...Можа, і сапраўды ўтрасецца?

№ 43 (1169) 25.10.2014 - 31.10.2014 г

Як “ТАД” будзе далей “насуперак зямному прыцягненню — лётаць”?
Канфліктныя сітуацыі на працы — з’ява нярэдкая. А тым больш — з дзеячамі культуры, якія ўжо паводле сваёй прафесіі павінны вылучацца павышаным эмацыйным парогам і тонкасцю псіхалагічных адчуванняў. Але гэтым разам справа тычыцца не шараговага супрацоўніка, а мастацкага кіраўніка (ужо некалькі дзён як былога) гурта сучаснай харэаграфіі “ТАД” з Гродна.

"Па ўзгадненні..."

— Звальненне адбылося “па ўзгадненні бакоў”, — пракаментавала сітуацыю дырэктар Гродзенскай абласной філармоніі Таццяна Власенка. — Думаю, усім трэба набрацца цярплівасці і пачакаць. А ў Інтэрнэце ўжо столькі бруду вылілася, што Дзмітрыю самому непрыемна. Не шкодзьце чалавеку, дайце яму магчымасць падумаць, што рабіць. Прыйдзе час — ён сам усё раскажа. Я ж яму не вораг: працаваў ён заўсёды роўна, спакойна, атрымліваў прэміі. Апошнім часам калектыў пачаў ужо і ездзіць за грошы філармоніі, і касцюмы шыць, лінолеум мы ім прыдбалі. Бо ў мяне ажно сэрца сціснулася, як убачыла, што яны з босымі нагамі — па шурпатай падлозе са стрэмкамі… Сумна іншае: пры ўсіх абставінах, што склаліся, мне патэлефанавалі толькі вы і адна мясцовая газета...

Звязаліся мы і з мастацкім кіраўніком Гродзенскай абласной філармоніі Віктарам Сакалоўскім.

— Каментарыяў па тэлефоне я не даю, — адказаў Віктар Іосіфавіч. — Аддаю перавагу таму, каб працаваць вочы ў вочы. У вас няправільная інфармацыя: Куракулаў Дзмітрый Сяргеевіч не быў звольнены, а напісаў заяву па ўласным жаданні. У яго была магчымасць перадумаць. Калі вас гэта хвалюе, прыязджайце, тады пагаворым. Гэта сур’ёзная тэма, і тычыцца яна выканання абавязацельстваў і культуры чалавечых узаемаадносін...

— А можа, пачакаем? — пачулі мы, звярнуўшыся да самога Дзмітрыя Куракулава. — Бо ўжо адбылася размова ў аблвыканкаме, дзе мы сядзелі адно насупраць аднаго, вочы ў вочы. Можа, неяк усё ўтрасецца?..

Сапраўды, надзея памірае апошняй. Таму не будзем паўтараць савецкія часы, калі пытанні вырашаліся прыездам карэспандэнта “з цэнтра”, нагадваючы жанр “оперы выратавання”. Але не звярнуць увагу чытачоў на гродзенскі “ТАД” і яго арганізатара — немагчыма. Тым больш, што летась калектыў справіў сваё 20-годдзе, а некалькі гадоў таму быў адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

І пра з'яву

Цяперашні “ТАД” у сучаснай беларускай харэаграфіі — гэта прыблізна тое ж самае, чым былі “Песняры” на нашай эстрадзе 1970-х. Іншымі словамі, прарыў яшчэ адной галіны нацыянальнай культуры на сусветную прастору. Цікава, але ёсць і некаторыя асабістыя паралелі. Як і Уладзімір Мулявін, Дзмітрый Куракулаў — родам з Расіі. Але ўся творчасць гэтага харэографа звязана з нашай краінай. І пачыналася яна, як і ў Вялікага Песняра, з артыстычнай сцяжынкі: Дзмітрый працаваў у Гродне ў знакамітым Ансамблі танца, музыкі і песні “Белыя росы”. А потым арганізаваў уласны калектыў — “ТАД”, пачаўшы шлях да новых гарызонтаў.

Памятаю, як на IFMC — Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску — яшчэ ў першай палове 1990-х усе былі ўзрушаны дагэтуль невядомым гуртом і яго крэатыўнымі пастаноўкамі, што разбуралі нашы ўяўленні пра гэты від мастацтва. Сёння ў Дзмітрыя Куракулава шмат паслядоўнікаў, прычым некаторыя з іх выйшлі непасрэдна з яго калектыву. Аляксандр Цебянькоў арганізаваў Танц-тэатр “Галерэя” пры Гродзенскім абласным драматычным тэатры, Вольга Лабоўкіна — “Karakuli” ў Мінску. А яшчэ Куракулаў распрацаваў унікальную ўласную методыку навучання харэаграфічнаму мадэрну, комплекс пластычных практыкаванняў, якія дапамагаюць артыстам выконваць надзвычай складаныя рухі без аніякага траўматызму, непазбежнага ў гэтым відзе мастацтва. Творчая фантазія Куракулава як харэографа — папраўдзе бязмежная. А вось пра аўтарскія правы ён не надта і клапоціцца. Мне неаднойчы даводзілася заўважаць (у тым ліку, на старонках “К”), як іншыя тыражавалі яго знаходкі — ну проста адзін у адзін! Ён пры гэтым толькі ўсміхаўся: значыць, спадабалася, а я, маўляў, яшчэ нешта новае прыдумаю. Так што калі ў “Камарынскай” Міхаіла Глінкі, паводле слоў Пятра Чайкоўскага, “як дуб у жалуды, заключана ўся руская сімфанічная музыка,” дык тое ж можна сказаць і пра харэаграфію Куракулава: у ёй — увесь далейшы беларускі авангард.

