Дзе ты, годны пакупнік?

№ 5 (1183) 31.01.2015 - 06.02.2015 г

Лёс будынкаў, скасаваных праз аптымізацыю ўстаноў культуры
“К” пісала пра тое, што ў выніку аптымізацыі там-сям па раёнах з’яўляюцца будынкі скасаваных устаноў культуры, якія вісяць на балансе аддзелаў і ніяк не выкарыстоўваюцца ў чаканні продажу з аўкцыёнаў. Наколькі гэты працэс хваравіты ў эканамічным плане? Ці шмат патрабуе высілкаў? І ці варта ў перспектыве беззваротна развітвацца з такой нерухомасцю? Сапраўды, калі будынак былой, скажам, сельскай бібліяітэкі месціцца ў “мядзведжым куце”, калі ён стары ды лядашчы, дык ці лёгка знайсці пры такім эканамічным раскладзе годнага пакупніка?.. На гэтыя ды іншыя пытанні “К” адказвае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мазырскага райвыканкама Ірына МІРОНЫЧАВА.

/i/content/pi/cult/516/11156/7-2.jpg— Справа ў тым, — распавядае Ірына Яфімаўна, — што ў нас аптымізацыя пачалася даўно — у 2007 годзе, калі Мазыр і раён аб’ядналі ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку. Пры гэтым зліцці мы правялі поўную тэхнічную інвентарызацыю ўсіх сваіх будынкаў ды збудаванняў. Дзесьці некалькі ўстаноў аб’ядналі пад адным дахам. Дзесьці перадалі будынкі на баланс тым, каму гэта было патрэбна. А дзесьці — своечасова знеслі… Так што, калі ў краіне пачалася ўсеагульная аптымізацыя, у нас усё “падчышчана” было…

— А складана было знесці?

— Усё залежыць ад таго, у якім стане будынкі. Былі такія, якія цалкам пайшлі на другасныя матэрыялы. Былі і такія, дзе гэтыя матэрыялы можна было яшчэ выкарыстоўваць. У такіх выпадках складалі адпаведны акт, ставілі будматэрыялы на баланс, і іх выкарыстоўвала гаспадарчая група аддзела… Інакш кажучы, адзінага алгарытму няма, кожны аб’ект патрабуе свайго падыходу…

— На сёння якая сітуацыя?

— Напрыканцы мінулага года аказалася толькі два будынкі, якія не выкарыстоўваліся. Мы прадаём іх праз аўкцыён Гомельскага абласнога тэрытарыяльнага фонду дзяржаўнай маёмасці, што падпарадкоўваецца Дзяржаўнаму камітэту маёмасці Рэспублікі Беларусь. Адзін будынак летась купілі. Сёлета знайшоўся пакупнік і для другога.

— Шчыра кажучы, ніколі не сутыкаўся з гэтым бокам шматлікіх аддзелаўскіх клопатаў. Што тут за тэхналогія, якія пакупнікі?

— Першы будынак знаходзіцца даволі далёка ад горада: прыкладна за 35 — 40 кіламетраў. Адна з арганізацый купіла яго пад вясковы склад. Другі месціцца непадалёк ад Мазыра. Яго плануюць купіць пад жыллё…

— Зыходзячы з журналісцкай камандзіровачнай практыкі, можна зрабіць выснову, што выхад на аўкцыён — дадатковы галаўны боль для начальніка…

— Ну, нездарма ж нас яшчэ і гаспадарнікамі называюць… Гэта ўсё роўна, як ва ўласнай хаце генеральную прыборку зрабіць. Калі чыста — і душа не баліць.

— І ўсё ж: як ладзяцца аўкцыёны?

— Перш чым падаць дакументы на аўкцыён праз Гомельаблмаёмасць, мы робім копіі адпаведных дакументаў, а таксама — ведамасць ацэнкі, якую загадзя замаўляем ў кадастравым агенцтве… Карацей, фарміруем пакет дакументаў і перадаём яго. А Гомельаблмаёмасць рыхтуе аб’ект для продажу праз аўкцыён. Так што продажам займаемся не мы.

— Даруйце за дылетанцкае пытанне: грошы вяртаюцца ў аддзел?

— Яны паступаюць у бюджэт раёна. Але не ў гэтым сэнс, бо ўсё, на мой погляд, — натуральна. Цягам года з раённага бюджэту нам выдаткоўваюцца дадаткова пэўныя сродкі на канкрэтныя мэты: рамонт, набыццё… Калі аддзел выглядае дастойна і не мае ў працы хібаў, дык і стаўленне да яго адпаведнае — і з боку кіраўніцтва раёна, і з боку спажыўцоў культуры.

— Калі ж начальнік зацягне з падрыхтоўкай пакета дакументаў?

— Дык і будынак на аўкцыён не выставяць. Ну, усякае бывае. Мы перад аўкцыёнам, напрыклад, у тым вясковым дамку вокны акуратна пазабівалі, траву на падворку выкасілі. Суседзі не адчувалі дыскамфорту, дый пакупнікі былі задаволены такім парадкам. Усё залежыць ад таго, як ты сам да любога клопату ставішся.

— Цікава, а ў перспектыве якім вам бачыцца лёс аптымізаваных будынкаў? Мо варта штосьці і на балансе пакінуць пад Дом рыбака ці паляўнічага?

— Натуральна, будынкі яшчэ будуць вызваляцца. На сёння, да прыкладу, тэма чытальных залаў паўстае. Калісьці пад іх адводзіліся вельмі вялікія плошчы. Сёння бібліятэчная справа арыентавана больш на абанемент. Магчыма, будзем пераглядаць плошчы чыталак. Мо нам падасца ў перспектыве, што занадта вялікі аб’ём падаграваем узімку. Нармальныя жыццёвыя рэчы. Тэарэтычна магчыма і вясковы гатэльчык у маляўнічым месцы зрабіць, калі з’явіцца на гэта турыстычны попыт ды будзе спрыяць заканадаўства…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"