Беларусь — “часціца дарагога свету…”

№ 5 (1183) 31.01.2015 - 06.02.2015 г

Успаміны знакамітага філосафа аб радзіме
Цягам дзесяцігоддзяў іхнія імёны былі ў наc пад забаронай, а працы ведала вузкае кола спецыялістаў. На пачатку ХXI стагоддзя сітуацыя змянілася: іх ідэі сталі запатрабаванымі на радзіме. У апошнія гады навукоўцы самых розных спецыяльнасцей пачалі праяўляць цікавасць да Мікалая Лоскага (1870 — 1965), яго кніг, што сталіся філасофскай класікай у Еўропе і Амерыцы. Ён — найбольш вядомы ў свеце прадстаўнік старажытнага беларускага шляхецкага роду Лоскіх.

/i/content/pi/cult/516/11159/14-2.jpgГранкі не выдадзены

Верагодна, такі запознены інтарэс звязаны і з тым, што многія дзесяцігоддзі доступ айчынных спецыялістаў і шырокай грамадскасці да яго прац быў штучна абмежаваны. Складанасці доступу да архіўных дакументаў зведалі нават спадчыннікі. Напрыклад, каментуючы матэрыялы ўспамінаў свайго бацькі, Барыс Мікалаевіч Лоскі наракаў на цяжкасці, якія ён толькі збольшага змог пераадолець, наведаўшы напрыканцы жыцця (у пачатку 1990-х) Віцебскі абласны краязнаўчы музей. Там ён пакінуў гранкі кнігі “Наша сям’я ў пару ліхалецця. 1914 — 1922 гады” з аўтарскімі пазнакамі. Яны і цяпер чакаюць свайго выдаўца ў фондах. Таксама госць падарыў ўнікальныя дакументы пра сям’ю Мікалая Ануфрыевіча.

Цэрквы і касцёлы — “поўныя народу”

Нарадзіўся ж будучы філосаф у колішнім невялікім мястэчку Крэслаўка 6 (18) снежня 1870 года. Бацькі — Ануфрый Іванавіч (1825 — 1861) і Адэлаіда Антонаўна (1838 — 1925). Дзед жа Мікалая Іван, як вядома, быў уніяцкім святаром, што ўжо сведчыла пра яго беларускія карані. Можна з упэўненасцю выказаць здагадку, што, гэтак жа, як і Ануфрый Іванавіч, многія продкі Лоскага ды блізкія іх сям’і людзі пахаваны ў горадзе Краславе, які знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад сучаснай беларуска-латвійскай мяжы. Аўтары артыкула наведалі Краславу і Дагду, многія іншыя памятныя для сям’і Лоскіх мясціны, а разам з імі — Гістарычны і мастацкі музей у Краславе, дзе прадстаўлены матэрыялы пра жыццё ды творчасць філосафа. Пабывалі мы і ў храмах, якія разам з бацькамі наведваў малады Мікалай…

Бацька будучага філосафа Ануфрый Іванавіч шмат гадоў працаваў ляснічым і прывіў сынам прыхільнасць да беларускай прыроды. У Крэслаўцы і суседніх мястэчках Усвяты, Осунь, а таксама ў Дагдзе, куды неўзабаве па службе быў пераведзены бацька Мікалая, цэрквы і касцёлы былі “поўныя народу” — галоўным чынам сялянамі з суседніх беларускіх вёсак. Што ж да палякаў і латышоў, то, як падкрэсліваў сам Лоскі, яны ў гэтых месцах “сустракаліся ў невялікай колькасці”. Нашы нядаўнія гутаркі з жыхарамі Краслава ды ваколіц сведчаць, што хоць за мінулае стагоддзе нацыянальны склад тут трошкі змяніўся, але этнасацыяльныя працэсы апошніх дзесяцігоддзяў не ўнеслі істотных карэктыў у нацыянальны склад жыхароў гэтай памежнай тэрыторыі.

