Нелірычная размова

№ 5 (1183) 31.01.2015 - 06.02.2015 г

Погляд на адборы: спроба прарыву ці “тая ж “Песня года”, толькі “выгляд збоку”?
Сёння ў Мінску на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання будуць абвешчаны лаўрэаты Нацыянальнай музычнай прэміі “Ліра” — лепшыя па выніках 2014 года беларускія поп-выканаўцы, кампазіцыі, аўтары песень ды іншыя героі — у 13 намінацыях. Форум, у рамках якога прафесійнае журы вызначае вядучых айчынных майстроў сучаснага песеннага мастацтва і называе пераможцамі адпаведныя праекты сезона, чарговы раз падлягаў перазагрузцы. Так, у яго з’явіўся новы суарганізатар — разам з Міністэрствам культуры ім стаў тэлеканал “АНТ”, — а частку таго, што раней адбывалася на прыхаванай ад вачэй публікі “кухні”, наадварот, вынеслі на суд тэлегледачоў у выглядзе адборачных тураў. За імі сачылі і тыя, хто сабраўся днямі за “круглым сталом” “К”. Гэта беларускія журналісты, якія пішуць пра музыку, Дзмiтрый ПАДБЯРЭЗСКI (намеснiк галоўнага рэдактара часопiса “Мастацтва”, далей — Д.П.), Сяргей МАЛІНОЎСКІ (рэдактар аддзела свецкай хронікі і тэлебачання газеты “Комсомольская правда в Белоруссии”, С.М.), Валянцін ПЕПЯЛЯЕЎ (аглядальнік штотыднёвіка “Народная газета”, В.П.), Аляксандр ЧАРНУХА (галоўны рэдактар інтэрнэт-партала “Ultra-Music”, А.Ч.). Наша выданне прадстаўлялі Надзея БУНЦЭВIЧ (рэдактар аддзела, Н.Б.) i Алег КЛІМАЎ (спецыяльны карэспандэнт, А.К.). А гаварылі яны пра тое, што пачулі ды ўбачылі. Крытыкавалі, не без таго, адзначалі моманты станоўчыя і дыскутавалі пра беларускую музыку наогул...

/i/content/pi/cult/516/11147/4-1.jpg

Пра назву і фармат

— У якасці размінкі прапануецца пытанне простае: ці патрэбна нашай краіне Нацыянальная музычная прэмія наогул?

Д.П.: — Мяркую, усе прысутныя са мной пагодзяцца: патрэбна. Але асабіста ў мяне ёсць прэтэнзія да назвы. Называць прэмію “нацыянальнай” і пакідаць па-за яе намінацыямі, скажам, акадэмічную музыку я лічу няправільным.

Н.Б.: — Нагадаю, менавіта такі “ўсеахопны” варыянт прапаноўвала калісьці Міністэрства культуры. Але калі справа рушыла ад ідэі да ўвасаблення, з’явілася ўдакладненне: “у галіне эстраднага мастацтва”. Дадам, што музычная намінацыя знікла і з Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Узнагароджанне адной эстрады — гэта, канешне ж, імкненне падтрымаць самае, бадай, “слабое звяно” айчыннай музычнай культуры, калі параўноўваць з сусветнымі здабыткамі ў гэтай сферы…

А.К.: — Пасля таго, як суарганізатарам прэміі замест тэлеканала “СТБ” стаў “АНТ”, я сярод намінацый не ўбачыў, напрыклад, рокавай і джазавай. Калі яны не з’явяцца на цырымоніі, то тады мы зноў прыйдзем да таго, з чаго пачыналася колішняя "Музычная прэмія СТБ", а затым яе правапераемніца Нацыянальная: адсутнасць сегментавання па напрамках. Пасля на СТБ усё ж увялі намінацыі, адпаведныя стылістычным кірункам артыстаў. Ну а зараз што?..