Сведчаннем яго прызнання ў краіне і за межамі — не толькі шматлікія конкурсныя ўзнагароды, але і запрашэнні выступіць, ажыццявіць пастаноўку, правесці майстар-клас.

— Гэта, безумоўна, лідар сучаснай беларускай харэаграфіі, — кажа намеснік генеральнага дырэктара па спецпраектах Цэнтра культуры “Віцебск”, ініцыятар і дырэктар IFMC Марына Раманоўская. — Тое ж адзначаюць штогод і замежныя прафесіяналы: члены журы, госці і ўдзельнікі фестывалю. Сумленны, прыстойны, верны чалавек і творца. Вышэй за ісціну танца для яго нічога няма.

— Сёння можна ўжо сцвярджаць, — адзначае балетны крытык Святлана Уланоўская, — што Дзмітрый Куракулаў, выхаваўшы некалькі пакаленняў паслядоўнікаў, склаў нацыянальную школу беларускай харэаграфіі contemporary. Я падлічыла: яму і ягонаму калектыву прысвечаны больш як дваццаць маіх артыкулаў. У кнігах пра сучасную харэаграфію яму ўвогуле адводзяцца цэлыя раздзелы. Дадам і тое, што ён стаў першым беларускім харэографам, чыя пастаноўка скарыла надзвычай прэстыжную вяршыню Міжнароднага конкурсу ў Джэксане (ЗША). Там ягоную кампазіцыю “Гэты крохкі вечны рай” паказвалі салісты нашага Вялікага тэатра, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Кацярына Алейнік і Канстанцін Кузняцоў…

— Дзмітрый Куракулаў, — упэўнена доктар мастацтвазнаўства, прафесар Юлія Чурко, — адзін з самых таленавітых беларускіх творцаў. І яшчэ далёка недаацэнены. Чаму? На маю думку, з-за свайго характару. Дарэчы, зусім не “выбуховага”, як мог бы хтосьці падумаць, — наадварот! Надта ўжо ён сціплы, засяроджаны ажно на творчасці, а не на піяры вакол сваёй асобы. Не ўмее сябе паднесці, як гэта робяць іншыя. І ўвесь час шукае нешта новае, не паспяваючы як след замацаваць за сабой свае “фірмовыя” знаходкі. Пры тым што ягоны почырк адразу пазнаецца, Дзмітрый як харэограф практычна не паўтараецца. Паўтараюць за ім іншыя! Ён жа ў гэты час ужо шукае нейкую новую лексіку, не баіцца ісці на самыя смелыя эксперыменты — не толькі ўласна ў харэаграфічнай лексіцы, але і ў асваенні сцэнічнай прасторы, разуменні кожнай кампазіцыі як неверагодна фантазійнага, заўсёды глыбока канцэпцыйнага, заснаванага на сінтэзе жанраў, стыляў, відаў мастацтваў, папраўдзе “сімфанізаванага” відовішча. Паспрабуйце прааналізаваць любую яго пастаноўку — вы адразу заўважыце, што літаральна кожная амаль цалкам складзена з цікавых лексічных знаходак. Няма так званых агульных форм руху — толькі адметныя, асэнсаваныя пластычныя элементы. У гэтым і ёсць талент! А між тым, сапраўднымі лексічнымі знаходкамі можа пахваліцца далёка не кожны харэограф-пастаноўшчык. Звычайна яны бываюць — на вагу золата. Куракулаў жа часам папросту “раскідваецца” імі, ды так, што глядач ажно не паспявае за ўсім прасачыць. Таму і хочацца глядзець яго шматлікія (падкрэслю гэтае слова, бо пладавітасць пры такой вынаходлівасці таксама неверагодная) — шматлікія балеты ды мініяцюры зноў і зноў!..

Можа, проста супадзенне, але інфармацыя пра “ТАД” на сайце Гродзенскай абласной філармоніі (дарэчы, вельмі поўная, з падрабязным пералікам “заслуг перад Айчынай”) пачынаецца эпіграфам самога Дзмітрыя Куракулава: “Не для того ль нас выпускают в жизнь, / Чтоб вопреки невзгодам сильным стать, / Чтоб вопреки земному притяжению летать?..”. Няўжо — сам сабе напрарочыў?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"