Эпоха CD: давай, да пабачэння!..

№ 4 (1182) 24.01.2015 - 30.01.2015 г

Фізічныя носьбіты як бізнес-праект і музычны артэфакт у Беларусі знікнуць?
Напрыканцы 2014-га спыніў існаванне лэйбл “Беларуская музычная альтэрнатыва”. Пад гэтай “шыльдай” будуць адбывацца выступленні артыстаў, але вырашана паставіць крыж на шматгадовай, у чымсьці “місіянерскай”, дзейнасці па выданні кампакт-дыскаў з работамі сучасных айчынных выканаўцаў, архіўнымі запісамі, музычнымі артэфактамі. Дык на якім свеце знаходзіцца беларускі CD-рынак і куды без яго падацца артысту?..

/i/content/pi/cult/515/11132/6-3.jpg

Што кажуць выдаўцы?

Віталь СУПРАНОВІЧ, прадзюсар:

— Праект "Беларуская музычная альтэрнатыва" стартаваў у 1996 годзе як суполка аматараў беларускамоўнай музыкі. У 1999-м выйшаў першы зборнік “Вольныя танцы: слухай сваё”. Спачатку выпускалі пласцінкі як бы для сябе і кола знаёмых. Але прыйшло ўсведамленне: творчасць такога роду неабходна папулярызаваць ды распаўсюджваць больш шырока. Кажучы высокімі словамі, я спадзяюся, што і праект зрабіў унёсак у тое, што хаця б частка нашага народа стала ўсведамляць сябе менавіта беларусамі.

Калі з сучаснай музыкай праблем не ўзнікала, то рарытэты (прадстаўленыя серыяй “Беларускi музычны архiў”, у якую ўвайшлі запісы, напрыклад, Мiхася Забэйды-Сумiцкага, Мiколы Равенскага) шукалі ўсімі магчымымі спосабамі, але ў асноўным — праз энтузіястаў, фанатаў, калекцыянераў.

Ну а ў нулявых адбылося тое, што адбылося. “Дабраахвоты” заняліся выкладваннем беларускай музыкі ў Інтэрнэт, і, адпаведна, попыт на кампакт-дыскі пачаў падаць. А ментальнасць у нас такая, што, калі ёсць магчымасць нешта ўзяць бясплатна, то так і трэба зрабіць. І ніхто ж не задумваецца ды не перажывае, што іншы ўкладае ў прадукт уласныя фінансы. Як вынік айчынныя выдаўцы дыскаў скарацілі тыражы, сталі закрывацца спецыялізаваныя крамы. Мы доўга супраціўляліся “подыху часу”, працягвалі выдаваць альбомы — так, не ў ранейшай колькасці, ды ўсё ж такі... Але ж колькі можна працаваць сабе ў страту? І не трэба нас вінаваціць у тым, што мы, маўляў, здрадзілі беларускасці: не перасталі мы прасоўваць яе, арганізоўваючы тыя ж выступленні беларускамоўных выканаўцаў.

Ну а апошнім рэлізам лэйбла (у партнёрстве) стаў альбом “Белая вада” гурта “Крама”. Аднак я не выключаю таго, што пачнём выпускаць кампакты як разавыя акцыі. Што адбудзецца з беларускім CD-рынкам у будучыні? Думаю, як бізнес-праект ён знікне. Будуць выдавацца — абмежавана — серыі і пласцінкі з “музыкай не для ўсіх”, артысты пад канцэрты будуць заказваць невялікія наклады. У тое, што хтосьці выступіць як мецэнат, які займаецца беларускай музыкай ды інвестуе сродкі ў яе выпуск на CD, веру з цяжкасцю…

Уладзімір КУЗЬМІН, дырэктар выдавецтва:

— Яшчэ ў 1992-м наша выдавецтва "Каўчэг" сумесна з Міністэрствам культуры выдала першую ў краіне вінілавую пласцінку — “Беларускiя народныя казкi”. А выпускам кампакт-дыскаў — толькі з беларускай музыкай альбо з сусветнай класікай у выкананні нашых артыстаў — сталі займацца года з 1996-га. Жанры: джаз, блюз, рок, класіка, інструментал. Час стварэння — як сучасная, так і родам з мінулага. Апошнюю сёння шмат прадаём праз музеі. Але тэндэнцыя такая, што тыражы зараз змяншаюцца. Нават наш музычны рынак перанасычаны рознай музыкай, а значыць, попыт на фізічныя носьбіты з ёй зніжаецца.

