Дык дзе яно, гэтае “наперад”?

№ 4 (1182) 24.01.2015 - 30.01.2015 г

Онлайн-канферэнцыя: задачы і праблемы 2015-га: галоўнае на 2015 год для сферы культуры — разумна праводзіць аптымізацыю і захаваць кадры нават у сітуацыі заробкаў "два — два трыста"
Першую онлайн-канферэнцыю 2015-га рэдакцыя “К” па традыцыі прысвячае надзённаму клопату толькі распачатага года. Думаецца, няма праціўнікаў таго, што рэгіянальнай культуры трэба рухацца наперад. Каб удасканальвацца, развівацца, няўхільна павышаць якасць паслуг. Каб, урэшце, заставацца калі не “вёскаўтваральнай”, дык, прынамсі, — “вёскаўтрымліваючай”. Усё гэта зразумела. Ды не надта ўцямна іншым разам, дзе тое “наперад” знаходзіцца. Збочваць трэба ці ў адваротны бок накіроўвацца з адзінай мэтай — толькі б рухацца? Але ж так і заблукаць можна… Для таго, каб вызначыцца з кірункам, мы запрасілі да ўдзелу ў канферэнцыі начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Анатоля СІНКАЎЦА, генеральнага дырэктара Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Аляксандра ГОСЦЕВА, дырэктара Брэсцкай абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага Тамару ДАНІЛЮК, начальнікаў аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Свіслацкага райвыканкама Ірыну ПАЎЛЮЧЭНЯ, Шаркаўшчынскага райвыканкама — Людмілу СТОМА, Валожынскага райвыканкама — Вікенція АДАМОВІЧА.

Яўген Рагін:

— Дык дзе, паважанае спадарства, тое “наперад”?

Анатоль Сінкавец:

— Рух закладзены ў Дзяржпраграме «Культура Беларусі». Але ж ці ўсё ў ёй выконваецца, ці засталося гарантаваным фінансаванне? А беларуская культура — наш нацыянальны набытак. Таму яна павінна мець і адпаведны статус. У адваротным выпадку гадоў праз пяць усе забудуцца, што такая галіна і была… Асноўная сённяшняя задача — кадры. Аптымізацыя ў нас нармальна ідзе, прафесіяналы “за бортам” не апынаюцца. Але кадравага патэнцыялу ўсё роўна няма…

Яўген Рагін:

— На навучальныя ўстановы ўскладаеце віну?

Анатоль Сінкавец:

— А дзе ўзяць для вобласці рэжысёра нармальнага? Дзе ўзяць гукарэжысёра? Няма дзе! У маладых спецыялістаў, якія прыехалі да нас з вышэйшай адукацыяй, адзіная мэта: адпрацаваць — ды з’ехаць. А для іх — і жыллё, і даплата-надбаўка… І гэта прытым, што з маладым спецыялістам на першых парах яшчэ няньчыцца трэба, уводзіць яго ў курс справы, літаральна давучваць, бо сур’ёзных практычных навыкаў ён за гады навучання проста не здолеў набыць… А ў нас яшчэ пад бокам Расія. Вось туды многія і з’язджаюць…

Яўген Рагін:

— Анатоль Анатольевіч, з вашай падачы я гадоў пяць таму пісаў пра аварыйны стан РДК у Глуску. Што-небудзь змянілася?

Анатоль Сінкавец:

— Абсалютна нічога! Як, дарэчы, і ў Касцюковічах. Палац у Жылічах пакрысе аднаўляем. На астатняе няма грошай.

Яўген Рагін:

— Што ж рабіць?

Анатоль Сінкавец:

— Не памыліцца сёння з аптымізацыяй. У раёне павінна быць адзіная структура з адзінымі ж гаспадарчай групай, бухгалтэрыяй, для кіравання і клубамі, бібліятэкамі, і мастацкімі школамі ды кіно. Мы прапаноўвалі некалькі варыянтаў. Ніхто не прыслухаўся. Цяпер у кожнай вобласці — свая аптымізацыя. На сяле з’яўляюцца сектары, аддзелы… Дакладнай агульнай сістэмы, структуры пакуль няма.

Аляксандр Госцеў:

— У Гомельскага палацава-паркавага ансамбля — свае праблемы. У сувязі з эканамічнай сітуацыяй істотна зменшылася колькасць расійскіх наведвальнікаў. Так што задача гэтага года — рэкламная кампанія, скіраваная на турыстаў іншых краін.

Яўген Рагін:

— А што, на Беларусі піяр палацава-паркавага ансамбля вас задавальняе?