А.Ч.: — Мне таксама здаецца, што, калі выкарыстоўваецца менавіта такая фармулёўка — “Нацыянальная музычная прэмія”, неабходна вызначыцца з жанрамі, якія могуць трапляць пад яе фармат. Гэта павінна быць высокае мастацтва, а не эстрада, сапраўды акадэмічная, класічная музыка, жанры фундаментальныя, а не прыкладныя.

Д.П.: — Лагічным было б даць назву “Нацыянальная прэмія ў галіне папулярнай музыкі”.

А.Ч.: — Дарэчы, праз такі падыход, можа, і зніклі рок- ды джаз-намінацыі…

С.М.: — А я наогул не бачу сэнсу Нацыянальнай прэміі ў прапанаваным фармаце. Таму што на выхадзе атрымліваецца тая ж “Песня года”, толькі “выгляд збоку”.

Д.П.: — Ты не маеш рацыю. Адрозненне ёсць, і вельмі істотнае: і ў адборачных турах, і сярод тых, хто выйшаў у фінал, мы ўбачылі ды пачулі значна больш нікому не вядомых выканаўцаў.

С.М.: — Гэта іншае пытанне: а хто ўсе гэтыя людзі? Казалі, што прэмія стане новай, перафарматаванай, а вылучэнне артыстаў — празрыстым. Але, на мой погляд, ад “міжсабойчыку” ўсё роўна цалкам пазбавіцца не ўдалося. У журы я збольшага бачу тых жа, хто займаўся прэміяй, калі яе курыраваў “СТБ”. (Я і сам калісьці быў членам журы.) Казалі, што ў журы прафесіяналы, але я, напрыклад, бачыў, што запрашалі ў адборачную камісію часам па прынцыпе пасады, а не асобы. Дый сярод фіналістаў — усё тыя ж артысты, якія перамагалі ў мінулыя гады...

В.П.: — Я пагаджуся з Сяргеем: усё гэтае дзейства падобна на “Песню года”. І менавіта на расійскую — у тым сэнсе, што там яе арганізуе пэўны “музычны клан”. Ёсць верагоднасць таго, што і ў нашым выпадку асноўная колькасць прэтэндэнтаў з’яўлялася і з’яўляецца любімчыкамі, так іх назаву, пэўнага тэлеканала і радыёстанцыі? Да ўсяго, мне, напрыклад, смешна было глядзець на хваляванне Алены Ланской, якая перажывала, ці пройдзе яе кліп далей. Наогул, наколькі цікава было самім членамі журы праходзіць такі доўгі шлях — адборачныя туры — разам з выканаўцамі?

А.Ч.: — Я размаўляў з Іванам Падрэзам — адным з прадзюсараў праекта (у тэлеверсіі тураў ён меў зносіны “за кулісамі” з артыстамі), і атрымліваецца вось што. У шорт-ліст прэміі ўвайшлі песні, якія найбольш часта раціруюцца беларускімі FM-станцыямі, адпаведна, яны карыстаюцца папулярнасцю ў слухачоў. Гэта значыць, за іх галасавалі рэальныя людзі. З аднаго боку, карціна вымалёўваецца аб’ектыўная, крытэрый узяты дакладны. З іншага — я перакананы: большасць з гэтых выканаўцаў на свае сольныя канцэрты ў якім-небудзь самым маленькім клубе публіку не збярэ. Пра якую папулярнасць мы тады кажам?

Д.П.: — Дыяпазон тых выканаўцаў, што гучаць па радыё, вельмі вузкі. І сярод іх не так шмат тых, хто можа адпрацаваць канцэрт жыўцом, у якіх увогуле дастаткова песень на такі канцэрт. Вось таму і муляе так вока слова “нацыянальная”. Калі ў далейшым сітуацыя не зменіцца, то прыбіраць тое слова з назвы прэміі трэба адназначна. Атрымліваецца, што так званае перафарматаванне заключалася ў адаптаванні прэміі пад фармат тэлевізійнага музычнага шоу. Першасным стала тое, якім атрымаецца тэлепрадукт, а не тое, хто і за што, зыходзячы з якіх прафесійных крытэрыяў будзе адзначаны ўзнагародай.

А.Ч.: — Урэшце як шоу перадачы выглядалі нармальна, але — не як праект, пакліканы хоць неяк аб’ектыўна разабрацца ў тым, што ў нас адбываецца ў папулярнай музыцы. Я лічу, спроба не ўдалася. Ізноў прайшліся па вяршках, не занурыўшыся ў глыбіню…

А.К.: — Як прэмія канала “АНТ” дадзены праект мяне таксама задаволіў. Як раней задавальняла музычная прэмія “СТБ”: ваш канал, ваша прэмія, каго хочаце, таго і называйце лепшым спеваком Беларусі — гэта толькі ваша версія, якая не замахваецца на “нацыянальнае”.

С.М.: — На мой погляд, “АНТ” спрабуе рабіць сумленны конкурс. Але ж усе ведаюць, што на радыё працуюць людзі, якія самі пішуць песні, граюць у гуртах, і яны, вядома ж, прасоўваюць у эфір і свае песні. Адпаведна, цяжка выключаць, што яны іх не вылучаюць на прэмію. Пры гэтым на іншых радыёстанцыях ратацыі ў тых кампазіцый куды больш сціплыя.

А.К.: — А я злавіў сябе на тым, што асаблівых перажыванняў за канкрэтнага артыста не адчуваў. Вось глядзіш шоу “Голас” — і чамусьці хвалюешся за незнаёмага табе чалавека: выбера яго настаўнік ці не.

С.М.: — У гэты праект укладзены такія грошы, што было б дзіўна, каб тэлевізійшчыкі не здолелі захапіць гледача. Там працуе вельмі прафесійная каманда, якая ўмее ствараць інтрыгу нават у паўзе паміж нумарамі…

В.П.: — Эфект саўдзелу ў “Голасе”, вядома, прысутнічае... А хвалявання няма таму, што, можа, мы многіх ведаем? Або нешта пра кагосьці чулі, нават слухалі. Ну чаго такога незвычайнага нам чакаць ад знаёмых нам артыстаў? Ёсць нейкая штучнасць у цесным коле знаёмых адно з адным людзей пад назвай “Ліра”. А ў “Голасе” — амаль запар адкрыцці, імёны невядомыя, са сваім жыццёвым, творчым лёсам. І мы сябе як бы ідэнтыфікуем з тым самым Градскім: ці павярнуліся б?

С.М.: — Цікава, а сталі б мы хвалявацца за пераможцу другога сезона “Голасу” — нашага Сяргея Валчкова, калі б ён увайшоў у лік намінантаў прэміі?

А.К.: — Думаю, каб ён не стаў фіналістам наўпрост, ніякае б SMS-галасаванне гледачоў артыста не выратавала. Пяць тысяч званкоў “за” павінен быў набраць адбракаваны журы выканаўца, каб прайсці далей. Самую вялікую колькасць атрымаў Дзмітрый Каралёў — ледзь за тысячу. Арганізатары відавочна прытрымліваліся лепшай думкі пра папулярнасць айчынных поп-музыкантаў у народу. Але, на жаль, дадзены паказчык якраз і кажа пра тое, якая рэпутацыя нашых эстраднікаў.

Рэклама і цяпер там...

— Наколькі магутна, на вашу думку, сама “Ліра” як падзея адметная сябе прапагандавала, рэкламавала, папулярызавала?

А.Ч.: — У Інтэрнэце — вельмі і вельмі слаба…

Д.П.: — Што казаць пра папулярызацыю, калі на сайце “АНТ” ніякага Палажэння аб прэміі, дзе выразна былi б прапісаны крытэрыі вызначэння пераможцаў у той або іншай намінацыі, я не знайшоў. На сайце Міністэрства культуры Палажэнне аб прэміі датуецца 2012 годам, і сёння ў ім відавочна адбыліся змяненні.

