Крэатыўны сектар: час для практыкі

№ 5 (1183) 31.01.2015 - 06.02.2015 г

Інвестыцыі ў культуру: рэаліі і перспектывы
На прыкладзе такіх краін, як Бельгія, Францыя, Вялікабрытанія, магчыма, і ў нашай дзяржаве варта прадугледзець некаторыя прэферэнцыі спадчыннікам прыватных калекцый ды іншай нерухомасці цудоўных дзеячаў культуры і мастацтва Беларусі. Навошта? Для прадухілення распродажу гэтых калекцый, лецішчаў, сядзіб, кватэр ды іншай маёмасці пасля смерці знакамітых уладальнікаў. Скажам, можна прадугледзець зніжэнне падатку на спадчыну ў тым выпадку, калі нашчадкі ў будучым перадаюць калекцыі ды аб’екты нерухомасці грамадскім арганізацыям у дар, дазваляюць дзяржаўным органам выкарыстоўваць іх у якасці выставачных экспанатаў і ствараць на плошчах публічныя музеі.

(Працяг. Пачатак у №№ 5152.)

/i/content/pi/cult/516/11155/7-1.jpgПадатковыя прэферэнцыі неабходна прадугледзець і фізічным асобам, якія па ўласным жаданні могуць рабіць унёскі ў развіццё ўстаноў ды арганізацый культуры. Магчыма, менавіта гэтыя дзеянні стануцца штуршком да развіцця і краўдфандынгу — разнавіднасці збору “народных грошай” праз сацыяльныя сеткі…

Пад краўдфандзінгам маецца на ўвазе калектыўнае супрацоўніцтва людзей, якія ў індывідуальным парадку, добраахвотна аб’ядноўваюць свае грошы ды іншыя рэсурсы, як правіла, праз Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі, каб падтрымаць намаганні іншых. Першапачаткова атрымальнікам дабрачынных сродкаў павінна быць заяўлена мэта, вызначана неабходная сума, складзена калькуляцыя выдаткаў, а інфармацыя па ходзе збору сродкаў мусіць быць адкрыта для ўсіх. Гэткім чынам летась збіралі сродкі для лячэння прадзюсара Максіма Алейнікава, а ў 2012-м гурт нашых суайчыннікаў “Бі-2” — на выпуск альбома.

Вынік з усяго вышэйназванага наступны: неабходна ў новым Законе аб дабрачыннасці ўлічыць усе магчымыя платформы і механізмы дзейнасці па працы з прыцягненнем прыватных сродкаў у культуру.

Пералік форм дзяржаўна-прыватнага партнёрства не павінен з’яўляцца вычарпальным. Новыя эканамічныя адносіны, якія ўзнікаюць у ходзе пераўтварэнняў у нашай краіне, непазбежна пацягнуць за сабой неабходнасць ажыццяўлення такога ўзаемадзеяння ў новых прававых формах. Але сфера культуры мае свае асаблівасці, а ў яе рамках існуюць розныя віды дзейнасці і арганізацыі: бібліятэкі, музеі, тэатры, канцэртныя залы, цыркі, клубы, паркі, помнікі гісторыі і архітэктуры. Адсюль — варыянтнасць прымянення форм дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў гэтай сферы.

Акрамя таго, выбар канкрэтнай формы аб’ектыўна залежыць ад задач, якія стаяць перад дзяржаўнымі органамі, установамі культуры, і іх магчымасцямі вырашаць гэтыя задачы. Ну а прыцягнуць бізнес да праблем развіцця культуры можна толькі праз рэфармаванне ўсёй фінансавай сістэмы ў сферы культуры. Сёння можна казаць пра пачатак такой рэформы, калі змяняюцца самі падыходы да фінансавання — ад каштарыснага да праграмна-мэтавага і, далей, да праектнага. Аднак утрыманне ўстаноў культуры ўсё яшчэ цалкам застаецца на бюджэце. Варта прыгледзецца, у тым ліку, і да досведу Расіі, пачаць пераход на новыя тыпы устаноў з рознай доляй фінансавых сродкаў дзяржавы, прыватнага капіталу ды іншых крыніц, такіх як казённыя, аўтаномныя ды бюджэтныя. Падобная разнастайнасць тыпаў устаноў прадаставіць большыя магчымасці ў плане творчай ініцыятывы кіраўнікоў устаноў.

