Пастаянны кругазварот фондаў

№ 5 (1183) 31.01.2015 - 06.02.2015 г

Музей скіраваны на пошукі балансу паміж традыцыямі і "спрошчаным варыянтам" для спажыўца
Музей — аб’ект надзвычайны. І справа не толькі ў канцэнтрацыі даўніны на квадратны метр экспазіцыйнай плошчы. Справа ў захавальніках гэтай даўніны. Цёплую музейную аўру ствараюць нясумныя асобы, што маюць талент не адно адшукаць унікальную рэч, але і, надаўшы ёй частку сваёй душы, прымусіць ізноў працаваць на ўсеагульную духоўную карысць. Таму музеі не могуць быць сярэднімі, яны — альбо добрыя, альбо — кепскія. І зусім іншая гаворка — пра раённую ўстанову, што мае філіял у абласным цэнтры. Яна, нарадзіўшыся на прысожскіх паплавах, упэўнена “прабіваецца” і праз гарадскі асфальт. І тут не толькі адшукваюць, але і ствараюць. На пытанні “К” адказвае загадчык гомельскага філіяла Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава Пятро ЦАЛКА.

/i/content/pi/cult/516/11153/6-1.jpg

— Колькі гадоў філіялу?

— Больш як дзесяць гадоў гамяльчане і госці горада могуць пабачыць узоры ўнікальнай культуры Веткаўшчыны.

— Наколькі ведаю, месцазнаходжанне філіяла змянялася?

— Мелі памяшканне на праспекце Леніна, потым — на вуліцы Кірава. Колішнія наведвальнікі нас там і цяпер шукаюць. Але на сёння мы маем будынак у цэнтры Гомеля, на тэрыторыі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. І тут ёсць свае перавагі: пад час прагулкі па парку людзі заўважаюць нашы абвесткі, афішы, банеры, заходзяць і з радасным здзіўленнем знаёмяцца з самабытным мастацтвам. Што і казаць, Веткаўскі музей мае ўжо трывалую рэпутацыю. Чалавек мо і не пабываў яшчэ ў ім, але нешта абавязкова чуў. Будынак невялічкі, але гэта своеасаблівы, так бы мовіць, плацдарм для музейшчыкаў, дзе яны выпрабоўваюць, шліфуюць новыя выставачныя праекты. Потым гэтыя праекты маюць свой працяг у сценах Нацыянальнага мастацкага, Нацыянальнага гістарычнага музеяў, а таксама — за межамі Беларусі. Ёсць у нас супольныя праекты і з іншымі дзяржмузеямі, і з прыватнымі калекцыянерамі.

— Дзякуючы вось такой творчай лабараторыі ў Гомелі Веткаўскі музей не мае праблем з размяшчэннем фондаў?

— Іншыя ўстановы маюць у асноўнай экспазіцыі дзесяць-дваццаць працэнтаў экспанатаў з асноўных фондаў, усё астатняе схавана ад вачэй шараговых наведвальнікаў. У нас жа — пастаянны кругазварот фондавых рэчаў. Так што мы не толькі распрацоўваем навуковыя тэмы, звязаныя са стараабрадніцтвам, з традыцыйнай беларускай культурай, — мы яшчэ даём магчымасць людзям пабачыць усе экспанаты. Выстаўка “Не аддаць забыццю”, да прыкладу, прадэманстравала адрэстаўраваныя іконы XVIII — XIX стагоддзяў, якія не выстаўляліся і не публікаваліся… Дарэчы, Веткаўскі музей мае сваю рэстаўрацыйную 
майстэрню.

— Вы адсочваеце, ці скіроўваюцца наведвальнікі пасля агляду філіяла ў Ветку?

— Ёсць такая тэндэнцыя. А пасля Веткі ў Неглюбку адпраўляюцца, у тамтэйшы сельскі Цэнтр ткацтва, каб пабачыць жывую традыцыю. І наадварот, наведвальнікі, што спачатку былі ў Ветцы, абавязкова прыязджаюць да нас. У раённым музеі яны бачаць ручнікі, а ў нас — працэс іх вырабу. Больш за тое: у філіяле можна паспрабаваць самому выткаць ручнік. У сярэднім за месяц філіял сустракае тысячу наведвальнікаў. Адпаведна, не пустуе і Неглюбка. А тамтэйшыя ткачыхі скіроўваюць турыстаў у Стаўбун, дзе жанчыны з гурта “Стаўбунскія вячоркі” знаёмяць гасцей са сваімі абрадавымі, спеўнымі традыцыямі. Атрымліваецца, што праз Веткаўшчыну людзі знаёмяцца з каранёвай культурай усёй Беларусі.

— Ці патрэбна неглюбскаму ручніку рэклама для павелічэння яго продажу?

