Пра рэнтабельнасць шырокага жэсту

№ 5 (1183) 31.01.2015 - 06.02.2015 г

Крысціна ЛЯДСКАЯ, арт-куратар, старшы навуковы супрацоўнік Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва
Гарадская мастацкая галерэя твораў Леаніда Шчамялёва напярэдадні Дня нараджэння майстра, чыё імя яна нясе ўжо без малога дванаццаць гадоў, ізноў дэманструе поўную калекцыю яго жывапісу, падораную мастаком Мінску ў 2003-м. Апошняе і стала тады нагодай для адкрыцця галерэі.

/i/content/pi/cult/516/11150/5-1.jpg“Белае сонца блакітнай зімы” — так, па назве аднаго з лепшых палотнаў майстра са складу калекцыі, названа выстаўка (працуе яна да 13 лютага), тэматычна не толькі пераклікаючыся з парой года за акном, але і адсылаючы да ўпадабанай тэмы як самога аўтара, так і шматлікіх знаўцаў яго творчасці. Бо шчамялёўскія “зімы” даўно сталі своеасаблівым брэндам, дэманструючы ўнікальнае ўменне мастака працаваць з усёй “снежнай” палітрай, у якой яму ўдаецца дасягнуць узрушаючых светлавых і колеравых эфектаў. Калекцыя ахоплівае перыяд творчасці аўтара з сярэдзіны 1970-х да пачатку 2000-х. Гэта значыць, перыяд творчай сталасці і ўжо сфарміраванай, беспамылкова пазнавальнай аўтарскай манеры.

Упершыню ўсе 60 работ Леаніда Шчамялёва, якія і сёння складаюць наш фонд, экспанаваліся на ўрачыстым адкрыцці Галерэі ў 2003-м. Свой шчодры падарунак гораду ды яго жыхарам Леанід Дзмітрыевіч патлумачыў тады тым, што работам мастака не месца ў майстэрні. Яны павінны жыць: сустракаць погляды людзей, дарыць радасць… Цудоўна што і сёння гэтая выдатная ініцыятыва працягваецца. Разам з абавязковай экспазіцыяй часткі калекцыі карцін Шчамялёва ў асноўнай выставачнай зале, напаўненне другой штомесяц змяняецца: тут прастора прадастаўляецца іншым сучасным мастакам, іх індывідуальным або групавым праектам, сацыяльным акцыям, асветніцкім мерапрыемствам. Таму кожны раз, калі калекцыя цалкам паказваецца на свет з галерэйных сховішчаў, займаючы сабой абедзве залы, што адбываецца не так ужо і часта, гэта зноў прымушае задумацца пра сэнс здзейсненага мастаком учынку дванаццаць гадоў таму. Маем нагоду прыгадаць пра ўнікальную сітуацыю ўзнікнення гарадской галерэі як дару гараджанам. А яны — усе мы — безумоўна, маюць патрэбу ў духоўным падсілкоўванні не менш, чым у новых гандлёвых цэнтрах ды паркінгах, нават калі і не заўсёды ўсведамляюць такую неабходнасць. Таксама маем чарговую нагоду зірнуць на галерэю сённяшнюю, каб ацаніць сітуацыю зноўку, каб працягваць існаваць і ўдасканальвацца, застаючыся маленькай, але ўстойлівай выспай культуры ў мікрараёне Серабранка...

Сёння сфера культуры не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім цывілізаваным свеце перажывае не самыя простыя часы. У аснову ўсё часцей ставіцца эканамічная мэтазгоднасць, выгада, рэнтабельнасць, рыначны кошт як галоўныя крытэрыі каштоўнасці той або іншай дзеі, з’явы, структуры, аб’екта ці нават суб’екта. Каштоўнасць і цана ўжо практычна сталі сінонімамі, хаця сапраўдныя каштоўнасці — бясцэнныя. Для культуры, вымушанай падладжвацца пад асаблівасці рыначнай светабудовы, гэта часта азначае адмову, хай і не зусім добраахвотную, ад яе асноўных функцый: захавання, асэнсавання ды прымнажэння культурных каштоўнасцей. Гэта значыць, адмову ад функцый, па вызначэнні затратных, на карысць функцыі забаўляльнай як той, што прыносіць прыбытак.

У прыватнасці, і перад Гарадской мастацкай галерэяй твораў Леаніда Шчамялёва зараз стаіць задача самаакупнасці як умовы існавання. Пытанне ў тым, як і чым, акрамя збірання талерантнай і цалкам адпаведнай невялікай прасторы галерэі платы за наведванне, магла б зарабляць выставачная зала, дзе не дазволены продажы ды іншая камерцыйная актыўнасць. Відаць, у 2003 годзе, калі прымалася рашэнне аб адкрыцці гэтай галерэі, па вызначэнні не камерцыйнай адзінкі гарадскога культурнага асяроддзя з асветніцкімі і прадстаўнічымі функцыямі, па савецкай інерцыі ўсё яшчэ мела месца разуменне таго, што ўстановы культуры падобнага тыпу павінна падтрымліваць дзяржава. Сёння, стаўшы філіялам вялікай музейнай структуры нароўні са значна больш буйнымі ды затратнымі аб’ектамі, якія ўваходзяць у яе склад, галерэя ўжо не можа разлічваць на забеспячэнне нават самых мінімальных сваіх патрэб.

Дарэчы, а ці думаў сам Шчамялёў тады пра нейкую рэнтабельнасць свайго шырокага жэсту? Бо сёння ён прадаў бы гэтыя свае 60 падораных гораду работ, скажам шчыра, хутка і дорага. Не, не думаў. Ці абясцэньваецца яго дар сёння толькі з-за таго, што дзяржава не заплаціла калісьці за яго шэдэўры вар’яцкую цану, як гэта часта адбываецца цяпер пры папаўненні музейных калекцый? Ні ў якім разе! Хіба не заслугоўвае належнай увагі ды павагі гэты ўчынак чалавека, які пранёс праз усё сваё доўгае, цяжкае, але слаўнае жыццё так і не дэвальваваныя для яго праўдзівыя каштоўнасці, што не маюць ніякай рыначнай цаны? Заслугоўвае! І наш горад, і гараджане, хочацца думаць, таксама заслугоўваюць такога падарунка…

Я ўпэўнена: падобных культурных месцаў, якія працуюць не толькі на патрэбу дня, павінна станавіцца ў Мінску не менш, а больш, хаця б дзеля падтрымання іміджа горада, які мае свае культурныя рэліквіі і дбайна іх захоўвае. Ну а калі ўжо так востра стаіць сёння пытанне выжывання галерэі, нават у якасці філіяла пад крылом больш магутнай структуры, значыць, можа, пара трохі саступіць націску часу і нарэшце прапанаваць гледачу нешта яшчэ, акрамя экскурсій па экспазіцыйных залах? Іншымі словамі, калі жывапіс Шчамялёва так цэніцца і так добра прадаецца, то чаму б не рабіць тое ў Галерэі Шчамялёва? І чаму б не паставіць у нас вітрыны з сувенірамі па матывах работ народнага мастака, альбомы, паштоўкі, календары, постары, дыскі? Але гэта пытанне ўжо да тых, хто прымае рашэнні быць ці не быць. І каму быць, і як быць далей...

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