С.М.: — Нам такі прэс-рэліз з “АНТ” даслалі. Калі звярнуцца ў прэс-службу канала, то там, думаю, не адмовяць у адпаведным дакуменце.

А.К.: — Зразумела, што “Комсомольской правде...” не адмовяць, але ёсць нешта ненармальнае ў тым, што ўсю неабходную інфармацыю аб буйным мерапрыемстве — афіцыйным, дзяржаўнага маштабу, — якая змяшчае і прынцыпова важныя рэчы, на сайце арганізатара не знайсці, што яе рассылка ажыццяўляецца выбарачна. І намінанты хочуць ведаць, што з’яўляецца меркай “лепшасцi”... А можа, і правільна: да чаго, напрыклад, палягчаць працу журналіста? Хай тэлефануе, просіць.

С.М.: — Дык у тым і заключаецца праца журналіста... Калі сур’ёзна, у нас, дапусцім, выйшлі чатыры публікацыі…

А.Ч.: — На адным з галоўных інфармацыйна-забаўляльных сеткавых рэсурсаў выйшаў матэрыял. На нашым партале. Калі было запушчана галасаванне на сайце АНТ, я спецыяльна праверыў колькасць згадак пра яго пачатак. У “Гугле” было пяць ці шэсць спасылак, тры з якіх — сайт прадзюсарскага цэнтра “Спамаш”, адна — старонка Алены Ланской у “Вконтакте”, яшчэ адна — сайт АНТ…

Селядзец пад футрам

— Якасць песеннага матэрыялу вас задаволіла? Склад выканаўцаў?

Н.Б.: — Калі прадстаўленае адлюстроўвае поўную карціну ўсяго таго, што адбываецца ў беларускай поп-музыцы, то бедная наша сучасная песенная культура… Мне ўсё гэта нагадала музыку, якае гудзе над вухам у маршрутках: надакучлівы фон. Ці сур’ёзная справа — прад’яўляць нейкія патрабаванні да фону? Тады лепшымі атрымаюцца песні, што, прынамсі, не раздражняюць…

А.К.: — Я бянтэжыўся, калі чытаў на экране радкі з прэтэнзіямі членаў журы да выканаўцаў, перад якімі яны запальвалі чырвонае святло: “Шаблонныя сцэнічныя рухі”, “Няўпэўненыя паводзіны на сцэне”, “Адсутнасць узаемадзеяння паміж артыстамі”, “Няма нумара”, “Неадпаведнасць формы зместу”. Прытым, што ў адборачных турах вызначаліся прэтэндэнты на перамогу ў намінацыях “Лепшы выканаўца або калектыў выканаўцаў”, “Лепшая беларускамоўная песня”, “Лепшая песня”, “Лепшы кліп”. Відавочна ўзнікалі пытанні: паважаныя, а што вы, уласна, ацэньваеце? Песню, голас або ўменне рухацца, касцюм?

С.М.: — Дык шоу жа! Галоўнае, каб было ярка, гучна, весела! Каб журы здзіўляла гумарам таксама.

А.К.: — Але, аказваецца, лепшага выканаўцу года можна назваць, праслухаўшы толькі адзін яго трэк? У цэлым жа набор песень мне падаўся вельмі слабенькім. Пры ўсіх заўвагах да прэміі “СТБ”, на працягу гадоў яе правядзення было з чаго выбіраць. Сёння — вакуум. З нацяжкай магу назваць пару каляхiтовых кампазіцый. У адрозненне ад Падрэза, які то адну, то другую называў хітом, суперхітом альбо мегахiтом. Разумею, што ён як музыкант, чалавек прафесіі, пастаўлены ў такія ўмовы, калі вымушаны хваліць... Узгадаў яшчэ “шпільку” ад журы: “Песня — не хіт”…

С.М.: — Мне здаецца, нашы артысты-аўтары летась настолькі захапіліся карпаратывамі, што перасталі ствараць. Увесь сённяшні наш шоу-бізнес такі — “селядзецпадфутравы”. Нарадзіўся спецыфічны выгляд сучаснага беларускага мастацтва: карпаратыўны шоу-бізнес.

