Этыка аўтарскага права

№ 5 (1183) 31.01.2015 - 06.02.2015 г

Алег МОЛЧАН, кампазітар, прадзюсар
Я сказаў бы, што ў нас, у Беларусі, сёння існуюць праблемы не столькі з аўтарскім правам, колькі з нормамі этыкі, паводзін, адносін паміж людзьмі. Вось на гэтыя нормы ў апошні час забыліся. Хаця, мабыць, і раней існавала частка людзей, якая меркавала, што ісці па галовах, не зважаючы ні на што, — гэта тое, што і трэба рабіць у жыцці.

/i/content/pi/cult/516/11151/5-2.jpg

Я ўжо шмат пажыў на гэтым свеце, і магу з упэўненасцю сказаць, што дадзеная пазіцыя не зусім правільная. Ёсць розныя жыццёвыя сітуацыі (да прыкладу, тая, якая склалася з дыскам “Re: Песняры”, дзе, на мой погляд, песня “Малітва” прадстаўлена на вельмі нізкім мастацкім узроўні), але ў розных абставінах кожны з нас не павінен забываць пра тое, што ўсе мы — людзі.

Сёння ў нас, на жаль, такія важныя рэчы, як праблемы з перапрацоўкай аўтарскіх песень, з правамі на імя, на тэкст, на мелодыю і на многія іншыя пытанні, аўтары тэкстаў ці песень вымушаны вырашаць самі, самастойна. Натуральна, пры дапамозе адвакатаў. Але, як вядома, часцей за ўсё аўтары — гэта творчыя людзі, зусім не падрыхтаваныя да падобных супрацьстаянняў, да марнавання часу ў судах, тлумачэння сваіх правоў… Да таго ж, нельга забываць, што ўсе гэтыя судовыя справы патрабуюць значных фінансавых выдаткаў. І не кожны (а аўтары, што ні кажы, — не самыя багатыя людзі ў нашай краіне) сёння можа сабе тое дазволіць. Таму сёння часцей за ўсё адбываецца наступнае: калі песню — без ведама аўтара — перапрацоўваюць, а пасля і выконваюць, дык гэта застаецца без пакарання. І нават проста без увагі грамадства…

Гэта, лічу, вялікая праблема. Вышэйагучанае не дазваляе нам, аўтарам, удасканальвацца. На маю думку, інтэлектуальная ўласнасць і праблемы яе абароны павінны быць прадстаўлены ў беларускім грамадстве на самым высокім. Прычым не толькі на заканадаўчым, а і нават на ўзроўні побытавага разумення. Да прыкладу, кожны разумее, што музычны цэнтр проста так узяць з крамы нельга. А тое, што музычны твор без дазволу і без аплаты ўзяць для выкарыстання таксама нельга, на жаль, пакуль не ўсе дакладна ведаюць.

І калі мы пра гэта не будзем казаць — у тым ліку праз сродкі масавай інфармацыі, — калі не будзем на гэтым акцэнтаваць увагу, дык ніколі не зможам данесці дадзеную інфармацыю да большай часткі нашага грамадства.

Я мару аб тым, каб у Беларусі з’явілася яшчэ адна арганізацыя, што займалася б аўтарскім правам і ўсімі пытаннямі, з ім звязанымі. Гэта можа быць дзяржаўная ўстанова альбо створаная пры тым жа Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці. І менавіта яна магла б займацца ўсімі тымі рэчамі, якія я згадваў на пачатку гутаркі, а менавіта: праблемай незаконнай перапрацоўкі або скажэння тэкстаў ці песень, абаронай правоў на імя і г. д. Бо ў таго ж НЦІС сёння ёсць магчымасць вырашаць праблему толькі незаконнага выкарыстання таго або іншага твора, а ўсе астатнія выпадкі парушэння аўтарскага права, фактычна, трэба вырашаць нам самім.

Я, да прыкладу, сутыкнуўся з адной з агучаных праблем і, прызнаюся шчыра, марную шмат часу на вырашэнне пытанняў. Хаця гэта зусім не мая задача, дый не мая віна! Але менавіта мне цяпер трэба ўсё гэта “разгрэбці”, каб атрымаць станоўчы вынік… І гэта раблю я, так бы мовіць, прасунуты ды раскручаны аўтар, які не першы год працуе ў музычнай сферы. А іншыя людзі, мае калегі, проста нават і не пачыналі б усім гэтым займацца, махнулі б на ўсё рукой… Бо ні для каго не сакрэт, што творчыя асобы — людзі сціплыя, маўклівыя, яны зазвычай не любяць шуміхі і не хочуць лезці ні ў якія судовыя працэсы… Як жа тады іх абараняць?..

А абараняць іх трэба. Бо такіх сітуацый, падобных да маёй, — вельмі шмат. Між тым, кожны аўтар кожнага аўтарскага твора асацыюе з гэтым творам сябе. І калі апошні перарабляюць або скажаюць, гэта, натуральна, выклікае абурэнне, незадавальненне і скруху. Я, напрыклад, напісаў, акрамя “Малітвы”, больш за 200 песень, якія гучаць на радыё ды тэлебачанні і якія выконваюць у навучальных установах, на фестывалях ды конкурсах дзіцячыя калектывы і вядомыя артысты. І кожную з іх асацыюю з сабой, бо стварыў іх я, прапускаючы праз уласнае светабачанне… Таму і “ваюю” цяпер у судзе, бо разумею, што мой прыклад дапаможа калегам.

Таму, паўтаруся, на маю думку, было б цалкам мэтазгодна арганізаваць такую структуру, пра якую я ўжо казаў, пры падтрымцы дзяржавы, Міністэрства культуры краіны. Гэтая ўстанова займалася б толькі абаронай правоў аўтараў, бо праблемных спраў у дадзенай сферы назбіралася вельмі шмат. Вось тады б сітуацыя з абаронай інтэлектуальнай уласнасці ў нашай краіне, лічу, адразу б змянілася да лепшага…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"