партнёрства, работа са спонсарамі — гэта бясспрэчная рэч, якую і надалей трэба актыўна развіваць ды падтрымліваць на дзяржаўным узроўні.

19 студзеня ў Тэатры імя Янкі Купалы мы ўрачыста адзначылі дыпломамі больш як 40 кампаній і арганізацый, якія ўклалі ў культуру звыш 50 мільярдаў рублёў.

У рамках адведзенага мне рэгламенту не магу падрабязна спыніцца на дзейнасці кожнага творчага саюза. Паверце, усе яны працуюць — хто больш, хто менш — у межах сваіх магчымасцей, а самае галоўнае — фінансавых, якія не заўсёды ёсць, асабліва ў тых, у каго няма сваёй маёмасці, як, скажам, у Саюза майстроў народнай творчасці, Саюза дызайнераў ці Саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў.

Міністэрства культуры і Канфедэрацыя творчых саюзаў павінны з 2015-га практыкаваць правядзенне адзін раз у год сумеснага пасяджэння калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Рады Канфедэрацыі творчых саюзаў з разглядам найбольш актуальных праблем у асобных відах мастацтва: тэатральнага, кінамастацтва, выяўленчага, музычнага, дызайн-творчасці ды іншых.

Існуе праблема са сродкамі масавай інфармацыі ў частцы прапаганды айчынных дзеячаў мастацтва. Сёння на нашым тэлебачанні вельмі мала перадач, прысвечаных ім. Вось учора два нашы патрыярхі адзначылі свае дні нараджэння — Расціслаў Іванавіч Янкоўскі і Леанід Дзмітрыевіч Шчамялёў. Ну чаго толькі няма ў праграме “Добрай раніцы, Беларусь!”! Розныя культурныя праекты і гэтак далей, як быццам у нас у культуры ўсё вырашана. Чаму ж нельга зрабіць невялікі рэпартаж з майстэрні Шчамялёва? Ёсць мастакі ў абласцях, рэгіёнах, тыя ж народныя майстры. Я такое пытанне задаваў кіраўніку Белтэлерадыёкампаніі, на што ён мне адказаў: маўляў, гэта не іх фармат, у іх ёсць рэйтынг. Можа, нам трэба правесці сёлета сумесную калегію, каб сфарміраваць нейкую агульную ідэалогію? Мы павінны падтрымліваць сваіх творцаў, гэты адзінкавы тавар, які мы ні за якія грошы не купім за мяжой.

Сёння існуюць праблемы па арэндзе і камунальных плацяжах за творчыя майстэрні, арэндзе офісных памяшканняў творчых саюзаў. Напрыклад, майстэрня мастака каштуе значных сродкаў: каля 2 — 3 млн. рублёў на месяц. Гэта амаль уся пенсія нашых мастакоў-ветэранаў. Неабходна зрабіць льготныя тарыфы на паслугі цеплазабеспячэння і з гэтай мэтай звярнуцца да Урада.

Адсутнасць дзяржаўнага заказу робіць прафесію мастака непрэстыжнай для моладзі. Гэта бачна па конкурсах пры паступленні ў Акадэмію мастацтваў, асабліва на аддзяленне скульптуры, дзе зараз у асноўным навучаюцца дзяўчаты.

Неабходна аднавіць План манументальнай прапаганды, нягледзячы на фінансавыя праблемы сённяшняга дня.

Як і было раней, ушанаванне знакамітых дзеячаў нашай культуры і мастацтва (мемарыяльныя дошкі, надмагільныя помнікі) павінна фінансавацца з рэспубліканскага дзяржаўнага бюджэту, а не мясцовымі органамі ўлады, у якіх няма на гэта адпаведных сродкаў.

Як ні было б цяжка ў сённяшніх умовах, мы павінны захаваць творчыя саюзы — гэта наша ідэалогія, ідэалогія нашай краіны. Сумесна з Міністэрствам культуры, мясцовымі органамі ўлады трэба вырашаць існуючыя праблемы, нават калі давядзецца звяртацца да Кіраўніка дзяржавы.

