“І ўсё ж артысту патрэбна студыя”

№ 43 (1169) 25.10.2014 - 31.10.2014 г

Анатоль КАШАПАРАЎ, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, саліст ансамбля “Песняры” ў 1972 — 1989 гадах
Рэпертуару для мяне як сольнага артыста дастаткова. У першую чаргу за кошт таго, што пакрысе хачу аднавіць частку тых вартых увагі рэчаў, якія ў свой час практычна не выконваліся на канцэртах “Песняроў” па розных прычынах. Іх няма ў запісах, але якія там годныя музыка, паэзія!.. Хочацца выказаць сваё бачанне творчасці ансамбля ў рэчышчы традыцыі. Дый над тым жа сольным рэпертуарам патрэбна дзесьці працаваць. Пытанне ў тым, дзе менавіта. А дакладней — за якія грошы.

/i/content/pi/cult/518/11170/5-1.jpgТалентаў у нас заўжды хапала. Не так даўно паслухаў у Сеціве хлопца з Жодзіна — Яўгена Літвінковіча, што перамог на ўкраінскім талент-шоу: шыкоўна, музычна, душэўна! Вось каго варта прасоўваць! У нас жа часцей — даніна модзе. А што з музыкай, вакалам? Сам пяю, пішу, складаю тэкст, аранжырую — такога, як правіла, надоўга не хапае, а калі мінімальны поспех становіцца нагодай для адкрыцця ўласнага музычнага бізнесу… Падобных захадаў (лічыце мяне кансерватарам!) не разумею, бо гэткі падыход надта ж далёкі ад мастацтва. Так, мы маем высокі ўзровень па рэжысуры канцэртаў і тэлетрансляцыяй, па аператарскай рабоце, пастаноўцы святла, але, упэўнены, гэта павінна заставацца дадаткам, “абгорткай” для таленту, а не наадварот.

У забяспечаных спонсарамі артыстаў-пачаткоўцаў маюцца студыі, персанальныя музыканты-кампазітары-аранжыроўшчыкі. А ў выпадку, калі падобнага няма, неабходна выкласці, прынамсі, па пару тысяч еўра за адзін твор. Вось і падлічыце каштарыс стандартнага па працягласці альбома…

Чаму так атрымалася з тымі (даруйце за нясціпласць, але згадаю і сябе), хто дзесяцігоддзямі працаваў на карысць айчыннай музычнай прасторы? Чаму ўстановы адпаведнага профілю не маюць тут зацікаўленасці? Мы, многія заслужаныя і народныя артысты, страчваем свае нервы, марнуем час на выпрошванне грошай у багатых людзей, прадпрыемстваў на тыя запісы…

Мо прыспеў час задумацца пра стварэнне нацыянальнай студыі гуказапісу, якая займалася б усімі этапамі “правядзення” артыста — ад узроўню запісу да прасоўвання гатовага альбома? Такая студыя з годнымі прафесіяналамі ў штаце магла б узяць пад сваё крыло сапраўдных музыкантаў, вакалістаў, якім не патрэбна сродкамі электронікі выводзіць сабе голас і гучанне. Упэўнены, мы даволі хутка пабачылі б вынікі. Чаму тое выгадна для дзяржавы? Бо падобны праект стаў бы пунктам прыцягнення талентаў самых розных пакаленняў, чыя вартасць — несумненная.

Пакуль жа многія з нас, скажам так, — творча беспрытульныя. Бывае ж, падораць табе пасля канцэрта вершаваны зборнічак, і з пяці-дзесяці вершаў адзін зачэпіць, папросіцца ў песню. Але дзе і каму з такім творам працаваць, як наогул навучыцца не адфутбольваць невядомых нікому патэнцыйных выканаўцаў ды аўтараў? Бо часам дастаткова зрабіць і адзін запіс, каб пераканацца ў вартасцях творцы, а рабіць яго, паўтаруся, няма дзе. На нацыянальнага кшталту студыі, якая, дарэчы, магла б стаць даволі аб’ектыўнай прасторай па рэкамендаванні артыстаў на творчыя конкурсы, зыходзячы з іх прафесійнага даробку, а не тэлевізійнай карцінкі.

На падставе ўласнага досведу пражывання ў ЗША зазначу: калі там прыводзяць адоранае дзіця трох-чатырох гадоў у нейкую профільную ўстанову і ў яго разгледзяць талент, педагогі стануць гадаваць хлопчыка альбо дзяўчынку для будучай прафесійнай кар’еры. У нас жа стаўленне да такога росту ў эстрадных жанрах, як мне бачыцца, — больш як да дадатковай адукацыі, без прыцэлу на прафесію. Але поспех тых жа Брытні Спірс і Джасціна Тымберлейка каваўся ўжо ў дзяцінстве праз праслухоўванні, адборы, конкурсы… Урэшце, маем і праблему знікнення з поля зроку юных артыстаў, як толькі яны перасягаюць пэўную ўзроставую ці адукацыйную планку. На жаль, з таленавітых дзяцей хіба адзінкі вяртаюцца да шырокай публікі і становяцца для яе цікавымі ў больш сталым узросце, пасля атрымання адукацыі.

Агучваючы ідэю нацыянальнай студыі, не кажу ў наш складаны эканамічны час пра чарговую культурную ўстанову “на шыі” ў дзяржавы, не. Студыя з гэткім статусам мусіць стаць гасразліковай, але, прынамсі, на першых парах, з падтрымкай афіцыйных інстытуцый. І ўжо дакладна яна не зможа абысціся без падтрымкі бізнес-партнёраў. Урэшце, гаворка — не пра палацы або шыкоўныя навабуды. Справа ў камфортных, тэхнічна ды кадрава забяспечаных умовах для працы з таленавітымі людзьмі рознага веку з усёй краіны ды з прыцэлам на перспектыву беларускай культуры…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах