Зусім не пра надвор'е: культура ад "+15" да "+30"

№ 48 (1174) 29.11.2014 - 05.12.2014 г

У Вілейцы — гаворка пра інтэрактыў і патрэбу ў "непустых" відовішчах / Знянацку і без “візы”: журналіст “К” + мясцовы "інсайдар" ва ўстановах культуры
У Вілейку я прыехаў у дзень нешараговы. 20 лістапада тут быў абвешчаны днём цвярозасці (спіртное ў крамах не прадавалася), а на планеце адзначалі Дзень адмовы ад курэння. Сімвалічна, калі ведаць пра тое, што і Сусветны дзень дзіцяці прыпаў на гэтую ж дату. Але не за тым я прыбыў у горад, а для таго, каб дазнацца пра стан спраў у яго ўстановах культуры. Маім “сталкерам” павінен быў стаць мясцовы жыхар, з якім мы планавалі абысці шэраг устаноў, не папярэдзіўшы загадзя пра наш візіт. Але інсайдар раптам захварэў. Давялося наняць у гіды-каментатары… сваё другое “я”, аб чым не пашкадаваў.

/i/content/pi/cult/514/11105/10-1.jpgМалююць хлопчыкі Вiлейку

Рамонт — гэта таксама ў нейкай ступені лячэнне. Вілейскі цэнтр эстэтычнага выхавання адзначыць у 2015-м сваё 25-годдзе. Да згаданай даты ўстанову адрамантавалі, у чым я змог пераканацца пад час імправізаванай экскурсіі, якую правяла для мяне мастацкі кіраўнік Цэнтра Таццяна Сушко. Чыстыя, светлыя калідоры, поўныя паветра пакоі, дзе проста прыемна знаходзіцца, не кажучы пра тое, што ў такіх умовах зусім па-іншаму спазнаеш нешта новае...

— У асноўным займаемся з дзецьмі, пачынаючы ад шасці гадоў, але свой вольны час у нас бавяць і людзі пенсійнага ўзросту, — тлумачыць спадарыня Сушко. — У Цэнтры працуюць пятнаццаць гурткоў (шэсць дзён у тыдзень), якія дзейнічаюць на бясплатнай аснове. У тэатральных студыях “Сяміцвецік”, “Балаганчык” і студыі гульнявых ды абрадавых прадстаўленняў “Вiлейскiя забаўлянкi” займаюцца з вучнямі 4 — 10 класаў асновам (як правільна рухацца, выразна прамаўляць, кантактаваць з людзьмі) і арганізацыі канкрэтных мерапрыемстваў. І абрады, дарэчы, тут спасцігаюць па-сур’ёзнаму, на гістарычным матэрыяле, перасцерагаючы, што гэтыя глыбіні спадчыны праз недастатковыя веды або спекулятыўныя меркаванні можна ператварыць для шырокіх мас у папсовыя відовішчы, якія не маюць нічога агульнага з каранёвымі традыцыямі.

Затое апошнім не пашкодзіць такі від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, як арыгамі, якому навучаюць у народнай студыі “Чароўны квадрат”. Яе заснавальнік Іна Занкевіч пераканана, што гэтае хобі, народжанае не ў Беларусі, сёння не выцясняе спрадвечныя рамёствы і не замінае развіццю народных мастацтваў: сучаснае ды традыцыйнае дапаўняюць і ўзбагачаюць адно аднаго. Памятаеце песню Жанны Бiчэўскай “Малююць хлопчыкі вайну”? У студыі роспісу і выяўленчых мастацтваў “Маляваначка” дзеткі на сваіх карцінах выяўляюць не вайну, а — сонца, лес, домікі, мам і тат… І вельмі шмат вілейскія дзеці малююць любімы горад...