 

Акцэнты паводле калегіі

З выступлення на калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Наталля КАЧАНАВА, намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь

/i/content/pi/cult/519/11177/12-3.jpgДаволі падрабязна пра вынікі працы Міністэрства ў 2014 годзе было сказана ў дакладзе яго кіраўніка Барыса Святлова. Таксама мне спадабаліся даклады ўсіх выступоўцаў, якія асвятлялі сваю працу ў розных галінах дзейнасці Міністэрства культуры.

Я хачу сказаць, што пытанні, якія тут былі агучаны, маюць месца быць. Мяркую, многія выступоўцы маюць рацыю. Але дазвольце мне сакцэнтаваць вашу ўвагу на некалькіх момантах.

Сапраўды, мінулы 2014-ы (я вельмі ўважліва праглядала тыя слайды, што нам тут дэманстраваліся, слухала даклад міністра і ўсе выступленні), як, напэўна, і кожны год, быў насычаны знакавымі падзеямі ў жыцці нашай краіны. І несумненна тое, што работнікі сферы культуры, тыя, хто займаецца пытаннямі падрыхтоўкі гэтых мерапрыемстваў, канешне, займаюць у дадзенай справе галоўнае месца. Я хацела б падзякаваць усім за вашу працу: і Міністэрству культуры, і рэгіянальным структурам, тым, хто працуе ва ўстановах культуры ва ўсіх раёнах нашай краіны, дзеячам культуры і мастацтва ды многім іншым... Сказаць гэтыя словы падзякі мне хочацца і таму, што я заўсёды кажу: “Тады, калі многія адпачываюць пад час таго або іншага свята, творчыя людзі працуюць. Працуюць дзеля таго, каб прынесці радасць жыхарам нашай краіны”.

Разам з тым, мне хацелася б акрэсліць некалькі пытанняў, якія я для сябе адзначыла.

Аптымізацыя і павышэнне эфектыўнасці працы галіны. Несумненна, у галіне культуры ёсць яшчэ рэзервы ў сферы аптымізацыі. Але, на мой погляд, гэтая аптымізацыя павінна адбывацца вельмі асцярожна і мець несумненны вынік. Каб не было так, як сказала Кацярына Мікалаеўна Дулава пра сістэму адукацыі, што яна “скажоная часам і людзьмі”. Вось такога быць не павінна. Гэта несумненна. І тут я лічу, што ў сваім выступленні Ілона Уладзіміраўна Сарокіна ўжо распавяла пра тое, якія формы працы могуць быць: гэта і бібліятэка-сельскі музей (лічу правільным дадзены падыход), і бібліобусы, і многае іншае.

Бо аптымізацыя адбываецца не для таго, каб скараціць недзе людзей, а для таго, каб сістэма працавала больш эфектыўна. І, разам з тым, для таго, каб былі магчымасці для павышэння заробкаў усім, хто ў гэтай сістэме працуе. Думаю, тое вельмі важны момант. І, акрамя таго, гэта робіцца не толькі для павышэння заработнай платы, але і ў плане будаўніцтва арэнднага жылля. Калі я паглядзела статыстыку, дык тое, як працуюць установы культуры (у першую чаргу музеі, якія маюць магчымасць нават будаваць арэнднае жыллё і зарабляць сродкі, што непараўнальныя нават з бюджэтным фінансаваннем), — гэта дарагога каштуе, у тым няма ніякіх сумневаў.

І, канешне ж, усе кіраўнікі ўстаноў культуры павінны сёння думаць пра тое, як прыцягнуць чытача ў бібліятэку, гледача ў тэатр. Я была прыемна здзіўлена, наведаўшы Маладзёжны тэатр, наколькі добра там праведзены рамонтныя работы. За гэта, думаю, трэба падзякаваць Мінскаму гарвыканкаму. Мяркую, у згаданым тэатры вельмі камфортна працаваць артыстам, а наведвальнікі сюды ідуць з вялікай ахвотай.

