“А памяць, як калодзеж, глыбокая…”

№ 5 (1183) 31.01.2015 - 06.02.2015 г

Ваенны лёс мастака Мікалая Кандрацьева
Гэта радок з песні Уладзіміра Высоцкага “Закапаныя ў нашу памяць”. Так, усё далей і далей ад нас вайна. Хутка будзе 70 гадоў з дня яе заканчэння. Але вось з часам яна як бы зноў пачынае набліжацца да нас, успамінаецца ўсё часцей і ўсё больш пранізліва менавіта ў першыя майскія дні кожнага года...

/i/content/pi/cult/516/11160/15-1.jpg

Можа, таму, што ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай становіцца ўсё менш. Вось і ў нас, у Беларускім саюзе мастакоў, іх сёння засталося зусім мала: усяго некалькі чалавек — былых франтавікаў і партызан. А ўсяго было больш як 150 прафесійных мастакоў і тых, хто пасля Перамогі на ўсё жыццё абраў для сябе прафесію жывапісца, графіка ці скульптара, упісаўшы ўласнае імя ў выяўленчы летапіс эпохі. І сваю жывую памяць яны так ці інакш “упісалі” ў свае творы…

Для многіх ветэранаў тая вайна і стала галоўнай “меткай” іх жыцця, якая потым увасаблялася ў жывапісныя карціны, скульптуры, гравюры, плакаты, малюнкі... І тут не адняць, не дадаць. Той чысты парыў любові да сваёй Бацькаўшчыны, той ахвярны напал ды гатоўнасць аддаць жыццё за яе — незабыўныя, такога больш не было ніколі.

Я добра ведаў многіх ветэранаў, сябраваў з імі і цяпер сябрую з Леанідам Шчамялёвым, Віктарам Грамыкам, Тарасам Паражняком, Андрэем Заспіцкім, часам сустракаюся з Мікалаем Назарчуком, радзей — з Алегам Луцэвічам, віцябчанінам Сашам Салаўёвым. Так, яны казалі, што многае забываецца: імёны, твары, галасы, адчуванні, перажытыя там, на перадавой і на палях баёў… Знамянальна, усе яны памятаюць той дзень — 22 чэрвеня — да найдрабнейшых дэталей, як і 9 мая. Існуе, відаць, нейкая “адваротная” ўласцівасць памяці чалавека, якая потым, праз шмат гадоў, здольная аднавіць дні, вызначальныя для яго лёсу. Але, калі казаць у цэлым, ніколі не забываецца адно невымоўнае, невыказнае пачуццё — “пачуццё” вайны. І я іх разумею. Тым, хто не зведаў, што гэта такое — вайна, хто яе ўяўляе толькі па кніжках, фільмах, палотнах ды скульптурах, мабыць, цяжка зразумець тую вельмі складаную “ўнутраную памяць”, якая прысутнічала ў душах былых франтавікоў ды партызан і якую нельга візуальна адлюстраваць ні фарбамі, ні гукам, ні словам, ні акцёрскай гульнёй. І тым не менш, яны, былыя воіны, пераможцы, сваім мастакоўскім талентам усё зрабілі для таго, каб іхнія дзеці ды ўнукі хаця б трошкі “ўвайшлі” ў тую гераічную ды трагічную прастору, дзе іх бацькі і дзяды, тады зусім юныя, маладыя, бязвусыя…

Дык вось, да 70-годдзя Перамогі рэдакцыя “К” плануе зрабіць серыю матэрыялаў пра беларускіх мастакоў, у творчасці якіх тэма Вялікай Айчыннай займае значнае месца. Многія творцы асабіста прайшлі дарогамі вайны, удзельнічалі ў франтавых аперацыях, у партызанскіх рэйдах, у падполлі і за баявыя заслугі былі ўзгагароджаны ордэнамі ды медалямі. Усе яны — з той плеяды, што наблізіла самае галоўнае свята нашага народа — 9 Мая.

На жаль, сёння беларускіх мастакоў-ветэранаў у рэспубліцы засталося ўсяго сем чалавек, і кожны з іх у меру сваіх магчымасцей працягвае тварыць і выстаўляцца. Вельмі хочацца, каб яны сустрэлі майскія ўрачыстасці здаровымі і прыгожымі! І каб яшчэ раз успомнілі і свае “сороковые, роковые”, і тыя вясновыя дні ды тыдні 45-га, калі перад іхнімі вачыма ўстала ва ўвесь рост цудоўная Ніка — багіня Перамогі…

Ну а мы, журналісты і мастацтвазнаўцы, раскажам і пра тых мастакоў — удзельнікаў вайны, хто да гэтага свята не дажыў, але імёны іх навечна засталіся ў скрыжалях гісторыі беларускай выяўленчай культуры.