Аляксандр Госцеў:

— Таксама не. Нават у Мінску, да прыкладу, — ніякай рэкламы.

Яўген Рагін:

— А якой яна бачыцца ў ідэале?

Аляксандр Госцеў:

— Разумееце, усё павінна быць у комплексе. Нам неабходна выбітныя акцыі ладзіць, вам — часцей пра іх пісаць. Да Новага года рэалізавалі праект па распісванні ёлачных шарыкаў. Ён быў прымеркаваны да выстаўкі ёлачных упрыгожанняў канца XIX і пачатку XX стагоддзяў. Дык вось, каб правесці майстар-клас, запрасілі спецыялістаў. Распісалі спачатку вялікі шар (50 сантыметраў у дыяметры), які знялі на час з нашага паркавага ліхтара, потым ахвотныя ўзяліся за аздобу малых шароў, набытых намі праз гандлёвую сетку…

Яўген Рагін:

— І які рэзананс меўся?

Аляксандр Госцеў:

— Нават здымачная група расійскага канала, атрымаўшы прэс-рэліз, прыехала і зрабіла тэлерэпартаж. У дзень яго трансляцыі колькасць нашых наведвальнікаў істотна павялічылася. А кошт мерапрыемства — кошт фарбы і малых аднатонных шарыкаў… Выснова тут адназначная: павінна быць больш крэатыву. Кожнай нашай выстаўцы сёлета будзе спадарожнічаць шэраг менавіта незвычайных творчых акцый з удзелам знакамітасцей: артыстаў, мастакоў... Мы ўсё гэта называем "падагрэвам" выставачнага праекта.

Яўген Рагін:

— З гэтым, спадзяюся, праблем не будзе. А вось з чым іх не пазбегнуць?

Аляксандр Госцеў:

— З узнаўленнем пэўных аб’ектаў комплексу. Праектная дакументацыя ёсць, а фінансавання — не стае. Для таго, каб турыст прабавіў у нас пару дзён, неабходна давесці да ладу лядоўні-склепы, капліцу-магільню, аглядавую вежу… Віды паслуг, натуральна, значна пашырацца. Але толькі адна капліца патрабуе дзесяць мільярдаў рублёў, склепы — каля 
пяці…

Яўген Рагін:

— Вось у Гомельскім палацава-паркавым ансамблі праблем з кадрамі няма. А як з маладымі спецыялістамі, скажам, на Свіслаччыне?

Ірына Паўлючэня:

— Мяне цяпер, наадварот, вельмі трывожыць аплата працы нашых старых працаўнікоў. Гродзеншчына, як вы ведаеце, увайшла ў 2015-ы з набыцця клубамі і бібліятэкамі статуса юрыдычных асоб. Міністэрства працы і сацыяльнай аховы нам абяцала змяніць нейкім чынам тарыфныя разрады. Раней сельскім клубам кіраваў загадчык, СДК — дырэктар. Цяпер у нас толькі адзін дырэктар Раённага дома культуры. Усе астатнія клубныя ўстановы раёна пераўтварыліся ў аддзелы, сектары і сельскія філіялы ў аграгарадках. Усе гэтыя структуры падпарадкоўваюцца РДК. Вось мяне і хвалюе заробак людзей, даўно адданых абранай калісьці справе. А вось маладыя кадры…

Яўген Рагін:

— Не вы адна выказваеце незадавальненне маладымі…

Ірына Паўлючэня:

— Па-мойму, пры такіх аптымізацыйных працэсах іх яшчэ цяжэй будзе замацаваць на месцах. Сённяшняя моладзь імкнецца туды, дзе грошай больш… Натуральна, усё робім для таго, каб заробкі не знізіліся. Згодна з 29-м Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дадаем людзям да 50 працэнтаў да кантракта. Падтрымліваюць нас тут аблвыканкам з райвыканкамам. І з пазабюджэткі прэміруем. Але львіная доля гэтых грошай, вядома, выкарыстоўваецца на ўзнаўленне камуналкі. Так што сродкаў на стымуляванне застаецца мала.

Яўген Рагін:

— Мы ўжо столькі пра гэта пісалі… Здавалася б, зрабіць камуналку больш лаяльнай — і ўсе праблемы з заробкамі былі б зняты. І з’явіўся б магутны стымул больш якасна працаваць на канчатковы вынік: на карысць сабе і дзяржаве. Але… Выкараніць усе праблемы, напэўна, немагчыма. Якімі творчымі праектамі можаце пахваліцца, Ірына Эдуардаўна?