З іншага боку, калі вы хочаце мець саўнд высокага ўзроўню, то альтэрнатывы кампакту па-ранейшаму няма. Інтэрнэт, добры як аператыўны перадатчык даных, прапануе грандыёзныя аб’ёмы інфармацыі — і за плату, і задарма, і “пірацкія” запісы, але па большай частцы ўсё гэта — з нізкай якасцю гуку. Флэшка не такая надзейная ў доўгатэрміновай перспектыве як сховішча інфармацыі, не надта, як ні дзіўна прагучыць, зручная ў выкарыстанні ў адрозненне ад CD.

“Каўчэг” не збіраецца згортваць выпуск дыскаў, і мы шукаем спосабы, каб зацікавіць спажыўца. З дапамогай тых жа тэматычных серый, сувенірных выданняў, падарункавых фарматаў, у выглядзе дадатку да нотных зборнікаў, укладышаў да кніг. Я не стаў бы казаць, што рынак беларускіх CD памірае, ён, як гэта модна цяпер казаць, аптымізуецца, перабудоўваецца, сегментуецца…

Сяргей ЯСЮЧЭНЯ, дырэктар лэйбла:

— У 2008 годзе альбомы беларускіх артыстаў, выпушчаныя нашай кампаніяй "West Records", чарговы раз былі прызнаны лепшымі рэлізамі сезона па версіі папулярнага партала. Але ўжо ў 2009-м “West…” перастаў выдаваць кампакты айчынных выканаўцаў: на жаль, мы не змаглі выстаяць перад інтэрнэт-пірацтвам. Ва ўсім свеце CD-індустрыя перажывае няпросты час. У тым маштабе, які быў гадоў восем таму, пласцінкі людзям не патрэбны: іх набываюць толькі аматары якаснага саўнду, тыя, хто яшчэ “хварэе” на фізічныя носьбіты. “Піраты” ж ударылі і па гукавыдаўцах, і па артыстах. Ці выйграў слухач, які можа бясплатна спампоўваць любы кантэнт?..

Зараз мы працуем толькі як прадаўцы, прапаноўваючы прадукцыю замежных лэйблаў, хоць зрэдку хтосьці з беларускіх артыстаў і прыносіць на рэалізацыю альбомы… І не веру я, што наш музычны CD-рынак верне страчаныя пазіцыі. Вось такім маленькім, як сёння, ён і застанецца, у лепшым выпадку…

Што кажуць музыканты?

Зміцер НАЗАРАЎ, дырэктар брэсцкага гурта “Сцяна”:

— Актуальнасць выпуску дыска страчваецца Адзіная магчымасць нешта зарабіць музыканту з дапамогай CD — гэта пад час або пасля канцэрта прадаваць іх. Але што рабіць таму, хто мала выступае? Што да “Сцяны”, то мы адмовіліся ад паслуг беларускіх выдаўцоў, паколькі кампакт танней замовіць у Еўропе, і ўсё годна зробяць. Аднак разумеем, што дыск сёння стаў сувенірам для слухача, а не носьбітам музыкі. Але запіс дыска носіць яшчэ філасофскі аспект: гэта падвядзенне рысы пад пэўным этапам жыцця і творчасці.

У Беларусі крамы аўдыязапісаў, у якія ў мой час была пратаптана сцежка, зараз закрываюцца. Не думаю, што кампакты вернуцца. Лічу, што ад беларускай CD-індустрыі нічога ці амаль нічога не засталося. Папулярызацыя музыкі сёння зводзіцца да Інтэрнэту, як ні круці…

Сяргей СОЧНЕЎ, фронтмен гомельскага гурта “Glofira”:

— Сёння ўсе ў Інтэрнэце мітусяцца і на існаванне дыскаў крыху забыліся. Некаторыя і не ведаюць пра існаванне такой рэчы як CD-альбом, а пра касеты я наогул маўчу… Наша пакаленне 1990-х не заспела вініл у поўнай меры, але выкарыстоўвала касеты. Там “скіпам” альбом не прашчоўкаць, і таму міжволі праслухоўваецца ўсё да канца. Таму ўнікалі людзі глыбей у тое, што ўкладвалі музыканты…

Што да выпуску фізічнага дыска, то беларускаму музыканту гэта патрэбна цяпер толькі з адной мэтай — продажу за сімвалічныя або нармальныя грошы на ўласных канцэртах. Здараецца такое нячаста і не ў тых аб’ёмах, як хацелася б, але людзі бяруць, і ігнараваць іх жаданне нельга. Так адбылося і з нашым апошнім альбомам: 60% накладу мы проста раздарылі людзям на канцэртах. Уласна, і выдавалі мы яго з мэтай адзначыць у сябе ў галаве такі пункцік: “Цяпер у нас ёсць дыск — мы сапраўдны гурт”.

Сітуацыя ў будучыні, мяркую, не зменіцца. У нашай краіне CD будзе яшчэ на плаву нядоўгі час, пакуль у машынах стаяць CD-прайгравальнікі, а ў кватэрах — музычныя цэнтры. Але выпускаць індустрыя стане толькі тыя дыскі, якія карыстаюцца масавым попытам: шансон, зборнікі танцавальнай музыкі ды альбомы самых вядомых замежных выканаўцаў…

Выхадам для маладых і альтэрнатыўных калектываў па-ранейшаму застаецца Інтэрнэт. У падпісцы на сайты гуртоў, праз якія на смартфон фэн можа атрымаць усю інфармацыю, а таксама ў смарт-прыкладаннях, што будуць абнаўляцца з выхадам новага сінгла або альбома. У такіх умовах CD-індустрыя згорнецца да ўзроўню друкарняў: паштоўкі, каляндарыкі, візітоўкі…

Юрый ЛАКЦІЁНАЎ, лідар гродзенскага гурта “Pet Nihil”:

— Выпуск музыкі на CD у Беларусі практычна цалкам страціў сваю актуальнасць. Да прыкладу, гурт “Pet Nihil” свой папярэдні LP выпусціў ажно ў 2004 годзе: мы зрабілі тыраж і на дысках, і нават яшчэ на касетах. Але і на той час продажы на фізічных носьбітах прыкметна ўпалі, у параўнанні з нашым першым альбомам 2001-га. Прычынамі стала развіццё Інтэрнэту і недасканалая сістэма кантролю аўтарскага права.

Дыскі альбо вініл будуць існаваць у Беларусі нейкі час, але, у асноўным, для калекцыянераў ды знаўцаў якаснага гуку. Ну, і самых адданых фанатаў. Вярнуўшыся на сцэну пасля працяглай паўзы, мы запісалі ў 2014-м новы альбом “Spit” і прадаставілі яго для бясплатнай запампоўкі на сваім сайце. А для сапраўдных фэнаў, аматараў якаснага, “нясціснутага” гуку, для рэкламы мы зрабілі невялікі тыраж CD, але ніякіх асаблівых надзей на распаўсюджванне з дапамогай дыскаў не ўскладалі.

Для раскруткі, для эфектыўнай PR-кампаніі, для паблісіці сёння неабходны, па-першае, сам прадукт, а затым ужо прома-пак і дыскі. Па меншай меры, выпуск альбома на CD захоўвае свой эстэтычны аспект...

***

На маёй памяці бабіны змяніліся касетамі, а грампласцінкі — кампактамі. Нядоўгі быў век касет, нядоўгі стаўся тэрмін CD. Плёнка дакладна не вернецца, вініл у абмежаванай колькасці вяртаецца. Мяркую, будзе існаваць у постiнфарктным стане і дыск. Але, напрыклад, сучасныя камп’ютары розных мадыфікацый прыладамі для прайгравання кампактаў ужо не камплектуюцца. Флэшка як пасярэднік таксама знікне. Прагрэс не спыніць. Як не спыніць нас з вамі, хто запампоўвае бясплатны музычны кантэнт з Інтэрнэту. Ці не так?.. Вось і пераходзіць пытанне з плоскасці тэхналогій у прававую…

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"