Настроі добрасуседства

№ 43 (1169) 25.10.2014 - 31.10.2014 г

Захар ШЫБЕКА, доктар гістарычных навук, прафесар
Я ўжо некалькі гадоў працую ў Ізраілі, і на падставе ўласнага досведу магу канстатаваць, што гэта краіна, дзе шануецца інтэлект. Там, у прыватнасці, у адрозненне ад многіх іншых дзяржаў, няма патрэбы ў спецыяльным пацвярджэнні майго прафесарскага звання, атрыманага ў Беларусі. Быў я прафесарам у Мінску — застаюся і тут. У Ізраілі запатрабаваным аказаўся не столькі мой выкладчыцкі досвед, колькі патэнцыял навукоўца-даследчыка.

/i/content/pi/cult/518/11171/5-22.jpgЯ працую ў Навуковым цэнтры вывучэння яўрэйскай дыяспары, займаюся гісторыяй беларускага яўрэйства. Мая запатрабаванасць, сярод іншага, абумоўлена яшчэ і тым, што сёння сярод ізраільскіх навукоўцаў становіцца ўсё менш спецыялістаў з веданнем рускай мовы. Яны звычайна карыстаюцца іўрытам і англійскай. Мне ж лёгка працаваць з дакументамі, датычнымі часоў Расійскай імперыі.

Ізраільскія навукоўцы, якія займаюцца гісторыяй дыяспары, часам схільныя разглядаць яўрэяў у іншых дзяржавах у адрыве ад гэтых народаў і дзяржаў. Мяне ж заўжды цікавіў кантэкст той або іншай з’явы. Вось і зараз я засяроджваюся менавіта на яўрэйска-беларускіх дачыненнях і лічу яўрэяў на беларускай зямлі часткай беларускага гісторыка-культурнага абшару.

Маім плюсам як навукоўца з’яўляецца тое, што я прайшоў савецкую школу сацыялогіі і праз гэта бачу ўзаемасувязь сацыяльнай ды эканамічнай гісторыі. У Беларусі я займаўся гісторыяй яўрэяў Мінска. У дадзенай тэме спалучаны сацыяльны, эканамічны і культурны чыннікі. І вось мае доследы, актуальныя для Беларусі, аказаліся вельмі дарэчнымі ў Ізраілі.

Я глыбока перакананы, што, вывучаючы асобныя этнічныя групы ды культурныя супольнасці ў межах той або іншай нацыі (у дадзеным выпадку гаворка — пра Беларусь), мы ўзбагачаемся ведамі пра нацыю ўвогуле. Канкрэтна пра яўрэяў можна сказаць, што гэта народ урбанізаваны, і ягоная прысутнасць у беларускім культурным абшары відаць якраз на прыкладзе гісторыі развіцця гарадоў.

Мушу нагадаць, што ўвагі навукоўцаў патрабуюць і іншыя этнічныя групы Беларусі. У прыватнасці, рускія, украінцы. Парадаксальна тое, што расійскія навукоўцы цікавяцца Беларуссю значна больш, чым беларускія — Расіяй…

Вывучэнне ж яўрэйска-беларускіх стасункаў, да якога я як навуковец маю дачыненне, пашырэнне ведаў пра Беларусь у Ізраілі і пра Ізраіль у Беларусі, на маю думку, будзе спрыяць настроям добрасуседства. А гэта, у сваю чаргу, — пашырэнню эканамічных сувязей, турыстычнаму бізнесу. Я ведаю, што многія ізраільцяне шануюць свае беларускія карані і хацелі б наведаць яўрэйскія святыні ў Беларусі.

Жывучы ў Ізраілі, сувязі з калегамі з Беларусі я не парываю. Сведчаннем гэтаму — нядаўняя прэзентацыя зборніка “Гісторыя гандлю ў Беларусі” ў Нацыянальным гістарычным музеі. Я — навуковы кіраўнік гэтага праекта. А спонсар даследавання — беларуская прыватная структура.

Фота tut.by

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"