“Прарыў” без традыцый немагчымы

№ 4 (1182) 24.01.2015 - 30.01.2015 г

Вячаслаў КАЛАЦЭЙ, загадчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў
Найперш варта адзначыць, што працаваць з аўтэнтычным фальклорам (“жывым” этнамастацтвам, якое і з’яўляецца нематэрыяльнай культурнай спадчынай) у вышэйшай школе пачалі нядаўна. Адзін з першых такіх досведаў у Беларусі — кафедра этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Створана яна не так ужо і даўно: у 2003-м. Але ўжо з 2009 — 2010 гадоў кафедра стабільна знаходзіцца ў пяцёрцы лідараў па аб’ёме навуковых публікацый у БДУКіМ і мае адзін з наймацнейшых навуковых складаў універсітэта.

/i/content/pi/cult/515/11141/5-2.jpgЯ кажу гэта без перабольшання. Бо мы сёння сапраўды маем цэлае сузор’е спецыялістаў па розных напрамках традыцыйнай культуры. Згадаю, напрыклад, такія вядомыя ў Беларусі імёны, як Энгельс Дарашэвіч, Аляксей Рагуля, Вольга Лабачэўская, Тамара Варфаламеева, Мікола Козенка. Акрамя таго, у нас актыўна працуюць этнафоназнаўцы Таццяна Пладунова, Наталля Петухова, Ларыса Рыжкова, Эвеліна Шчадрына, даследчыкі Алесь Сурба, Вячаслаў Красулін ды іншыя.

Цягам усіх гэтых гадоў кафедра выпрацоўвае адукацыйныя мадэлі для вышэйшай школы, якія спрыялі б захаванню ды ахове каранёвай культуры краіны. І сёння мы маем шмат заявак-просьбаў на падрыхтоўку па комплексных, сістэмна вывучаючых этнакультуру спецыяльнасцях. Напрыклад, такіх, як культурная антрапалогія.

Як вядома, адпаведна нарматывам па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, сучасныя фалькларысты павінны праводзіць дзейнасць па трох напрамках. Гэта ахоўная справа (праца з носьбітамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны (НКС) у мэтах іх падтрымкі і стымуляцыі працэсу перадачы традыцый паміж пакаленнямі), этнакультурна-выхаваўчая (праца з дзецьмі і моладдзю ў мэтах інтэгравання НКС у іх асяроддзе) ды статыстычна-рэпрэзентатыўная (маніторынг НКС і інфармаванне пра яго вынікі). Таму цягам 2003 — 2009 гадоў калектыў кафедры сумесна з тагачаснымі супрацоўнікамі аддзела традыцыйнага мастацтва Інстытута культуры Беларусі выпрацаваў адладжаную мадэль дзейнасці па перайманні нематэрыяльнай культурнай спадчыны ды ўвёў яе ў навучальны працэс

З 2011 года наша кафедра распрацоўвае буйную навуковую тэму «Спадчына вуснай традыцыі беларусаў: захаванне і рэвіталізацыя ў ХХІ стагоддзі». Гэтая тэма прысвечана канцэптуальна-тэарэтычным ды практычным асновам злучэння каранёвай культуры нашага народа з сацыяльна-культурнай практыкай сучаснай Беларусі. Напрыклад, мы высвятляем, што патрэбна скарэктаваць у светапоглядзе і мадэлях дзейнасці сучасных навукоўцаў, педагогаў, выхавацеляў, каб такія рэчы, як смыковая і дударская музыка, майстэрства аўтэнтычных спеваў, побытавы танец, традыцыйная этыка, не зніклі канчаткова пад націскам бескантрольнай глабалізацыі і дэгуманізацыі значнай часткі сучаснага свету.

Таму ўдзельнікі створаных часовых навуковых калектываў, згодна з тэмай, сёння здзяйсняюць шэраг даследаванняў. Да прыкладу, па вывучэнні адраджэння смыковай і дударскай музыкі (прафесар Энгельс Дарашэвіч, аспірант Вячаслаў Красулін) ці слуцкіх паясоў (дацэнт Вольга Лабачэўская).

На маю думку, без канцэптуальнага апірышча на этнатрадыцыі, культуру і этнаэкалогію ў сістэмным выхаванні моладзі ні пра які «прарыў» у прамысловых тэхналогіях, у дызайне ды нават у якасці жыцця беларускага грамадства сёння казаць проста няма сэнсу. Тым больш, што прыклады падобнай сістэмнай адукацыі ды яе паспяховасці ў розных краінах свету — у нас перад вачыма. Згадаю хоць бы Японію, Кітай, Нарвегію, Швецыю — тыя краіны, якія сёння знаходзяцца ў шэрагу самых развітых дзяржаў планеты і ў якіх этнатрадыцыі прывіваюцца з самага маленства.

І яшчэ. Не магу не сказаць і аб тым, што сёлета ў БДУКіМ плануецца адкрыць магістратуру па фальклоры. Працэс падрыхтоўкі да гэтай значнай падзеі заняў амаль тры гады, але іх, па-праўдзе кажучы, зусім не шкада. Бо што ні кажы, а адкрыццё новых напрамкаў адукацыі ды якаснае навучанне на іх спецыялістаў — няпростая і доўгатэрміновая справа. Увогуле, актыўнай моладзі сёння ёсць куды імкнуцца. У тым ліку — і на нашай кафедры этналогіі. Напрыклад, адразу тры магістранткі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — нашы выпускніцы — атрымалі ў мінулым годзе на рэспубліканскім конкурсе навуковых работ дыпломы І ступені. І гэта сапраўды беспрэцэдэнтны выпадак для адной кафедры.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"