Не зачапіла…

№ 4 (1182) 24.01.2015 - 30.01.2015 г

Што атрымліваецца, калі артысты музычнага тэатра апынаюцца на “тэрыторыі” драматычнага
Рэцэнзія аўтарытэтнага музыказнаўцы Вольгі Брылон, прысвечаная спектаклю “Шалом алейхем! Мір вам, людзі!” (апошняй на сёння прэм’еры Музычнага тэатра), называецца “Галоўнае — зачапіла…”. Цяжка не пагадзіцца, што шыкоўны тэкст Рыгора Горына і музыка Алега Хадоскі абумовілі касавы поспех пастаноўкі. Але мае агульныя ўражанні атрымаліся супрацьлеглыя. Не зачапіла зусім!..

/i/content/pi/cult/515/11124/8-2.jpg

 

Сцэна са спектакля "Шалом алейхем! Мір вам, людзі!". / Фота Анжалікі Грэковіч

У праграмцы сцвярджаецца, што асновай спектакля выступіла “літаратурная кампазіцыя Міхаіла Кавальчыка паводле аповесці “Тэўе-малочнік” Шолам-Алейхема. Як слушна заўважыла Вольга Брылон, мюзікл грунтуецца на п’есе Горына “Памінальная малітва”. Як ні дзіўна, гэтая акалічнасць зрабілася адной з самых істотных праблем пастаноўкі.

Не сакрэт, што акцёры Музычнага нячаста сустракаюцца з драматургіяй, у якой ёсць трагічныя падзеі, а не ў тысяча першы раз увасабляюцца разнастайныя адценні любоўных перажыванняў. За апошнія гады адным з нешматлікіх выключэнняў была “Вестсайдская гісторыя”. Такім жа тэкстам з’яўляецца п’еса Горына.

У свой час Марына Давыдава, адзін з самых аўтарытэтных расійскіх крытыкаў, ахарактарызавала драматургічную спадчыну Горына на прыкладзе “Блазна Балакірава”, яго апошняга твора: “П’еса <…> валодае ўсімі горынскімі вартасцямі і недахопамі. У ёй перамяшаны лірыка, фарс і абсурд, а мінулае дапамагае асэнсаваць сучаснасць. У ёй, згодна з традыцыямі рускай літаратуры, маленькі чалавек выглядае больш прывабна за дзяржаўных мужоў, <…>. У ёй ёсць шмат сказаў, якія разыдуцца на цытаты, і цудоўных сцэн, у якіх ёсць што сыграць акцёрам. У ёй няма аднаго — драматургічнага адзінства, бо драматургам з вялікай літары пісьменнік-сатырык усё ж не быў”.

Што атрымалася ў Музычным? Звышдасціпны, але ўсё-такі рыхлы па драматургіі горынскі тэкст, разлічаны на акцёраў драмтэатра, пайшоў на сцэне амаль без змен (напрыклад, захавалася інтэрмедыйная сцэна з бабуляй Цэйтл). Гэта ператварыла пастаноўку ў сапраўдны марафон, які зацягнуўся больш чым на тры гадзіны.

Артысты Музычнага былі вымушаны іграць на “тэрыторыі” драматычнага тэатра. Вельмі сакавіта інтэрпрэтавалі свае ролі Кацярына Дзегцярова і асабліва Лідзія Кузьміцкая, якія ўвасаблялі Голду, жонку Тэўе. Як заўсёды на ўзроўні знаходзіўся Дзяніс Нямцоў (студэнт Перчык). Высокі ўзровень акцёрскай ігры прадэманстравалі Наталля Гайда (сваха Ента) і Дзмітрый Якубовіч (Менахем), годна глядзелася ў эпізодах моладзь.

Але планка, узнятая папярэднімі выканаўцамі роляў, скарылася не ўсім. Хто тут больш вінаваты? акцёры, што, магчыма, не пачулі рэжысёра, ці рэжысёр, які ў чымсьці не дапрацаваў з выканаўцамі. Каб не зазіраць далёка, згадаю спектакль “Памінальная малітва”, які ішоў у Купалаўскім яшчэ да рэканструкцыі. Якія глыбокія вобразы стваралі Аўгуст Мілаванаў, што выконваў ролю Тэўе, Мікалай Кірычэнка (мяснік Лэйзэр)!

Вярнуся да прэм’еры ў Музычным. Цалкам згаджуся з ацэнкай работы Аляксандра Асіпца, пра якога Вольга Брылон піша, што ён “пакуль яшчэ толькі ўжываецца ў ролю Тэўе”. Але тое ж можна сказаць і пра Антона Заянчкоўскага! Ягоны Тэўе — зусім не яўрэй, а тыповы рускі мужык. А з-за такой інтэрпрэтацыі шмат у чым знікае атмасфера яўрэйскага мястэчка. Яна адчуваецца толькі ў музыцы, але не праз шэраг акцёрскіх вобразаў. Калі пачынаюцца сцэны, пабудаваныя выключна на дыялогах, спектакль пачынае элементарна “правісаць”. Да таго ж рэжысёр, па сутнасці, не прапанаваў уласнага прычытання тэксту, а добрасумленна рушыў за Горыным.

Больш выйгрышна выглядалі музычныя нумары. Але ж яны былі разлічаны на мюзікл з уласным лібрэта, а не на горынскі тэкст. Напрыклад, надзвычай лірычным выглядае дуэт Голды і Тэўе. Але гэтая лінія ў п’есе раскрыта вельмі слаба, таму дуэт падаецца нібыта з іншай оперы.

У сацыяльных сетках сустрэў параўнанне пастаноўкі з пінжаком Мотла, пашытым з розных кавалкаў. Зрэшты, як сказала Голда, “чалавек стараўся, значыцца, скажы дзякуй!”.

Дзяніс МАРЦІНОВІЧ,  тэатральны крытык


Пачатак дыскусіі чытайце ў "К" № 2.