Маці казала: “Хадзі ж сюды”

Вялікі ўнёсак у фарміраванне духоўнага свету Мікалая ўнеслі бацькі, асабліва маці. Яна засталася ў яго памяці “рахманай, летуценнай, задуменнай” жанчынай, якая вельмі любіла разам з сынамі бываць на прыродзе, чытаць кнігі і наведваць касцёл. Нават пасля пераезду ў Віцебск, дзе сям’я апынулася пасля смерці Ануфрыя Іванавіча, а затым і ў Пецярбург лад жыцця маці вялікага сямейства значна не змяніўся. Па ўспамінах Барыса Мікалаевіча, яго бабуля вяла жыццё “дабраякасна правінцыйнае”, што нагадвала звычаі “дробнамаянтковых польскіх сядзіб на беларускай зямлі”.

Адэлаіда Антонаўна рыхтавала дзецям і ўнукам “куццю і ўзвар” — стравы, пецярбуржцам невядомыя. А яе гаворка, на погляд унука, была “поўная паланізмаў”. Да іх Барыс Лоскі, напрыклад, адносіў такія выразы, як “Хадзі ж сюды”, “Дакладна ж паўлюбляліся”, ды іншыя. Нашым суайчыннікам з Віцебшчыны, дый усім беларусам, верагодна, не патрабуюцца тлумачэнні, да культуры якога народу належыла маці філосафа, хоць яе, як і многіх іншых людзей, што спавядалі каталіцызм, расійскія чыноўнікі традыцыйна адносілі да палякаў. Гэтыя міфічныя польскія карані Мікалая Лоскага, а таксама яго ўласная палітычная пазыцыя ў дачыненні да бальшавікоў, якія выслалі яго і многіх іншых філосафаў за мяжу, прывялі да таго, што цягам доўгіх дзесяцігоддзяў, як ужо адзначалася, працы мысляра былі недаступныя для айчынных даследчыкаў.

Між тым у яго бібліяграфіі — амаль 300 назваў на рускай, нямецкай, англійскай, французскай, сербскай, чэшскай і славацкай мовах. Верагодна, за апошнія дзесяцігоддзі працы нашага земляка былі перакладзены і на іншыя мовы. Прынамсі, цікавасць да меркаванняў еўрапейскага філосафа сталі праяўляць і ў Азіі: Кітаі, Іране, Казахстане ды іншых краінах. Таму можна сцвярджаць, што недалёкі той дзень, калі творы Мікалая Лоскага будуць больш актыўна выдавацца і на беларускай мове. Бо першыя кнігі, артыкулы на ёй пра яго жыццё і творчасць з’явіліся толькі ў апошнія гады. І першай кнігай на беларускай мове стаў актуальны для сучаснасці твор “Умовы абсалютнага дабра”, выдадзены ў 2014 годзе Інстытутам філасофіі нашай Акадэміі навук.

Культура  як здабытак  чалавецтва

Пра шэраг асноўных прац навукоўца вядомыя спецыялісты кажуць: “Лоскі-філосаф нярэдка адсоўвае на задні план Лоскага-гісторыка”. Але ў некаторых яго працах назіраецца супрацьлеглая тэндэнцыя. Сярод іншага, яна характэрная для яго мемуараў. У адным са сваіх твораў Мікалай Ануфрыевіч падкрэсліваў, што “нацыянальная культура набывае вядомасць ва ўсім свеце толькі тады, калі каштоўнасці, развітыя ў ёй, становяцца здабыткам чалавецтва”. Гэтую заканамернасць сёння, думаецца, красамоўна дэманструе Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

Лоскі па-філасофску асэнсоўваў (і дэманстраваў у сваіх працах) значэнне асобы чалавека-творцы. Дарэчы, ён адным з першых у Еўропе ацаніў значэнне Марка Шагала. Да таго ж, знаходзячыся далёка ад радзімы, Мікалай Ануфрыевіч бачыў у карцінах земляка-мастака “часціцу дарагога свету, які пайшоў з жыцця”, а ў адносінах да Віцебска, як і да іншых мясцін, звязаных з успамінамі дзяцінства ды юнацтва, заўсёды захоўваў далікатныя пачуцці.

