А нараджэнне міфаў — у спешным парадку?

№ 48 (1174) 29.11.2014 - 05.12.2014 г

Прыкрае “дэжавю”: пра першы "спальны" ў Мінску
Часам чытаеш загалоўкі артыкулаў і ловіш сябе на думцы, што дзесьці гэта ўжо бачыў. Вось нядаўна, вось толькі: знаёмая да болю сітуацыя, якая скончылася… добра, калі не сказаць — нічым. Але заканчваецца ўсё больш дрэнным: знесці, альбо часткова знесці, альбо пабудаваць новае… Так, я — пра забудову і новыя праекты ў нашай сталіцы. Хоць, па сутнасці, падобная ж логіка часта распаўсюджваецца і на абласныя цэнтры, ды нават на маленькія вёскі. Нашы населеныя пункты ў гэтых выпрабаваннях “патрэб часу”, “здзелак дзесяцігоддзя”, амбіцый архітэктурных кампаній усё больш і больш губляюць сваё аблічча. Я не кажу пра тое, што яно ідэальнае, але мае тыя адметнасці, якімі патрэбна даражыць. На жаль, чамусьці іх вартасць і ўнікальнасць (так атрымліваецца — магу толькі гэта канстатаваць) не заўважаюцца і не прызнаюцца многімі адказнымі асобамі.

/i/content/pi/cult/514/11100/4-9.jpg

Фота Анатоля ШЧЫРАКОВА з праекта "Зачараваны квартал".

Зараз у грамадстве шырока абмяркоўваецца лёс “першага спальнага раёна” сталіцы — Асмолаўкі. Два кварталы, вядомыя тым, што былі ўзведзены яшчэ ў пасляваенны час па праекце беларускага архітэктара Міхаіла Асмалоўскага (адсюль — і назва), якія будавалі, у тым ліку, нямецкія палонныя, якія былі створаны з мэтай захавання асаблівага мікраклімату, асяродка, і таму лічыліся элітным раёнам, дзе сяліліся афіцэры, артысты, работнікі міністэрстваў, прафесура… Гэты атмасферны куточак Мінска плануецца зыначыць. Кажучы іншымі словамі — папросту знішчыць.

Так, жыллёвы фонд моцна састарэў, так, некалькі дамоў прыйшлі ў аварыйны стан, — не лепшае становішча пабудоў, якім сёлета ідзе сёмы дзясятак, пацвярджаюць і ўласна жыхары Асмолаўкі. Гэта дае падставу ўсур’ёз заняцца кварталамі, што, як ні дзіўна, не ўваходзяць у межы гістарычнага Мінска, і заняць іх плошчы пад элітнае жыллё. Акурат апошнія захады і прадугледжвае новы горадабудаўнічы праект дэтальнага планавання ў межах вуліц Старавіленская — Кісялёва — Куйбышава — Камуністычная, які акурат сёння праходзіць пачатковую стадыю ўзгаднення. Згодна з яго (праекта) прапановай, старыя дамы 1940 — 50-х заменяць новыя пяці-, шасціпавярховікі, а Асмолаўка ператворыцца ў яшчэ адзін сучасны элітны жыллёвы комплекс.

— Увогуле, Асмолаўка была пабудавана насуперак існуючым на той час горадбудаўнічым нормам, — падтрымлівае свой праект галоўны архітэктар новага плана дэтальнага планавання тэрыторыі Аляксандр Бондарчык. — У цэнтральнай частцы нельга рабіць такую нізкапавярховую забудову. Яна рэкамендавана для забудовы малых гарадоў і пасёлкаў. Гаворка вядзецца, па сутнасці справы, пра ўзнаўленне гістарычнай справядлівасці: неабходна запоўніць гэтую тэрыторыю забудовай, адпаведнай законам тагачаснага і сучаснага горадабудаўніцтва, — такімі былі словы спецыяліста на “круглым стале”, прысвечанаму лёсу Асмолаўкі, пад час Мінскага фестывалю ўрбаністыкі.

Архітэктар акцэнтуе ўвагу на тыповасці дамоў Асмолаўкі. Такія ж забудовы, адзначае ён, — у пасёлку Трактарнага завода: анічога асаблівага. І вось тут узнікае эфект таго самага “дэжавю”, калі пачутае выклікае шчырае здзіўленне.

Бо толькі пару гадоў таму вакол таго ж вышэйзгаданага пасёлка Трактарнага завода таксама ўзнімаліся дыскусіі і “білася” грамадскасць: зносіць ці не зносіць, унікальны ці не. Адметны ансамблевы комплекс пасляваеннай забудовы (нічога не нагадвае?) — пасёлак Трактарнага завода — знаўцы вылучалі і апісвалі як каштоўны культурны асяродак, дзе праз архітэктурна-планіровачныя рашэнні канструяваўся светапогляд “савецкага чалавека”. Пасёлак і задумваўся як ідэальны сацгорад, у якім усё зроблена адпаведна патрэбам будаўнікоў “светлай будучыні”. Гарадок меў шэраг важных асаблівасцей, якімі можа пахваліцца далёка не кожны сучасны спальны раён: “шчыльнасць забудовы адпавядала шчыльнасці насельніцтва”, спрыяльная арыентацыя будынкаў у неакласічным стылі, “максімальная інсаляцыя будынкаў і ўчасткаў добраўпарадкавання”, што мае на ўвазе асветленасць двароў, плошчаў, таксама не варта забывацца на істотнае азеляненне гэтай тэрыторыі… Калі “разабраць” па складніках феномен Трактаразаводскага пасёлка — кожны з іх не ўяўляе з сябе вялікай каштоўнасці, але вось разам… Гаворка вялася пра адметны архітэктурна-культурны комплекс, які цяпер, не пабаюся гэтага слова, — гістарычная спадчына.

— Толькі, на жаль, пакуль спадчыну савецкай архітэктуры сучаснае грамадства не ўспрымае як штосьці вартае ўвагі і захавання, — прыгадваюцца мне словы навуковага кіраўніка аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны — праспекта Незалежнасці, архітэктара-рэстаўратара Вадзіма Глінніка. — Відаць, прайшло не так шмат гадоў, каб пакаленні паспелі ўсвядоміць тут гістарычную каштоўнасць, — тлумачыць эксперт адну з магчымых прычын абыякавага да яе стаўлення.

У свой час былі спробы надаць тэрыторыі пасёлка Трактарнага завода, як, прынамсі, і тэрыторыі Асмолаўкі, статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, але ж… не атрымалася. Якія былі перашкоды? Напэўна, гэта тэма для асобнага артыкула. Але што маем у выніку? Пару “неабходных” рамонтаў, рэнавацый (дзесьці збілі ляпніну, там замянілі дзверы, тут вырубілі дрэвы) — і той самы ансамбль з кожнай маленечкай зменай страчвае сваю цэласнасць. А разам з тым усё лягчэй і лягчэй становіцца даказаць яго тыповасць ды нецікавасць для культуры горада…

Сёння, чытаючы загалоўкі, якія амаль слова ў слова паўтараюць сітуацыю з Трактаразаводскім пасёлкам колькі гадоў таму, проста немагчыма не адчуваць болю і не дзівіцца таму, чаму ў нас плануюць аддаць пад знос менавіта адметныя куточкі Мінска, якія ўжо маюць гісторыю, атмасферу, унікальны асяродак, чаму акурат на іх тэрыторыях неабходна пабудаваць новае элітнае жыллё…

Так, старым дамам гэтых раёнаў неабходны рамонт, рэканструкцыя, але Трактаразаводскі пасёлак, Асмолаўка — і ёсць тыя мінскія славутасці, якія ўжо не трэба выдумляць, будаваць, а належыць давесці да ладу. Складанасць у тым, што гэтыя праекты, адметнасць якіх усё ж усведамляе пэўная частка грамадства, — з шэрагу доўгатэрміновых і крэатыўных, а хочацца вырашыць праблемы “першага спальнага раёна” хутчэй ды прасцей.

У выніку — “ідэальны сацыялістычны гарадок” 40-х мінулага стагоддзя, якому прысвяціў радкі Пятрусь Броўка, мы ўжо страцілі. Зараз пытанне — наконт элітнага раёна пасляваеннага часу…

Двухпавярховыя дамкі, зялёныя двары, "герметычная" планіроўка — кварталы, якія ўражваюць зусім іншым рытмам жыцця, цішынёй, адчуваннем супольнасці, далучанасці да культуры пасляваенных гараджан, — раптам гэтае месца становіцца “памылкай” архітэктара.

Навошта важдацца з “тыпавой забудовай”, якая, між іншым, таксама складаецца ў гістарычны ансамбль? Па сутнасці, перад намі — гатовы квартал музеяў, крамак і кавярняў, месца для медытацый мінчан ды ўзрушэння турыстаў, але ж частка нас па-райнейшаму хоча бачыць у Асмолаўцы “галаўны боль” замест магчымасцей і культурнай каштоўнасці.

І яшчэ. Давайце трошачкі абстрагуемся ад патрэб горада ў “элітным жыллі” на месцы дэ факта гістарычнай забудовы і спраецыруем сітуацыю, што назіралася ў нас, лічы, некалькі месяцаў таму.

Чэмпіянат свету па хакеі, які справакаваў наплыў турыстаў у Мінск і разам з ім — цалкам заканамернае пытанне: а што ж мы тым турыстам можам паказаць акрамя спартыўных спаборніцтваў? Добра, Музей Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальны мастацкі музей, “Лінію Сталіна”… А што далей? Звычайна турысты, будзем шчырымі, не ставяць першым пунктам у сваім штодзённіку наведанне музеяў. Прыбыўшы ў горад, яны імкнуцца агледзець культавыя месцы, славутасці: да прыкладу, Эйфелева вежа, Манмартр — у Парыжы, Трафальгарская плошча, раён Соха — у Лондане, Храм Святога Сямейства (Саграда Фамілія) Гаўдзі, парк Гуэль — у Барселоне, вуліца Пілес, раён Ужупіс — у Вільнюсе, парк Мілезгордэн — ля Стакгольма… Людзі шукаюць нешта незвычайнае, асаблівае, адметнае — месцы, дзе яны змогуць адчуць атмасферу горада, яго гісторыю…

Колькі падобных месцаў здольны прапанаваць сёння Мінск?

Мяркую, што няшмат, ды з кожным годам яшчэ менш. А потым, калі з’явіцца нагода, будзем зноўку “вынаходзіць веласіпед” і нараджаць у спешным парадку гарадскія міфы.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"