Песня для трох тысяч слухачоў

№ 9 (827) 01.03.2008 - 07.03.2008 г

23 — 24 лютага ў Падляскім ваяводстве адбыліся заключныя мерапрыемствы XV Агульнапольскага фестывалю “Беларуская песня-2008”. Фестываль “Беларуская песня” праводзіўся ўжо ў 39-ы раз. Ён — адно з найбольш значных і важных культурных мерапрыемстваў не толькі беларускай нацыянальнай меншасці, але і наогул у гэтым рэгіёне Польшчы.

Арганізатары фестывалю — Беларускае грамадска-культурнае таварыства і Таварыства беларускай культуры ў Польшчы пры актыўным садзеянні Міністэрства замежных спраў, Пасольства і Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку, фінансавай і творчай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. З польскага боку фінансавую падтрымку аказалі Міністэрства ўнутраных спраў, Маршалкоўская ўправа, Прэзідэнт г. Беластока.

Ва ўрачыстых мерапрыемствах прыняла ўдзел беларуская дэлегацыя на чале з міністрам культуры Уладзімірам Матвейчуком. У яе склад уваходзілі Пасол Беларусі ў Польшчы Павел Латушка, Генеральны консул Беларусі ў Беластоку Міхаіл Аляксейчык, прадстаўнікі міністэрстваў культуры, адукацыі, замежных спраў, Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, Гродзенскага аблвыканкама, кіраўнікі Белдзяржфілармоніі, Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Падчас адкрыцця мерапрыемства міністр культуры У.Матвейчук зачытаў віншавальны ліст Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Сяргея Сідорскага. Старшынёй БГКТ Я.Сычэўскім былі зачытаны прывітальныя лісты Мітрапаліта Варшаўскага і ўсёй Польшчы Савы і Гродзенскага аблвыканкама.

На працягу трох з паловай гадзін каля 3-х тысяч гледачоў вельмі цёпла прымалі канцэрт, сапраўдным упрыгожаннем якога стала выступленне заслужанай артысткі Беларусі Ірыны Дарафеевай і яе тэатра песні, а таксама Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі “Свята”.

24 лютага адбылася сустрэча членаў беларускай дэлегацыі з кіраўніцтвам і актывам БГКТ і ТБК, падчас якой былі абмеркаваны пытанні далейшага супрацоўніцтва і аказання дапамогі беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы.

Ад імя міністэрстваў і ведамстваў Беларусі арганізатарам фестывалю былі перададзены каштоўныя прызы і падарункі для лаўрэатаў і пераможцаў “Беларускай песні-2008”.

Падчас наведвання Музея і асяродка беларускай культуры ў Гайнаўцы міністр культуры У.Матвейчук перадаў кіраўніцтву музея і бібліятэцы звыш 100 беларускіх кніг, вялікую падборку беларускіх відэафільмаў і музычных запісаў.


Паводле Прэс-службы Пасольства
Рэспублікі Беларусь
у Рэспубліцы Польшча