Фандрайзінг патрабуе

Неабходна развіваць паслугі фандрайзінгу. Для яго поспеху ў нашай краіне, магчыма, не стае ведаў і досведу. У сувязі з гэтым, мяркую, мэтазгодна ладзіць у Інстытуце культуры Беларусі семінары-практыкі, канферэнцыі па фандрайзінгу з прыцягненнем спецыялістаў. Важная думка для такіх сустрэч наступная: перастаць турбавацца аб знаходжанні грошай і пачаць думаць пра карыстальнікаў, пра аўдыторыю праектаў. Неабходна казаць не толькі аб эфектыўных інструментах збору ахвяраванняў, але і пра тое, як зрабіць дабрачыннасць добрай звычкай для вялікай колькасці людзей, якую інфармацыю павінен даносіць фонд з такой мэтай.

Фандрайзінг — адносна новая з’ява. Спецыяльных навучальных курсаў па ім пакуль не ўведзена ў практыку. Ёсць хіба асобныя лекцыі спецыялістаў, але гэтага недастаткова. ВНУ варта арганізоўваць замежныя стажыроўкі для вывучэння досведу работы франдрайзінгавых кампаній і падрыхтоўкі лекцыйнага матэрыялу. Не першы год у Санкт-Пецярбургу праводзіцца спецыяльная профільная канферэнцыя па фандрайзінгу, пад час якой адбываецца абмен думкамі і перадача практычных навыкаў. У суседзяў таксама існуе курс павышэння кваліфікацыі “Фандрайзінг і мабілізацыя рэсурсаў”.

І зноў — пра інфармацыю…

Адной з прычын слабога ўдзелу прыватных інвестыцый у сферу культуры з’яўляецца нізкая інфармаванасць грамадскасці аб развіцці культурных аб’ектаў, прапаноў па ўдзеле ў праектах. Акурат таму на сайтах устаноў і арганізацый культуры варта прадугледзець блок даступнай інфармацыі аб прыцягненні на канкрэтны аб’ект або праект грашовых сродкаў, з указаннем мэты, задач, кошту задумы, усе патокі фінансавання і той грашовай часткі для ажыццяўлення, што адсутнічае. Толькі пры прыцягненні ўвагі да сумеснай працы можна казаць і пра магчымасці прыцягнення сродкаў фізічных ды юрыдычных асоб. Урэшце, насельніцтву важна заставацца не толькі спажыўцом культурных даброт, але і мець магчымасць быць удзельнікам ды сааўтарам стварэння таго або іншага праекта.

Для арганізацыі такой працы, апроч інфармацыі на сайтах, варта стварыць дзейсныя лабараторыі — цэнтры культурнага развіцця. Іх мэтай з’яўляецца праца з рэгіянальнымі дамамі культуры, скіраваная на лакальныя супольнасці, на ўцягванне жыхароў у фарміраванне культурнага працэсу — не з пункта гледжання творчага напаўнення, а ў плане стварэння ўмоў і эканамічнага аспекту развіцця. Праца мусіць весціся ад падрыхтоўкі фармату кароткіх прэзентацый да паўнавартаснай дэталізацыі з разборам канкрэтных праектаў. У такога роду лабараторыі ўдзельнічаюць эксперты, якія ацэньваюць праекты і ініцыятывы ў мікра- і макрааспектах, улічваючы тэндэнцыі на лакальным узроўні ды магчымасці развіцця ў адпаведнасці з прыярытэтамі рэгіянальнай, міжрэгіянальнай і рэспубліканскай культурнай палітыкі. Вядома, для аптымальнай працы названых утварэнняў спатрэбіцца распрацоўка адпаведнай метадалогіі.

Правілы гульні і прычыны памылак

Для эфектыўнай рэалізацыі праектаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства неабходна існаванне зразумелых “правілаў гульні” — гэта значыць, заканадаўчага рэгулявання дзяржаўна-прыватнага партнёрства і стварэнне сістэмы ўзаемадзеяння паміж дзяржавай і бізнесам. У большасці краін падобнае ўзаемадзеянне забяспечваюць дзяржаўныя органы. Як сведчыць міжнародны досвед, большасць няўдач у рэалізацыі праектаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства звязана з памылкамі ў структураванні 
праекта…

Аўтар: Алена РЫБЧЫНСКАЯ
харэограф, выкладчык, старшы навуковы супрацоўнік аддзела сацыяльнай сферы Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь: