Мода на сваё

№ 4 (1182) 24.01.2015 - 30.01.2015 г

Саўліус ЛІАЎСА, дырэктар Літоўскага цэнтра народнай культуры:
— Мне ўсё часцей даводзіцца чуць, асабліва ад журналістаў, што невялікі народ сёння проста не можа захаваць свае традыцыі, сваю ідэнтычнасць, дый наогул іх немагчыма падтрымліваць у сувязі з глабалізацыяй. У такім выпадку паўстае пытанне: навошта маленькія дзяржавы стагоддзямі захоўвалі свае традыцыі, калі іх можна так лёгка абарваць або ўціснуць у агульныя рамкі? Але ж сы цікавыя адно аднаму толькі таму, што нас атачаюць розныя традыцыі, якія абапіраюцца на спадчыну.

/i/content/pi/cult/515/11131/6-2.jpgАле трэба папулярызаваць народныя традыцыі як у сваёй краіне, так і за мяжой. Напрыклад, у другой палове 2013 года Літва старшынствавала ў Еўрапейскім Саюзе. У сувязі з гэтым мы зладзілі ў Штаб-кватэры ЕС — у Брусэлі — выстаўку, на якой прадставілі разнастайныя вырабы з саломкі, а таксама бурштыну — усяго таго, чым, на наш погляд, Літва можа зацікавіць еўрапейцаў. А яшчэ прэзентавалі там унікальную выстаўку традыцыйнага касцюма. Пад час акцыі выступаў народны хор, артысты якога былі апрануты ў нацыянальныя строі, а нашы дызайнеры распавядалі аб нашым фальклоры.

Іншы шлях — зацікаўліваць традыцыйнай культурай літоўцаў, прычым як маладых, так і сталых. Так, да прыкладу, мы зладзілі праект, які прадугледжваў рэкламу нацыянальнага арнаменту ды ўзору на шматлікіх улётках, банерах, аўтобусах і тралейбусах. Таксама шмат працавалі з дызайнерамі, што, з нашай дапамогай, змаглі стварыць шэраг модных рэчаў, на якіх абавязкова прысутнічаў той жа нацыянальны арнамент. Гэта былі майкі, шорты, спадніцы, прыгожыя пантофлі, гальштукі, кашулі, рукавічкі, кепкі, шапкі ды многае іншае…

Зразумела, нацыянальны касцюм адразу модным не зробіш і ў побыце літоўцы пакуль яго не апранаюць. Але мы да гэтага імкнёмся, бо гэта наша гісторыя, гэта наша ідэнтыфікацыя. І ўжо зараз на некаторых міжнародных фестывалях ці святах нацыянальны касцюм прысутнічае. Напрыклад, шмат гадоў у нас праходзіць спеўны фестываль “Свята песні”, на які збіраюцца лепшыя хоры не толькі з Прыбалтыкі, але і з усяго свету: ЗША, Канады, Аргенціны, Бразіліі, Уругвая, Аўстраліі... Гэты фестываль унікальны, ён не мае аналагаў у свеце. Менавіта таму UNESCO ўнесла яго ў Cпіс культурных каштоўнасцей свету. Сёлета ў ім удзельнічала 37 тысяч гасцей, а заключны дзень свята — 6 ліпеня — быў абвешчаны Днём нацыянальнага касцюма, пад час якога сустрэць людзей у літоўскіх строях у Вільнюсе было вельмі лёгка.

Яшчэ адзін шлях да папулярызацыі традыцыйнай культуры і адзення — тэхналагічны. Мы стварылі інфармацыйны стэнд, дзякуючы якому кожны можа віртуальна апрануць нацыянальны строй, паглядзець, як ён у ім выглядае, — і адразу ж замовіць яго ў майстроў. На першай, як і на наступных прэзентацыях да нашага стэнда выстройваліся вялізныя чэргі…

Перспектыўна выглядае рэклама і продаж нацыянальных музычных інструментаў, арганізацыя выступленняў артыстаў, якія на іх граюць… А яшчэ можна — і трэба! — ладзіць разнастайныя імпрэзы, выступленні тэатраў — прафесійных, самадзейных ці вулічных, — дзе артысты пад час прадстаўленняў апрануты ў гістарычныя, адноўленыя нашымі спецыялістамі, касцюмы... Усе гэтыя мерапрыемствы, я ўпэўнены, абавязкова зацікавяць літоўцаў, прымусяць іх зірнуць на нацыянальную традыцыйную культуру больш уважліва і, урэшце, зробяць яе папулярнай — як у маладзёжным, так і ў больш сталым асяродку. І гэта той досвед, якім мы можам падзяліцца з беларусамі.

Фота Сяргея ТРАФІЛАВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"