Навагодні падарунак, запознены на месяц

№ 4 (1182) 24.01.2015 - 30.01.2015 г

З гісторыі Белдзяржцырка: брытва Юрыя Нікуліна, конь Віктара Чарнабаева і "поціск рукі" Івана Буніна
Канешне, як лыжку да абеду, так падарункі пажадана атрымліваць якраз да свята. На жаль, мінчане — увогуле Беларусь — не атрымалі доўгачаканага прэзента да новага, 1959 года: крыху не паспелі будаўнікі. Але ж 31 студзеня новага года Беларусь атрымала навагодні падарунак, запознены на месяц. Гэта было ўжо трэцяе месца размяшчэння цырка ў межах гарадскога парку... Сёння "К" завяршае публікацыю ўспамінаў Уладзіміра Арлова.

(Заканчэнне. Пачатак у № 2.)

/i/content/pi/cult/515/11118/15-2.jpg

Пад час рэпетыцыі аднаго з нумароў.

***

Леў Асінскі да вайны быў артыстам нумара канатаходцаў Валжанскіх. Амаль два гады ён ваяваў, у 1943-м згубіў левую руку, але жыцця без цырка ўявіць не мог. Ён сам прыдумаў сабе нумар “Эквілібр (стойка ў раўнавазе) на адной руцэ”, сам сканструяваў апарат: п’едэстал вышынёй каля двух метраў з пляцовачкай наверсе, якая яшчэ і павольна круцілася.

У асляпляльна-белым трыко, абапіраючыся адно на правую руку, ён дэманстраваў неверагодныя стойкі! У фінале з п’едэстала высоўвалася ўгару двухметровая палачка — і артыст у стойцы “дагары нагамі” літаральна лунаў у прыцемненай прасторы цырка. І ўсё — заўважце! — на адной руцэ. Левая ж — пратэз — цягам нумара была проста прыціснута да тулава артыста. Гледачы авацыямі цанілі гэта, не разумеючы, што перад імі — інвалід.

Летам 1956 года Варшава вітала пераможцаў Конкурсу цыркавога мастацтва, сярод якіх быў і Леў Асінскі.

— Так ніхто і не дазнаўся б, што ў мне няма адной рукі, — узгадваў артыст, — каб нехта з журналістаў-назолаў не зазірнуў да мяне ў грымёрку, калі я пераапранаўся пасля выступлення…

Публікацыя пра гэта выбухнула сенсацыяй. Савецкі артыст стаў кумірам гледачоў.

/i/content/pi/cult/515/11118/15-1.jpg

Юрый Нікулін травіць байкі.

***

Юрый Нікулін мог расказаць анекдот, які я школьнікам чуў у Гродне, але яго непаўторная інтанацыя і нейкі абыякавы твар рабілі “барадаты” анекдот свежым.

Шмат цікавых разважанняў аб прыродзе гумару, аб успрыняцці яго рознымі народамі чулі навакольныя. Шмат “анекдатычных” сітуацый падстройваў і сам артыст, аб якіх узгадваў па просьбе слухачоў.

…Гастролі ў Фінляндыі скончыліся, але больш чым за месяц суправаджаючая цыркачоў “асоба з органаў” імя па бацьку кіраўніка трупы так і не вывучыла, а звярталася да яго “таварыш Нікулін”. Варта было сабрацца тром-чатыром артыстам, як “асоба” тая аднекуль узнікала і, што называецца, “навострывала вушы”. Нікулін ніколі не быў насамоце: вакол яго ў чаканні нагоды пасмяяцца заўсёды былі людзі.

У той вечар Юрый Уладзіміравіч зрабіў “адкрыццё”:

— Я ўрэшце знайшоў сродак выкрыцця падслухваючых “жучкоў” у нумары! Жывём жа ў капіталістычным акружэнні…

— Што за сродак?

— Вось: я ваджу на сцяне ўключанай электрабрытвай, і як толькі яна змяняе роўнае гудзенне на павышанае — там і шукай “жучка”…

Адсмяяліся, спакаваліся, селі ў цягнік: на Маскву.

У купэ Юрыя Уладзіміравіча пастукалася “асоба”:

— Таварыш Нікулін, вось вы казалі, што можаце выкрыць “жучка”… А якім чынам?..

Нікулін ахвотна расказаў, “пагудзеў”, дэманструючы сваё “вынаходніцтва”.

“Асоба” зажурылася, спытала:

— А якая, таварыш Нікулін, у вас брытва?

— “Філіпс”.

Чалавек уздыхнуў безнадзейна:

— А ў мяне — “Нева”…

 

***

На манежы, пад час працы, я яго не заспеў. Усевалад Херц быў славутым “крафт-жанглёрам”: падкідваў і лавіў цяжкія вагі, штангі, паднімаў коней, легкавікі, некалькіх гледачоў… І вось ужо сталым, прадстаўніком “Саюздзяржцырка”, прыехаў да нас тарыфікаваць нейкага акцёра.

Родам ён быў з Малдавіі, а ў Кішынёве ў міжваеннае дваццацігоддзе дажываў легендарны ў дарэвалюцыйнай Расіі чэмпіён па французскай барацьбе Іван Заікін. Маладыя асілкі, у іх ліку і Сева Херц, асвойвалі пад яго кіраўніцтвам сілавыя віды спорту. Заікін быў непісьменны, і Сева вёў ягонае ліставанне ды нескладаныя фінансавыя справы.

І вось аднойчы, узгадваў Херц, Заікін атрымаў запрашэнне ў Парыж. Малдавія тады ўваходзіла ў склад Румыніі, праблем з перамяшчэннем па Еўропе — аніякіх, але Заікіну без ведання моў ды геаграфіі немагчыма было ехаць самому. І ён папрасіў Усевалада суправаджаць яго.

— У Парыжы пасялілі нас у шыкоўны гатэль, — з асалодай узгадваў Херц. — Сам прыём праходзіў у багатым рэстаране. За сталом — спрэс расійскія геніі: Іван Купрын, Іван Бунін, Аляксандр Вярцінскі, Сяргей Рахманінаў, Фёдар Шаляпін, мастакі-эмігранты!.. А побач — я, непрыкметны юнак. І мне яны — людзі-легенды! — паціскаюць руку…

Тут Херц падняў руку, пачаў разглядваць, быццам бачыў упершыню. Я ціха папрасіў працягваць успаміны:

— А што за падзею адзначалі?

— Вось і не ўзгадаю зараз… Ці не Нобелеўскую прэмію Буніна “ўспрысквалі”?!

Пазней я ўдакладніў па мемуарах Веры Мурамцавай, жонкі Буніна: усё сышлося, была такая сустрэча.

Развітваючыся са старым артыстам, паціскаў ягоную руку — тую самую. Такое вось віртуальнае, праз паўстагоддзя, “ручкаванне” з вялікімі.

/i/content/pi/cult/515/11118/15-3.jpg

***

А гэта ўжо камічны выпадак з маім удзелам.

…Наперадзе — вялікае свята ў манежы, прысвечанае 50-годдзю савецкага цырка. Усе мастацкія калектывы Беларусі рыхтуюць выступленні, прысвечаныя “юбіляру”. Оперны тэатр вылучыў віншаваць цыркачоў народнага артыста Віктара Чарнабаева — з яго рэпутацыяй “нясумнага чалавека”.

Віктар Максімавіч рэпеціруе з цыркавым аркестрам “Серэнаду Дон Кіхота”:

“На турнире, на пиру и на охоте

Ходит слава об отважном Дон Кихоте…”

Наступная рэпетыцыя: артыст спявае ў адпаведным “рыцарскім” строі, у шлеме; з-пад купала на тросіку апускаецца мікрафон… Ні пра якія радыёмікрафоны мы тады нават і не чулі.

Апошняя рэпетыцыя: Дон Кіхот — на кані, якога за аброць трымае дрэсіроўшчык. Так адметна прайшла і генеральная — забойны нумар аматара публікі Чарнабаева!

Але… О жыццё-драматург! Нешта ў праграме пераставілася — і на ўрачыстым прадстаўленні непасрэдна перад “Дон Кіхотам” круціліся на складной драўлянай падлозе артысты-ролікабежцы.

На кані, якога вёў дрэсіроўшчык, выехаў пад авацыі Дон Кіхот. Апусціўся з-пад купала на тросіку мікрафон, аркестр сыграў уступ, артыст заспяваў…

Далей усё адбылося амаль імгненна.

Конь, якому звычна было адчуваць пад капытамі мяккія апілкі, пачаў пераступаць заднімі нагамі — і адзін з сектараў падлогі пад цяжарам жывёліны крыху прасеў. Конь занерваваўся, пачаў пераступаць, шукаючы апоры. Але пад ягоным цяжарам прасядалі ўсе сектары, адзін за другім.

Конь закруціўся вакол дрэсіроўшчыка. Чарнабаеў спяваў, гледзячы на дырыжора. Тросік мікрафона з кожным абаротам каня закручваўся вакол спевака. Ад прасядання пад ім сектараў хісткай падлогі конь круціўся і круціўся, а ў канцы са страху… наваліў на манеж.

Можаце ўявіць радасць і весялосць гледачоў ад гэтага “экспромту”! Горад доўга абмяркоўваў незабыўную падзею…

Праз некалькі гадоў Віктар Максімавіч на юбілеі дырэктара цырка Міхаіла Марусалава на той жа матыў “Серэнады Дон Кіхота” спяваў парафраз:

“Я спешил на юбилей к Вам без оглядки:

Думал, Миша покатает на лошадке!”

“Пазаманежныя” таямніцы, калі яшчэ дадаць успаміны ветэранаў цырка, якіх нямала ў Мінску, могуць скласці кніжку, дзе будзе шмат і цікавага, і вясёлага.

Але ж у кожным відзе мастацтва ёсць камічныя недарэчныя выпадкі — вось пра іх і ўзгадваць якраз пад Новы год!..

Аўтар: Уладзімір АРЛОЎ
кінарэжысёр