Водпуск для педагогаў ДШМ

№ 9 (827) 01.03.2008 - 07.03.2008 г

Пытанне, адказ, каментарый

Паважаная рэдакцыя, да вас звяртаюцца выкладчыкі Кобрынскай дзіцячай школы мастацтваў, пастаянныя падпісчыкі і чытачы “К”.
У Працоўны кодэкс Законам РБ ад 20 ліпеня 2007 года ўнесены змяненні. У артыкуле 155 пазначана: “Працягласць асноўнага водпуску не можа быць меншай за 24 каляндарныя дні. Пералікі арганізацый і пасад, а таксама катэгорый работнікаў з працягласцю асноўнага водпуску больш за 24 каляндарныя дні, умовы прадастаўлення і канкрэтная працягласць гэтага водпуску ўстанаўліваюцца Урадам Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Працягласць асноўнага водпуску абавязковая для ўсіх наймальнікаў”.
Выкладчыкі Кобрынскай ДШМ да змяненняў у кодэксе мелі 56 каляндарных дзён асноўнага водпуску, пасля ён скараціўся да 24 дзён, бо пасада выкладчыка ДШМ не ўвайшла ў пералік арганізацый, пасад і катэгорый работнікаў з працягласцю асноўнага водпуску больш за 24 каляндарныя дні. Гэты пералік апублікаваны ў газеце “Рэспубліка” ад 26 студзеня 2008 года на падставе і ў адпаведнасці з артыкулам 155 Працоўнага кодэкса ў рэдакцыі Закону РБ ад 20 ліпеня 2007 года “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь”. А вось пасада настаўніка агульнаадукацыйных школ у пералік увайшла. Наша ДШМ хоць і пазашкольная ўстанова, але навучальная, мы займаемся педагагічнай дзейнасцю, а нашы навучэнцы атрымліваюць пачатковую музычную адукацыю.
Нарматыўныя дакументы Кобрынскай ДШМ аналагічныя дакументам агульнаадукацыйных школ. Наша ўстанова працуе па навучальным плане, вядуцца журналы наведвальнасці і паспяховасці вучняў, агульнашкольная ведамасць з ацэнкамі па выніках чвэрцяў, навучальнага года, пераводных і выпускных іспытаў, складаюцца каляндарныя планы, планы пазашкольнай работы школы і класаў. У нашай установе — шасцідзённы рабочы тыдзень, урокі праводзяцца ў адпаведнасці з раскладам, зацверджаным адміністрацыяй.
На пачатку кожнага навучальнага года складаецца тарыфікацыя выкладчыкаў. Атэстацыйная камісія прысвойвае ім катэгорыі. Педагогі пачаргова павышаюць кваліфікацыю на курсах у Беларускім дзяржаўным інстытуце праблем культуры.
Пры нашай ДШМ дзейнічае метадаб’яднанне, якое аказвае метадычную дапамогу музычным школам і школам мастацтваў Кобрынскага раёна. У адпаведнасці з навучальным планам праводзяцца адкрытыя ўрокі. Навучэнцы школы — пастаянныя ўдзельнікі, дыпламанты і лаўрэаты музычных алімпіяд, фестываляў і конкурсаў. Неаднаразова наша ДШМ па выніках года прызнавалася лепшай школай мастацтваў Брэсцкай вобласці. Лепшай у вобласці яна стала і па выніках мінулага года, пра што абвясціў на выніковым сходзе работнікаў культуры Кобрынскага раёна начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Р.Бысюк...
У выніку пастаяннай прафарыентацыі больш за дзесяць выпускнікоў ДШМ штогод паступаюць у сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы Міністэрства культуры. Нашы вучні неаднаразова з’яўляліся стыпендыятамі Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. Апрача педагагічнай дзейнасці выкладчыкі заняты і пазакласнай работай, прапагандай мастацтва, канцэртнай дзейнасцю. Штогод салісты і калектывы вучняў і выкладчыкаў ДШМ ладзяць у сценах школы больш за сто канцэртаў для шырокай аўдыторыі. З 19 дзіцячых калектываў тры маюць званне “ўзорны”. Ёсць і сем педагагічных, з іх народным з’яўляецца аркестр народных інструментаў. Кобрынскіх музыкантаў віталі Польшча, Германія, Швейцарыя, Францыя, Харватыя, Расія, Украіна...
Усё так падрабязна падаём толькі для таго, каб падкрэсліць: індывідуальная работа з дзецьмі і творчыя заняткі музычным мастацтвам вымагаюць ад педагогаў мноства сіл і энергіі. Выступленні на сцэне (тым больш— на фестывалі ці конкурсе) — блізкія да стрэсу. Таму асноўны водпуск у 56 каляндарных дзён дазваляў педагогам узнавіць сілы, адпачыць маральна і фізічна, акумуляваць энергію, неабходную на наступны навучальны год.
Мы спадзяёмся, што скарачэнне асноўнага водпуску настаўнікам дзіцячых школ мастацтваў і музычных школ да 24 дзён — часовае непаразуменне. Тым больш, што 2008-ы абвешчаны Годам здароўя, а яго захаванне і падтрыманне — адзін са складнікаў дзяржаўнай палітыкі.
На старонках “Культуры” асвятляюцца не толькі дасягненні, але і праблемы работнікаў сферы культуры.
Калектыў Кобрынскай ДШМ спадзяецца на садзейнічанне ў асвятленні згаданага пытання.
Л.Алешка, С.Хоміч, Н.Чараватава,