Д.П.: — Вось і назвы прэмій для такога шоу-бізнесу варта падабраць адпаведныя: “Лепшая карпаратыўная песня”, "Карпаратыўная музычная прэмія"…

А.Ч.: — Для сярэдзіны 1990-х гэтыя песні прыдаліся б, але ў 2014-м пазіцыянаваць іх як самае лепшае, што ёсць сёння ў Беларусі з поп-музыкі, — значыць, прафаніраваць гэты жанр. Прытым, што ў нас дастаткова музыкантаў, якія выконваюць актуальную, сучасную музыку, хаця па радыё і з тэлевізараў мы чуем тое, што трапляе пад нейкі фармат, але не мае нічога агульнага з тэндэнцыямі ў свеце.

В.П.: — Мне крыўдна за тое, што мала былі прадстаўлены нямінскія артысты. Няма зрэзу музычнай карціны па краіне, за бортам застаецца процьма таленавітых выканаўцаў. Праз трыццаць гадоў на якім-небудзь шоу члены журы спытаюць 50-гадовага ўнікума: “Дзе вы былі раней?!..” — “Спяваў у рэстаране ў Барысаве...”. Канал “СТБ”, які мы часта згадваем сёння, таксама заслугоўваў шмат крытычных слоў за прэміі, што праводзіў. Але сёння ён робіць праграму “Гарады, якія спяваюць”. Яе, зноў-такі, ёсць за што пакрытыкаваць, але праект гэты патрэбны, важны. Не ведаю, можа, не варта акцэнтаваць увагу на тым, што Нацыянальная музычная прэмія “Ліра” — прэмія прафесійная і для прафесіяналаў. Можа, і аматараў да яе дапускаць?

А.Ч.: — Браць людзей толькі з-за таго, што на бязрыб’і і рак — рыба, таксама было б няправільным. Задача прэміі — узнагародзіць лепшых, але прынцып “ахапіць як мага больш гарадоў” не павінен з’яўляцца мэтай.

С.М.: — Ну, добра, чаму сярод намінантаў не было праекта “Shuma”? Выдатная дыскатэчная музыка!..

З песні слоў не выкінеш?..

 

Д.П.: — Таму што нефармат.

С.М.: — Таму што не падыходзіць пад фармат карпаратыўнага мастацтва? Дзе “IOWA”, Макс Корж, наогул выканаўцы, кшталту Вайцюшкевіча, якія займаюць цэлыя нішы?..

В.П.: — Я пра іншае спытаю. А навошта статуэтка “Ліры” такому артысту, як Аляксандр Саладуха?

А.К.: — Чарговае прызнанне.

В.П.: — Ён сабе яшчэ не ўсё даказаў? Дык што, пацвярджэнне статуса?

А.Ч.: — А песня, з якой ён прэтэндуе на ўзнагароды, — “Не заставляйте женщин долго ждать”, калі не памыляюся, два гады таму ўжо намінавалася на Нацыянальную... Ці вось сітуацыя: песня рэпкор-гурта “Rili Dope” ў духу “Limp Bizkit” мае дачыненне да эстраднага мастацтва, а творчасць гурта “Akute” — не. Вось такія рамкі.

В.П.: — З фарматам прэміі насамрэч не ўсё зразумела. Чаму няма шансон-выканаўцаў? Дзе Сяргей Славянскі? Я сур’ёзна кажу. Эстрада ж? Эстрада.