Ірына Паўлючэня:

— Наконт працы мы вельмі пазітыўна настроены. Будзем працягваць праект “Зорны каскад” — гэта раённы агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці сярод работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый горада. Акцыя не толькі збірае глядацкія аншлагі, яна яшчэ і дапамагае нам адшукаць яркіх артыстаў. Апошнім разам, да прыкладу, надзвычайныя гумарыстычныя таленты адкрыліся сярод супрацоўнікаў раённага аддзела ўнутраных спраў. Вось чаго не чакалі! А гэтых артыстаў можна і на рэспубліканскім узроўні паказваць…

Яўген Рагін:

— Тамара Паўлаўна, а для вашай бібліятэкі што такое — рух наперад?

Тамара Данілюк:

— Праца над тым, каб чытач застаўся ў бібліятэцы. Тут з дзецьмі і падлеткамі ў першую чаргу варта займацца, каб адарваць крыху ад камп’ютараў, каб навучыць іх размаўляць, сябраваць, абмяркоўваць, чытаць і думаць.

Яўген Рагін:

— Як ацэньваеце стан сельскіх бібліятэк, што курыруе абласная?

Тамара Данілюк:

— Інакш кажучы, як я ацэньваю аптымізацыю? Пераканана, што ўсё тут залежыць ад інтэлігентнасці, розуму ды кампетэнцыі кіраўніцтва. Усё запар на вёсцы аптымізаваць нельга. Сельская бібліятэка на сёння — адзінае месца для зносін, бо знікаюць аддзяленні сувязі, мала дзе засталіся клубы: дзядулям і бабулям не да спеваў з танцамі. А вось бібліятэкі актуальнасць не страцілі: тут можна не толькі кніжку пачытаць, але і з сябрамі сустрэцца, гарбаты папіць, рукадзеллем заняцца. Індывідуальная падпіска падае, таму ў бібліятэцы і свежую газету можна атрымаць. Гэта па сельскіх бібліятэках.

Яўген Рагін:

— А што новага па абласной?

Тамара Данілюк:

— Праблема абласной у тым, каб завяршыць распачаты летась рамонт. Задача тут адзіная: прывесці матэрыяльную базу да сучасных патрабаванняў. Тым больш, што Брэст — Культурная сталіца Беларусі-2015. І ў гэтым плане — вельмі шмат творчых задумак па правядзенні традыцыйных навукова-практычных канферэнцый “Берасцейскія кнігазборы. Стан і перспектывы даследаванняў”. Трэцяя будзе прысвечана 500-годдзю з дня нараджэння Мікалая Радзівіла-Чорнага, які арганізаваў адну з першых друкарняў на Брэстчыне. Абласную акцыю “Раскажы мне пра вайну…” прымеркавалі да 70-годдзя Вялікай Перамогі.

Яўген Рагін:

— Давайце вернемся да сельскіх бібліятэк. Я так разумею, што ў перспектыве застануцца ўстановы аграгарадкоў. Ці ўсё тут добра з камп’ютарызацыяй?

Тамара Данілюк:

— Дзяржпраграма “Культура Беларусі” спрацавала тут як мае быць. Урэшце, тыя бібліятэкі, якія добра працуюць у пазабюджэтным кірунку, могуць і самі тэхніку набываць.

Вікенцій Адамовіч:

— Задача і праблема ў нас адна: кадры захаваць. Захаваць той касцяк, на якім нацыянальная культура і трымаецца. Паглядзіце, з лістапада кошты на энерганосьбіты і тавары паўсядзённага попыту павышаюцца, а работнікі культуры як атрымлівалі два — два трыста, так і атрымліваюць. І няма ніякай рады. Штаты скарачаюцца, заробкі не растуць. І што я раблю на сваёй пасадзе?! А нічога не магу зрабіць. Пазабюджэтныя сродкі сітуацыю не ратуюць. Галоўнае цяпер — выжыць. Каб даць чалавеку тры мільёны рублёў, трэба даць яму паўтары стаўкі… Людзі, якія займаюцца ідэалогіяй, ледзьве зводзяць канцы з канцамі…

Яўген Рагін:

— Слова “ідэалогія” разглядаць, напэўна, трэба толькі ў кантэксце словазлучэння “ідэалогія нацыянальнай культуры”?..