Арганізацыя з такой назвай — Цэнтр эстэтычнага выхавання — дрэннаму дакладна не навучыць: дзеткі атрымліваюць у ёй, можа, першыя ў жыцці “навукова-абгрунтаваныя” маральныя ўстаноўкі, у іх (як, урэшце, і ў сталага пакалення навучэнцаў) спрабуюць развіць творчыя задаткі. Выхаванцы Цэнтра, дарэчы, не забываюць пра яго, і праз гады прыходзяць сюды, каб яшчэ раз выказаць словы ўдзячнасці…

Каментарый аўтара:

— Забягаючы наперад, напішу, што, мяркуючы па самім горадзе, па яго людзях, з якімі меў зносіны і якіх назіраў, эстэтычнаму выхаванню “падлягае” Вілейка цалкам. У гэтым сэнсе ўражанне на мяне зрабіла пара грузчыкаў, якія вызвалялі мінівэн ля адной з крам ад якіхсьці скрынь. Пасля таго, як цяжкая з выгляду скрыня была выпадкова скінута на нагу мужчыну ў фірмовай спяцоўцы яго партнёрам, “ахвяра” адрэагавала на няёмкасць цытатай з анекдота: “Пятровіч, ты не маеш рацыі...” Магчыма, каб не жанчына з дзiцем, якая стаяла побач, дыялог атрымаўся б іншым, але што было...

І не выключана, калі мужчыны гэтыя наведвалі некалі той самы ЦЭВ. Ну а пра цяжкасці ў дзейнасці апошняга яго кіраўніцтва лічыць мэтазгодным не распаўсюджвацца, тлумачачы, што калі праблемы і здараюцца, то ўсё гэта моманты рабочыя. Зрэшты, ад фінансавай дапамогі мецэнатаў ды спонсараў тут не адмовіліся б: праект па добраўпарадкаванні прылеглай да Цэнтра тэрыторыі ўжо існуе...

/i/content/pi/cult/514/11105/11-1.jpg

Куды культуры без сантэхніка?

Кабінет Раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы ў “добраўпарадкаванні” не мае патрэбы. Цэнтр сам ім, у прынцыпе, займаецца, курыруючы 28 клубных устаноў раёна. Ён забяспечвае іх неабходнай метадычнай літаратурай, дапамагае ў арганізацыі святаў вёсак (цягам 2014-га такіх адбылося ўжо 38).

— Адзін з напрамкаў дзейнасці — адраджэнне культурна-гістарычнай спадчыны раёна, — уводзіць у курс спраў метадыст Андрэй Баўтрукевiч. — На месцах ёсць такія ўстановы, у якіх працуе адзін чалавек (як правіла, жанчына), якому без нашай дапамогі і падтрымкі прыходзіцца цяжка: і шавец і жнец і на дудзе ігрэц — і дырэктар установы, і загадчык гаспадаркі, і ледзь не сантэхнік. Але неяк выкручваецца…

Прытым што аптымізацыю не ўсе работнікі культуры сустрэлі з натхненнем, рукі ў іх не апусціліся. Ініцыятыўныя людзі нікуды не зніклі, тым больш, тое, чым яны займаюцца, — гэта сваё, роднае, што патрабуе пастаяннага догляду, клопату, захавання, развіцця. Вілейскі раён, у якім — 19 калектываў, што носяць званне “народны”, таму пацвярджэнне. Напрыклад, у вёсцы Крывое Сяло дзецям даюць навыкі саломкапляцення, а ў Каловiцкім доме майстроў плятуць найпрыгажэйшыя кошыкi, шмат часу надаюць даследчай працы. І яшчэ на Вілейшчыне шмат займаюцца адраджэннем абрадаў на месцах.

— На жаль, з-за таго, што культура вельмі абмежаваная ў сродках, не заўсёды ўсё адбываецца так, як задумвалася, — дзеліцца метадыст Тамара Тышкоўская. — Але асноўная ідэя захоўваецца, зберагаюцца галоўныя складнікі святаў: мы не манім і да пустых забавак не апускаемся…

Каментарый аўтара:

— Чуткам я не надта давяраю, але гэтыя мне чамусьці здаюцца не далёкімі ад ісціны. Што адчуваецца ў раёне недахоп маладых спецыялістаў (музыкантаў, харэографаў), што насцярожвае скарачэнне ліку сельскіх бібліятэк (ёсць, вядома, бібліобусы, але... насцярожанасць не знікае). Часам у галаву прыходзяць думкі такога плана (і не канкрэтна Вілейскага раёна тое датычыцца, а сітуацыі ўвогуле), каб не давялося аднойчы з нейкай прычыны павярнуць кола аптымізацыі назад, каб захаваць безумоўна каштоўныя кадры, каб прыпыніць ліквідацыю ўстаноў, здачу плошчаў у наём, продаж або “замарожванне” ўстаноў культуры. Вось толькі не аказалася б позна…

Усё для людзей!