А.Ч.: — Дзе Георгій Дабро?..

“Нервы набирают килогерцы...”

— Ці будуць каментарыі да таго, што сярод 39 нумароў, якія выйшлі ў фінал, толькі сем з’яўляюцца беларускамоўнымі? Нават англамоўных больш…

А.Ч.: — У мяне непакою або раздражнення гэты факт не выклікае. Пры вызначэнні лепшых адштурхоўваюцца ад якасці матэрыялу, а не ад мовы.

Н.Б.: — Я расставіла б іншыя акцэнты: цэлых сем!.. Магчыма, гэта адлюстроўвае рэальную карціну спажывання канкрэтнага прадукту: колькі спажываем, столькі і вырабляем. Беларускамоўных песень не будзе да таго часу, пакуль у іх не зацікаўлены слухач. Напэўна, фестывалю ў Маладзечне мала, каб больш з’яўлялася такіх твораў. Напэўна, патрэбен не толькі праект, які праходзіць адзін раз у год, а цэлая серыя акцый. І такія акцыі, у якіх не перапявалi б класічны рэпертуар, а нараджалася ды прапаноўвалася новае і якаснае, на добрай беларускай мове. І, вядома, вымаўленне. Рэзала слых, калі артысты спявалі так, нібыта зачытвалі тэкст з паперы. Адчувалася, што гэта не іх паўсядзённая мова, што яны на ёй і не думаюць, і не размаўляюць. Пагалоўна няправільны гук “г”. У савецкія гады нават зоркі нашы перазапісвалi песні па некалькі разоў. Побач з імі стаялі рэдактары, якія сачылі за вымаўленнем, інтанаваннем і гэтак далей. А цяпер хоць неяк запішуць — і ў ратацыю. “Птушачку” паставяць: і выканаўца, — што цяпер у яго ў рэпертуары ёсць песня на беларускай мове, і на радыё з тэлебачаннем, — што эфіраць беларускамоўную кампазіцыю.

— Спадарства, вы ў тэксты песень наогул услухоўваліся?

В.П.: — Нашай эстрадзе добрыя паэты не патрэбны, бо тады давядзецца пісаць на тэксты добрую музыку, што цяжка. Ёсць цэлы пласт паэтаў, якія могуць напісаць выдатныя вершы, як той жа Віктар Шніп. Але сённяшняя эстрада — гэта ж рынак, кавалак хлеба. Эканомней, выгадней выканаўцу самому сабе скласці тэкст — спачатку на рускай мове, а потым загнаць яго ў вэб-перакладчык ды перакласці на беларускую. І атрымаецца нармальная эстрадная... халтура.

А.К.: — Цытую трэк Ланской: “Нервы набирают килогерцы”. У Чыжыкава (аўтар — Макс Алейнікаў): “И взлетали ресницы, как заморские птицы”. Спявачка Снег (тэкст Аляксея Набеева — ён жа лідар гурта “Atlantica” Алекс Дэвід): “В моей жизни не бывает константы”. У параўнанні з гэтымі перламі ў Гроса над вершамі працаваў проста паэт-песеннік: “Падает звезда — посмотри в глаза”. А лепшай, не выключана, стане песня Германа, дзе лірычны герой спявае: “Мы спали в одной постели”…

С.М.: — Жах, што любяць людзі! Як у “IOWA”, напрыклад: “Это не шутки — мы встретились в маршрутке”.

А.Ч.: — Або “Brutto”: “Вот летит грач, ты не бей его ногой, — бей ногой мяч!”…

С.М.: — Як сказаў нехта з музыкантаў “Троіцы”: “Такое адчуванне, што музыка і словы ўжо скончыліся”.

В.П.: — Мо сам час патрабуе нейкіх лапідарных фармулёвак?

С.М.: — Мо тэксты пачаць пісаць? Я б змог.

