З сусветным гучаннем!

№ 7 (1185) 14.02.2015 - 20.02.2015 г

XXII Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш: форум, пісьмёны на чарапахах, пазлы ды іерогліфы
Сёлетняя Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш сталася папраўдзе незвычайнай. І не толькі таму, што ў ёй прымалі ўдзел экспаненты ажно з 28 краін свету, якія прадставілі тысячы кніжных навінак з розных куткоў нашай планеты. Справа ў тым, што побач з Нацыянальным выставачным цэнтрам “БелЭКСПА” на праспекце Пераможцаў у будынку Палаца Незалежнасці ў гэтыя ж самыя дні адбываліся перамовы ў фармаце "нармандскай чацвёркі", якая вырашала пытанні міру на ўсходзе Украіны.

Свет і мір

Словы аб міры, згодзе ды кансалідацыі грамадства гучалі і пад час працы Міжнароднага кніжнага форуму. Так, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў сваім прывітанні ўдзельнікам ХХII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу і Міжнароднага сімпозіума літаратараў “Пісьменнік і час” зазначыў: “Не адно пакаленне беларусаў выхавана на кнігах, героі якіх станавіліся прыкладам для пераймання, дапамагалі фарміраваць характар, вучылі адданасці Радзіме, уменню знаходзіць выйсце з няпростых жыццёвых сітуацый. Для нас выключна важна, каб удумлівае, чулае слова літаратараў і ў далейшым служыла сцвярджэнню прынцыпаў маралі, пачуцця адказнасці чалавека за лёс сваёй краіны, вучыла міласэрнасці і дабру, садзейнічала кансалідацыі грамадства перад тварам выклікаў і пагроз XXI стагоддзя”, — адзначыў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы шчыра пажадаў удзельнікам і гасцям форуму плённай работы, творчых поспехаў, шчасця і дабрабыту.

Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч на адкрыцці выстаўкі падкрэсліла, што кнігавыдаўцы розных краін сабраліся ў Мінску, каб сказаць, што кніга была і застаецца мостам дружбы ды супрацоўніцтва. А ўдзельнікі Міжнароднага форуму літаратараў “Пісьменнік і час”, што ладзіўся у кантэксце XXII Мінскай міжнароднай выстаўкі-кірмашу, прынялі заяву на адрас “нармандскай чацвёркі”. Пісьменнікі 28 краін свету павіншавалі ўдзельнікаў перамоў з праяўленай палітычнай воляй і мудрасцю пры пошуку выйсця з сітуацыі баявых дзеянняў ды выказалі ўпэўненасць, што вынікі мінскіх перагавораў атрымаюць далейшае пазітыўнае развіццё, а ў Еўропе знікне гэты небяспечны ачаг вайны і насілля над людзьмі.

Дарэчы, сваю, магчыма, і не такую важкую ў агульнасусветным маштабе, але пачэсную справу па развіцці сяброўскіх адносін ды партнёрства на кніжным форуме падмацоўвалі не толькі заявамі. Да прыкладу, сапраўды важнай падзеяй сталася падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Галоўным дзяржаўным упраўленнем па справах прэсы, выдавецтваў, радыёвяшчання, кінематаграфіі і тэлебачання Кітайскай Народнай Рэспублікі і Міністэрствам інфармацыі Беларусі аб перакладзе і выданні класічных літаратурных твораў Кітая і Беларусі ў 2015 — 2020 гадах.

Дакумент гэты, як падкрэсліла ў сваім выступленні пад час Міжнароднага форуму літаратараў “Пісьменнік і час” Лілія Ананіч, з’яўляецца сапраўды знакавым. Ён дасць магчымасць беларускім і кітайскім кнігавыдаўцам, літаратарам кожны год сустракацца, папаўняць фонды бібліятэк класічнымі творамі. Рэалізоўваць такія значныя праекты будуць Саюз пісьменнікаў Беларусі і выдавецкі дом “Звязда”.

А першы вынік ад падпісанага пагаднення ўжо ёсць. Так, запрашэнне прыняць удзел у Пекінскай кніжнай выстаўцы, якая традыцыйна праходзіць увосень, перадаў беларускім кнігавыдаўцам і літаратарам намеснік начальніка Кітайскай дзяржаўнай адміністрацыі радыё, кіно і тэлебачання, намеснік начальніка Дзяржаўнага ўпраўлення па справах аўтарскага права Янь Сяахун. І гэта, натуральна, толькі першая ластаўка будучага плённага супрацоўніцтва беларускіх і кітайскіх літаратараў...

Як па-карэйску “Янка”?

