“Ражджаство” і “Каляды”

№ 5 (1183) 31.01.2015 - 06.02.2015 г

Дыскусійна
Хачу выказацца пра выкарыстанне слова “Ражджаство” на старонках друку. Лічу, што яно неадпаведнае беларускаму маўленню, этымалагічна не наша.

Разумею, што ў пэўнай часткі вернікаў, для якіх беларуская мова не з’яўляецца роднай, той, на якой яны размаўляюць з дзяцінства, складваецца адчуванне, што яна не можа так узвышана перадаць асаблівасці найвышэйшай сакральнай лексікі, як руская ці царкоўнаславянская. У выніку і з’яўляюцца “Ражджаство”, “Благавешчанне” (хаця слова “благі” — па-беларуску азначае “дрэнны”) ды іншыя нонсэнсы.

У беларускай мове слова “Ражджаство” — новае і неадпаведнае асаблівасцям мовы. Са школы мы памятаем, што рускае “рождение” па-беларуску перакладаецца яе “нараджэнне”, а ніяк не “ражджэнне”. І раптам такі неалагізм, тым больш наша мова мае ўласныя традыцыі наймення гэтага свята.

Як вядома, форма “Раство” (гістарычна “Рожство”, “Розство”) — старажытная, уласцівая беларускай мове праваслаўнай традыцыі на працягу многіх стагоддзяў. Знаёмства з многімі рэлігійнымі беларускімі тэкстамі і дыскусіі з супрацоўнікамі Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пераканалі мяне ў гэтай думцы. Калі ж не падабаецца “Раство”, можна напісаць “Са святам Божага Нараджэння” ды “З Калядамі”, як тое робяць многія.

Слова “Каляды” з нядаўняга часу таксама пачало выкарыстоўвацца ўсё радзей, хаця менавіта яно здаўна было самай пашыранай ва ўсіх рэгіёнах Беларусі формай назвы гэтага свята. І зусім не язычніцкага свята сонцастаяння, а таго самага, пра якое я пісаў вышэй. Сапраўды, у Беларусі, як і ў іншых рэгіёнах свету, язычніцкія традыцыі ўліліся ў хрысціянскі рэлігійны кантэкст і традыцыйныя дахрысціянскія калядаванні сталі часткай Свята Божага Нараджэння. Сфарміраваўся цэласны святочны комплекс, які называўся Калядамі. Гэта асаблівасць нашай культуры (як і большасці культур хрысціянскага свету).

У савецкія гады з таго цэласнага комплексу спрабавалі выключыць усе хрысціянскія элементы, пакінуўшы толькі нешта “народнае” (фальклорнае, дахрысціянскае). Калі яшчэ ў беларускіх савецкіх слоўніках 1920-х можна было знайсці і “Каляды”, і “Раство” (як у слоўніку Сцяпана Некрашэвіча ды Міколы Байкова 1928 года), то ў пазнейшых выданнях застаўся толькі першы з названых варыянтаў. Ні пра якое Божае Нараджэнне размовы быць не магло, а такое слова, як “Ражджаство”, на той час яшчэ проста не прыдумалі. Так ці іначай, спробы выключыць рэлігійны фактар з гісторыі айчыннай культуры добрага выніку даць не маглі. Атрымлівалася нешта непаўнацэннае.

Сёння назіраем іншую крайнасць — імкненне выдаліць усе этнічныя асаблівасці, традыцыі развіцця нашай культуры. Падобнае характэрна, звычайна, для неафітаў — новых членаў рэлігійнай супольнасці. Менавіта такімі сталі многія колішнія атэісты, якія некалі таксама радыкальна і адназначна даводзілі адсутнасць Бога. Цяпер жа яны імкнуцца адмаўляць усё, што пярэчыць “ісціннаму” хрысціянству, у тым ліку — рэгіянальныя адметнасці. У ім не будзе месца Калядам і куцці, а будзе Ражджаство. Там няма Вялікадня і валачобнага абраду, а ёсць толькі Пасха. Але ж давайце будзем паважаць традыцыі продкаў!

Радуюся, што многія перыядычныя выданні адышлі ад гэтай моўнай формы. “Белпошта” перастала выпускаць маркі і паштоўкі “З Ражджаством!”, якія я некалі доўга перабіраў, каб знайсці хоць адну з прыстойным віншаваннем, што не будзе бянтэжыць маіх сяброў. Цяпер ёсць і “З Калядамі!”, і “З Раством!”, і “З Божым Нараджэннем!”, і “Са святам Божага Нараджэння!”.

Алесь СУША, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці