Першы тэатр, узведзены ў ХХІ-м

№ 48 (1174) 29.11.2014 - 05.12.2014 г

Брэст: рэпартаж з будаўнічай пляцоўкі
У Брэсце будуюць новы тэатр. Уласна кажучы, тое, што адбываецца на вуліцы Леніна, 56, называецца рэканструкцыяй. Але, па сутнасці, гэта будзе абсалютна новы гмах. Азнаёміцца з будаўніцтвам і пагутарыць з дырэктарам — мастацкім кіраўніком Брэсцкага тэатра лялек Міхаілам Шавелем было мэтай маёй камандзіроўкі ў горад над Бугам. Не так даўно, дарэчы, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар адзначыў, што аб’ект неабходна скончыць у 2015 годзе.

/i/content/pi/cult/514/11113/3-12.jpgСпачатку — драма, потым — лялькі

Ідэя рэканструкцыі будынка Брэсцкага тэатра лялек выспявала даўно. Яшчэ ў 1993 годзе Брэсцкі аблвыканкам прыняў на гэты конт адпаведную пастанову. З’явіўся эскізны праект. Спадару Шавелю, які ў той час ужо ўзначальваў тэатр, ён падаўся вельмі цікавым у якасці канцэптуальнай асновы. Але да рэалізацыі тады не дайшло. Улады горада і рэгіёна вырашылі, што ёсць справа больш пільная — рэканструкцыя будынка Абласнога драматычнага тэатра, якая скончылася ў 2004 годзе. Але ні ў тым, ні ў наступным годзе да тэатра лялек рукі так і не дайшлі. Станоўчы зрух адбыўся ў 2006-м, калі па даручэнні Прэзідэнта была распрацавана і зацверджана Саветам Міністраў Рэспубліканская праграма рэканструкцыі і перааснашчэння тэатраў. У праграме знайшлося месца ўсім тэатрам Беларусі: кожны з іх меў магчымасць агучыць і замовіць тое, у чым меў найбольшую патрэбу. Так, брэсцкая драма замовіла ў дзяржавы вытворчыя майстэрні, а тэатр лялек — грунтоўную рэканструкцыю. І зноў на мясцовым узроўні вырашылі найперш задаволіць патрэбы тэатра драматычнага, а ўжо потым — лялечнага.

Ды ўсё ж працэс, так бы мовіць, пайшоў, з мёртвай кропкі справа зрушылася. Прыгадалі праект 1993 года, запланавалі, што адноўлены тэатр адкрые дзверы для гледачоў у 2010 — 2011-м. А як узяліся будаваць, дык высветлілася, што няма ў Беларусі ўзору ўласнай праектна- каштарыснай дакументацыі. Справа ў тым, што ў суверэнным стане наша краіна тэатраў яшчэ не будавала, а савецкія стандарты сканалі разам з СССР. Брэсцкаму архітэктару Валерыю Кескевічу давялося працаваць, адштурхоўваючыся ад расійскіх БНІП (будаўнічых норм і правілаў).

Застацца ў цэнтры…

Трэба згадаць, што тэатр месціўся ў колішнім жылым будынку, які, наколькі гэта было магчыма, прыстасавалі пад відовішчную ўстанову. Будынак яшчэ даваенны, яго эксплуатацыйны рэсурс фактычна выпрацаваны. Яго танней было знесці пры стварэнні новага тэатральнага комплексу, чым рэканструяваць. Да таго ж праект архітэктара прадугледжаў пашырэнне тэатра на прылеглую шчыльна забудаваную прастору. А значыць, трэба было знесці некалькі дамоў, якія, можа, і не былі ў архітэктурным сэнсе надта выразнымі, але ўяўлялі пэўную каштоўнасць як частка даволі гарманічнага ансамбля на вуліцы Леніна, што склаўся гістарычна. Людзям жа, якія праз гэта гублялі жылую плошчу, горад мусіў прадаставіць вартае жытло, што клалася дадатковым цяжарам на мясцовы бюджэт. Зыходзячы з гэтых акалічнасцей, кіраўніцтву тэатра было прапанавана ўзвесці новы будынак за межамі цэнтра Брэста, у раёне новабудоўляў. І там разгарнуцца, што называецца, напоўніцу.

Але ў Міхаіла Шавеля былі свае аргументы, каб не рухацца з месца і разбудоўвацца на “намоленай” кропцы. Па-першае, не хацелася губляць гледачоў. На вуліцы Леніна побач з лялечным тэатрам звычайнай з’явай былі пятнаццаць-дваццаць аўтамабіляў, на якіх бацькі прывозілі дзетак на спектакль. Тэатр у цэнтры — гэта вельмі зручна. І малаверагодна, што ўскраіна будзе такой жа прыцягальнай для сталых ды новых гледачоў. Гэта інтарэс самога тэатра.