Але для таго, каб былі наведвальнікі, для таго, каб не даводзілася з дапамогай так званага адміністрацыйнага рэсурсу прыводзіць людзей у залы, канешне ж, трэба, каб установы культуры былі годныя і па ўнутраным змесце, і па знешнім выглядзе. І гэта несумненна.

Я ўжо казала пра ўласныя даходы ўстаноў культуры як крыніцу для павышэння заробкаў, таму не буду на гэтым больш засяроджваць увагу, бо вы ўсе самі добра разумееце, пра што ідзе гаворка.

Яшчэ адно. Несумненна, у нас у краіне ёсць унікальныя аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны. Мы гэта бачылі на слайдах. Да таго ж прыняты Дзяржаўныя праграмы “Замкі Беларусі”, “Слуцкія паясы”. Але гэты патэнцыял, на мой погляд, недастаткова эфектыўна выкарыстоўваецца для развіцця культурнага турызму, сувенірнага бізнесу, а таксама дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Таму задача Міністэрства культуры — не проста займацца рэстаўрацыяй помнікаў, а ствараць на іх аснове культурны прадукт і яго пазіцыянаваць.

Вось Барыс Уладзіміравіч казаў: мы правялі летась шмат канцэртаў. Усё гэта выдатна. Увогуле, трэба адзначыць, што людзі імкнуцца да культуры. У выступленні дырэктара Беларускай дзяржаўнай філармоніі прагучалі думкі пра тое, што павінны быць школьныя праграмы, што трэба прывучаць людзей да класічнай музыкі, хоць беларусы і вельмі адукаваныя ў гэтых пытаннях… Так, правільна, што вярнулі праграмы ў школы… Але разам з тым усё ў дадзенай сферы залежыць ад нас. Таму менавіта ад таго, якія будуць паступаць ад вас прапановы на гэты конт, наколькі эфектыўна тыя прапановы будуць разгледжаны, залежыць і сітуацыя ў сферы культуры, што будзе складвацца ў нашай краіне.

У гэтай сувязі варта сказаць і пра кадравае забеспячэнне сферы. Так, штогадова ўстановы адукацыі сферы культуры выконваюць планы па выпуску спецыялістаў. Але, мяркую, Міністэрства культуры павінна прагназаваць сітуацыю запатрабаванасці творчых спецыялістаў з улікам эканамічнай сітуацыі.

Зразумела, спецыялісты сёння патрэбны, асабліва ў рэгіёнах. Але патрэбна і дакладнае планаванне. Напрыклад, калі ўзяць горад Мінск, дык тут, хутчэй за ўсё, можна казаць пра ўкамплектаванасць устаноў культуры, а вось у рэгіёнах дадзеная праблема яшчэ вельмі сур’ёзная. Таму тут трэба зрабіць акцэнт менавіта на гэта.

І яшчэ адна асобная тэма. Я зусім не сумнявалася ў талентах і творчасці нашых людзей, у патэнцыяле навучальных устаноў сферы культуры. Пазнаёмілася з кіраўнікамі некаторых з іх, даведалася пра дасягненні іхніх навучэнцаў. Гэтыя выпускнікі — кампазітары, музыканты, паэты — сапраўды ўнікальныя, таленавітыя людзі, якія, несумненна, патрэбны нашай краіне.