Вы яшчэ не забыліся, што ад “усіх хвароб” дапамагае добры рамонт? Зараз нагадаю...

— Як вы самі бачылі, у Палацы культуры вядзецца рамонт (фасад будынка ўжо даведзены да ладу) так званым гаспадарчым спосабам, — кажа дырэктар ПК Алеся Высоцкая. — Стараемся ў кароткія тэрміны ахапіць максімальныя аб’ёмы: у першую чаргу рамантуюцца харэаграфічныя залы, памяшканні танцавальных, вакальных гурткоў. Кім ганарымся? Безумоўна, усімі, без выключэння, калектывамі. Але адзначыць хацелася б народны хор ветэранаў вайны і працы, выступленні якога карыстаюцца велізарнай любоўю гараджан, ды народную вакальную групу “Суквецце” — гэта чатыры чалавекі, сярод іх — намеснік начальніка РАУС Андрэй Дударчык, педагог Дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Леанід Гайчук... Спецыфіка іншага нашага калектыву — народнага ансамбля “Весялiнка” — захаванне і развіццё жанравых асаблівасцей музычнай культуры Вілейшчыны…

Найбольш жа папулярныя ў жыхароў Вілейкі харэаграфічныя гурткі, узорная эстрадная студыя “Экспромт” і клуб “Ветэран”. Прапаноўваючы свае паслугі, Палац ідзе насустрач пажаданням месцічаў. Так, прадстаўнікі жаночай яго часткі папрасілі арганізаваць для іх заняткі па шэйпінгу — няма праблем. Паступіла прапанова стварыць “Школу вядучых” — у асобе рэжысёра Палаца знайшоўся спецыяліст, які ўзяўся выкладаць пастаноўку маўлення і акцёрскае майстэрства (цяпер некаторыя канцэрты вядуць не толькі работнікі ПК).

Платным сярод усіх гурткоў з’яўляецца толькі харэаграфічны (40 тысяч рублёў у месяц), а пазабюджэтныя сродкі ўстанова зарабляе, праводзячы канцэрты, арганізуючы танцавальныя вечары, карпаратывы. Фінансы, атрыманыя ад кірмашоў, якія праходзілі ў ПК, дапамаглі пашыць камплект дарагіх сцэнічных строяў.

Адна з задач Палаца культуры заключаецца ў тым, каб прыцягнуць пад свой дах мясцовыя таленты. На працягу апошніх пяці гадоў тут праходзяць эксклюзіўныя шоу, напрыклад, “Дзве зоркі”, калі на сцэне спяваюць артысты ПК, а таксама дырэктары заводаў і фабрык, іншыя непрафесійныя выканаўцы, падзеленыя на пары. Маецца прадстаўленне “Карнавальная ноч”, якое ілюструе перыпетыі вядомага фільма, і конкурс “Шансон ля мора”. Увесну ж, магчыма, запусцяць праект з удзелам дзяцей Вілейскага раёна накшталт тэлевізійнага “Я пяю!”.

На нейкія невырашальныя праблемы Алеся Васільеўна мне наракаць не стала: з дробязямі ў ПК спраўляюцца ўласнымі сіламі, не турбуючы кіраўніцтва; рамонт таксама не выклікае галаўных боляў. Хіба толькі… Гукаўзмацняльная апаратура: патрэба — менавіта ў яе камплекце, а не ў асобных складніках, якія цяпер выкарыстоўваюць творчыя каманды Палаца…

Каментарый аўтара:

— “Фактар моладзі” — тых, каму гадоў ад 14 да 20, — не абмінуў і Палац культуры Вілейкі. Масавага прышэсця ў яго гурткі гэтай узроставай катэгорыі не назіраецца. Збіраюцца вялікімі кампаніямі толькі на дыскатэкі. У якасці ж “прынады” выкарыстоўваюцца правераныя спосабы: вось мерапрыемства, у рамках якога адбудзецца конкурс з добрымі прызамі; прывядзі з сабой сябра — атрымай бонус. Дзейнічаюць такія гаплікі, як правіла, разава. Увогуле ж, стан рэчаў сёння, на мой погляд, такі: гадоў у пятнаццаць падлеткі “губляюцца”, змяняючы адно захапленне іншым, а да сваіх трыццаці некаторыя з іх, “перахварэўшы” на што толькі можна, самі прыходзяць у ПК у нечым сфарміраванымі асобамі, якім, праўда, не хапае і зносін, і ўлюбёнай справы на вольны ад працы час. Акцэнт на апошнюю катэгорыю (30+), як мне падалося, у дзейнасці ўстановы прасочваецца, што не азначае, нібыта на цяперашніх юнакоў і дзяўчат забыліся: спадарыня Высоцкая думае над тым, якія праекты могуць прывесці іх у Палац, якія гурткі здольныя зацікавіць надоўга. Упэўнены, у гэтай маладой, прыгожай, энергічнай, амбіцыйнай, творчай жанчыны ўсё атрымаецца!..

І зноў пра інтэрактыў

Як не згадаць іншага маладога вілейскага кіраўніка ўстановы культуры — дырэктара Краязнаўчага музея Сяргея Ганчара.

— У выставачнай зале, якая працуе на базе музея, праходзяць не толькі ўласна паказы карцін, вырабаў народных майстроў або фотавыстаўкі, але і музычныя вечары, імпрэзы, звязаныя з гісторыяй краю, — распавядае Сяргей Мікалаевіч. — У апошнія гады ў нас былі прачытаны лекцыі па сучасным мастацтве, беларускім мастацтве наогул, пра тых дзеячаў культуры, якія нарадзіліся на Вілейшчыне.

Цяпер дэманструюцца палотны жывапісца Эдуарда Мацюшонка — знакавай постаці раёна: менавіта яго творамі ў 1997 годзе адкрывалася сама зала, а немалая частка работ майстра ўяўляе з сябе мастацкую рэканструкцыю падзей далёкага мінулага. Цэнтральная ж кампазіцыя новай экспазіцыі — сімвалічны алтар памяці, дзе кожны наведвальнік можа запаліць свечку, і саматканае палатно (“Дарога жыцця”), на якім можна размясціць фатаграфіі сваіх продкаў. Гэты праект — “Дзяды” — даў старт серыі выставак, што пройдуць бліжэйшым часам, прысвечаных людзям, якія з’яўляюцца гонарам Вілейшчыны — мастакам Льву Альпяровічу і Нікадзіму Сілівановічу.

Як вы зразумелі, “пытанне” праславутага інтэрактыву ў музейнай дзейнасці мы не абышлі ўвагай. Сяргей Ганчар ставіцца да яго з засцярогай і кажа, што галоўная функцыя такіх устаноў заключаецца ў іх навукова-пазнаваўчым характары. І прыводзіць у якасці адмоўнага прыкладу адзін з кіеўскіх музеяў, што спецыялізуецца на перформансе і сучасным “арце”. Дык вось, у пагоні за наведвальнасцю, а значыць — за грашыма, ён ператварыўся ў “забаўляльнае” нешта. Прыцягвае тая ўстанова публіку, у тым ліку, інсталяцыямі, якія закранаюць некарэктныя формы і падрабязнасці жыцця чалавека... А вось да станоўчых прыкладаў мы з дырэктарам аднеслі акцыю 2010 года, калі Краязнаўчы музей з Палацам культуры і мясцовым радыё пры падтрымцы мясцовых улад правялі Ноч музеяў, задзейнічаўшы пад маштабнае дзейства, што ўключала рок-канцэрт і тэатралізаванае прадстаўленне, адну з гарадскіх плошчаў. На будучыню спадар Ганчар прапануе апрабаваць у раёне такі праект, як “Ноч культуры”, калі не толькі музеі, але і іншыя ўстановы сферы маглі б прымаць наведвальнікаў да позняга вечара і нават уначы, вабячы іх цікавымі праграмамі. А наогул, як лічыць візаві, у Беларусі інтэрактыў пакуль укараняецца ў працу традыцыйных музеяў ды выставачных залаў павольна і на ўзроўні, умоўна кажучы, “пераапранання” іх служачых з нагоды правядзення мерапрыемства ў адпаведныя яго тэме строі.