Па-другое, і гораду нязручна губляць культурны аб’ект у цэнтры. У час фестывалю “Белая вежа” вуліца паміж драматычным і лялечным тэатрамі (яны стаяць адзін насупраць другога) ператвараецца ў адзіную тэатральную прастору. Гэта ўжо традыцыя. А традыцыю, вядома, цяжка стварыць, ды лёгка згубіць.

Зрэшты, меркаванне кіраўніка тэатра было прызнана слушным. Заставалася вырашыць у Мінску пытанне з дамамі, што знаходзіліся пад аховай дзяржавы як помнікі. Не з першага захаду, але атрымалася і гэта. Праўда, спецыялісты, дасведчаныя ў справе аховы помнікаў, лічаць дадзены прэцэдэнт выключэннем, якое ні ў якім разе не павінна стаць правілам.

Працэс пайшоў…

І вось праект рэалізуецца. Мяне, які мае з чым параўноўваць, бо бачыў рэканструкцыю сталічных Опернага, Купалаўскага і ТЮГа, маштабы будаўніцтва ўразілі. Асабліва, калі прараб правёў па будоўлі ды паказаў яе знутры (фотарэпартаж Эдуарда Кабяка глядзіце ў "К" № 46). Для мяне відавочна, што Брэст займее новы архітэктурны брэнд, які зможа нават пасунуць убок існуючы — манументальны Чыгуначны вакзал, што доўгі час быў параднай брамай Савецкага Саюза.

Дырэктар — мастацкі кіраўнік тэатра Міхаіл Шавель досыць падрабязна распавёў, якім будзе тэатр. Найперш ён згадаў, што апошнім разам тэатр у Беларусі быў пабудаваны ў 1983 годзе, — гэта Гродзенскі абласны драматычны. Большасць жа беларускіх тэатраў месціцца ў прыстасаваных памяшканнях: у колішніх дамах культуры, кінатэатрах, адміністрацыйных будынках. Так што маштабная тэатральная будоўля ў Брэсце — падзея для краіны знакавая.

“У старым тэатры не было так званай накапляльнай плошчы, інакш кажучы — прасторнага і зручнага фае, — кажа Міхаіл Шавель. — Цяпер яно з’явіцца — з зімовым садам ды буфетам. У фае размесцім відэаманіторы, на якія будзем трансляваць дзею, што адбываецца на сцэне. Вобразным стрыжнем будынка, эстэтычнай дамінантай фасада мусіць стаць шкляная піраміда, падсвечаная знутры. Магчыма, у ёй, як у вітрыне, змесцяцца лялькі, якія будуць нейкім чынам канструктыўна суадносіцца з гадзіннікам — ён таксама запраектаваны. Можа, лялькі будуць рухацца ў адзіным рытме з хадой яго стрэлак.

Хацелася б увекавечыць у прасторы тэатра першых брэсцкіх скамарохаў, чые імёны мы ведаем з гістарычных хронік. Гэта Ціт, Герасім і Герман — канкрэтныя людзі, гістарычныя асобы. Мяркую, іхнія скульптуры ўпрыгожаць парадную лесвіцу. Будзе ў накапляльнай плошчы (пад дахам на вуліцы) і “рэчка” — чыннік імітацыі прыроднага ландшафту. Фасад жа будынка можа быць скарыстаны як медыясетка”.

Марыць Міхаіл Аляксандравіч і пра музей, якому ў тэатры таксама знойдзецца месца. Вось для яго ўжо ёсць першы экспанат: адноўленая, дзеючая батлейка. Зроблена яна адмыслоўцамі паводле класічных узораў. Зараз з яе дапамогай артысты тэатра будуць ладзіць кароткія, хвілін на дзесяць, імпрэзы, але пры нагодзе (скажам, на Каляды) змогуць і паўнавартасны спектакль паказаць!..

Усё для гледача і артыста

Гэта тое, што датычыцца вобразнага боку новага гмаху. Але камфорт патрэбен не толькі гледачам. Артыстам — таксама. Больш утульнымі ды зручнымі стануць памяшканні, у якіх артысты рыхтуюцца да выхаду на сцэну. У дадатак да асноўнай сцэны з’явіцца малая — для эксперыментальных пастановак. Будзе і рэпетыцыйная зала, а таксама — зала пластыкі/харэаграфіі. Палепшацца побытавыя ўмовы.

