Пра што мне піша неба

№ 5 (1183) 31.01.2015 - 06.02.2015 г

Іван КІРЧУК, лідар этна-трыа "Троіца", выкладчык Інстытута культуры Беларусі і Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка
Працягваем знаёміць чытачоў з фрагментамі кнігі фалькларыста, лідара этна-трыа “Троіца” Івана Кірчука “Гарыць свечка ля алтара”, выдадзенай ў мінулым годзе ў Мінску.

/i/content/pi/cult/516/11158/14-1.jpg

 

Іван Кірчук. "Залатыя горы".

Першая публікацыя з серыі — у № 3.

[…]

Дождж і вогненны захад. Што за фарбы? Пра што мне піша неба гэтымі знакамі? Што нас чакае? Чаму менавіта гэты колер сёння галоўны на нябеснай палітры?

6 чэрвеня.

6:15. Ноччу нехта засяляўся, тупаў, грукаў дзвярыма. А я ўсю ноч займаўся абрадам: расстаўляў рэквізіт, рабіў рытуальную паляну, збіраў трэбы, распальваў мноства вогнішчаў.

Худая, як поп-зорка, падушка ды лёгкая, але чужая коўдра не давалі сну! А 2 гадзіне сеў маліцца на пацерках. Уяўляў дзве энергіі Роду: мужчынскую і жаночую. Чаму я так маліўся? І менавіта тут… Не ведаю.

Мне трэба сур’ёзна падрыхтавацца да Купалля. У галаве мільгаюць нейкія новыя сцэны: з расой, агнём… Трэба пачытаць загаворы, спаліць у агні ўсё дрэннае…

10.50. Капліца радавала чысцінёй і прахалодай. Я сеў за малітвы. Звыкла — чатыры кругі пацерак.

Зайшоў у касцёл і замовіў службу за бацьку, дзеда Казіміра, бабулю Кацю, дзеда Тамаша і бабулю Паўлінку. А другую замовіў за здароўе Машы, Алы, мамы і сябе.

Потым зайшоў у манастыр. Там былі ўсталяваны сталы і гарэла шмат свечак. Я набыў шэсць, запаліў іх у гонар Продкаў. Калі верыць адной відушчай з Масквы, у мяне ў Родзе былі праваслаўныя. Маліўся каля свечак, прасіў Усемагутнага дараваць грахі майму Роду.

Холадна, трохі пагуляў па старым горадзе. Польская, французская, італьянская гаворкі, перакладчыкі. Чародкі турыстаў. Крамы радуюць багаццем, але нічога не магу прачытаць…

15.30. Змяняецца надвор’е і змяняюцца планы. Хтосьці ўжо перашкаджае? Я сядзеў, рыхтаваўся “вешаць”, маляваў. Але патэлефанавала Алёна, сказала, што дзеці раз’ехаліся і што працаваць будзем толькі заўтра, і тое пасля 18.00.

У кватэры каля мяне блукала лянота, адзінота. Усё! Бегма — у горад!

19.55. Цэнтр горада зацягнуў мяне ў людскі вір. Я стаў разглядаць і вывучаць усё! Каля катэдры фатаграфавалася вяселле. Іх разглядалі замежнікі і таксама фатаграфавалі. Маладыя губляліся на гэтай агромністай плошчы. Я падумаў: “Навошта трапляць пад прыцэлы сотняў вачэй? Тут жа — натоўпы турыстаў”. Але ці ж думаюць аб гэтым маладыя? Ім так хочацца пахваліцца шчасцем. Я зайшоў унутр. Пагрузіўся ў малітвы, і хутка пачалася служба на літоўскай.

Ішоў уздоўж берага ракі Нёман. Успаміналіся нейкія моманты жыцця. Шкадаваў пра многае. Зараз хацелася правесці дзяцей па гэтых святынях, каб жыла наша родавая традыцыя пілігрымаў…