Фэст Куляшова — у Нясвіж?

№ 4 (1182) 24.01.2015 - 30.01.2015 г

Наталля ПЛАКСА, краязнаўца, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Карцэвіцкай школы Нясвіжскага раёна
Не думала, што падобнае ўзрушэнне чакае мяне ад шараговага, здавалася б, мерапрыемства.

Я — пра раённы міжшкольны конкурс дэкламацый у Нясвіжы, прымеркаваны да 100-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Куляшова. Брала ў ім удзел як настаўніца і ў пэўным сэнсе адбывала свой педагагічны абавязак: прадстаўляла таленавітую вучаніцу з перакладамі твораў класіка. Аднак здарыўся цуд! У мяне ўзнікла (і не пакідала!) шчаслівае адчуванне: асалоды наслухацца роднага слова — вытанчанага і гранічна дасканалага — я займела напоўніцу...

Аўдыторыю складалі журы ды ўдзельнікі конкурсу — настаўнікі і дзеці. Нумары праслухоўваліся для экспертнай ацэнкі. Усё ішло па звыклай схеме. І мне вось падумалася, што гэтыя юныя галасы, узнёсла-шчырыя ды звонкія, пастаўленыя дзякуючы педагагічнаму ўмельству маіх калег, не толькі “выцягваюць” чарговае школьна-раённае мерапрыемства. Маю на ўвазе выхад школьных дэкламацый на людзі, хай сабе ў невялікія сціплыя залы мясцовых культустаноў, але з адпаведнай афішай ды пад апладысменты ўдзячных слухачоў. Мяркую, зыходзячы са шматгадовага досведу настаўніка роднай мовы, чые вучні-лаўрэаты сёння ўжо скончылі навучальныя ўстановы. З досведу больш эмацыйнага — вярталася з падобных мерапрыемстваў, акрыленая таленавітасцю нашага школьніцтва, эстэтычна ўзнятага на такі ўзровень, калі можна заслухацца і выканальніцкім майстэрствам, і словам, вымаўленым з любоўю ды разуменнем.

І падумалася пра гэта мо ўпершыню. Бо акурат у той самы час у палацавым двары музея-запаведніка “Нясвіж”, на які калісьці неаднойчы выходзіў па-
дыхаць восеньскім паветрам сам Паэт, калі пісаў у старадаўніх сценах былога санаторыя паэму “Хамуціус”, ладзілася свята кшталту нямецкага “Актобэр-фэсту”.

Зусім не збіраюся проціпастаўляць адно другому — проста, слухаючы родна-блізкае ў выкананні Дзяцей, зашчымела на душы: А чаму, чаму б не зладзіць фэст, звязаны з Куляшовым? Адказ, спадзяюся, з часам знойдзецца, і свята куляшоўскага Слова яшчэ прыйдзе ў культурны турыстычны Нясвіж — спачатку, магчыма, праз публічныя дзіцячыя дэкламацыі.