З песні слоў не выкінеш?..

№ 5 (1183) 31.01.2015 - 06.02.2015 г

Пачытаеш у прэсе ці ў Сеціве ўсе гэтыя зводкі з расійскіх культурных палёў, нагледзішся навін пра тое ж, і ажно зайздрасць бярэ. Тут ад аптымізацыі ў сферы беларускай культуры некаторыя яе работнікі моцна сумуюць, у гурткі і клубы сцежкі зарастаюць, бібліобусы не ходзяць, а там людзям з той жа галіны, здаецца, літаральна няма чым сябе заняць...

/i/content/pi/cult/516/11149/4-3 (1).jpgТолькі, лічы, пазаўчора ў Расіі адмаркіравалi мастацкія фiльмы, якія дэманструюць па ТБ, і тэлепраграмы ад “0+” да, умоўна кажучы, “бясконцасць+”, як учора хтосьці з тых самых законатворцаў, седзячы ля тэлеэкрана, здзівіўся: мультфільм “Ну, пачакай!”, аказваецца, мае ўзроставае абмежаванне. Таму што Воўк курыць, курыць, курыць! Пачухалі чыноўнікі разумныя галовы ды “амніставалі” жывёліну. І вось ужо малыя зноў цікавяцца ў бацькоў, а што гэта ў шэрага валіць з роту...

Толькі ўчора ўзяліся выкараняць ненарматыўную лексіку з кінематографа, як сёння амаль тыя ж самыя асобы, што выступалі за чысціню славянскай маралі, прапанавалі дазволіць гэтыя самыя выклічнікі. Маўляў, без іх не тая праўда жыцця паўстае ў праектах мастакоў. (Не выключана, што паглядзеўшы славутага “Левіяфана”, майстры кароткага і доўгага метра заключылі: глядач, зачараваны работай Андрэя Звягінцава, не паваліць, як раней, на іх новыя нятленкі, калі моцнага слоўца ў іх не пачуе.) Напэўна, тыя з рэжысёраў, хто злоўжываў матам у сваіх фільмах, а затым паспяшаўся пераманціраваць іх у адпаведнасці з рэаліямі, цяпер сутаргава вяртаюць у стужкі лаянку, каб меў месца зыходны некрануты сэнс твора.

Калі так пойдзе і далей, то неўзабаве варта чакаць лісты ад мэтраў расійскага музычнага мастацтва, якія абгрунтуюць дарэчнасць лаянкі ў песнях. Маўляў, паспяшаліся з забаронай “крыць” ад імя лірычнага героя кампазіцыі… Вам смешныя гэтыя “арэлі”? Мне таксама. Прынцып іх функцыянавання такі, што заўтра чарговыя творцы накатаюць “куды трэба” з заклікам ізноў разгледзець Ваўка на прадмет наяўнасці ў ім нікаціну і выдаліць з кінахіта “Изображая жертву” незабыўныя перлы капітана.

У Беларусі быццам бы збіраюцца ўвесці “плюсікі” для тэлепрадукцыі. Кінематограф наш — узор для пераймання ў сэнсе адсутнасці абсцэннага кантэнту. У нас матам карыстацца ў СМІ забаронена заканадаўча (нядаўна Мiнінфармацыі якраз і абмежавала доступ да двух інтэрнэт-рэсурсаў, якія змяшчалi вульгарызмы), як і ў Расіі. Урэшце, а ці можаце прыгадаць, колькі адміністрацыйных пакаранняў было накладзена на тамтэйшых артыстаў, якія дазволілі сабе са сцэны “згадаць маму”? Хоць бы прыблізна?.. Толькі адзін выпадак з “Noise MC” памятаю. Кажуць, што Сяргей Шнураў з гурта “Ленінград” вымушаны пазбягаць моцных выразаў у сваіх кампазіцыях пад час беларускіх канцэртаў. Праз раз. Але легендарны мінскі альтэрнатыўны музыкант як выконваў песні, што змяшчаюць арго, так і выконвае. Яго брэсцкі калега вядомы тым жа. Прытым, што ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях і ў Крымінальным кодэксе ёсць адпаведныя артыкулы.

Каюся, у мяне няма выразнай пазіцыі па гэтым пытанні. З аднаго боку, абурае, вядома, калі я чую, як нехта публічна “вышывае” прапановы, якім пазайздросціў бы Ігар Губерман. З іншага ж, мы жывём у такі агрэсіўны час, што хай ужо лепш словамі, чым справай... На вуліцы, у трамваі, у чарзе, з экрана, у песні. А майстрам культуры, мабыць, у творчым плане ўсё ж такі дазволена больш, чым нам — спажыўцам іх талентаў. Нягледзячы на роўнасць перад законам...

Заўважце, у якасці Юпітэра ў дадзенай калонцы я ні разу не згадаў вялікага рускага паэта. Вось дык я! “Ай да <censored>!..”

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"