Таблічку “Крама” закрыта!” ставіць рана

№ 48 (1174) 29.11.2014 - 05.12.2014 г

Ігар ВАРАШКЕВІЧ, лідар гурта “Крама”
Сёлета многія мае калегі адзначаюць юбілеі: аднаму гурту пятнаццаць гадоў споўнілася, іншаму — дваццаць... Хочацца панастальгіраваць і мне.

/i/content/pi/cult/514/11103/5-3.jpgУвосень 1994-га “Крама” заняла першае месца на Маскоўскім міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў “Пакаленне”. А трапілі мы туды абсалютна выпадкова: з музыкантамi гурта здымалі ў Мінску кватэру, а я неяк ад’ехаў на радзіму ў Баранавічы. Калегі ж, убачыўшы па тэлевізары рэкламу фэсту, вырашылі адправіць на адрас яго арганізатараў касету з альбомам “Гэй, там, налiвай!”. Ну, і паколькі ў журы былі такія блізкія нам па духу людзі, як Сяргей Воранаў ды Сяргей Мазаеў, нас, вядома ж, запрасілі. А наогул, жанры на “Пакаленні” аказаліся палярныя — ад папулярнага тады пецярбургскага рэпера Містэра Малога (ягоны хіт “Буду гінуць маладым” круцілі на ўсіх радыёстанцыях ды тэлеканалах) да “Чыж і С°”. (Апошнія, дарэчы, лічыліся фаварытамі і трымаліся на фестывалі адпаведна, але заваявалі толькі спецыяльны прыз, што музыкантаў, як мне падалося, моцна закранула, а таму і адносіны ў “Крамы” з імі не склаліся.) Ужо і не памятаю, дзе праходзіла праслухоўванне, а заключны канцэрт адбыўся ў Кінаканцэртнай зале “Расія”.

Перамога, натуральна, акрылiла: прынамсі, лёгкая эйфарыя дакладна адчувалася. Было разуменне таго, што мы чагосьці вартыя, што не за прыгожыя вочы беларускі гурт абышоў усіх астатніх. Значыць, правільны шлях абралі (а “Краме” тады споўнілася тры гады). Нас віншавалі, паціскалі рукі, усміхаліся, асабліва прыемныя былі добрыя словы ад музыкантаў, якіх мы паважалі. І нас спрабавалі... “купіць”. Падыходзілі людзі, на штосьці намякалі, нешта абяцалі. Аднаго чалавека запомніў вельмі добра, бо ён яшчэ некалькі гадоў нас пераследаваў, абяцаючы стабільныя выступленні, а потым усе размовы звяліся да нейкага рэстарана, дзе і прапаноўвалася граць... у чырвоных кашулях. На тым нашы стасункі і спынілася.

Між іншым, тое было першае наведванне гуртом Масквы, якую я не люблю. Пачуццё гэта прыйшло пад час аднаго з прыездаў туды на канцэрты. Падарожнічала “Крама” тады па гарадах ды краінах на мікрааўтобусе. І вось ля нейкай станцыі маскоўскага метро нас сустракае хлопец, у якога мы павінны былі спыніцца. І яшчэ сустракае… міліцэйскі патруль, якi ў жорсткай форме прапанаваў нам скіравацца разам з ім у аддзяленне. Мы сталі тлумачыць, што толькі прыехалі, што зарэгістравацца не паспелі, а тым усё “па барабане”. А ў мяне, як наўмысна, пашпарта з сабой не было: ён у Беларусі спатрэбіўся нейкай канторы. Прывезлі нас немаведама куды, і я вырашыў... "схавацца ў бульбу". Усю ноч пратырчаў у кустах. А раніцай, калі разборкі скончыліся ды наш праважаты ўсё ж такі заплаціў столькі, колькі ў яго патрабавалі, а музыканты гурта папасядзелі у “малпоўні”, я “знайшоўся”…

А яшчэ па выніках 1994 года мы былі прызнаны лепшым беларускiм рок-гуртом. Праўда, афіцыйна пра гэта было абвешчана на першым фестывалі “Рок-каранацыя”, які прайшоў у студзені 1995-га ў мінскім Альтэрнатыўным тэатры. Успаміны пра тое мерапрыемства ў мяне таксама звязаны шмат у чым са спадарожнымі абставінамі. Па яго заканчэнні ўсіх лаўрэатаў, V.I.P.-гасцей, журналістаў склікалі на фуршэт. І ўсе стаялі, марудзілі, ніхто не адважваўся першым прыступіць да трапезы. Ды раптам у адзін момант здарылася, як быццам лямпачка выбухнула, і як накінуліся ўсе на напоі з закускамі... І смех і грэх. Добры, урэшце, час быў, поўны аптымізму, але нейкіх асаблівых планаў на стадыёны, на сусветнае прызнанне мы не будавалі. Гралі ды спявалі тое, што нам падабалася, што хацелі, думалі пра новыя песні, альбомы. Творчая форма ў гурта была на ўзлёце, народ гэта чуў і бачыў.

Сёння ў “Крамы” форма таксама вельмі нядрэнная. Год таму я знаходзіўся ў некаторым песімізме: маўляў, час бяжыць, чарговы альбом усё ніяк не скончым, канцэртаў практычна няма. А зараз — вось ён, альбом “Белая вада”. Адчуваю ў сабе нейкую душэўную раўнавагу, прыліў сіл. Вось і канцэрт-прэзентацыю ўчора правялі. Цягнік ідзе. Таблічку “Крама” закрыта!” ставіць яшчэ рана...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"