Дарэчы, пра тое, што Кітай з’яўляецца ганаровым госцем выстаўкі, мог здагадацца кожны адразу на ўваходзе ў выставачны павільён “БелЭКСПА”: у кітайскай экспазіцыі было прадстаўлена каля пяці тысяч выданняў, а плошча стэнда КНР займала ні многа ні мала — амаль 400 квадратных метраў! Тут ладзіліся прэзентацыі твораў кітайскіх аўтараў, адбылася цырымонія перадачы кніг Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ды творчыя абмеркаванні па пытаннях развіцця нацыянальных літаратур. А яшчэ кожны ахвотны мог паўзірацца ў экспанаты, прадстаўленыя на выстаўцы старажытнай кітайскай культуры друку і выданняў. Да прыкладу, мяне, сярод іншага, асабліва зацікавілі панцыры чарапах і косткі жывёл, на якіх былі напісаны старажытныя кітайскія іерогліфы. Пісьмёны гэтыя, да слова, былі зроблены яшчэ ў апошні перыяд эпохі дынастыі Шан. Калі хто не ведае, гэта XIV — XI стагоддзе да нашай эры.

Непадалёк, на стэндзе Карэі, купка падлеткаў разбірала вялікія лісты паперы — і таксама з іерогліфамі. Праўда, ужо сучаснымі і карэйскімі. Справа ў тым, што супрацоўнікі экспазіцыі пісалі чорнай тушшу імя кожнаму ахвотнаму. “А як па-карэйску будзе “Янка”? А як — “Настасся”? А як — “Сяргей?” — пыталіся хлопчыкі і дзяўчаты. І жанчына-карэянка не толькі адказвала на іх запыты, але і адразу ж вымалёўвала гэтыя імёны на кавалку паперы…

Увогуле, кожны экспанент кірмашу спрабаваў уразіць наведвальнікаў чымсьці незвычайным. Напрыклад, на стэндзе Пасольства ЗША ў Беларусі прапаноўвалі сабраць пазлы з карты Паўночнай Амерыкі. Некаторыя расійскія ўдзельнікі выстаўкі былі апрануты ў форму часоў Вялікай Айчыннай вайны, а на стэндзе Ірана гасцей вітала жанчына ў традыцыйным усходнім адзенні…

Але ж не варта, думаецца, казаць, што галоўным героем выстаўкі, сталася, натуральна, Яе Вялікасць Кніга… Усе гэтыя тысячы кніжных навінак хацелася гартаць, чытаць, набываць… І многія госці Міжнароднага кніжнага кірмашу менавіта гэтак і рабілі.

Галоўнымі ж прадметамі ўвагі кніжнага форуму сталіся, натуральна, тэма 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ды маладзёжная тэма, бо, як вядома, 2015-ы абвешчаны ў Беларусі Годам моладзі. Акрамя таго, на выстаўцы ўшанавалі лаўрэатаў конкурсу маладых літаратараў “Першы раздзел”, а таксама тут адбылося ўзнагароджанне пераможцаў 54-га Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” (у якім, дарэчы, прыняла ўдзел рэкордная колькасць выдавецтваў: ажно 46!) ды Міжнароднага конкурсу патрыятычнага плаката моладзі краін СНД “Нам дарагі мір”, прысвечанага 70-годдзю Вялікай Перамогі.

У якасці заключэння

У мінулым нумары “К” я пісаў пра тое, што культработнікамі краіны пакуль даволі слаба выкарыстоўваюцца выстаўкі, падобныя да гэтай. Як і ўсе астатнія — турыстычныя, эканамічныя, інфармацыйна-тэхналагічныя, — дзе можна не толькі годна заявіць пра сябе, зладзіць рэкламу сваёй установы, але і прадставіць на суд гледачам ды гасцям міжнароднага форуму свой цікавы праект, знайшоўшы такім чынам для яго спонсара, мецэната ці суаўтара…

Дык вось. Адной з нямногіх устаноў культуры, якія “засвяцілася” на XXII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, стаўся Замкавы комплекс “Мір”. Музейшчыкі прадставілі гасцям форуму шматлікія выданні па гісторыі, каталогі, зборнікі навуковых канферэнцый, кнігі па сваіх вернісажах ды многае іншае. Да таго ж тут жа можна было набыць разнастайную сувенірную прадукцыю, якая, як распавялі мне супрацоўнікі, разляталася проста на ўра…

Не варта і казаць, што дзякуючы адносна невялікаму стэнду музей у Міры стаў яшчэ больш вядомы ў свеце. Я на свае вочы бачыў, як падыходзілі прадстаўнікі Кітая, Расіі, Ірана, як уважліва госці міжнароднага маштабнага мерапрыемства гарталі кнігі, задавалі пытанні, набывалі сувеніры… Чым не прыклад для пераймання іншымі музейнымі ўстановамі Беларусі, у першую чаргу — з Мінска? Пытанне, як падаецца, — з ліку рытарычных…

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"
Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст