Паміж віртуальным і вербальным

№ 4 (1182) 24.01.2015 - 30.01.2015 г

На дарагія кнігі з малымі накладамі — сталы попыт
Выставачная прастора Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прымае экспазіцыі самага рознага кшталту. Але найбольш ёй пасуюць тыя, што адпавядаюць профілю ўстановы — гэта значыць, прысвечаныя літары, пісьменству, літаратуры, кнізе. Выстаўка графікі гродзенскага мастака Юрыя Якавенкі “Царства Саламона” была менавіта такой.

/i/content/pi/cult/515/11123/8-1.jpg

Як зразумела з назвы, гаворка ідзе пра Свяшчэннае Пісанне. І гэта насамрэч так: ілюстрацыі да “Песні песняў Саламона” — стрыжань выстаўкі, дзе прадстаўлена рэтраспектыва работ мастака за апошнія гады. Хоць згаданая нізка Юрыя Якавенкі і прысвечана канкрэтнаму тэксту, вызначэнне “ілюстрацыя” тут даволі ўмоўнае. Справа ў тым, што творы мастака — гэта шэраг свабодных асацыяцый, дзе зыходная тэма і сюжэт патрэбны хіба для арыентацыі гледача, але яны не абмяжоўваюць фантазію мастака, не змушаюць творцу прыстасоўваць выяву да літары, суадносіць віртуальны і вербальны коды. Гэты метад узведзены ў эстэтычны прынцып вялікімі сюррэалістамі, і Юрый Якавенка па-майстэрску скарыстоўвае яго.

У тэхналагічным сэнсе мастак аддае перавагу традыцыйнаму афорту. Бо афорт — гэта шырокая гама фактур і тонавых нюансаў, праз якія можна выявіць сэнсавыя ды эмацыйныя адценні. Сёння кніга як носьбіт інфармацыі саступае электронным вырыянтам, але пры гэтым на першы план выходзіць яе эстэтычная функцыя. Ёсць сталы попыт на кнігі, выдадзеныя малымі накладамі, надрукаваныя паводле адмысловых тэхналогій на спецыяльнай паперы. Вось такія кнігі, умоўна кажучы, для бібліяфілаў, і робіць Юрый Якавенка.

У сваёй бібліятэцы я маю аздобленую Якавенкам аповесць Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”. Здымаю яе з паліцы рэдка, толькі калі ёсць адпаведны настрой. Для мяне гэта твор мастацтва, якому месца за шклом, які страшна сапсаваць неахайным абыходжаннем. Прытым што, на маю думку, у аздобе аповесці няма Караткевічавай аўтэнтыкі. Няма таго пісьменніка, якога я ведаю і люблю. Гэты шэдэўр графікі ды паліграфіі не адпавядае звыкламу ўяўленню пра творчасць вялікага майстра слова.

У нейкай ступені я дазволю сабе перанесці гэтае меркаванне на ўсё, што робіць Юрый Якавенка. У ягонай творчасці не варта шукаць адпаведнасці літаратурнай першакрыніцы, сэнсаваму канону. Ён, калі можна так сказаць, не тэкст ілюструе, а выяўляе не бачны іншым падтэкст. А згаджацца ці не згаджацца з такім падыходам, прымаць ці не прымаць мастака, такім, які ён ёсць, — асабістая справа гледача.

Аднак, мяркуючы па колькасці выставак Якавенкі на радзіме і за мяжой, наяўнасці ягоных твораў у дзяржаўных ды прыватных зборах, па колькасці ўзнагарод і па тым, што аздобленыя ім кнігі не залежваюцца ў кнігарнях, публіка мастака шануе. Яе вабіць загадкавасць, містыка, шматсэнсоўнасць яго работ.

У такім выпадку сімпатыі гледачоў і ацэнкі прафесіяналаў супадаюць. Толькі дзесяць беларускіх мастакоў з’яўляюцца ганаровымі членамі Расійскай акадэміі мастацтваў, пераемніцы Акадэміі мастацтваў СССР. Юрый Якавенка — сярод іх. Тое, што мастак стала атабарыўся ў Гродне і засяродзіўся на графіцы, можна лічыць збегам акалічнасцей, але мне тут бачыцца лёс. Пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў Юрый некаторы час жыў у Мінску і працаваў на “Беларусьфільме” — займаўся анімацыяй. Магло б здарыцца, што Беларусь займела б выдатнага мастака кіно. Але тады не з’явіўся б такі ж мастак кнігі… Відаць, усё ж такі графіка больш пасуе характару Юрыя Якавенкі — чалавека, які ад першых крокаў у мастацтве разлічвае найперш на сябе, на свой талент і працаздольнасць. А ў кіно яму давялося б працаваць у камандзе ды прыстасоўвацца да іншых.

Мастак сцвердзіў у вачах публікі свой стыль і зараз мае спакусу засяродзіцца на яго паглыбленай распрацоўцы. Ягоны вобразны лад вабіць гледачоў і гарантуе якасць замоўцам. Мне здаецца, што, здзівіўшы публіку аднойчы, Юрый Якавенка здолее зрабіць тое ж і другім разам.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"