Што яшчэ мне хацелася б адзначыць? Мяркую, асаблівая роля Міністэрства культуры павінна заключацца ў тым, каб займацца рэканструкцыяй і капітальным рамонтам аб’ектаў культуры. Вось мы паглядзелі (і толькі па горадзе Мінску) тыя аб’екты, якія ўжо распачаты — будаўніцтвам, рамонтам ці рэканструкцыяй, — іх даволі шмат. І, на жаль, канешне ж, сёння сродкаў на завяршэнне ўсіх работ недастаткова. Я проста назаву лічбу: толькі па дзесяці аб’ектах (маю на ўвазе тыя, што адносяцца да Міністэрства культуры, не кажучы ўжо пра рэгіянальныя) патрэбна больш як два трыльёны рублёў. Таму вось тут павінна быць выразная пазіцыя Міністэрства культуры. Нельга сёння пачынаць усё і адразу, бо немагчыма будзе завяршыць, давядзецца кансерваваць, укладаць невялікія аб’ёмы фінансавых сродкаў… Але дзеля чаго? Каб потым гэтыя аб’екты дзесяцігоддзямі стаялі незавершанымі?

Таму трэба пачынаць канцэнтраваць свае намаганні на тым аб’екце, дзе ўжо распачаты работы, даводзіць іх да лагічнага завяршэння — і прыступаць да іншага. Такім аб’ектам з’яўляецца, да прыкладу, “Беларусьфільм”. Канешне ж, работы там распачаты і ўжо больш за 300 мільярдаў рублёў затрачана на рэканструкцыю тых памяшканняў, што існуюць, як і на будаўніцтва новых. І ў 2015 годзе — гэта задача Міністэрства культуры — названы аб’ект трэба завяршыць.

Што да іншых аб’ектаў, дык, несумненна, трэба выпрацаваць пэўную стратэгію. Міністэрства культуры павінна ўзяць на асобны кантроль дадзенае пытанне і паэтапна вырашаць усе праблемы, звязаныя з мадэрнізацыяй, рэканструкцыяй ды капітальным рамонтам аб’ектаў культуры. Гэта вельмі важнае пытанне сённяшняга дня.

А наконт таго, што казаў Уладзімір Іванавіч Пракапцоў, дык я з ім абсалютна згодная. Так, у краіне павінна быць сфарміраваная ідэалогія і яна ў нас ужо ёсць. Іншая справа, што ў гэтым плане неабходна больш цеснае супрацоўніцтва з рознымі міністэрствамі ды ведамствамі. Трэба ладзіць сумесныя калегіі, трэба рабіць так, каб усё тое добрае, што ёсць у нашай краіне, бачылі людзі, каб яны маглі ганарыцца сваёй краінай. Тым больш, у нас ёсць што паказаць, і не трэба нічога для гэтага прыдумляць: мы жывём у прыгожай краіне, у нас цудоўныя людзі, у нас ёсць выдатныя праекты, якія сёння рэалізуюцца ў розных рэгіёнах. Вось пра гэта трэба казаць людзям, даносіць гэта да іх…

І ўвогуле, многія з тых прапаноў, што прагучалі, вельмі правільныя. Барыс Уладзіміравіч, трэба ўзяць іх пад жорсткі кантроль, і ўсе тыя слушныя прапановы, якія да нас паступілі, канешне ж, павінны знайсці сваё месца ў рэалізацыі.

Што да прыватных пытанняў па арэндзе памяшканняў для мастакоў, творчых майстэрняў ды аплаты за камунальныя паслугі ў іх… Мы, натуральна, уважліва вывучым гэтую сітуацыю, але дадзенае пытанне ў стане вырашыць мясцовыя ўлады. Можа, у Мінску з гэтым крыху складаней, але ў рэгіёнах творчым людзям заўсёды ідуць насустрач і імкнуцца вырашыць усе ўзніклыя ў іх пытанні…

Яшчэ раз вам усім вялікі дзякуй, удачы і поспехаў у рэалізацыі задуманых планаў! Год для нас будзе вельмі сур’ёзны. Гэта Год моладзі, таму асаблівую ўвагу сёлета мы павінны надаць менавіта маладзёжнай аўдыторыі, тым людзям, якія працуюць з моладдзю. Для нас гэта вельмі важна.