***

І пачнём мы свой, так бы мовіць, “летапіс” з Мікалая Іванавіча Кандрацьева (1925 — 2001) — скульптара, былога гвардзейца-аўтаматчыка, які ў 18-гадовым узросце пайшоў на фронт. Сібірскі хлопец, выпускнік ленінградскай “Рэпінкі”, вучань Міхаіла Керзіна, Усевалада Лішава і Ігара Крастоўскага, ён з канца 1960-х назаўсёды звязаў сваё жыццё з Беларуссю, якая стала для яго другой маці-радзімай і крыніцай творчага натхнення. Менавіта Беларусі ён абавязаны ўсім лепшым, што ўдалося зрабіць у мастацтве… Яго скульптурная майстэрня была ў нашым доме № 42 па вуліцы Сурганава. Мне даводзілася вельмі часта бываць тут ды назіраць, як з-пад разца мастака нараджаліся складаныя кампазіцыі, шматлікія партрэты ды праекты помнікаў. Тут было ўсё: удачы, няўдачы, сумневы, расчараванні, горыч паражэнняў і асалода творчых перамог. А яшчэ — дзясятак эскізаў ды чарнавых праектаў помнікаў…

Аднойчы, напрыканцы 1980-х, я запісаў у блакнот некаторыя роздумы мастака, якія датычыліся яго разумення таго часу і ўласнай творчасці: “Я на сабе зведаў: церні ўнутранай барацьбы і пакут — паняцце не адцягнутае. Яны пераследуюць, выпрабоўваюць чалавека паўсюдна. Любая цяжкасць, любое пераадоленне — гэты тыя ж церні, толькі мы прывыклі гаварыць пра іх больш будзённа ды звычайна. І яшчэ я зразумеў, што жыццё без творчасці прадаўжацца не можа. Значыць, трэба працаваць, абавязкова трэба! А дзе ўзяць для гэтага сілы? У самім сабе! Бо здаровы, жыццесцвярджальны пачатак закладзены ў кожным чалавеку. Яго трэба развіваць, а не прыгнятаць. І я, прыехаўшы ў Беларусь, з новай сілай пачаў ляпіць, з упэўненасцю, што сілы чалавечага духу сапраўды невычарпальныя і прызначэнне мастацтва — прымнажаць іх”.

Што і казаць, у сапраўдных мастакоў творчае жыццё рэдка бывае роўным. Пастаянны штыль і бестурботнасць — гэта часцей за ўсё лёс пасрэднасці. У сур’ёзных, смелых шукальнікаў дарога складаная і цярністая. Яны зведваюць і ўзлёты, і падзенні, у іх працы ёсць паўзы, сумневы і незадавальненне сабой. Але ім вядомы і моманты найвышэйшага адкрыцця, якія з асаблівай сілай раскрываюць духоўны досвед. Кожны творца аднойчы пасвядома разумее, што яму гэтым разам трэба будзе стварыць тое, што здольна ўвабраць у сябе і досвед пражытых гадоў, і франтавы боль душы, і прафесіяналізм, і веды. Такі шанц, такое адкрыццё бывае рэдка, і калі яго не рэалізаваць у мастацтве, хто ведае, як заўтра складзецца лёс творцы…

Для Мікалая Кандрацьева такім адкрыццём у 1978 годзе стала кампазіцыя “Паўшых чакаюць вечна”, падораная аўтарам Беларускаму дзяржаўнаму музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Мастак расказаў пра ўдоў-салдатак, беларускіх мацярок, жонак, якія не дачакаліся сваіх блізкіх, але заўсёды верылі, што тыя вернуцца… Аднак гаворка тут ідзе і пра тое, пра што вось ужо колькі гадоў думаюць, за што змагаюцца людзі добрай волі: як зберагчы свет ад новай вайны…

Цікава нарадзілася задума твора. Калісьці Мікалай Іванавіч мне вельмі падрабязна распавёў пра гэта. Неяк яму давялося пабываць на Брэстчыне. У Бярозаўскім раёне яму паказалі хутар Равяцічы, на якім вось ужо шмат гадоў жылі адны салдацкія ўдовы. Калгас даўно вырас, пашырыўся, стаў багатым. Але, нягледзячы на настойлівыя просьбы калгаснага кіраўніцтва, жанчыны не перабіраліся на добраўпарадкаваную цэнтральную сядзібу, не пакінулі тое месца, адкуль яны праводзілі на фронт дарагіх мужчын...