— Не быў бы шчырым, каб сказаў, што той жа інтэрактыў або, дапусцім, выстаўку мабільных фатаграфій “iнстаграм”, якія цяпер модныя сярод моладзі, мы не выкарыстоўваем, каб такімі спосабамі прыцягнуць увагу да нейкіх глыбінных рэчаў — да гісторыі свайго краю, да яго культуры, мастацтва, — кажа адкрыта Ганчар. — Не ўсе сродкі добрыя ў дасягненні мэт, але з дапамогай гэтых мы, спадзяюся, даём дадатковы імпульс да таго, што маладыя людзі адчуюць цягу да фундаментальных, базавых рэчаў…

Яшчэ адзін са сродкаў у тым жа кірунку — сувенірная крама, размешчаная ў памяшканні залы. Дарэчы, не ўсе калегі Сяргея Мікалаевіча адкрылі ў сваіх установах аналагічныя шапікі. Маўляў, накладна: прыбытак — невялікі, а таксама дадатковага чалавека трэба браць у штат… Ганчар ставіць у аснову папулярызацыю роднага краю, незалежна ад таго, выгадныя фінансава або не ягонай установе метады такога пашырэння. Таму прадаўцамі ў краме працуюць, змяняючы адно аднаго праз нейкі тэрмін, людзі з фізічнымі недахопамі, зарплату якім выплачвае мясцовы Цэнтр занятасці па праграме рэабілітацыі. Усё геніяльнае проста, не стамляюся у тым пераконвацца!

— Што турбуе ў працы?.. — задумваецца Сяргей Мікалаевіч. — Да прыемных хваляванняў аднясу адкрыццё пасля капітальнага рамонту будынка музея. Налета там пачнём ствараць і новую экспазіцыю, а таксама паспрабуем прадставіць традыцыйныя тэмы ў крыху іншым ракурсе. На бліжэйшыя пару гадоў працы, каб надаць музею новае аблічча, нам хопіць. А з хваравітага, што тычыцца наогул музейнай дзейнасці ў Беларусі, — кадравая праблема. Узровень падрыхтоўкі спецыялістаў. Выпускнікі навучальных устаноў разумеюць, як працаваць, але ведаў аб сучасных тэндэнцыях у гэтай галіне ім відавочна бракуе…

Каментарый аўтара:

— Той аб’ём інфармацыі, якім мяне забяспечыў дырэктар, — сапраўды ўнушальны. Ганчар — чалавек гіперактыўны, крэатыўны, увесь у планах і марах, якія спраўджваюцца, між іншым. Вось пагалоскай стала тое, што кіраўніцтва ўстаноў культуры скардзіцца на недахоп сродкаў, а то яны б такое паказалі… А Сяргей Мікалаевіч здабывае іх, грошы, звыклымі спосабамі — пазабюджэтам, супрацоўнічаючы са спонсарамі, — і тымі, таксама вядомымі, аб выкарыстанні якіх гаворыцца на дзяржаўным узроўні, але да іх звяртаюцца не ўсе, — удзелам у грантавых праектах. І перамог тут у яго — не злічыць. Ну а з нявыказанага ім, думаецца, пры ўсёй функцыянальнасці выставачнай залы — кампактнай ды ўтульнай, павелічэнне плошчы яму не зашкодзіла б...

“Шкілеты ў шафе” нам не патрэбны!

У іншых гарадах асобныя кіраўнікі ўстаноў культуры, бывала, падпускалі, хай і ў жартаўлівым кантэксце, “шпількі” на адрас сваіх калег, у Вілейцы ж усе трымаюцца адно за аднаго, выключна ў цёплых тонах характарызуючы працу ўстаноў. Як вы ўжо паспелі заўважыць, я таксама не імкнуўся да таго, каб напоўніць матэрыялы рубрыкі “чарнухай” ды “жаўцізной”. Не для таго задумваўся цыкл артыкулаў, якія апавядаюць пра тое, як заезджы журналіст і мясцовы “сталкер” няпрошанымі гасцямі прыбываюць ва ўстановы культуры і ўсё-такі вытрасаюць на ўсеагульны агляд "шкілеты" з іх "шаф". Мы спрабуем, наколькі гэта магчыма, аб’ектыўна зірнуць на жыццядзейнасць такіх устаноў праз павелічальнае шкло мінскае і скрозь прызму мясцовую. Вам, чытачам ды героям публікацый, і вырашаць, атрымліваецца гэта ў нас ці не...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"