— Веткаўскі музей выпускае пэўную частку сувеніраў на гэтую тэматыку. І фільмаў таксама знята шмат. Але рэкламы мала не бывае. Патрэбны тут, на мой погляд, сістэмнасць і шырокае прыцягненне тэлебачання.

— Стараверства нейкім чынам паўплывала на станаўленне неглюбскага арнаменту?

— Не, ён — самадастатковы. Мы можам цяпер разглядаць эвалюцыю арнаменту. Гістарычна даказана ўжо, што неглюбскія землі былі абжыты ў ІV тысячагоддзі да нашай эры. Ёсць тут і гарадзішча — Стрэліца. Сярод аналагічных яму яно лічыцца адным з самых буйных у свеце. Уяўляеце, якая “біяграфія” ў ручнікоў? Сам па сабе арнамент не дзеліцца на элементы. Каб зразумець, што данеслі да нас продкі, неабходна ўспрымаць арнамент кампазіцыйна, у суадненасці з мясцовай традыцыяй. Напрыклад, кашулю ці ручнік з Міншчыны знаўцы ў Неглюбцы не ўспрымуць, і наадварот. Неглюбскія жанчыны добры тэрмін для гэтага прыдумалі: “чужасельскія”. Быццам бы тое ж самае “кручча” выкарыстоўваецца ў арнаменце, але ж не: чужасельскі ён… Словам, арнамент: не проста эстэтыка. Свой каляндарна-абрадавы рытуал патрабаваў сваёй арнаментыкі. Цыкл вырабу тэкстылю — таксама вельмі рэгламентаваны. І каб зразумець усё гэта, трэба самому быць у традыцыі… Арнамент на магніціку — спрошчаная арнаментыка для сучаснага спажыўца…

— Карысць веткаўскага музея ў тым, што ён расшыфраваў арнамент у кантэксце менавіта мясцовай культуры?

— Безумоўна! Сувеніры — гэта адно, а жыццё сімволікі ў музейных сценах — зусім іншае. Адна з бабуль-майстрых сказала: “Як ты пішаш буквы, так я ўзоры пішу”. Мы так і назвалі адну з выставак. І разам з наведвальнікамі правялі ў невялічкай зале аж тры гадзіны, тлумачачы, што бабулі на ручніках “напісалі”. Спрошчаны варыянт і традыцыйны, што дзіцячая размалёўка і твор Рубенса…

— Вы сам — ткач. Раскажыце, калі ласка, пра ткацкую майстэрню філіяла, пра ткацкае брацтва.

— Ёсць у нас адпаведны клуб “Параскева”. Кросны, ткацкія станы — з Веткаўшчыны. Традыцыя ткацтва — таксама. І яна — не проста тэхналогія, а яшчэ і ўнутраныя настрой, разуменне, перакананне. Так што ўсе нашы супрацоўнікі, якія працуюць у майстэрні, навучаліся ў неглюбскіх кабет. Я асабіста адношуся да трэцяга пакалення ткачоў у Веткаўскім музеі… У экспедыцыях табе тлумачаць умовы (нават абрадавыя) запраўкі, перадаюць адпаведны настрой. Былі пэўныя дні, калі жанчыны не пралі, не рыхтавалі нітку. Напрыклад, у пятніцу, бо Параскева гэтаму не спрыяла… Пры запраўцы станка трэба маўчаць. Тут два бакі: тэхналагічны, бо запраўка — справа няпростая і патрабуе поўнай увагі; сакральны, бо будучая тканіна прызначана для сакральных абрадаў, наўпрост звязаных з жыццём чалавека… Я для чаго пра гэта: усю тэхналогію можна і з дапамогай адпаведнага падручніка засвоіць, але нельга недаацэньваць ролю нашай экспедыцыйнай дзейнасці. Пра “ткацкі настрой” у падручніках не знойдзеш. А ў Сярэднявеччы, у Заходняй Еўропе ткалі ў большасці мужчыны, бо толькі яны маглі захаваць сакрэты ткацтва не выхо-
дзячы за межы аднаго роду. Жанчына ж навучылася, перайшла ў іншую сям’ю — і сакрэт знесла з сабой…

— Вернемся да стараверства. Столькі па свеце старавераў: у Галандыі, Канадзе, Амерыцы, у Сібіры… Ёсць намер пашырыць музейную сферы ўплыву за мяжой?

— У свой час у Гомелі праходзіла навуковая канферэнцыя з удзелам старавераў свету. Ёсць намер адрадзіць традыцыю. Прынамсі, для таго, каб досведам абменьвацца, рэаліямі, праектамі. Дырэктар Веткаўскага музея Галіна Нячаева як магутны эксперт у гэтай справе штогод павялічвае і падтрымлівае кантакты са стараверамі свету. Без гэтага не можа быць ніякай навуковай дзейнасці. Музейшчык без стасункаў са светам не мае падстаў для развіцця…

Фота Сяргея ТРАФІЛАВА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"