Вікенцій Адамовіч:

— Так. Гэта ўсё тое, што гучыць з клубнай сцэны, што скіравана на адухаўленне мас. А ў кожнага — дзеці. І гэта вялікае дзіва, што людзі яшчэ працуюць, яшчэ вераць у свае сілы. У нас, напрыклад, да 145-годдзя жывапісца, графіка і педагога Фердынанда Рушчыца будзе адкрыты музей. Мы для гэтага актыўна супрацоўнічаем з замежнымі архівамі, музеямі... Клопату, словам, не стала менш. Але хочацца, каб нашы праблемы хтосьці ўспрыняў, урэшце, як свае…

Яўген Рагін:

— А які клопат на Шаркаў-
шчыне?

Людміла Стома:

— Хочам зарабіць сёлета пабольш пазабюджэтных грошай, бо дзяржаўнае фінансаванне ў нас паўсюль скарачаецца. Калі ў мінулым годзе мы зарабілі больш за 580 мільёнаў, дык сёлета плануем аказаць паслуг на 766 мільёнаў. Частку грошай не можам не выкарыстаць на тэхнічнае ўзбраенне. За кошт пазабюджэткі цяпер робім асвятленне сцэны РДК (у танцавальнай зале такія пераўтварэнні ўжо адбыліся). Але ж і на матэрыяльнае стымуляванне калег хацелася б сёлета выдаткаваць з пазабюджэтнай сумы як мага больш.

Яўген Рагін:

— Хопіць гэтых грошай, Людміла Уладзіміраўна?

Людміла Стома:

— Будзем старацца. Нам насустрач райвыканкам ды райсавет пайшлі: здаём у арэнду нашы памяшканні. Рашэннем раённага Савета дэпутатаў наш аддзел вызвалены ад выплаты ў бюджэт падатку на нерухомасць…

Яўген Рагін:

— Ці набыло новы статус ваша раённае яблычнае свята, пра якое мінулым летам мы пісалі з Кастусём Антановічам?

Людміла Стома:

— Так. Наш Яблычны Спас увайшоў у план абласных мерапрыемстваў. З вобласці ўжо і фінансаванне павінна неўзабаве пайсці. Мы да гэтага з 1999 года ішлі…

Яўген Рагін:

— Будзем спадзявацца, што і з продажу яблыкаў з саду Сікоры, які належыць музею славутага садоўніка ў Алашках, вы таксама займееце пазабюджэтны прыбытак… Што яшчэ цікавага нас чакае?

Людміла Стома:

— Відэафільм пра культуру Шаркаўшчыны. Здымалі яго ўвесь год. Райвыканкам нам выдаткаваў на падрыхтоўку стужкі сродкі, заробленыя пад час раённага суботніка. А ў красавіку ў райцэнтры ўрачыста адкрыем бюст Канстанціна Жданава — заснавальніка Свята-Успенскай царквы. Інакш кажучы, што б там ні было, вельмі стараемся на застойвацца, а пакрысе рушым наперад…

 

Ад рэдакцыі

Вельмі проста ўсё, аказваецца. “Наперад” — антонім слову “назад”… Вось такая, часам не надта аптымістычная, гутарка ў нас адбылася. Так, нашы аддзелы трымаюцца, здзіўляюць і радуюць цікавымі ідэямі, нестандартнымі праектамі ды падыходамі да здабычы пазабюджэтных грошай. Але наколькі павялічылася б творчая аддача работнікаў культуры, калі б яны на ўласныя вочы пераканаліся, што іх цэняць і шануюць не толькі ў раёне ды вобласці, але і ў рэспубліцы. Ну не можа на сёння Глускі раён ліквідаваць уласнымі сіламі аварыйны стан свайго РДК! Між тым менавіта ў Глуску старая крама была пераўтворана ў свой час у цудоўныя музей і бібліятэку…

І без онлайн-канферэнцыі зразумела было, што ўсе праблемы ў сферы культуры ўзаемазвязаныя і ўзаемазалежныя. Няма фінансавання — зніжаецца якасць паслуг; адсутнічае прэстыж прафесіі — непазбежны кадравы адток; аптымізацыя не вызначаецца прадуманасцю ды ўзважанасцю — знікаюць клубы ды бібліятэкі, а за імі — і самі вёскі… Усё даўно зразумела. Тым не менш, менавіта сённяшняя канферэнцыя выкрышталізавала асноўнае: як бы там цяжка ні было, наша культура радуе вынікамі. Хтосьці недасведчаны спытаецца: “І на чым яны трымаюцца?” Ды на беларускай нацыянальнай традыцыі! Сваё, роднае, спрадвечнае хіба ж падвядзе? Не, заўсёды падтрымае і натхніць!..

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"