Даследаванні на любы густ

№ 4 (1182) 24.01.2015 - 30.01.2015 г

Кацярына ДУЛАВА, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, доктар мастацтвазнаўства, прафесар
Адразу хачу адзначыць, што Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі на працягу ўсёй сваёй 80-гадовай гісторыі разам з вялікай працай па выхаванні прафесійных музыкантаў заўсёды звяртала ўвагу на пашырэнне ўласнай навуковай дзейнасці. Таму сёння можна з упэўненасцю казаць аб тым, што Акадэмія з’яўляецца прызнаным цэнтрам беларускага музыказнаўства і музычнай педагогікі Беларусі. Дарэчы, яшчэ ў 2013 годзе БДАМ прайшла акрэдытацыю ў якасці навуковай установы і афіцыйна пацвердзіла свой высокі статус.

/i/content/pi/cult/515/11136/4-1.jpgСёння ў нашай акадэміі функцыянуе важны орган самакіравання — вучоны савет, у кампетэнцыю якога ўваходзіць разгляд пытанняў навуковай і рэдакцыйна-выдавецкай дзейнасці ўстановы. Арганізацыю і каардынацыю навукова-даследчай дзейнасці, працу па навукова-метадычным забеспячэнні навучальнага працэсу, а таксама працу па інфармацыйным насычэнні сайта Акадэміі музыкі і вядзенні баз даных па таленавітай і адоранай моладзі сёння ў нашай установе ажыццяўляе навукова-даследчы аддзел.

Трэба сказаць, што ў БДАМ выконваюцца некалькі актуальных для галіны айчыннай культуры і мастацтва навуковых заданняў, у тым ліку і па Дзяржаўнай праграме “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады. Гэта, да прыкладу, заданне па распрацоўцы метадалогіі і методыкі вывучэння, захавання і рэпрэзентацыі нацыянальных выканальніцкіх школ музычнага мастацтва (навуковы кіраўнік — доктар педагагічных навук, прафесар Вадзім Яканюк). Таксама сёння супрацоўнікамі Акадэміі актыўна распрацоўваюцца навукова-тэарэтычныя асновы і практычныя рэкамендацыі па развіцці нацыянальнай кампазітарскай школы (навуковы кіраўнік дадзенай тэмы — доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава). Па выніках яшчэ аднаго навуковага задання, мэтай якога з’яўляецца захаванне спадчыны выдатных дзеячаў беларускай музычнай культуры (навуковы кіраўнік — кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Алена Лісава), рыхтуецца да выдання зборнік матэрыялаў, прысвечаны аднаму з заснавальнікаў беларускай кампазітарскай школы Анатолю Багатырову.

Варта адзначыць, што некаторыя з тэм, якія плённа распрацоўваюцца ў Акадэміі, скіраваны на навуковае забеспячэнне дзейнасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Так, навуковы калектыў на чале з прафесарам Вадзімам Яканюком сёння завяршыў распрацоўку методыкі архівацыі нотных дакументаў і мадэлі электроннага архіва на прыкладзе фонду кампазітара Льва Абеліёвіча. Далей плануецца публікацыя падрыхтаванага зборніка камерных вакальных твораў гэтага знакамітага беларускага кампазітара.

Самае важнае, на мой погляд, — гэта тое, што вынікі навуковых супрацоўнікаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі заўсёды знаходзяць прымяненне на практыцы. Апублікаваныя матэрыялы выкарыстоўваюцца ў навучальных курсах амаль усіх музычных каледжаў рэспублікі, на ўсіх факультэтах і ў магілёўскім філіяле Акадэміі, а таксама ў многіх іншых навучальных установах гуманітарнага профілю. Варта зазначыць, што да гэтых навуковых распрацовак актыўна звяртаюцца многія работнікі сродкаў масавай інфармацыі для стварэння разнастайных публікацый, радыё- і тэлеперадач па тэмах музычнай культуры Беларусі.

Выкладчыкамі нашай установы ствараюцца і публікуюцца манаграфіі, зборнікі матэрыялаў навуковых канферэнцый, вучэбныя і вучэбна-метадычныя дапаможнікі, хрэстаматыі, нотныя выданні. З 2002 года ў нас выходзіць навукова-тэарэтычны часопіс “Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі” і шэсць серый выдання “Навуковыя працы Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі”. Яны, дарэчы, уключаны ў Спіс навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў.

У навуковай дзейнасці БДАМ актыўны ўдзел бяруць маладыя кадры — нашы студэнты, магістранты, аспіранты. Спадзяюся, што мы падрыхтуем новае пакаленне навукоўцаў і творцаў, якія, абапіраючыся на досвед ды традыцыі старэйшых майстроў, дасягнуць новых вышынь у абранай прафесіі.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"