Імёны, “распаўсюджаныя на Беларусі”

Для творчасці Мікалая Лоскага характэрна таксама імкненне адлюстроўваць уклад папярэдніх пакаленняў творцаў і блізкіх людзей ды сваякоў, землякоў у фарміраванне яго поглядаў. Так, шмат добрых слоў ён выказваў на адрас сям’і вядомага юрыста Льва Лоскага, які прыбыў у сталіцу на дзесяцігоддзе раней з Полацкага павета і зрабіў там бліскучую кар’еру. Заўважым, што гэтая ж сям’я “шэфствавала” і над старшым братам Мікалая — Ануфрыем, які “па заканчэнні кадэцкага корпуса (у Полацку) вучыўся ў Міхайлаўскім артылерыйскім вучылішчы ў Пецярбургу”. Дарэчы, успамінаючы сваіх сваякоў, Мікалай Лоскі падкрэсліваў, што яго старэйшыя браты мелі імёны, “незвычайныя ў рускай сям’і”, але шырока “распаўсюджаныя на Беларусі”. Прычым старэйшыя дзеці (з беларускімі імёнамі) звярталіся да сваіх бацькоў на “вы”, а малодшыя, пачынаючы з Мікалая, на “ты”. Шырокае кола зносін сям’і, што мела стасункі, у прыватнасці, з мясцовай інтэлігенцыяй (сярод сяброў дома ў Віцебску, Пецярбургу ды іншых гарадах былі святары, настаўнікі, чыноўнікі і афіцэры з беларускімі прозвішчамі, напрыклад, артылерыст Гаруновіч, які ажаніўся з цёткай Мікалая), паўплывала на фарміраванне кругагляду дзяцей.

“Смарагдавая зеляніна лісця”

Мяркуючы па “Успамінах”, ужо ў дзяцінстве ў Мікалая склаліся першыя ўяўленні пра гісторыю Беларусі і ўсёй Расійскай імперыі. Прычым, па прызнанні вучонага, гэтае ўяўленне “пад уплывам досведу далейшага жыцця яшчэ больш развівалася і мацнела”. Мікалай Ануфрыевіч палымяна любіў не толькі сваю вялікую радзіму Расію, але і адчуваў далікатныя пачуцці да таго папраўдзе райскага кутка Беларусі, дзе ён нарадзіўся і вырас. Пра гэта сведчаць мемуары філосафа, яго іншыя творы, успаміны ягоных дзяцей ды ўнукаў.

Даследчыкі жыцця і творчасці Мікалая Лоскага неаднойчы адзначалі той эмацыйна-патрыятычны складнік, які напаўняе яго мемуары, успаміны пра экскурсіі і паездкі па Віцебшчыне. Будучага класіка філасофіі да глыбіні душы ўражвала “смарагдавая зеляніна лісця”, незвычайныя “фарбы ўсіх прадметаў” прыроды, якія “ішлі з глыбіні, прасвечваючы адзін скрозь другі”... Менавіта такое “мастацкае бачанне прыроды ў бліскучай пышнасці яе жыцця, <…> імкненне да глыбокіх інтымных зносін з прыродай і светам” мела вызначальны ўплыў на развіццё філасофскіх поглядаў Лоскага ды многіх яго землякоў, якія апынуліся за мяжой, а затым, насуперак думцы некаторых замежных даследчыкаў, — і на развіццё іх “беларускасці”.

У сувязі з памятнымі датамі — 145-годдзем з дня нараджэння і 50-годдзем ад часу смерці Мікалая Лоскага (снежань і студзень 2015 года, адпаведна) — уяўляецца асабліва важным новае прачытанне яго прац, у першую чаргу “Успамінаў”, якія датычацца гісторыі Віцебска-Полацкай зямлі…

Рыгор ЛЯНЬКЕВІЧ, кандыдат філасофскіх навук (Мінск),

Антон ВЫСОЦКІ, краязнаўца (Рыга)