Тры-чатыры разы на год…

№ 4 (1182) 24.01.2015 - 30.01.2015 г

Дыскусія: як часта мусяць бываць у вёсцы без уласнай установы культуры бібліятэка ці клуб "на колах"?
Маёй маці, колішняй настаўніцы, — 87-ы год. Але абысціся без чытання не можа. Кнігі ёй бярэ ў адным з мінскіх бібліятэчных філіялаў мая старэйшая сястра. Мяняе, у сярэднім, кожныя два тыдні. Словам, маці — чытачка актыўная. І справа тут не ў адукацыі. Мае вясковыя неадукаваныя цёткі ў тэмпах чытання адставалі ад маці не нашмат. Я, карацей, даўно зрабіў выснову, што пенсіянерства ніяк не замінае заставацца бібліяфілам. Наадварот, гэты занятак на вёсцы (ды яшчэ ў зімовы час) застаецца, бадай, адзіным сродкам спрычынення да сусветных скарбаў мудрасці, духоўнага хараства ды прагі суперажавання.

Але я не пра чытачоў. Я зноў — пра бібліятэкараў. Гэтым разам звярнуцца да вечнай тэмы прымусіла інтэрнэт-версія нумара адной з віцебскіх газет. Вока зачапілася за артыкул, пазначаны 15 студзеня, з інтрыгуючым загалоўкам “Смехатэрапія лечыць сяльчан Віцебшчыны”. Не менш правакацыйным аказаўся і пачатак матэрыялу: “Карэспандэнт не змог выканаць рэдакцыйнае заданне і падрыхтаваць фотарэпартаж пра работу бібліобуса ў вёсцы Стаўры Аршанскага раёна”. Якая смехатэрапія, чаму не змог? Падумалася, што “К” крыху ад жыцця адстала, бо даўно не пісала пра аўтабібліятэкі. Таму адкінуў усё і заглыбіўся ў інтэрнэт-публікацыю.

Вось яе кароткі змест. Стаўры месцяцца непадалёк ад Оршы. Чытачоў тут, відаць, хапае, бо вёска афіцыйна абслугоўваецца бібліобусам. Прынамсі, на здымку карэспандэнта змешчана абвестка ад імя Аршанскай ЦБС, якая знаёміць з графікам работы аўтабібліятэкі. А канкрэтней — з абслугоўваннем чытачоў вёскі Стаўры. Змест графіка — цікавы. Мо менавіта ён выклікае эфект смехатэрапіі? Справа ў тым, што бліжэйшы візіт бібліобуса запланаваны на… красавік. Чарговыя прыезды прызначаны на ліпень і кастрычнік. Ці не замала: тры разы на год?

Няўжо гэта праўда? Тады такое стаўленне да вёскі выклікае, мякка кажучы, непаразуменне… З гэтымі не надта смехатэрапеўтычнымі думкамі бяруся за тэлефонную слухаўку. У начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі высвятляю, што дырэктарам Аршанскай ЦБС працуе Святлана Жвікава. Набіраю яе нумар.

— Святлана Іванаўна, што з аўтабібліятэкай здарылася?

— Справа ў тым, — адказвае дырэктар ЦБС, — што не маем зімняй гумы і не маем права выехаць. Будзем набываць. Начальнік аддзела даў дабро. Тады графік зменім. Не хвалюйцеся, як толькі зімовая гума з’явіцца, мы туды адразу пакацім. Колы мы ўжо замовілі — чакаем. А ў Стаўры едзім часцей нават, чым у графіку пазначана…

— А калі ўзяць асобную вёску раёна — любую, што вамі нестацыянарна абслугоўваецца, дык з якой перыядычнасцю яе наведвае бібліобус?

— Адну вёску — раз у тры-чатыры месяцы, — адказвае Святлана Жвікава.

Ну, усё правільна, падлічваю я, паклаўшы слухаўку: прыблізна тры-чатыры разы на год. А раптам няма ў стаўроўскай бабулі дачкі, якая магла б у Оршу скокнуць ды кніг для мамы на зіму набраць? Сядзі ў такім выпадку, бабуля, на печы ды радыё слухай…

“К” шмат разоў пісала, спасылаючыся на спецыялістаў, пра перыядычнасць наведвання аўтабібліятэкі ў асобна ўзятую вёску. Пісала, зрэшты, і пра тое, што прыблізна ў трох-чатырох вёсках з дзесяці наведаных намі з Кастусём Антановічам пад час нашых аўтатураў бабулі з дзядулямі нават і згадаць не могуць, ці быў у іх сёлета бібліобус. Не дзіва, калі ён завітвае раз у тры-чатыры месяца, можна на такое “свята” і забыцца. Шкада вяскоўцаў, шкада вёску…

Вырашыў зверыцца з экспертам. Гэтым разам абраў дырэктара Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева Галіну Слесарэнка. Прафесіяналы-бібліятэкары яе цудоўна ведаюць і паважаюць не толькі за дасведчанасць, але і за інтэлігентнасць, густ, такт ды павагу да кожнага чытача. З гэтай павагі, пагадзіцеся, і пачынаецца сапраўдны кніжнік… А падначаленыя Галіны Міхайлаўны, у тым ліку і з сельскіх філіялаў, — пастаянныя аўтары матэрыялаў на старонках “К” пра творчую “кухню” прафесійнага бібліятэкара.

— Раз у тры-чатыры месяцы? — перапытвае Галіна Міхайлаўна. — Мала! Мы тут правілам бібліятэчнага карыстання кіруемся: кнігі чытач павінен раз у месяц мяняць. Таму і бібліобус мусіць такой перыядычнасці падпарадкоўвацца…

Сваё меркаванне ў дырэктара Барысаўскай ЦРБ і наконт зімовых пакрышак для аўтабібліятэкі: “Тут загадзя трэба клапаціцца!”

І апошняе, на заметку іншым бібліятэчным кіраўнікам. У структуры Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева працуе сектар нестацыянарнага абслугоўвання. Ён займаецца ўсім тым, што адбываецца па-за бібліятэчнымі сценамі. У тым ліку — распрацоўкай графіка руху аўтабібліятэкі. Перыядычнасць працы апошняй вы ўжо ведаеце. Апрача аддаленых ды маланаселеных вёсак кніжная перасоўка з той жа перыядычнасцю наведвае і пункты выдачы кніг — не толькі ў горадзе, але і на сяле, у клубах-бібліятэках. А гэта значны кавалак працы, для якога іншым разам і светлавога дня не хапае. Але ж ці прызвычайвацца нашым работнікам культуры да ненармаванага працоўнага дня?..

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"