Сто мільёнаў за год

№ 4 (1182) 24.01.2015 - 30.01.2015 г

Як зарабіць сто мільёнаў рублёў на платных паслугах у вясковым СДК, калі ў паселішчы — прыкладна 150 жыхароў? Лёгка! Асабліва калі клубам кіруе такі крэатыўны чалавек, як Аляксандр Бабін. “К” ужо неаднойчы пісала пра ягоны цікавы досвед у справе дыскатэчнага баўлення часу для моладзі. Чым жа жыве сёння Плябанаўскі СДК?

Па словах дырэктара Дома культуры Аляксандра Бабіна, яго ўстанова спрацавала за мінулы год досыць паспяхова: на платных паслугах зароблена 99 мільёнаў рублёў. Найбольш грошай, на дзіва пры агульнай леташняй тэндэнцыі спаду інтарэсу да танцавальных вечароў, прынесла арганізацыя дыскатэк: яна як была тут папулярнай у мінулыя гады, так і засталася. А ўсё таму, што кіраўнік установы культуры не стамляецца шукаць новыя, нестандартныя хады, каб зацікавіць сваімі мерапрыемствамі моладзь. Да прыкладу, як распавёў Аляксандр Бабін, ён упершыню зладзіў у Доме культуры ў 2014 годзе пенапластавыя дыскатэкі. І яны, па словах дырэктара СДК, сталіся сапраўдным хітом гэтага сезона.

Папулярнасці дыскатэк значна дапамагла наладжаная рэклама праз Інтэрнэт. Дзякуючы групе “Плёбы”, якая ўжо не першы год існуе ў адной з папулярных сацыяльных сетак і налічвае на сённяшні дзень звыш трох тысяч удзельнікаў, танцавальныя вечары ў мясцовым СДК пачалі яшчэ больш наведваць насельнікі суседніх раёнаў Гродзенскай вобласці. Як кажа Аляксандр Бабін, даволі часта ў ягоны Дом культуры наведваецца моладзь, якая жыве за 80 кіламетраў ад паселішча. Вось адсюль, як кажуць, і вынік…

Таксама ладзіць няўрымслівы дырэктар СДК і новыя акцыі. Напрыклад, Свята лета, якое адзначаецца толькі ў ягонай установе культуры, сталася сапраўдным брэндам вёскі. І гэта — не перабольшанне: на дадзенае мерапрыемства штогод з’язджаюцца людзі з многіх раёнаў Гродзенскай вобласці. Сёлета, да слова, на свяце прысутнічала каля 800 гасцей…

Напрыканцы мінулага года ўстанове культуры было выдаткавана каля 40 мільёнаў рублёў. На гэтыя грошы для клуба дырэктар набыў якаснае светлавое абсталяванне: анімацыйны лазер, святлодыёдныя фіранкі ды іншыя прылады. Так што з упэўненасцю можна сказаць: дыскатэкі ў Плябанаўскім СДК сёлета будуць ладзіцца на яшчэ больш высокім узроўні…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"