А.Ч.: — У новым альбоме Каржа таксама шмат такіх рэчаў, ад якіх за галаву хапаешся. Адрозненне ў тым, што Макс ведае сваю аўдыторыю і размаўляе з ёй на яе мове. А ў нашым выпадку наогул не зразумела, дзе гэтая аўдыторыя і ці здольная яна ўсю тую плынь свядомасці праглынуць. Гэта такая музыка, у тэксты якой не ўслухоўваюцца. Іх хаваюць цалкам. Менавіта ха-ва-юць. Асабліва ўражлівыя расцягваюць на цытаты і з захапленнем публікуюць у сваіх фэйсбуках. Усёпераможны кагнітыўны дысананс…

— Кліпаў таксама было мала...

А.Ч.: — А нашы выканаўцы ў сваіх інтэрв’ю так і кажуць, што кліпы ім не патрэбны. У Аляксея Хлястова да гэтага часу не было ніводнага.

С.М.: — Мне ён казаў, што нарэшце збіраецца зняць кліп. Праўда, не ведае, для чаго. Я з ім згодны, дарэчы. Кліпы зараз здымаюць, калі ёсць грошы. Альбо ідэя, якую можна танна рэалізаваць.

В.П.: — Можа, сыходзіць кліпавая культура?

С.М.: — Дык іх няма дзе паказваць! Хіба ў “добрых ранiцах” на тэлебачанні…

А.Ч.: — І на “БелМуз-ТБ”.

С.М.: — Усё роўна “выхлап” не варты таго, каб укласці 10 тысяч долараў, умоўна кажучы. Самая эфектыўная аддача можа быць ад паказу кліпаў у метро. Не ведаю, як цяпер, але калісьці кліпы паказвалі там бясплатна. Там і самае месца для апытанняў пад хіт-парады. Задачу сваю відэа выконвала: запомніць артыста, ідэнтыфікаваць яго з песняй.

А.Ч.: — Кліп Макса Сірага на кампазіцыю “Крот-фронт” гурта “The UNB”, колькі яго ні круці ў метрапалітэне, усё роўна ў намінанты не трапіць. Яго яшчэ адборачная камісія не прыме, паколькі ён занадта альтэрнатыўны, не для ўсіх…

Некалькі добрых парад

— Прачытаюць гэты артыкул людзі з тэлеканала “АНТ” і скажуць: “Ізноў займаюцца тым, што рабіць прасцей за ўсё, — крытыкуюць. А вы самі прапануйце што-небудзь канструктыўнае!”...

С.М.: — Музычны крытык і піяршчык Дзмітрый Безкаравайны, чалавек які сістэмна думае, пару гадоў таму прапаноўваў выразна выпісаны рэгламент Нацыянальнай прэміі. Ад яго адмовіліся.

А.Ч.: — Мы, між іншым, выкарыстоўвалі “рэгламент Безкаравайнага” для сваёй прэміі ў 2012 годзе... Што я параіў бы? Першае: неабходна дакладна выпісаць аб’ектыўныя крытэрыі — нельга дапусціць ніякага намёку на густаўшчыну. Іх не так шмат. Адзін з такіх крытэрыяў рэальнай папулярнасці артыста — колькасць прададзеных білетаў на яго канцэрты. Другое: у журы павінна быць не дзесяць і не дваццаць чалавек, а значна больш, каб усё гэта можна было назваць “рэпрэзентатыўнай выбаркай”.

С.М.: — І каб у яго не ўваходзілі чыноўнікі. Толькі дзеючыя артысты, аўтары песень, аранжыроўшчыкі, кліпмэйкеры, прадзюсары, прамоўтары, арганізатары канцэртаў, адміністратары канцэртных пляцовак, работнікі радыё і тэлебачання, звязаныя з музыкай, музычныя журналісты і крытыкі — вось хто павінен яго складаць.