 

Фінал пяцігодкі

Тэзісы заключнага слова Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса СВЯТЛОВА на пасяжэнні калегіі Міністэрства культуры "Аб рабоце арганізацый культуры ў 2014 годзе і задачах на 2015 год"

2015 год — гэта час лёсавызначальных падзей у жыцці Беларусі. Наш народ будзе адзначаць 70-годдзе Вялікай Перамогі, на Усебеларускім Народным Сходзе — падводзіць вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь і прымаць праграмныя дакументы, якія вызначаць стратэгію развіцця краіны на перспектыву. Экзаменам на грамадзянскую сталасць стануць выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У рамках аб’яўленага Года моладзі прыярытэтная ўвага будзе надавацца пытанням дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Менавіта ў святле гэтых падзей павінны будаваць сваю дзейнасць работнікі культуры.

Мы ўвайшлі ў 2015-ы — фінальны год пяцігодкі, час завяршэння рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”. Час вымагае ад нас высокай адказнасці, самааддачы, дзелавой актыўнасці і разліку на ўласныя рэсурсы і магчымасці. Нікому не абяцаю лёгкага жыцця. Затое кожнаму магу гарантаваць шмат напружанай працы і падтрымку тых ініцыятыў, якія дапамогуць узняць культуру на якасна новы ўзровень.

Выказаныя вамі сёння ідэі і прапановы будуць дакладна прапрацаваны з мэтай адлюстравання ў рашэнні калегіі. Зараз жа спынюся на тых актуальных задачах, над вырашэннем якіх мы з вамі будзем працаваць на працягу года.

/i/content/pi/cult/519/11177/12-4.jpg

У сферы вызначэння стратэгіі развіцця галіны:

— унясенне на разгляд Кіраўніка дзяржавы прапаноў аб аб’яўленні 2016 года ў Рэспубліцы Беларусь Годам культуры;

— распрацоўка і прыняцце Дзяржаўнай праграмы “Культура-2020”.

У сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця культуры:

— аптымізацыя выдаткаў у галіне культуры і нарошчванне пазабюджэтных даходаў арганізацый, аб’ёмаў спонсарскай дапамогі;

— прыняцце мер па павелічэнні матэрыяльнага стымулявання работнікаў культуры за кошт бюджэтных і пазабюджэтных крыніц.

У сферы прававога забеспячэння:

— суправаджэнне разгляду праекта Кодэкса аб культуры;

— маніторынг сітуацыі з выкарыстаннем нарматыўна-прававой базы галіны з мэтай унясення карэкціровак у заканадаўства з улікам патрэб практыкі.

У сферы кадравага забеспячэння:

— аналіз вынікаў аптымізацыі структуры і штатнай колькасці арганізацый культуры, яе уплыву на забеспячэнне якасці і даступнасці паслуг культуры
насельніцтву;

— распрацоўка тыпавых штатаў арганізацый культуры, прапаноў па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у кваліфікацыйныя даведнікі пасад служачых, занятых у культуры і мастацтве.

У сферы капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння:

— распрацоўка стратэгіі правядзення будаўнічных і рэстаўрацыйных работ на аб’ектах культуры з мэтай найбольш эфектыўнага ўкладання сродкаў і недапушчэння ўзнікнення даўгабудаў;

— узмацненне кантролю за якасцю выканання будаўнічых, рэстаўрацыйных і рамонтных работ на аб’ектах культуры з боку заказчыка;

— павелічэнне аб’ёмаў уласных сродкаў і спонсарскай дапамогі, якія накіроўваюцца арганізацыямі культуры на набыццё музычных інструментаў і абсталявання.

У сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны:

— працяг работы па распрацоўцы праектаў зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей;

— правядзенне маніторынгу стану гісторыка-культурных каштоўнасцей і інвентарызацыі помнікаў археалогіі;

— падрыхтоўка прапаноў па стварэнні адзінай інфармацыйнай сістэмы ўліку і захавання гісторыка-культурнай спадчыны.

