Пра роўныя ўмовы

№ 48 (1174) 29.11.2014 - 05.12.2014 г

Тарыэл МАЙСУРАДЗЭ, эстрадны спявак, кампазітар, аранжыроўшчык, акцёр
У нашым шоу-бізнесе пакуль адсутнічаюць механізмы развіцця беларускай эстрады. З аднаго боку, робіцца быццам шмат: тут і Нацыянальная музычная прэмія, і разнастайныя тэлепраекты, і фестывалі-конкурсы, і ўдзел артыстаў у Днях культуры Беларусі ў розных краінах.. Але існуе падзел на дзяржаўныя арганізацыі і недзяржаўныя. І канкурыраваць яны паміж сабой не могуць. Чаму?

/i/content/pi/cult/514/11101/5-1.jpgКалі штосьці ладзіцца цэнтралізавана, па рашэнні “зверху”, дык мае і фінансавую падтрымку. Калі ж хтосьці з артыстаў ці недзяржаўных эстрадных калектываў хоча арганізаваць свой канцэрт, то адразу сутыкаецца з масай праблем. Арэнда залы, рэклама, запіс песень — усе гэтыя пытанні, уключаючы немалую аплату за кожную паслугу, трэба “разруліваць” самому. Так, у нас існуюць дзяржаўныя арганізацыі, пакліканыя праводзіць канцэрты. Але яны таксама пастаўлены ва ўмовы, калі акрамя дзяржаўнага фінансавання павінны займацца гаспадарчай дзейнасцю, дбаць аб прыбытку. Таму камерцыйныя канцэрты беларускіх выканаўцаў яны не ладзяць: для іх гэта стратна. А вось на гастролях расійскіх артыстаў, часта сумніўных мастацкіх якасцей, са спевамі пад фанаграму, на танных антрэпрызах грошы зарабіць — могуць.

Для параўнання: каб прывезці з замежжа нейкія тавары для далейшага продажу ў нас, трэба прайсці мытню. Там штосьці прапусцяць, штосьці — абкладуць падаткамі ці ўвогуле не дазволяць. А культурны “прадукт” любой якасці — калі ласка, вязіце ў неабмежаванай колькасці! Ну а нашы артысты, адпаведна, шукаюць каналы, па якіх можна “прабіцца” на расійскую эстраду — і зарабіць грошы там. З адпаведным рэпертуарам. Бо там, пагадзіцеся, не знойдзецца “пакупнік” на тыя ж новыя беларускамоўныя песні. Атрымліваецца нейкая парадаксальная сітуацыя: дзяржава ўкладае немалыя грошы ў спецыяльныя нацыянальныя праекты, але калі ўзнікае ініцыятыва “знізу”, ад саміх артыстаў, тыя застаюцца без аніякай падтрымкі. Міжволі выхоўваецца думка, што патрыётам трэба быць “па разнарадцы” — калі папросяць, а яшчэ лепш — калі прымусяць. А калі сам, па сваёй уласнай волі, свядома, дык гэта — “сабе даражэй”. Наколькі? Давайце падлічым.

Не сакрэт, што статус любому канцэрту надае, акрамя ўсяго, пляцоўка, на якой ён ладзіцца. Прыватных залаў у нас няма. Ёсць хіба клубы, кавярні з культурнай праграмай, але там, пагадзіцеся, зусім іншая публіка. Яна прыходзіць адпачыць, “расслабіцца”, і музыка для яе — толькі дадатак да ўсяго астатняга. Іншая справа — Палац Рэспублікі, куды публіка ідзе менавіта слухаць. Але яго арэнда складае 200 мільёнаў рублёў. І гэта — без экранаў. Абраць дату канцэрта трэба прыблізна за год да яго правядзення. За паўгода да яго — заключыць дамову, што прадугледжвае перадаплату чвэрці ўсёй сумы. Далей — пошук партнёраў, тэлебачанне, рэклама (без усяго гэтага з табой папросту размаўляць усур’ёз ніхто не будзе). Дык колькі ж грошай трэба мець артысту, каб папулярызаваць айчынную эстраду? І ці ж не перашкаджаюць такія акалічнасці беларускай культуры? Ці не шкодзіць гэта ўсім, хто жыве ў Беларусі?

Што ж рабіць? Для пачатку, пэўна, трэба ўсіх, хто стварае беларускую культуру, паставіць у роўныя ўмовы, каб канкурэнцыя была сумленнай. Не, я зусім не за тое, каб уся эстрада “кармілася” за кошт дзяржавы! Наадварот, для яе паўнавартаснага развіцця ёй усёй трэба надаць камерцыйную аснову. Але — на роўных. На правядзенне буйных канцэртаў, іншых маштабных мерапрыемстваў, тых жа гастрольных тураў неабходна выдаваць крэдыты, як гэта робіцца, напрыклад, для падтрымкі малога бізнесу. Так, гэта рызыкоўна для тых жа банкаў, але і артыст павінен клапаціцца, каб мерапрыемства прайшло паспяхова. Ізноў — сам артыст? Артыст павінен адказваць за мастацкія якасці сваіх выступленняў. А ў астатнім — яму патрэбна дапамога.

Што ж да папулярызацыі айчыннай эстрады, дык тыя ж запісы тэлепраектаў можна было б выкарыстоўваць з большай аддачай: трансляваць канцэрты не толькі цалкам, але і асобнымі фрагментамі. Іншымі словамі, “выразаць” найбольш удалыя нумары — і “круціць” іх як кліпы. Такое ўжо робіцца, але — недастаткова. І далёка не заўсёды...

Ад рэдакцыі. Гэты “крык душы” шмат у чым быў справакаваны падрыхтоўкай юбілейнага вечара артыста. 27 лістапада разам з Тарыэлам на сцэну Палаца Рэспублікі выйшлі Ігар Лучанок, Ірына Дарафеева, ансамбль “Бяседа”, гітарыст Улад Мазуркевіч, шоу-балет Сяргея Епіхава, артысты Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Вольга Клебановіч і Аляксандр Ткачонак, жаночая юніёрская зборная Беларусі па гандболе, удзельнікі тэлепраекта АНТ “Я пяю”, а таксама — пераможцы конкурсу “Хачу праспяваць дуэтам з Тарыэлам Майсурадзэ”, які праходзіў у Інтэрнэце і, цягам месяца, у абласных цэнтрах краіны.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"