Калі за плячыма — школа…

№ 5 (1183) 31.01.2015 - 06.02.2015 г

Уладзімір РАДЗЕВІЧ, выкладчык па класе драўляных духавых Дзяржынскай дзіцячай школы мастацтваў
Педагагічны аўтарытэт не ўзнікае на пустым месцы. Згадваю нашых з канцэртмайстрам Таццянай Стэльмашук вучняў Данііла Крыловіча, які цяпер вучыцца ў Дзяржаўным каледжы імя Глінкі, Настассю Тумель...

/i/content/pi/cult/516/11152/5-3.jpgУ якіх толькі конкурсах, і джазавых і класічных, ні перамагалі гэтыя саксафаністы! Усё адбывалася на вачах у нашых сённяшніх вучняў. Гэтыя малечы жывуць музыкай. І таксама бяруць удзел у прэстыжных конкурсах. Пазалетась у нас былі важкія вынікі: мы пабывалі ў Маскве на міжнароднай “Адкрытай планеце”, дзе дзве салісткі ўзялі найвышэйшыя ўзнагароды.

А летась мы былі на “Пецярбургскай вясне”. На гэтым міжнародным конкурсе класічна гучала наша беларуская дудка. Грала на ёй дзевяцігадовая Ліза Крыгер (2 клас ДШМ), з якой я займаюся з пяці гадоў. У шэсць і сем яна пачала ўпэўнена заваёўваць першыя ўзнагароды на прэстыжных конкурсах. Той жа вынік мы атрымалі і ў Пецярбургу. Трэцяй прэміі дамаглася і наша флейтыстка Маша Южык. Быў узнагароджаны і ансамбль. У яго складзе — Ліза Крыгер, Маша Южык (6 клас ДШМ) і Ліза Александровіч, якая грае на фартэпіяна.

Потым было музычнае спаборніцтва ў Кракаве. Маша Южык стала лаўрэатам Першай прэміі. Гэтая ўзнагарода аказалася і ў камернага ансамбля. На адкрытым радыёконкурсе “Маладыя таленты Беларусі” ансамбль таксама заняў І месца.

Беларуская драўляная дудка гучыць, як блок-флейта. Проста на дудцы лягчэй граць, таму на гэтым народным інструменце можна і трэба выконваць класічную музыку. Што і робяць з поспехам нашы выхаванцы, якія з маленства хутка засвойваюць прыроду ды шырокія магчымасці драўлянага інструмента…

І сёлета мы зноў едзем у Санкт-Пецярбург. У лютым тут адбудзецца конкурс “Руская казка”. Спадзяёмся, што нашы выступленні таксама будуць удалымі...

Задача любой музычнай школы, як вы ведаеце, — не падрыхтоўка выканаўцаў-прафесіяналаў. Наша мэта — прывіць дзецям шчырую любоў да музыкі, эстэтычны густ. І удзел у конкурсах тут — як асноўны сродак самарэалізацыі, станаўлення творчай асобы. Але не думайце, што вандроўка з дзецьмі за мяжу — кшталту лёгкага шпацыру.

Па-першае, білеты каштуюць, мякка кажучы, не танна. І тут без спонсараў проста не абысціся. Знаходжу іх сярод знаёмых бізнесменаў. Вялікі дзякуй, што дапамагаюць і Аляксандр Мінько, і Андрэй Варанцоў, якія заўжды пералічваюць на наш рахунак ад трох да пяці мільёнаў рублёў. Па-другое, навучэнкі вельмі кепска пераносяць аўтатранспарт. І гэта, урэшце, вялікая адказнасць: суправаджаць музыкантаў у дальняй дарозе. А праграма ў іх, нягледзячы на ўзрост, — вельмі сур’ёзная. Таму і псіхалагічнае выпрабаванне — вялікае… Але мэта апраўдвае сродкі. Дзеці, якія сталі лаўрэатамі, — упэўненыя, сабраныя, адкрытыя.

Вядома, што спачатку ты працуеш на аўтарытэт, а потым — ён на цябе. Дык вось, конкурс на паступленне ў клас духавых драўляных вядомы на некалькі гадоў наперад. Так, можна і не ездзіць за мяжу на конкурсы, не рыхтаваць для гэтага праграмы, не шукаць спонсараў… Але на тое мы і прафесіяналы, каб нашы выхаванцы адчувалі за плячыма надзейную школу.

Фота Сяргея ТРАФІЛАВА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"