Музей бульбы? Чаму б і не!

№ 4 (1182) 24.01.2015 - 30.01.2015 г

Ірына ЛАПЦЁНАК, прарэктар Інстытута культуры Беларусі, кандыдат філалагічных навук
Сёння ў Інстытуце культуры Беларусі распрацоўваюцца тры асноўныя навуковыя тэмы. Першая з іх скіравана на забеспячэнне кадравага складу ў сферы культуры краіны, перападрыхтоўку кадраў і павышэнне кваліфікацыі. Другая мае на мэце стварэнне базы даных і інтэрнэт-партала культурных каштоўнасцей, што знаходзяцца за межамі Беларусі. Трэцяя тэма вывучае і аналізуе дынаміку развіцця музейнай сеткі Беларусі.

/i/content/pi/cult/515/11139/5-1.jpgУ рамках апошняй тэмы супрацоўнікі Інбелкульта даследуюць змест і структуру айчыннай музейнай сферы, тыя працэсы ды праблемы, якія ў ёй на сённяшні дзень існуюць. У выніку плануецца распрацаваць мадэль развіцця музейнай сеткі Беларусі — з улікам інавацыйнага замежнага досведу — і прадаставіць навукова-метадычныя рэкамендацыі на перспектыву. Менавіта пра апошнюю з агучаных тэм мне б хацелася распавесці падрабязней.

Як вядома, сёння ў культурнай прасторы Беларусі склалася разгалінаваная музейная сетка. Яна ўяўляе з сябе сукупнасць музеяў, што дзейнічаюць на пэўнай тэрыторыі і адлюстроўваюць гісторыю сацыяльна-эканамічнага і сацыякультурнага асваення тых або іншых мясцін.

Выяўленне перспектыў развіцця музейнай сеткі звязана з арганізацыйнымі інавацыямі, якія павінны павысіць эфектыўнасць працы музейных устаноў і палепшыць сістэму кіравання музейнай дзейнасцю. Так, да прыкладу, сёння ў многіх замежных краінах адбываецца працэс фарміравання інавацыйных структур музейнай сферы і галіны культуры. Ствараюцца музейныя кластары і шматфункцыянальныя культурныя цэнтры, аб’яднаныя для правядзення сумеснай праектнай дзейнасці. На жаль, у нас музеі пакуль існуюць, фактычна, самі па сабе, а музейшчыкі не ведаюць, што цікавага адбываецца ў іхніх калег у суседніх абласцях ды нават раёнах. Такога, як я лічу, быць не павінна. Наадварот, варта распрацоўваць як мага больш сумесных праектаў, ствараючы запатрабаваны і якасны прадукт, як гэта здаўна робяць за мяжой.

Таксама, на маю думку, у краіне вельмі не стае новых відаў музеяў. А нам сёння ні ў якім разе нельга забываць пра тое, што запатрабаванасць музея грамадствам знаходзіцца на першым месцы. Таму варта абавязкова думаць над тым, як зацікавіць сваёй экспазіцыяй любога наведвальніка.

Зараз у свеце ствараюцца музеі, якія прывабліваюць турыстаў адметнымі ідэямі, тэхналогіямі, актуальным зместам. Сярод іх вылучаюцца, да прыкладу, музеі, дзе сабрана тая або іншыя калекцыя прадметаў. Такія ўстановы, як Музей хатняй іконы, Музей лялек, Музей старадаўніх інструментаў, Музей экслібрыса ці Музей мініяцюрнай кнігі, заўсёды змогуць разлічваць на цікавасць наведвальнікаў. Магчыма, варта і нам падумаць пра нешта падобнае?

Да адметных музеяў, якія абавязкова наведаюць айчынныя ці замежныя турысты, можна аднесці і тыя, што раскрываюць нацыянальныя з’явы ды працэсы. Назаву, да прыкладу, Музей нацыянальнай кухні ў Перу ці Музей сала ва Украіне. Чаму б у Беларусі не падумаць над стварэннем падобных устаноў, скажам, Музея бульбы?

Сёння ў свеце існуюць такія ўстановы, якія прывабліваюць наведвальнікаў сваёй інтэрактыўнай формай: Музей-карабель, Музей-тэатр “Ледніковы перыяд”, Музей-лабірынт. А, напрыклад, у Германіі існуе Музей хлусні, а ў Харватыі — Музей няшчаснага кахання. Упэўнена, што і ў Беларусі падобныя ўстановы наведвалі б куды лепш, чым звыклыя нам раённыя музеі, скіраваныя, у асноўным, на краязнаўчую ды гістарычную тэматыку…

Упэўнена, з цягам часу ў нашай краіне з’явяцца і свае, унікальныя не толькі для краін СНД, але і Еўропы, “луўры” ды “эрмітажы”. Галоўнае, што нам трэба рабіць пры далейшым фарміраванні музейнай сеткі, дык гэта пазбягаць стварэння музеяў-двайнікоў, а таксама засяродзіць увагу на развіцці музейных устаноў новага тыпу, якія пакуль не атрымалі шырокага распаўсюджання ў Беларусі ці ўвогуле адсутнічаюць. Гэта, акрамя ўжо згаданых, дзіцячыя ці жывыя музеі, закансерваваныя ў часе, з дэманстрацыяй старажытных тэхналогій (майстэрні, крамы, пякарні), прамысловыя музеі (якія прадстаўляюць унікальныя формы індустрыялізацыі краіны ці рэгіёна), музеі навукі і тэхнікі, музеі сацыяльнай гісторыі, віртуальныя музеі ды многія іншыя…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"