У сферы прафесійнага мастацтва:

— распрацоўка і рэалізацыя праграм агульнарэспубліканскіх культурных мерапрыемстваў, прысвечаных 70-й гадавіне Вялікай Перамогі, рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Мы, беларусы, — мірныя людзі…” ды іншых значных грамадскіх падзей;

— распрацоўка падыходаў да вызначэння паказчыкаў эфектыўнасці выкарыстання тэатральна-відовішчнымі ўстановамі бюджэтных субсідый, якія спрыялі б развіццю іх творчай дзейнасці і павелічэнню аб’ёмаў уласных даходаў;

— распрацоўка і рэалізацыя агульнарэспубліканскага плана арганізацыі гастрольнай дзейнасці на сцэнічных пляцоўках дзяржаўных арганізацый культуры;

— рэалізацыя новых канцэпцый правядзення Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”), Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”;

— рэалізацыя мерыпрыемстваў па павышэнні выканальніцкага ўзроўню эстрадных калектываў і выканаўцаў;

— распрацоўка праекта перспектыўнага плана па ўвекавечанні сродкамі манументальнага мастацтва памяці гістарычных падзей і дзеячаў Беларусі.

У сферы кінематаграфіі — укараненне ў жыццё Стратэгіі развіцця кінематаграфіі Рэспублікі Беларусь і плана мерапрыемстваў па яе рэалізацыі.

У сферы музейнай, бібліятэчнай справы, культурна-асветніцкай дзейнасці і народнай творчасці:

— вырашэнне пытанняў будаўніцтва ў г. Мінску аб’яднанага дэпазітарыя для захоўвання музейных фондаў, мадэрнізацыі існуючых фондасховішчаў музеяў, удасканаленне дзейнасці Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду;

— прыняцце мер па недапушчэнні зніжэння ўзроўню забяспечанасці насельніцтва паслугамі бібліятэк ва ўмовах аптымізацыі іх структуры, у тым ліку за кошт развіцця нестацыянарных форм абслугоўвання;

— забеспячэнне выканання заданняў Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады па камп’ютарызацыі бібліятэк;

— распрацоўка эфектыўнай мадэлі метадычнай сеткі ўстаноў культуры клубнага тыпу;

У сферы адукацыі і навукі ў галіне культуры:

— актывізацыя прафарыентацыйнай работы сярод вучняў старэйшых класаў дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў;

— рэалізацыя мер па выкананні кантрольных лічбаў прыёму ва ўстановы адукацыі ў сферы культуры;

— правядзенне мерапрыемстваў, скіраваных на выяўленне адоранай моладзі і садзейнічанне яе творчаму росту, забеспячэнню замацавання маладых творчых дзеячаў у Рэспубліцы Беларусь;

— правядзенне маніторынгу тэматыкі навуковых даследаванняў з мэтай забеспячэння прыярытэтнага выканання практыкаарыентаваных даследаванняў і распрацовак, звязаных з вырашэннем актуальных задач работы Міністэрства культуры;

— павелічэнне ўдзельнай вагі даследаванняў, якія выконваюцца за кошт пазабюджэтных крыніц фінансавання.

У сферы міжнароднага супрацоўніцтва:

— распрацоўка праекта пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь аб парадку арганізацыі міжнародных культурных мерапрыемстваў;

— аптымізацыя колькасці замежных камандзіровак з выключэннем выпадкаў выездаў, не накіраваных на атрыманне канкрэтных вынікаў па развіцці культурнага супрацоўніцтва.

У сферы інфармацыйнага забеспячэння культуры:

— прыняцце мер па павелічэнні колькасці падпісчыкаў газеты “Культура”;

— арганізацыя рэгулярнага правядзення прамых тэлефонных ліній, прэс-канферэнцый, інтэрв’ю, удзелу ў інфармацыйных праграмах СМІ, прысвечаных пытанням развіцця галіны.

Дзелавая павестка пасяджэння вычарпана. Яшчэ раз ад усяго сэрца дзякую ўсім вам за працу і жадаю здароўя, шчасця і поспехаў у самаадданым служэнні беларускай культуры!

Фота з выніковай калегіі Таццяны МАТУСЕВІЧ