Выбар паміж добрым і… добрым

№ 48 (1174) 29.11.2014 - 05.12.2014 г

26 лістапада на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь разглядалася пытанне аб наданні статуса Культурнай сталіцы чарговаму гораду. За яго гэтым разам спаборнічалі два гарады — Брэст і Маладзечна. Адрознасць “вагавай катэгорыі” адразу кідалася ў вочы, але… Ці ў гэтым справа?

— Уся бяда Маладзечна ў тым, што пачынаючы з 1960 года наш горад не з’яўляецца цэнтрам вобласці, — уздыхнуў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Рамановіч, які “абараняў” заяўку на пасяджэнні калегіі.

Зрэшты, як патлумачыла першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга, адміністратыўны статус у дадзеным выпадку не мае значэння, — балазе ўжо былі прэцэдэнты, калі культурнымі сталіцамі станавіліся не абласныя, а раённыя цэнтры. Увагу варта акцэнтаваць, хутчэй, на іншае: ганаровы тытул прадугледжвае наяўнасць цікавых і арыгінальных творчых планаў на наступны год. На жаль, пакуль імі не змог пахваліцца ніводзін з гарадоў-прэтэндэнтаў.

Прэзентацыйныя фільмы, прадэманстраваныя імі, з рознай ступенню прафесійнага майстэрства сведчылі за тое, што ў гэтых гарадах з культурай “усё добра”. Па вялікім рахунку, ніхто з абазнаных у справах галіны спецыялістаў (а іншыя, зрэшты, у зале калегіі і не прысутнічалі) у тым не сумняваўся. Абодва прэтэндэнты маюць і прыстойныя пляцоўкі, і буйныя фестывалі, і тэатры, і музеі з добрай экспазіцыяй… Карацей, усе нармальныя атрыбуты культурнага жыцця ці не кожнага беларускага горада. Прычым Маладзечна тут не саступае абласным цэнтрам. Таму і выбіраць гэтым разам было складана.

У выніку, большасць членаў калегіі ўсё ж аддалі перавагу Брэсту, але абумоўлена гэта, хутчэй, прычынамі аб’ектыўнымі. Магістральнай грамадска-культурнай акцыяй наступнага года стане святкаванне 70-х угодкаў Перамогі. Адзін з найвядомых помнікаў, прысвечаных падзеям той вайны — Брэсцкая крэпасць, — натуральна, апынецца ў эпіцэнтры ўрачыстых мерапрыемстваў. Да таго ж Брэстчына засталася адзінай з абласцей, якая ніводнага разу не станавілася “сталічнай”.

Як падкрэсліў член калегіі, генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Уладзімір Грыдзюшка, вызначацца з Культурнай сталіцай неабходна не напрыканцы года, а на пачатку. Такая заўвага была прызнана справядлівай, і выбар сталіцы-2016 вырашана зрабіць літаральна праз пару месяцаў. Звярнуўшыся да прысутных прадстаўнікоў рэгіёнаў, Ірына Дрыга папрасіла іх надаць асаблівую ўвагу тым крытэрыям, якім павінны адпавядаць прэтэндэнты, і ў даважак да сваіх звычайных культурных будняў вынайсці нешта нязвыкла-святочнае.

…Урэшце, на тым пасяджэнні зноў усплыла набалелая праблема геаграфічнага брэндынгу ва ўмовах досыць высокіх сацыякультурных стандартаў нашай краіны. Пытанне, якім чынам трэба пазіцыянаваць свой горад, каб яго не зблыталі ні з якім іншым, па-ранейшаму застаецца актуальным. Здавалася б, сама акцыя “Культурная сталіца Беларусі” павінна спараджаць на яго адказы. Але не ў меншай ступені тут важныя і нефармальныя ініцыятывы саміх жыхароў, дзякуючы якім выкладзеныя пліткай чыстыя вуліцы становяцца “абжытымі” ды роднымі.

Падобна на тое, што адчуваюць гэта і самі муніцыпальныя ўлады. У прыватнасці, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзь Барысюк у сваім выступленні звярнуў увагу на дзве, здавалася б, нязначныя падзеі: з’яўленне старонкі ў сацыяльнай сетцы, прысвечанай культурнаму жыццю Брэста, і меркаванае адкрыццё першай у горадзе антыкавярні. Калі такіх “фішак” назбіраецца процьма, з іх сама сабой утворыцца цікавая мазаіка з непаўторным, бы адбітак пальца, узорам. Тады ўжо не давядзецца прыводзіць у якасці аргумента для набыцця статуса Культурнай сталіцы сугучнасць паміж назвай свайго горада і Годам моладзі.