Радзіму-песню маем!

№ 48 (1174) 29.11.2014 - 05.12.2014 г

Сяргей ПАНІЗНІК, паэт:
— Амаль паўтары сотні твораў фальклорнай спадчыны было запісана мною ў 1968 — 70-я гады ў Бабышках, Латышах, Даўгінаве, Лявонпалі, Ільмовіках у Міёрскім раёне. Песні валачобныя, купальскія, жніўныя, восеньскія, хрэсьбінныя, вясельныя, песні лірычныя, а таксама галашэнні і творы дзіцячага фальклору пачуты былі ад Адамовіч Яўгеніі, Кліманскай Зінаіды, Панізнік Адэлі, Панізнік Альжбеты, Шук Ліды, Грэцкай Вольгі, Кезік Марылі, Пальчэх Маруты і Пальчэха Пятра, Кісляка Андрыяна і Кісляк Ядзвінні, Сялюн Ядзі, Мядзюха Любы, Талочка Ірыны, Шаркеля Стася, Лакотка Агаты, Партаса Фёдара і Партас Ганны. Да мамы Ганны я ездзіў з магнітафонам у Юрмалу…

/i/content/pi/cult/514/11111/2-11.jpgДзякуючы Таццяне Бярковіч, Сержуку Доўгушаву і яго шчырым сябрам у 2013 годзе быў выдадзены дыск “Пад ясну зарыцу” (Песенна-абрадавая традыцыя Міёршчыны па матэрыялах аўдыякалекцыі Сяргея Панізніка)”. І вось падрыхтаваны тэксты каранёвага меласу майго роднага Прыдзвіння для чарговага акадэмічнага зборніка фальклорных твораў. У дадзеным выпадку натхняльніцай маёй працы стала загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, дацэнт, доктар філалагічных навук Таццяна Валодзіна.

Будзем спадзявацца, што гукнецца з дыска запісаная мною ў 1969 г. гудзьба вяселля ў Лявонпалі, дзе песня суседнічала з такім творам, як “гутарка”, а ліпеньскае неба над берагам Дзвіны ўзнімала музыка інструментальнай капэлы з вёскі Ліпава.

З мелодыямі Айчыны не скоцімся ў лагчыны...