У гонар Перамогі: пошук крэатыву

№ 48 (1174) 29.11.2014 - 05.12.2014 г

У краіне стартаваў Міжнародны конкурс плаката патрыятычнай тэматыкі, прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі. Заяўкі на яго трэба даслаць да 15 снежня на адрас: 220012, г. Мінск, вул. Сурганава, 14а, альбо на электронную пошту museum@bdam.by з абавязковай пазнакай “На конкурс плаката”.

Сярод мэт творчага спаборніцтва — умацаванне гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, повязей сяброўства і добрасуседства на аснове агульнай гістарычнай памяці героіка-патрыятычнага мінулага народаў краін СНД, садзейнічанне сродкамі мастацтва плаката маральнаму і грамадска-патрыятычнаму выхаванню моладзі. У ліку задач — стварэнне абагульненых мастацкіх вобразаў, што спрыяюць кансалідацыі сучаснага грамадства, уцягненне творчай моладзі ў грамадска-карысную дзейнасць, выяўленне найбольш таленавітых дызайнераў і мастакоў, а таксама пошук крэатыўных творчых рашэнняў у развіцці мастацтва плаката.

Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца фізічныя асобы і калектывы аўтараў (узроставае абмежаванне — 35 гадоў) — грамадзяне СНД. Прадстаўленыя работы не павінны супярэчыць патрабаванням Закону “Аб рэкламе ў Рэспубліцы Беларусь”, у іх неабходна пазбягаць выяўленчых штампаў, якія маюць негатыўны характар уздзеяння. Фармат работ — jpeg. Памер файла абмежаваны трыма мегабайтамі. Кароткая назва работы, яе парадкавы нумар і прозвішча аўтара павінны быць уключаны ў найменне файла. Ад аднаго чалавека прымаецца не больш за пяць твораў. У заяўцы неабходна пазначыць прозвішча, імя, імя па бацьку, узрост, месца вучобы/працы, хатні адрас, нумары хатняга/мабільнага тэлефонаў, адрас электроннай пошты. Работы, прадстаўленыя на конкурс, па заканчэнні апошняга застаюцца ў распараджэнні аргкамітэта, прэтэндэнтам на ўдзел у ім і самім удзельнікам не вяртаюцца і не каментуюцца.

Да 30 снежня журы вызначыць пераможцаў — тры лепшыя творы, — але колькасць прызавых месцаў можа быць павялічана. Прызёры конкурсу атрымаюць дыпломы і грашовыя ўзнагароды за І, ІІ і ІІІ месцы. Лепшыя работы будуць размешчаны ў тэматычнай экспазіцыі плаката на XXII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы ў лютым 2015 года, на сайце Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і ўключаны ў альбом. Творы пераможцаў і ўдзельнікаў конкурсу могуць у далейшым выкарыстоўвацца арганізатарамі ў некамерцыйных мэтах і ў мэтах рэкламы конкурсу.

Палажэнне аб конкурсе можна знайсці на сайце Міністэрства інфармацыі.