“Сэрца тэатра” — сцэна. Яна будзе падымацца на два метры і на столькі ж — апускацца. Нават авансцэну можна будзе апусціць на ўзровень падлогі глядзельнай залы. Тэатр займее ўласную студыю гуказапісу. Прычым, на думку спадара Шавеля, студыя зможа абслугоўваць не толькі творча-вытворчы працэс у тэатры, але і працаваць па замовах — грошы зарабляць.

Тое ж тычыцца і майстэрняў — вытворчых і жывапісна-дэкарацыйнай. Спадар Шавель кажа, што ягоны тэатр не можа дазволіць сабе раскошу абвяшчаць тэндары на дэкарацыі і касцюмы, як гэта робіць, скажам, сталічная Опера, дзе адзін спектакль каштуе амаль столькі ж, колькі складае гадавы бюджэт брэсцкіх лялечнікаў. Адсюль і памкненне ўсё, што толькі можна, рабіць на ўласнай базе, сваімі рукамі. У Тэатры лялек самі шыюць касцюмы, робяць лялек з дрэва, пластыку, пенапласту, металу. А ў новых, пераабсталяваных ды пашыраных, вытворчых майстэрнях усё гэта можна будзе рабіць яшчэ больш якасна. Ізноў жа, майстэрні могуць і грошы зарабляць, напрыклад, пашывам касцюмаў на замову для мастацкай самадзейнасці альбо вырабам лялек для прыватных асоб.

Новы тэатр бачыцца Міхаілу Аляксандравічу не толькі відовішчнай установай, але і — шырэй — Дзіцячым культурным цэнтрам. Пры тэатры мае з’явіцца студыя, дзе з тымі, хто зацікавіцца прафесіяй лялечніка і лялькамі як відовішчам, будуць займацца пад кіраўніцтвам прафесійных артыстаў.

Што будзе… А што ёсць?

Гэта тое, што будзе. А як жыве тэатр зараз, на выселках? Ад гасцініцы “Беларусь”, дзе я спыняўся ў час камандзіроўкі, да новага месцазнаходжання брэсцкіх лялечнікаў — недзе з паўгадзіны на аўтобусе. Тэатр займае крыло ў гандлёвым цэнтры “Усход”. Раней тут быў кінатэатр. Рэспект, скажам шчыра, зусім не той. Але гледачы ёсць. Сам бачыў, як некалькі вялікіх груп дзяцей (дзіцячы сад ці малодшыя класы) пад наглядам дарослых заходзілі ў тэатр.

Пытаюся ў спадара Шавеля, як, з’ехаўшы з цэнтра, тэатр прываблівае гледачоў і выконвае фінансавы план.

“Калі казаць пра колькасць гледачоў, — адказвае Міхаіл Аляксандравіч, — дык мы яе захавалі і нават павялічылі: за кошт таго, што шмат ездзім. У нас такая сітуацыя, што трэба альбо арганізоўваць транспарт, каб прывезці гледачоў у тэатр, альбо самім выбірацца на гастролі. У Вільнюсе тэатр, падобны да нашага, мае ўласны транспарт. Прывезлі дзяцей на двух “ікарусах” — і маюць запоўненую залу. Мы маглі б наймаць транспарт, але грошай на гэта няма.

У нас ёсць план, колькі павінна быць гледачоў, колькі спектакляў. А ўжо як мы гэта зробім — на стацыянары, на выездзе, на гастролях — справа іншая. Звычайна тэатрам, якія знаходзяцца на рэканструкцыі, даецца палёгка. Нам яе не прадастаўлялі. Для іншых тэатраў як быў нарматыў 240 спектакляў, так і застаўся. А мы ўжо сёння маем каля 300… Акрамя таго, менавіта ў час рэканструкцыі мы прадстаўлялі Беларусь на найбуйнейшых міжнародных фестывалях…”

На развітанне спадар Шавель пытаецца, ці падабаецца мне архітэктурны праект новага тэатра. Мяркую, што падабаецца. Прынамсі, ён не горшы за шыкоўныя тэатры лялек у Кіеве, Казані, Омску, фотаздымкі якіх бачыў у дырэктарскім кабінеце. Прытым што многія відовішчныя ўстановы, разлічаныя на дзіцячую аўдыторыю, імітуюць сярэднявечныя замкі, у якіх ўтульна героям Шарля Перо і Хрысціяна Андэрсена, наш — “хайтэкаўская” пабудова, падобная да НЛА. Неапазнаныя лётаючыя аб’екты, як мяркуюць многія, — таксама сфера фантазій… Але гэта казкі ўжо нашага часу.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"