На энтузіязме?

№ 7 (1185) 14.02.2015 - 20.02.2015 г

На сайце “К” з’явіўся каментарый пад артыкулам “Дык дзе яно, гэтае “наперад”?” у № 4 ад работнікаў устаноў культуры Чавускага раёна. Прыводзім яго цалкам:

“Звяртаем увагу на вельмі нізкую аплату працы ва ўстановах культуры Чавускага раёна. Спецыялісты з сярэднеспецыяльнай і вышэйшай адукацыяй атрымліваюць заробак у межах 2 — 2,5 мільёна рублёў у залежнасці ад стажу працы. Гэта на ўзроўні нізкакваліфікаваных работнікаў і ніжэй за сярэднюю пенсію. Заробак складаецца з аклада, прэміяльных і кантрактных выплат. Апошнія складаюць усяго 5%, у той жа час як у іншых раёнах — 30-50%. Чым работнікі культуры Чавускага раёна горшыя за работнікаў культуры Крычаўскага, Хоцімскага ды іншых раёнаў, у якіх знайшлі магчымасць узняць заробак за кошт больш высокіх кантрактных выплат?

Звяртаемся праз газету да А.А. Сінкаўца з просьбай паспрыяць у павелічэнні нам памеру кантрактных выплат.

РДК у Чавусах закрыты, бо знаходзіцца ў аварыйным стане. З года ў год у аблвыканкаме не могуць знайсці сродкі на рамонт, а для раённага бюджэту гэта непад’ёмныя траты (20% ад гадавога бюджэту раёна)…”

Ліст каментуе начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Анатоль СІНКАВЕЦ:

— Па першым пытанні. Буду разбірацца з гэтым канкрэтным выпадкам. Так, заробкі ў работнікаў культуры сёння вельмі маленькія. Але ёсць магчымасць накіроўваць пазабюджэтныя сродкі на павышэнне заработнай платы пры ўмове, што чалавек працуе добрасумленна. Ды яшчэ 29-ы Дэкрэт Кіраўніка дзяржавы дазваляе надбаўку за якаснае выкананне прафесійных абавязкаў да 50% акладу. Чаму для стымулу не выкарыстоўваюцца гэтыя рычагі?

Па Чавускім доме культуры. Яго рамонт стаіць у плане. Быў зварот жыхароў горада на гэты конт. Як толькі адкрыецца крыніца фінансавання, распачнецца і рэканструкцыя дадзенага будынка. Дакументацыя на правядзенне названых работ ужо гатова.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"