В.П.: — А я нічога не змяняў бы. Таму што ў цяперашнім сваім выглядзе гэта ідэальнае шоу, якое адпавядае пастаўленым задачам. Гэта лепш, чым нічога. Можа, на працягу года трэба падаграваць цікавасць гледачоў, рабіць нейкія перыядычныя дзённікі прэміі. Каб публіка паступова ўлюблялася ў гэтых персанажаў, чакала навін пра іх, іхніх з’яўленняў на экране, перажывала за выканаўцаў, песень новых чакала. Можна раз’язджаць здымачнай групай па гарадах і паказваць, што там адбываецца з сучаснай музыкай, хто там у зорках... А ў фінале ўсіх намінантаў пасяціць у які-небудзь катэдж і зрабіць рэаліці-шоу...

Н.Б.: — У чым сэнс такіх конкурсаў, акрамя таго, што кагосьці кімсьці прызнаюць і нечым узнагародзяць? У тым, што яны стымулююць цікавасць да пэўнай сферы…

Штосьці не так з прасамі?..

— У фінале давайце якраз і пагаворым пра стымуляванне, пра тое, якія сэнсы трэба ўкладаць у фразы “Прэмія павінна спрыяць павышэнню ўзроўню...”, “Прэмія праводзіцца ў мэтах развіцця...”. Без пафасу ніяк не абысціся?

Н.Б.: — Калі арганізатары зацікаўлены ў нейкім узроўні свайго мерапрыемства, яны самі павінны ствараць той Алімп, да якога трэба імкнуцца, самі павінны ставіць планку на тую вышыню, якую неабходна пераадольваць. Сэнс — у стварэнні якасных твораў, у росце майстэрства, у з’яўленні новых імёнаў, у выхаванні новых выканаўцаў і аўтараў. А ў нас часцяком выбіраецца лепшае з таго, што ёсць.

А.К.: — Хіт, напісаны пад прэмію, мае дачыненне да “павінна спрыяць...”?

А.Ч.: — Да развіцця беларускай музыкі такі твор ніякага дачынення, вядома, не мае. Да развіцця карпаратыўнай беларускай музыкі — так. Такі карпаратыўны хіт, хутчэй, шкодзіць сучаснай нацыянальнай песеннай культуры, таму што ў ім няма глыбіні, мастацтва, але ў ім ёсць імгненнае, вельмі павярхоўнае, тое, што на патрэбу, што можна прадаць тут і зараз. Песня, напісаная пад нешта, вельмі рэдка станавілася агульнанацыянальным здабыткам. Трэба быць або стаць геніем, каб стварыць штосьці такое. Пра беларускія эстрадныя песні, якія ў апошнія гады гучалі з усіх прасаў, казаць не даводзіцца…

А.К.: — Можа, штосьці з прасамі не так?..

А.Ч.: — Прасы ёсць — хітоў няма.

С.М.: — Ёсць яны. Я зноў прыгадаю праект “Shuma”. Але па радыё і тэлебачанні яго песні не круцяць. І іншыя музыканты глядзяць на Русю і хаваюць свае хіты ў стол. Да лепшых часоў…

А.Ч.: — Ёсць лакальныя хіты, папулярныя ў нейкай часткі народу: песні Каржа, песня “Мама” гурта “IOWA”…

А.К.: — Але з цяперашнім беларускім песенным мастацтвам іх не асацыююць, так, як асацыявалі з Беларуссю песні “залатых” “Песняроў”.

А.Ч.: — Не ідэнтыфікуюць менавіта з Беларуссю, з музыкантамі, выхадцамі з нашай краіны?

А.К.: — Так.

Д.П.: — Сёння ў модзе і такі трэнд, калі аўтары ўсё часцей пішуць песні не для артыстаў, а для выканання іх на карпаратывах. Багаты чалавек заказвае шансон сабе, а жонцы — раманс…

В.П.: — Сапраўдным хітом песню робіць час…

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"