усяго — 73 подпісы.

 

На пытанне нашых чытачоў, якое, неаспрэчна, хвалюе цяпер усіх без выключэння педагогаў дзіцячых музычных школ і дзіцячых школ мастацтваў краіны, мы папрасілі адказаць Н.ШМАКАВУ, начальніка ўпраўлення навучальных устаноў і кадраў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь:

— Гэтае пытанне адрасуюць нам сёння і прыватныя асобы, і калектывы ўстаноў культуры... Безумоўна, ДШМ— адзін з асноўных складнікаў дзяржаўнай сістэмы адукацыі і выхавання дзяцей і падлеткаў. Каб стаць віртуозным музыкантам, артыстам балета, харэаграфічнага калектыву, оперы, неабходна адолець першую прыступку прафесійнай мастацкай адукацыі — дзіцячую школу мастацтваў.

Для гэтага ў рэспубліцы дзейнічае 518 ДШМ, у якіх працуе больш за 11 тысяч выкладчыкаў. 1390 спецыялістаў і 53 калектывы, пераможцы міжнародных конкурсаў, заахвочаны спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Менавіта выкладчыкі школ мастацтваў закладваюць аснову падрыхтоўкі будучых майстроў. Таму ў рамках Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця вёскі паўсюдна адкрываюцца філіялы і класы ДШМ.

Іх роля ў пачатковай прафесійнай адукацыі, агульнаэстэтычным развіцці, прафарыентацыі моладзі — неацэнная.

Практычна не існуе розніцы ў рабоце агульнаадукацыйных школ з эстэтычным ухілам і дзіцячых школ мастацтваў. Аднолькавая нарматыўная і фінансавая базы. Атэстацыя выкладчыкаў праводзіцца ў адпаведнасці з Палажэннем аб атэстацыі педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі РБ, зацверджаным загадам міністра адукацыі і навукі ад 07.12.1995 № 456.

Не адрозніваюцца і працягласць навучальнага года, канікулаў, і ўстаноўленая норма гадзін на стаўку.

Выкладчыкі агульнаадукацыйных школ з эстэтычным ухілам і выкладчыкі ДШМ скончылі адны і тыя ж навучальныя ўстановы і маюць аднолькавую кваліфікацыю.

Аднак педагагічныя работнікі ўстаноў пазашкольнага выхавання і навучання, у тым ліку і ДШМ, не ўключаны ў пералік арганізацый і пасад педагагічных работнікаў, працягласць асноўнага водпуску якіх складае больш за 24 каляндарныя дні, што зацверджаны Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24.01.2008 № 100. Таму Міністэрства культуры падрыхтавала абгрунтаванне і ўносіць прапанову ў Савет Міністраў РБ і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у дадзены дакумент для ўстанаўлення выкладчыкам дзіцячых школ мастацтваў асноўнага водпуску працягласцю ў 56 каляндарных дзён.

Мы разумеем важнасць пытання, узнятага на старонках “Культуры” педагогамі ДШМ, і зробім усё для яго станоўчага вырашэння.