Ізноў — у які раз! — успаміналася мастаку вайна. Яна пачалася, калі Коля скончыў восьмы клас у вясковай школе сяла Высокая Грыва на Алтайшчыне. Вайна грукатала далёка, але і сюды, на Алтай, дакацілася яе водгулле. Аднак вучобу трэба было прадаўжаць. І так — да 1943-га. А потым — мабілізацыя ў Чырвоную армію. Спачатку — Кемераўскае пяхотнае вучылішча, потым — фронт. У роце ПТР 2-й гвардзейскай мехбрыгады гвардыі малодшы сяржант Кандрацьеў стаў нумарам першым. Ноччу 25 студзеня 1945-га (акурат 70 гадоў таму!), у раёне возера Балатон, прыйшоў загад камандавання: аддзяленню аўтаматчыкаў, куды ўваходзіў і Мікалай, правесці разведку боем, выклікаць варожы агонь на сябе і прымусіць праціўніка дэмаскіравацца. Заданне было выканана, але ў час моцнага мінамётнага абстрэлу Кандрацьева цяжка параніла… Мала хто верыў, што ён выжыве. Але — выжыў. Некалькі месяцаў знаходзіўся ў шпіталі. І толькі напрыканцы верасня, атрымаўшы “белы білет”, дэмабілізаваўся ды вярнуўся дадому ў Сібір. Родным пашанцавала: бацька Іван Іванавіч і маці Фядосся Піліпаўна дачакаліся сына, хаця і інваліда, але жывога, у адрозненне ад тых вяскоўцаў, якія так і не сустрэлі пасля Перамогі сваіх любімых мужчын-франтавікоў. Але, нягледзячы ні на што, верылі, што тыя вернуцца…

Дый сам памятаю, як мая маці столькі гадоў чакала свайго без весткі прапаўшага на вайне мужа, майго бацьку, які сваё першае баявое хрышчэнне атрымаў 22 — 25 чэрвеня 1941-га, у складзе 15-й матарызаванай дывізіі Паўднёвага фронту ў раёне бесарабскіх Бендэр. І яшчэ памятаю, як жанчыны з майго роднага хутара апраналіся ў лепшую вопратку ды ішлі на вакзал сустракаць эшалоны з салдатамі, што вярталіся дамоў пасля перамогі: а раптам сярод байцоў-пераможцаў будзе іхні муж, брат, сын ці бацька?.. Пішу гэтыя радкі, і раптам успомніў пранізлівы эпізод на вакзале менавіта пра падобнае — з фільма Рыгора Чухрая “Чыстае неба”…

А што казаць пра палаючую Беларусь, кожны трэці жыхар якой ляжыць у зямлі сырой ці невядома дзе прапаў без вестак? Удовы салдацкія… Божа, колькі іх было пасля вайны… Тысячы, дзясяткі тысяч? А мо сотні тысяч? А колькі дзяцей-сірот засталіся без бацькоў?.. Трэба сказаць, што такая тэма для выяўленчага мастацтва, асабліва для скульптуры, — няпростая, неардынарная. У яе распрацоўцы лёгка збіцца на ілюстрацыю, апісальнасць, больш даступную, хутчэй, для кінематографа ці літаратурнага апавядання.

Мікалай Іванавіч рызыкнуў. Неаднойчы заходзіў да равяціцкіх удоў у хату. З куфра ці з-за бажніцы дастануць яны скруткі, у якіх — пажоўклыя аркушыкі “Загінуў смерцю храбрых” і жоўтыя франтавыя трохкутнічкі… Адразу назавуць населены пункт, дзе загінуў муж ці брат. А ў іншых і пісьма не засталося… “Калі я сустрэўся з імі ўпершыню, — расказваў Кандрацьеў, — усю ноч потым не мог заснуць, усхваляваны ўбачаным, глыбінёй ды прастатой праўды характараў гэтых жанчын. І мне стала зусім ясна, што вялікі подзвіг іхні — не толькі ў звышчалавечай працы ў тыле, у супраціўленні на акупаванай тэрыторыі, у складзе Чырвонай арміі, але і ў гэтым святым чаканні. А калі нарадзілася задума скульптурнай групы, я ўжо ведаў: буду рэзаць у дрэве і толькі ў дрэве — цёплым, жывым, трапятлівым… Але дзе ўзяць патрэбную пароду?.. Мая задума нікога не пакінула абыякавым. Першым на просьбу адгукнуўся былы сакратар Дзяржынскага райкама партыі Іван Дарашкевіч. Дзякуючы яму я прывёз у Мінск стогадовыя ліпы — дуплаватыя, якія чакалі высечкі. Вось так была створана работа. Думка ў ёй такая: паўшых чакаюць вечна. Гора ўдоў, слёзы і вечнае іх чаканне. Іх вечная праца на зямлі…”

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"